“Вітай, Марыя” для ксяндза Галіча

08:54 / 08.11.2010
9586

Пра Яна Галіча-Сулінскага расказвалася ў “Астравецкай праўдзе” ў 2005 годзе ў артыкуле “Вітай, Марыя” для ксяндза Галіча”. Святар, кампазатар, арганіст зрабіў вялікі ўклад у развіццё каталіцкай музыкі на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Ён з’яўляецца аўтарам шасці мес і трох рэквіемаў, вялікай колькасці прэлюдый для аргана, аўтарам і ўкладальнікам зборнікаў “Музыка для аргана, новы метад з літарных нотаў” (1883). Адна з мес напісана ў гонар св. Яўхіма і, напэўна, была спецыяльна прысвечана Клюшчанскаму касцёлу, патронам якога з моманту ўтварэння Клюшчанскай парафіі (1796г.) лічыўся Святы Яўхім.
Ксёндз Ян Галіч лічыцца піянерам у беларускай арганнай педагогіцы і арганазнаўстве. Галіча, як музыканта, найлепш характарызуе “Школа для аргана”(1858) — падручнік для арганістаў з дадаткам нотаў на распаўсюджаныя касцёльныя песні, які быў выдадзены ў Вільні ў 1858 годзе і стаў першым выданнем такога тыпу на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Гэта фундаментальны дапаможнік ігры на аргане для арганістаў-пачаткоўцаў, своеасаблівая арганная энцыклапедыя, якая можа быць карыснай і актуальнай і ў нашы дні.
Асоба ксяндза Галіча даволі вядомая у музычных колах, асабліва на тэрыторыі Польшчы. Яго імя ўключана ў многія польскія біяграфічныя слоўнікі, але звесткі аб ім больш чым скупыя, а некаторыя нават памылковыя.
Ксёндз Ян Галіч вёў душпастырскую дзейнасць у Клюшчанскім касцёле з 4.1.1875 па 28.Х11.1898г. – 23 гады, адзінаццаць месяцаў і 24 дні.


Калі я ў 2005 годзе знайшла сіратлівы, пахілены долу замшэлы помнік ксяндзу Галічу, мяне вельмі засмуціла і не давала спакою тое, што ён знаходзіцца ў такім занядбаным стане, што з помніка спілаваны ці збіты ўпаўшым дрэвам крыж. Нібы і не гэты святар напісаў святочную месу ў гонар Святога Яўхіма — спецыяльна для Клюшчанскага касцёла, як бы і не ксёндз Галіч-Сулінскі ў 1877 годзе пашыраў, а ў 1890 годзе разам з нашымі прадзедамі пабудаваў Клюшчанскі касцёл амаль у такім выглядзе, які мы маем шчасце наведваць зараз. Па якой прычыне помнік хіліцца долу, чалавек, альбо дрэва збіла крыж – не важна, але гэта не па-хрысціянску, каб месца пахавання адзінага на Клюшчанскіх могілках ксяндза было так занядбана!
Аднаўленне помніка звязана, натуральна з пэўнымі матэрыяльнымі затратамі, пагэтаму першая спроба аднавіць яго не дала плёну. Але свет не без добрых людзей. Дзякуй Богу, знайшліся аднадумцы і сярод парафіян. У першую чаргу – гэта Вільгельміна Ствол, чалавек, усёй душой адданы касцёлу і слова якой мае вагу сярод парафіян. “Не магу я спакойна праходзіць каля гэтай магілы. Адзіны ксёндз, які тут пахаваны — і так занядбана яго магіла! Няўжо мы, парафіяне, не можам нічога зрабіць?” Падтрымаў гэту ідэю і ксёндз Анатоль Захарэўскі. Было вырашана сёлета да Дня Усіх Святых прывесці ў належны выгляд месца пахавання таго, хто заслугоўвае пашаны і павагі.
Зрабіць крыж, які б не кідаўся ў вочы сучасным выкананнем, але арганічна падыходзіў да больш чым векавога помніка, узяўся Валерый Бурдун, майстар, чыё імя ўжо многім вядома ў Астравецкім і іншых раёнах. Мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя памяці Казіміра Сваяка ў Клюшчанскім і Засвірскім касцёлах – справа яго рук.
Калі абмяркоўвалі рэстаўрацыю помніка, то яшчэ ніхто не здагадваўся, што гэта справа таксама добра стасуецца да мерапрыемстваў, прысвечаных аб’яўленаму райвыканкамам сёлетняму Году Каіміра Сваяка. Апошнім часам мы часта паўтараем: “Можа, так хацеў Сваяк?!” І тут, мне здаецца, ёсць нейкі знак з неба: толькі ў гэтым годзе ў сувязі са святкаваннем 120-годдзя з дня нараджэння К.Сваяка адкрылася сярод іншых навін і тое, што хрысціў нашага славутага земляка ксёндз Ян Галіч-Сулінскі. Магчыма, гэты факт аказаў нейкі ўплыў і на талент К.Сваяка.
Пэўныя спрэчкі выклікала пытанне, дзе на самой справе пахаваны кс. Галіч. Пасля публікацыі ў “Астравецкай праўдзе” артыкула некаторыя парафіяне мне казалі, што магіла Галіча — другая сімвалічная магіла на Клюшчанскіх могілках (яшчэ адна – Янку Быліне). На працягу некалькіх гадоў з дапамогай сяброў і аднадумццаў я даследавала розныя дакументы. Wileсski niekropol muzyczny L.Uz?bіo падае, што Галіч пахаваны у Вільні на Росах. Але верыць на сто працэнтаў гэтым публікацыям цяжка, таму што інфармацыя разрозненая, часам нават супрацьлеглая. Напрыклад, у адным дакуменце ўказана, што памёр Ян Галіч у першай палове ХІХ ст., у іншым указваецца 1900 год, у трэцім — што памёр святар ва ўзросце 45 гадоў на пасадзе вікарыя ў касцёле св.Духа ў Вільні. На помніку у Клюшчанах указана дата смерці 1 студзеня 1899 года ва ўзросце 69 гадоў. У спісе ксяндзоў-пробашчаў Клюшчанскага касцёла, складзеным ксяндзом А.Вайцяхоўскім, пазначаны апошні дзень працы кс. Галіча — 28 снежня 1898 года. Спрабавалі дапамагчы ў пошуках знаёмыя навукоўцы з Вільнюса, але адшукаць сляды за заслонай часу ўжо немагчыма, помніка на Росах ніхто не змог знайсці. Выказвалася версія, што ён мог заваліцца і яго проста прыбралі. Але ў гэта не верыцца – у Клюшчанах жа захаваўся!
Звярнулася да надзейнай крыніцы мясцовай інфармацыі – Браніславы Масцяніца, якая ўжо не раз дапамагала мне ў краязнаўчых пошуках, расказвала цікавыя факты. Яе дзед Ян Валуевіч сябраваў з Галічам. Бранісла Адамаўна пацвердзіла, што Галіч пахаваны ў Клюшчанах. Помнік, па яе словах, паставілі ксяндзы з навакольных парафій, бо ксёндз Галіч карыстаўся вялікай павагай. Жанчына нават памятае з аповедаў дзеда, як Галіч перад смерцю прасіў, каб труну зрабілі з нефарбаваных сасновых дошак. Стараўся жыць проста, без падфарбоўкі — такім хацеў пайсці і на суд Божы. Такія ж словы — “Стараўся быць простай і чыстай мысьлі”— пазней завяшчае напісаць па сабе і Казімір Сваяк.
Недзе побач павінен быць помнік і маці кс.Галіча. Да нядаўняга часу яго бачылі парафіяне: невялікі камень з надпісам “Катажына Галіч”. Дык дзе ж быць пахаванаму ксяндзу, як не там, дзе і яго маці?
Дзякуючы ўмелым рукам, мастацкаму густу і альтруізму Валерыя Бурдуна, дзякуючы добрым людзям акурат напярэдадні свята Усіх Святых месца пахавання дабрадзея ксяндза Галіча набыло дастойны выгляд. Зроблены з нешліфаванага граніту (шліфаваны б тут выглядаў чужародна), крыж настолькі арганічна зліўся са старым каменным помнікам, што можна падумаць: так і было першапачаткова. А можа, і сапраўды так? Такі ж гранітны (нешліфаваны) надгробак ускладзены ля падножжа помніка, на магілу, па якой ужо была пракладзена сцежка.
Увянчаны новым, па-мастацку аздобленым гранітным крыжам і надгробкам, помнік, здаецца, выпрастаўся і прыцягвае ўдзячнае вока нашчадкаў. Чытайце, ведайце і ганарыцеся: працаваў у Клюшчанах сапраўдны “ксёндз-дабрадзей”, таленавіты музыкант. Любіў гэту парафію - 24 гады аддаў ёй, любіў нашых дзядоў-прадзедаў! Адбудаваў для нас святыню. Божым словам, арганнай музыкай, стараўся “ўзносіць дух вернікаў да Бога”. А мы, ўдзячныя нашчадкі, зараз не будзем сарамліва адводзіць позірк ад сіратлівага помніка, а наадварот — цешыцца і з удзячнасцю прамаўляць “Вітай, Марыя” для ксяндза Галіча...
Наведаўшы Клюшчанскія могілкі першага лістапада, як заўсёды, падышла запаліць свечку памяці ксяндзу Галічу. І парадавалася: адноўленая магілка зіхацела агеньчыкамі свечак, вянкі і букеты ўпрыгожвалі яе. Радасна, светла стала на сэрцы – нарэшце і ў Галіча свята. І ў гэты дзень, свята памерлых, агеньчыкі свечак асвятляюць і саграваюць душы не толькі памерлых, але і тых, хто робіць добрыя справы.


Іаланта ВАЛУЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений