Міхалішкі вачыма графа Тышкевіча

18:13 / 30.07.2010

153 гады таму граф Канстанцін Тышкевіч арганізаваў воднае падарожжа па Віліі – ад яе вытокаў да месца ўпадзення ў Нёман. Разам з ім плылі мастакі, этнографы, археолагі, лінгвісты, батанікі і іншыя вучоныя. Яны даследавалі не толькі раку і яе берагі, але і ўсё і ўсіх, хто жыў непадалёк ад Віліі.
Па матэрыялах гэтага падарожжа граф напісаў кнігу “Вілія і яе берагі”, 15 старонак якой ён прысвяціў мястэчку Міхалішкі. І напісаны яны так цікава, што мы вырашылі перакласці іх з польскай на беларускую мову.


Ужо было па заходзе сонца, і нават добра шарэла, калі на левым беразе ракі ў прыцемку забялелі дзве не высокія, але вельмі дасканала вытрыманыя ў сваіх памерах вежы; пры іх касцёл з невялікім купалам, пасаджаным на чысты, свежа пафарбаваны дах – словам: з вячэрніх прыцемкаў выступіў прад нашымі вачыма выдатны, пекнай італьянскай архітэктуры, не асабліва вялікі мураваны касцёлік; за ім бялелася двухпавярховая мураваная плябанія, за якой – прама і налева – чарнелі драўляныя дамы, раздзяляў якія шырокі гасцінец, які ідзе з Вільні да Полацка. Ого, гэта нейкае мястэчка з касцёлам! Пасля нуднага дня, які вам, чытачы мае, не прынёс нічога цікавага, апроч трох камянёў і двух малазначных затокаў, задрыжэла сэрца ад радасці з-за адной толькі думкі, што збор матэрыялаў у маёй падарожнай валізцы павялічыцца. Касцёлы і прабоствы – найвярнейшыя сведкі жыцця краіны на працягу колькіх стагоддзяў; некранутыя скарбы памятак і пабожнасці, гістарычных здарэнняў у краіне; яны маюць у сваіх архівах самыя надзейныя сховішчы для пісьмовых здабыткаў і для навукоўцаў з’яўляюцца самым цікавым полем для даследаванняў; асабліва ў нас, дзе ўсё ў краю мяняецца па колькі разоў. Толькі касцёлы дакладна захавалі традыцыі мінуўшчыны. А ў аздабленні і ўбранстве, стагоддзямі не кранутых, захаваліся даўнія формы мастацтва і густу краю. 
Было гэта мястэчка Міхалішкі.
Як мага хутчэй з карабля пабег я агледзець касцёл, зайсці ў плябянію, пазнаёміцца з пробашчам, бо пад тым асвечаным дахам на Літве звычайна жыве пабожнасць, сціплая прастата і шчырая гасціннасць. І ў гэтым я не памыліўся. Пробашч жыў на другім паверсе мураванай плябаніі; сені і шырокія сходы былі пасыпаныя татарнікам; служба плябальная выглядала чысцей чым звычайна – якраз у гэты дзень у парафіі была нейкая ўрачыстасць. І насамрэч: нейкі добры анёл выкінуў мяне на гэты бераг напярэдадні дня святога Антонія, які паслязаўтра ў Міхалішкаўскім касцёле будзе адзначацца як урачысты фэст. Такім чынам, у мяне з’явілася зручная магчымасць прыгледзецца да Міхалішкаў і ўсёй іх грамады. Малы хлопчык адчыніў мне дзверы ад першага пакоя кватэры пробашча. Малады, высокі мужчына ў святарскім строі выдаваў нейкія загады, што тычыліся будучага свята, батракам, што стаялі перад ім. Гэта быў нядаўна прысвечаны пробашч, новы яшчэ гаспадар у парафіі, ксёндз Стралецкі. Калі я расказаў яму, хто я і чаго шукаю, прыняў мяне з найвялікшай прыемнасцю і той прастатой адкрытага сэрца, у якой кожны можа прачытаць запрашэнне быць госцем. Усіх нас запрасіў у плябанію і не толькі накарміў, напаіў і прадаставіў зручны адпачынак, але затрымаў на сваю касцельную ўрачыстасць, хочучы, каб мы былі сведкамі пабожнасці, з якой ён дзень святога Антонія ў Міхалішках адзначаць збіраецца. У ліку ксяндзоў, на гэты фэст запрошаны знаходзіўся дэкан са Свіра ксёндз Скрабоўскі. Гаспадар плябаніі пазнаёміў мяне з усімі сваімі госцямі; тут я ўпершыню ўбачыў маладога энергічнага ксяндза з Быстрыцы, гасціць у каторага збіраўся праз пару дзён. За прыемнай размовай у іх таварыстве прайшоў цэлы вечар.
Міхалішкі, мястэчка на левым, досыць нізкім і пясчаным беразе Віліі, з’яўляецца адным з тых мястэчак, якія па Літве звычайна здараецца напаткаць; нічым яно ад іншых не адрозніваецца: малое, драўлянае, убогае; 62 дамы, а ў іх 351 жыхар, з якіх, паводле апошняй рэвізіі, 250 яўрэяў, 100 жыхароў рымска-каталіцкага веравызнання і адзін татарын. Рынак у Міхалішках квадратны, неахайны, у яго сярэдзіне – малыя крамкі. Ёсць у мястэчку кантора станавога начальніка паліцыі, а таксама памяшканне доктара і касцёл з плябаніяй, дзе мы гасцюем з учора. Усё гэта, калі верыць вуснаму паданню, шмат гадоў належала сям’і нейкіх Міхальскіх, а потым па спадчыне перайшло ва ўласнасць Бжастоўскіх. Апошнія валодаюць у гэтым краі вялікімі абшарамі, і да апошніх гадоў былі наследнікамі Міхалішкаў; у канцы ж, за запазычанасць ураду на працягу сарака гадоў, за даўгі прыватных асоб, іх абшары былі адданы на конкурс і падзеленыя на часткі. Міхалішкі выкупіў Котвіч – сёння мястэчка з’яўляецца яго ўласнасцю, перадаецца ў спадчыну.
Некалі Міхалішкі была вёска, якая называлася Вілія. У 1689 годзе, як бачна з прывілею, што захоўваецца ў гэтым мястэчку, Ян Уладзіслаў Бжастоўскі, рэферэнт Вялікага княства Літоўскага, стараста Слабодскі, Мядзельскі, Аранскі, Даўгоўскі, Быстрыцкі і г.д., з дапамогаю двух каралёў падняў яго да ўзроўню мястэчка. Гэтым прывілеем, што дае права будавацца любому вольнаму чалавеку ў вызначаных месцах і вызваляе кожнага новааседлага жыхара на 10 гадоў ад усіх падаткаў; праз 10 гадоў назначаецца аплата як звычайна: з піва, мёду, ад збожжа, ад разьбы і г.д., ладзіць суды паміж жыхарамі і каралеўскай міласцю, дазваляе правядзенне звычайнага базару кожны тыдзень і чатыры вялікія кірмашы – на год. Гэты прывілей рэферэнта Бжастоўскага ў 1815 годзе быў унесены ў акт Віленскага земскага павету Рамуальдам Ясінскім. Сын яго Юзаф Бжастоўскі ў 1714 годзе пацвердзіў, потым сын Юзафа, унук першазакладальніка мястэчка Станіслаў, пісар ВКЛ, стараста Быстрыцкі, зацвердзіў у другі раз. Пажары, якія ў розныя гады адбываліся ў Міхалішках, давялі мястэчка да таго стану ўбогасці, у якім яно знаходзіцца сёння; разам з іншымі дамамі, як падае мясцовае паданне, згарэла ў іх і Ратуша, якая была месцам, дзе жыхары судзіліся паміж сабой, згарэлі і маленькія крамы, што ажыўлялі гандаль у гэтым мястэчку.
Пра мястэчка Міхалішкі на гэтым можна было б закончыць, нічога цікавага ў ім не знайшлося б, калі б не было гэтага пекнага касцёла, у якім захавалася крыху гістарычных успамінаў. Заможны на Літве род Бжастоўскіх выдзяляўся заўсёды пабожнасцю і добрым густам, відавочным пацверджаннем таму з”яўляецца касцёл у Міхалішках. Ян Бжастоўскі, рэферэнт ВКЛ, фундаваў тут будаўніцтва першага кляштара Аўгустынцаў; потым Лукаш і Цыпрыян Бжастоўскія ў 1622 годзе, як гэта высветлілася падчас наведвання касцёла, на месцы маленькага драўлянага касцёліка пабудавалі прыгожую і цудоўную ў памерах святыню. Запрошаныя для гэтага былі два ўраджэнцы Фларэнцыі – архітэктар Пенс і скульптар Перці. Першы з іх вывеў у цудоўных прапорцыях муры касцёла, даўжыня якога 15, а шырыня 9 сажняў, з дзвюма не асабліва высокімі, але стройнымі вежамі, з акруглым бабінцам перад імі. Другі багатай аздобай і мноствам фігур, у меру і на адпаведным месцы пастаўленых на падабенства касцёла святога Пятра ў Вільні, унутры касцёл запоўніў. У ім, апроч вялікага алтара, у якім змешчаны вялікі абраз Маткі Боскай Балеснай, слаўны цудамі, ёсць 6 бочных алтароў розных святых. Злева ад уваходу, пад хорамі, ёсць капліца святога Юзафа, якую збудаваў Юзэф, сын Яна Уладзіслава Бжастоўскага, а пад ёй – невялікі склеп з катакомбамі для пахаванняў роду Бжастоўскіх. У гэтай капліцы ў вытанчанай работы маленькай трунцы, абабітай сярэбранай бляхай, знаходзяцца рэліквіі святых. Пад ёй – невялікі абразік святой Кацярыны у багата ўбранай у серабро і каменні аправе з надпісам па-славянску. Згодна з мясцовым паданнем, гэты абраз Бжастоўскія прывезлі з маскоўскіх войнаў. Ні ў захрыстыі, ні ў самім касцёле багатых упрыгожанняў няма. Некалі славіўся гэты касцёл сваім срэбрам, але падчас працэсу Канонікаў Рэгулярных з Біскупам Касакоўскім, калі Бжастоўскія пачалі прад’яўляць свае правы на землі кляштара, большасць серабра знікла з касцёла. Усё астатняе срэбра і дарагое аздабленне, якія яшчэ былі ў Міхалішкаўскім касцёле, былі разрабаваныя французамі ў 1812 падчас іх уцёкаў з Масквы. Нават трунку з рэліквіямі рабаўнік вынес з касцёла, але, аддзёршы з аднаго боку бляху, упэўніўся, што пакрыццё не са срэбра, выкінуў гэту святую рэч у лесе, дзе яе пазней знайшлі і вярнулі ў касцёл.
Канонікаў у Міхалішкі запрасіў Бжастоўскі і багата іх фундаваў: адпісаў ім фальварак Мілайшуны, або Лабудзі, што пацвярджае запіс 1653 года. Яшчэ Цыпрыян Бжастоўскі са сваёй жонкай Рахеллю Раецкай, якім кароль Ян Казімір аддаў у 1653 годзе Буйвідзі, адмовіліся ад падарунка на карысць Канонікаў Рэгулярных, што сваім прывілеем пацвердзіў у 1673 годзе кароль Міхал Вішнявецкі. Зноўку з запісу князя Марціна Гедройця, ваяводы Мсціслаўскага, атрымалі Канонікі Рэгулярныя маёнтак Відзінішкі, у якім з волі фундатара быў пабудаваны касцёл, кляштар і інш. У Буйвідзях таксама быў маленькі філіяльны касцёл з дрэва, пры якім заўсёды жылі два законнікі. І ў час, калі законнікі, не спадзеючыся ні нашто кепскае, спажываюць споры кавалак хлеба, падораны ім дабрадзеямі, біскуп інфлянтскі Юзаф Касакоўскі сілай адбірае фундуш, які Канонікам запісаў Марцін Гедройць. У гэты ж час Міхал Бжастоўскі разам са сваяком Міхалам Радзішэўскім пачалі планаваць, як адабраць у ксяндзоў Канонікаў падораныя іх продкам маёнткі – Мілайшуны і Буйвідзі. Міхалішкаўскія законнікі, напалоханыя варожымі крокамі біскупа інфлянтскага, не ведаючы пра патаемныя планы Бжастоўскага, з поўным даверам аддалі яму на захаванне касцельнае срэбра і кляштарную касу. Бжастоўскі і Радзішэўскі разам з біскупам інфлянтскім хітрасцю здабылі сабе датаваную адным і тым жа чыслом – 6 верасня 1782 года – булу ад Папы Рымскага, якой біскупу Касакоўскаму вяртаўся маёнтак Відзінішкі, а Бжастоўскаму і Радзішэўскаму – Мілайшуны і Буйвідзі. Што было і зроблена.
Біскуп, які меў у руках духоўную ўладу, у 1783 годзе ўсю рухомасць і маёмасць, як касцельную, так і кляштарную, забраў, волю фундатара знішчыў, законнікаў выгнаў і без сродкаў для жыцця пакінуў, а на месцы Канонікаў устанавіў плябанію і прабоства свецкія. Пра крыўду, якую здзейсніў біскуп інфлянцкі Канонікам, напісаў маніфест тагачасны інфулят відзінскі ксёндз Казімір Відмонт. Распачаўся зацяты працэс. Канонікі Рэгулярныя у 1784 годзе праз Троцкі земскі суд паспрабавалі прыцягнуць да адказнасці біскупа Касакоўскага, Бжастоўскага і Радзішэўскага – за незаконнае адабранне маёнткаў. Бжастоўскага – яшчэ і за затрыманне аддадзенага яму на захаванне срэбра і касцельнай касы. Працэс цягнуўся доўга. У 1806 пракурор генеральны закону ксёндз Тэафіль дэ Блок звяртаўся да Бжастоўскага і Радзішэўскага з просьбай вярнуць незаконна забраныя маёнткі, але яго намаганні не мелі поспеху: Мілайшуны засталіся ў Бжастоўскага, Буйвідзі – у Радзішэўскага. Больш таго, дзякуючы здрадзе аднаго з законнікаў, Міхал Бжастоўскі змог выкрасці з кляштарнага архіва дадзеную ім распіску. Так што і серабро, і касцельная каса засталіся ў яго назаўсёды.
Вось так у рэестры зліквідаваных кляштараў у 1832 годзе апынуўся і Міхалішкаўскі кляштар Канонікаў Рэгулярных. Законнікі саступілі сваё месца духавенству свецкаму. А пакуль цягнуліся ўсе гэтыя суды ды перасуды, касцёл паціхеньку – цаглінка за цаглінкай, шчарбінка за шчарбінкай – прыходзіў у заняпад…
Нарэшце папярэднік сённяшняга пробашча ўзяўся за аднаўленне Міхалішкаўскай святыні. На працягу пяці гадоў цягнуўся рамонт. Былі ачышчаны і патынкаваны сцены, заменены дах, у тым ліку і на вежах, усё пафарбавалі ў чырвоны колер – словам, касцёл стаў прыгожым і чыстым. Унутраны рамонт пробашч даверыў густу і таленту свайго арганіста. Праз нядбайнасць касцельнай прыслугі ўпрыгожаныя гіпсавымі скульптурамі сцены Міхалішкаўскага касцёла былі бруднымі, у многіх фігур былі паадбіваны рукі і насы. Арганіст не прыдумаў нічога лепшага, як усё гэтае ўнікальнае хараство пакрыць брудна-блакітнай фарбай, арабескі – зялёнай, гіпсавыя фрукты – золатам, шматлікія фігуры цудоўных анёлаў пафарбаваў у цялесны колер, валасы, бровы і зрэнкі – у чорны, а бялкі вачэй старанна выбеліў. Былая прыгажосць ператварылася ў пярэстую безгустоўнасць – вытанчаная работа італьянскага скульптара знікла…
Падчас рамонту злодзеі ўламаліся ў пахавальную капліцу Бжастоўскіх і паздзіралі таблічкі, якія былі зроблены з англійскага цынку. Засталася толькі адна з іх – Ганны з Мялешкаў Бжастоўскай. Зламысная рука іншаземных непрыяцеляў, а потым і саміх жыхароў мястэчка пазбавіла касцёл як ягонага ўласнага багацця, так і фамільных памятак Бжастоўскіх. Застаўся толькі адзін помнік, змешчаны ў самым касцёле – па левай руцэ ад уваходу – Міхалу Бжастоўскаму, падскарбію ВКЛ, які я папрасіў мастака замаляваць мне ў нататнік.
Перарысавалі яшчэ і амбон, які знаходзіцца ў касцёле і які, на шчасце, руплівая рука арганіста не кранула. Міхалішкаўскі амбон вельмі нагадвае той іншы, з якога тры стагоддзі назад знакаміты Пётр Скарга вернаму народу ў Вільні ў капліцы Святога Казіміра абвяшчаў Слова Божае.
Пад касцёлам ёсць досыць вялікі пахавальны склеп; у ім нямала трунаў рознага памеру, усе яны амаль што згнілі. Вечкі многіх трунаў мы падымалі, але нічога апроч касцей там не ўбачылі. У некаторых з іх, мяркуючы па рэштках арнатаў, былі пахаваны святары.
Самую вялікую цікавасць для гісторыі прадстаўляюць сабой званы, змешчаныя на адной з вежаў касцёла; на другой знаходзіцца гадзіннік. Дабрацца да званоў без спецыяльных прыладаў немагчыма. З дапамогай клапатлівага ксяндза Стралецкага за некалькі гадзін было ўзведзена рыштаванне, з якога мне ўдалося агледзець самы вялікі звон. На адным яго баку адліта выява Маці Божай са Святым Дзіцяткам на руках, пад ёй – герб і алігацыі Бжастоўскіх, вакол іх 16 літараў – імя, прозвішча і тытулы фундатараў званоў.



***


Унізе каля звона маецца надпіс на лаціне, з перакладу якога становіцца ясна, што гэты звон сведчыць нам, што Павел Цыпрыян Бжастоўскі хацеў такім чынам увекавечыць памяць пра паход на Маскву, таксама карыстаюцца папулярнасцю походы по кавказу. Кажуць, што чацвёрты, самы вялікі звон быў выпадкова затоплены пры пераправе праз Вілію і да гэтага часу ляжыць на дне ракі. Тутэйшы лекар пан Мінікоўскі, збіральнік мясцовых легенд і паданняў, расказаў мне пра гэта. Паказаў нават месца на Віліі, дзе павінен ляжаць вялізны звон.
Сённяшні пробашч Міхалішкаўскага касцёла ксёндз Стралецкі, добра разумеючы, як сапсаваў італьянскі густ убранства касцёла няшчасны арганіст, плануе аднавіць яго ўнутранае аздабленне.
Міхалішкаўскі касцёл мае два свае брацтвы: Святой Ганны і Ружанца Святога, буламі Сталіцы Апостальскай, і менавіта Бенедыктаў ХІІІ і ХІУ зацверджаныя. Гэтыя булы захоўваюцца ў касцельным архіве. Тут на працягу года бывае некалькі фэстаў, сярод якіх фэст святога Антонія – адзін з самых вялікіх.
У дзень фэсту не паспела, як след развіднець, як на вуліцах мястэчка і перад касцёлам сталі збірацца людзі. 
Тут, на чыстай Літве, таму што ад ракі Ашмянкі, як ад яе натуральнай граніцы, праяўляюцца ўсе бачныя сляды тыпу гэтай народнасці; пачынаючы ад мовы, якую мы тут знайшлі, і да расы людзей, асабліва жанчын, усё тут вельмі адрозніваецца ад суседняга крывіцкага племені. Тут жанчыны высокага росту, пераважна бландзінкі; іх насы невялікія, акруглыя (у адрозненне ад доўгіх крывіцкіх), твары прадаўгаватыя.
Розніца гэтая, на першы погляд, не асаблівая значная, мае вялікае значэнне для… даследчыкаў – у ёй яны могуць знайсці адценні, якія адрозніваюць адны расы плямён ад другіх.
Строй кабетаў таксама адрозніваецца. Праўда, уборы маладых дзяўчат вельмі падобныя, таму што і тут, гэтак жа, як у нас, на галаве носяць хусткі, толькі большага памеру, і павязваюць іх інакш, носяць гарсэты, рознакаляровыя фартушкі, любяць пацеркі і бліскоткі, і чапляюць на галаву шмат кветак, пры гэтым, чым большага памеру кветка, тым больш элегантнай лічыць сябе дзяўчына.
У касцёле давялося бачыць некалькі дзяўчат, якія ўмудрыліся прыстроіць на сваіх галовах адразу па дзве вялізныя півоні. Маладухі адрозніваліся ад дзяўчат чапцом з мусліну і хусткай, накінутай на плечы. Паважныя кабеты – местачковыя матроны ўбіраюцца зусім інакш. Не ўбачыш тут нашай палатнянай накідкі або шэрай сярмяжнай світкі – носяць яны на галаве каптурыкі, багатыя кабацікі. Іх каптурыкі па сваёй форме нагадваюць біскупскую мітру, а зроблены яны з дарагога штофу або з бліскучай парчы. Вакол галавы закручана невялікая хустка, з-пад якой выглядаюць два яе рагі з гэтай жа дарагой тканіны, у многіх – зверху прымацавана яшчэ стужка з мусліну, што з’яўляецца, на думку саміх жанчын, верхам элегантнасці. На каляровай спадніцы абавязкова маецца яркі фартух, зверху носяць яны сурдуты з цёмнага гранатавага сукна з аксамітавым каўнерыкам і бліскучымі гузікамі да поясу; даўжыня сурдутаў не даходзіць да кален, а ззаду яны моцна нафалдаваныя; некаторыя прычапляюць нават палярону.
Мужчыны апрануты таксама чыста; носяць яны сурдуты з шэрага сукна нявызначанага фасону, падперазаныя ў многіх чырвоным поясам; усе – у высокіх ботах.
Але вернемся яшчэ раз да Бжастоўскіх – у некалькіх вёрстах ад мястэчка знаходзіцца двор Міхалішкі – цудоўная рэзідэнцыя гэтага некалі знакамітага ў краі роду, ад якой сёння засталося няшмат.
Палац у двары слыў гасціннасцю і гучным жыццём – адкрываў свае дзверы перад гасцямі рознай кандыцыі і годнасці. Бо, кажуць, прымаў ён нават каралёў. У 1812 годзе французы спалілі палац, а паколькі інтарэсы прадстаўнікоў роду Бжастоўскіх перасталі супадаць, аднаўляць яго так ніхто і не сабраўся. Так і застаўся стаяць – без акон і дзвярэй, хаця сляды заможнасці яго гаспадароў яшчэ сям-там можна ўбачыць. У пакоях засталіся прыгожыя кафельныя каміны, пад домам і за яго межамі ёсць вялікія падземныя сутарэнні, аб’яднаныя паміж сабой калідорамі, але ўсё гэта даўно паспела пакрыцца попелам забыцця і пустазеллем.
Непадалёк ад палаца ёсць яшчэ сляды (але толькі сляды) былога саду, што акружаў некалі панскую рэзідэнцыю. Некалькі дзесяткаў старых дрэў яшчэ змагаюцца з паўночнымі вятрамі. Некалі яны стаялі роўнымі радамі, а сёння выглядаюць неяк не дарэчы. Ёсць яшчэ каналы і саджалкі, зарослыя травой, а таксама сляды нейкіх штучных земляных узвышэнняў. Непадалёк ад гэтых руін стаіць невялікі двухпавярховы мураваны дом з закутымі ў жалеза дзвярыма. Дзве ліпы, паміж якімі стаіць гэты будынак, абнялі яго сваімі галінкамі з усіх бакоў. Прастаяўшы стагоддзі, перажыўшы ўзлёт, з аднолькавай абыякавасцю прыкрываюць руіны, як некалі прыкрывалі ўваход у, можа стацца, арсенал рыцарскай зброі або сховішча скарбаў роду.
Усе руіны, без сумнення, з’яўляюцца шаноўным уладаннем краю – гэта свайго роду гістарычныя рэліквіі; але іх выгляд напаўняе сэрца кожнага чалавека непазбежным сумам, калі ён раздумвае над велічнасцю былых магнацкіх родаў, якая паступова сышла на нішто, парадзіўшы ўрэшце нашчадкаў – духоўных карлікаў, ад якіх не варта чакаць ні высокіх дум, ні спраў. Сучаснаму чалавеку, гледзячы на гэтыя рэшткі былой магутнасці, застаецца толькі ацерці з вачэй няпрошаныя слёзы жальбы.
У гэты ж дзень я наведаў пана Мінкоўскага ў яго ўласным доме. Пан Мінкоўскі таксама калекцыянер; і нават мае сваю невялікую калекцыю рэдкіх рэчаў; мае трохі этрускаў, трохі старога саксонскага фарфору, з якога найбольш каштоўнай з’яўляецца філіжанка з накрыўкай, на якой ёсць выява бюста Станіслава Аўгуста, намаляванага ў медальёне, вакол якога напісана “Stanislaus Augustus Rex.” Збоку – адкрытая кніга, а ля яе рука справядлівасці з паднятым уверх пальцам, лаўровы вянок і ўсе атрыбуты прынятага ў 1791 годзе Статуту. Філіжанка гэтая, без сумнення, адносіцца да рэдкіх рэчаў, якімі адзначылі тую падзею. …Яна сведчыць аб тым, што павінны былі існаваць цэлыя сервізы посуду, зробленыя ў гонар гэтай радаснай для краіны падзеі.
Да гэтай філіжанкі падабраў пан Мінкоўскі адпаведную вельмі рэдкай работы сярэбраную лыжачку, якую тут мне прышлося пабачыць упершыню. На ёй быў выпуклы партрэт князя Юзэфа Панятоўскага ў мундзіры, прыкрытым буркай – такі, якім яго звычайна малююць. Зверху выпуклы надпіс: Юзэф князь Панятоўскі. Ніжэй – вядомы ўсім дэвіз гэтага героя. Пан Мінкоўскі ў гэтых двух прадметах аб’яднаў высокае імя пляменніка з самай цудоўнай хвіляй панавання яго дзядзькі. Калі пан лекар заўважыў, што мне падабаецца гэтая лыжачка, здабыў з шафкі другую, падобную, і падарыў яе мне на памяць. Сёння яна знаходзіцца ў зборы маіх экспанатаў.
Ёсць у гэтых ваколіцах шырока вядомае і часта ўжываемае прыслоўе: падняўся, як жыд міхалішскі. Я пастараўся высветліць, адкуль яно ўзялося і што азначае. Растлумачылі мне, што некалі міхалішскія яўрэі займаліся крадзяжом коней. Аднаго з іх злавілі, за правіннасць ён пайшоў на шыбеніцу, чым і даў пачатак гэтаму прыслоўю.
Набажэнства ў Міхалішках закончылася. Запрошаныя пробашчам госці сабраліся ў плябаніі на абед, пасля якога, яшчэ раз падзякаваўшы за цудоўны прыём, з жалем адмовіўшыся ад сардэчнай прапановы гасціннага пробашча пераначаваць у яго яшчэ хаця б адну ноч, я пусціўся ў дарогу. Карабель адышоў ад берага толькі а 17 гадзіне, непагода, холад і праціўны вецер спадарожнічалі мне далей. Не паспелі мы выйсці на раку, як пачаўся шторм, настолькі моцны, што хвалі Віліі ў любы момант маглі перавярнуць наш карабель. Трэба было прыбіцца да берагу, каб пачакаць, пакуль зменшыцца вецер і супакояцца хвалі. Аднак не прышлося, бо шторм раптоўна знік, хаця вецер так і не палагаднеў. Дзядуля наш, знуджаны двухднёвым адпачынкам у Міхалішках, кульнуў адна за другой дзве чаркі і пачаў спяваць песні, якіх да гэтага часу выцягнуць з яго было немагчыма. Карыстаючыся момантам, я стараўся выцягнуць з яго песні, прымаўкі і г.д., якія адносяцца да суднаходства па Віліі. Але пераканаўся з вялікім здзіўленнем маім, што ніякіх спеваў сёння пра плаванне па гэтай рацэ не існуе. Без сумнення, назвы віроў, камянёў, урочышчаў водных, такія як Прывітальная, Равяка, Зязюлька, Багдановіч, Рамановіч і т.п., паходзяць або ад нейкіх здарэнняў, што адбыліся з асобамі, прозвішчы якіх яны носяць, або ад падабенства, якім узнагародзіла іх прырода. Да прыкладу, Прывітальная – ад таго, што яна першая і кожны стэрнік хлебам і соллю яе вітае; Равяка – бо рве і зацягвае да сябе лодку.
Замерзлыя і стомленыя, мы заначавалі ў першым жа гумне на беразе, да якога дабрацца нам удалося толькі ноччу.
Затое надышоўшая раніца адкрыла перад намі пекную вельмі аколіцу: былі гэта Вартачы – вёска на высокай гары, з якой адкрываўся шырокі і прыгожы краявід; ля гэтай гары Вілія маляўніча выгібае сваё рэчышча…


Пераклад Ганны ЧАКУР.