Медыцына ў асобах (з успамінаў М.П. Апалінскай)

15:22 / 04.05.2010
Мы прыехалі ў Астравец яшчэ да вайны – у 1939 годзе. Тату Пятра Рыгоравіча Харытонава прызначылі намеснікам сакратара райкама. Спачатку мы сталі жыць у Варнянах – кватаравалі ў Карачуна. Там мяне прынялі ў піянеры. Прайшло столькі гадоў, а я памятаю – і піянерскі касцёр, і вершы Багрыцкага, і песні Святлова, якія гучалі ў той вечар. А потым пераехалі і мы.
Канешне, тагачаснае мястэчка нават аддалена не нагадвала сённяшні Астравец – прыземістыя, крытыя саломай хаткі з падслепаватымі вокнамі, драўляныя тратуары. Райкам партыі тады знаходзіўся ў доме Коўзана.



Нас размясцілі ў адной палове барака, у другой пасяліўся разам са сваёй сям’ёй яшчэ адзін супрацоўнік райкама партыі – Раманенка. Большасць астраўчан жыла бедна – насупраць нашага дома месцілася мнагадзетная сям’я Андраловічаў, дык іх дзеці ў школу хадзілі ў драўляных калодках. І не адны яны.
Каля рэчкі стаялі дамы яўрэяў. Ад усіх астатніх яны адрозніваліся ўжо хаця б наяўнасцю аканіцаў на вокнах – пагаворвалі, што яны засталіся з часоў, калі лютавалі пагромы.
Цэнтральная вуліца Астраўца была вымашчана каменем. Памятаю, як грымела гэтая брукаванка, калі па ёй ішлі танкі: Чырвоная Армія кіравалася ў прыбалтыйскія краіны.
На адным месцы і камень імхом абрастае – пачалі паціху абжывацца і мы. Неўзабаве ў нас нават з’явілася свая карова. Тата працаваў у райвыканкаме, мама вяла хатнюю гаспадарку. Мы з братам хадзілі ў школу. Да вайны я паспела закончыць тры класы…
Пра тое, што Германія напала на Савецкі Саюз, мы даведаліся недзе каля 10 гадзін раніцы. Анжаліна Фёдараўна Голікава, супрацоўніца райкама партыі, прынесла гэту страшную навіну. Мама з татам нават спачатку не паверылі: не можа такога быць… таварыш Сталін… непераможная Чырвоная Армія…
Але літаральна праз гадзіну была аб’яўлена эвакуацыя. Прычым папярэдзілі, што кожнаму чалавеку дазваляецца мець пры сабе толькі па аднаму вузлу. Тата быў прызначаны адказным за эвакуацыю, а мама, застаўшыся адна, не ведала, за што хапацца.
Сем’і адказных работнікаў тым часам спешна грузіліся ў кузавы аўтамабіляў. Сваю сям’ю тата пасаромеўся ўладкаваць сярод першых – і ў выніку месца не хапіла менавіта нам. Памятаю, як грузавікі ад’ехалі, а мы засталіся стаяць пасярод вуліцы…
Потым тата ўсё ж знайшоў для нас транспарт – машыну, якая вазіла кіно. Не адкрываючы бартоў, пазакідвалі нашы вузлы, толькі адзін з іх, самы каштоўны, мама кідаць не дазволіла – у ім была швейная машынка. Грузавік ужо крануўся з месца, калі высветлілася, што засталася сям’я яшчэ аднаго райкамаўскага работніка – Шыфа. Іх хуценька падсадзілі да нас, і мы нарэшце паехалі. Тата застаўся ў Астраўцы.
У Мінску на вакзале ад бежанцаў не было дзе яблыку ўпасці – усе спяшаліся ўцячы ад вайны. Тысячы людзей і ніводнай усмешкі – навокал панаваў настрой, блізкі да панікі. Нарэшце нам удалося сесці ў поезд, дакладней, у звычайны – без вакон, без дзвярэй – вагон-цялятнік. Агульны настрой неяк адразу палепшыўся. Людзі размаўлялі паміж сабой пра тое, што вайна ненадоўга, што не сёння-заўтра Чырвоная Армія пагоніць фашыстаў калёнай мятлой…
Перад Смаленскам мы трапілі пад бамбёжку. Цягнік спыніўся, людзі павыскоквалі з вагонаў, у пошуках ратунку кінуліся, хто куды. Выбухі бомбаў, крыкі, енк параненых…
–Паміраць будзем разам, – сказала мама і, прытуліўшы нас з братам да сябе, прыкрыла нашы галовы сваім целам. У вагоне мы засталіся адны.
Потым, калі бамбёжка стала сціхаць, цягнік нечакана крануўся і пачаў набіраць хуткасць. Людзі кінуліся яго даганяць. Многім гэта не ўдалося – яны так і засталіся пасярод поля. Тыя, хто паспеў заскочыць у вагоны, спрабавалі адшукаць сваіх. Галасілі жанчыны, што страцілі дзяцей, дзеці клікалі сваіх мацярок…
А Смаленск палаў, як свечка. Таму наш цягнік адразу павярнуў на Тулу.
У Туле нас упершыню пакармілі – далі па бутэльцы малака і па батону. А потым цягнік рушыў далей – у накірунку Пензы.
Тры тыдні страшнага падарожжа, канечным пунктам якога стаў горад Кузнецк. Там нас засялілі ў вялізны пусты будынак – усіх разам. На падлозе не хапала месца, каб выцягнуцца ў поўны рост, таму многія вымушаны былі спаць седзячы.  Мама дала запыт-тэлеграму дзядулі ў Елацьму Разанскай вобласці. Дзед адказаў таксама тэлеграмай, што згодны нас прыняць. І мы паехалі.
У дзеда мы пражылі нядоўга і ўвесь час без мамы – яе разам з іншымі жанчынамі забралі на рыццё акопаў. Дамоў адпускалі толькі на час – памыцца. Мама прыносіла дамоў лістоўкі, якія немцы скідвалі з самалётаў: “Мілыя дамачкі! Не капайце вашы ямачкі. Пройдуць нашы танкі, разнясуць вашы ямкі!”
У дзядулі нам жылося няпроста – ён быў інвалідам і вельмі нервовым чалавекам. Таму ў адной з суседніх вёсак мама неўзабаве знайшла хатку, і мы перасяліліся туды. У нас была машынка, на якой мама шыла і нам, і суседкам. Я ж па вечарах вязала рукавіцы для салдат, спецыяльныя – з двума пальцамі, каб можна было страляць, не здымаючы іх. Мама яшчэ працавала паштальёнам – разносіла пошту ў чатыры вёскі. За кожную пахаванку перажывала, як за сваю. Напэўна, таму, што тата быў на фронце. А потым, прыпісаўшы сабе год ці два, пайшоў на вайну і мой брат.
Яму не споўнілася 18-ці, калі ён загінуў у баях пад Елгавай. Пасля вайны я ездзіла туды, спрабавала знайсці магілу брата. Але там на воінскіх могілках пахавана 5 тысяч салдат…
У баях за Смаленск кантузіла тату, і яго камісавалі. Рукі ў яго трэсліся, не мог данесці да рота лыжку, прыступы галаўнога болю былі такімі моцнымі, што нярэдка яму хацелася звесці рахункі з жыццём…
Калі вайна закончылася, на сямейнай нарадзе бацькі вырашылі вярнуцца ў Астравец – тут тата працаваў на добрай пасадзе, ды і многае з рэчаў засталося. Мы вярнуліся. Але здароўе таты не паляпшалася, і яму прапанавалі зусім іншую працу. І ад пакінутай маёмасці не засталося нічога…
Урэшце мы ўсё ж неяк уладкаваліся. Цяжкі пасляваенны час, калі навокал квітнеў бандытызм. Я ўладкавалася бухгалтарам у райфінаддзел. Закончыла курсы ў Мазыры і стала інспектарам дзярждаходаў – а гэта значыла, што мне трэба было пешшу абыходзіць вёскі Астравеччыны, збіраючы падпіску за заём. Стамлялася моцна, але пры першай жа магчымасці бегла ў клуб – была ярай ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці. За актыўны лад жыцця мяне адной з першых у Астраўцы прынялі ў камсамол.
А потым я вырашыла, што прыйшоў час вырашаць уласную будучыню, і паступіла ў Пінскае медвучылішча. Канешне, і там не была ў баку ад грамадскага жыцця: рэдактар насценнай газеты, дэкламатар літаратурных вечарын, пявуння, удзельніца драмгуртка…
Не паспела закончыцца Другая Сусветная, як пачалася новая вайна – халодная. У вучылішча прыйшоў указ аб наборы ў групу радыстак. Канешне, я запісалася туды адной з першых! Парашутная справа, азбука Морзе, узмоцненае вывучэнне нямецкай мовы… Але падчас вучэбных скачкоў разбіўся адзін з парашутыстаў – дваіх з нашых выкладчыкаў тут жа арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы, а нашу групу распусцілі. Прычым на кожным, хто у ёй займаўся, засталася пляма падазронасці. Словам, з марай паступіць у медінстытут давялося развітацца.
У 1950 годзе я вярнулася ў Астравец. Уладкавалася ў бальніцу ў Каменцы фельчарам-акушэрам. Гінеколагам тады працаваў Карнілаў – доктар ад Бога. І прыгажун з шыкоўнай шавялюрай. Галоўным урачом быў Міхалькоў.
Умовы гінекалагічнага аддзялення і ўмовамі было цяжка назваць – яно размяшчалася на другім паверсе былога маёнтка. Холад. Дымныя печкі. І туалет, і душ парадзіхам замяняла звычайнае вядро. А былі ж, як і сёння, розныя ўскладненні пры родах. Неяк здарыўся такі выпадак: прывезлі жанчыну, якая падняла нешта цяжкае, і ў яе пачаліся заўчасныя роды. Выратаваць дзіця не ўдалося. Як я тады плакала! Трымаю на руках няшчаснае немаўля – і галашу…
У 1952 годзе Карнілаў выехаў з Астраўца, і на яго месца павінен быў прыехаць іншы гінеколаг. Памятаю, нібы гэта здарылася ўчора. Па бальніцы разнеслася пагалоска: урач едзе! Мы кінуліся да вокнаў, а там бальнічны конюх Мікалай Ляшчынскі дапамагае новаму доктару зняць з павозкі яго валізкі. Той зайшоў у дзяжурку – за вярсту было бачна: інтэлігент амаль рафініраваны. Прадставіўся: “Аляксандр Пятровіч Апалінскі”. «Як?» – перапыталася я. «Апалінскі», – ледзь не па складах паўтарыў ён.






Новы ўрач быў карэнным адэсітам, закончыў Адэскі медінстытут імя Пірагова і патрапіў пад усесаюзнае размеркаванне. Канешне, пасля Адэсы наша Каменка падалася Аляксандру Пятровічу лячэбніцай сярэднявечча, але выгляду ён не падаў. Перанёс свае рэчы ў выдзеленую яму бальнічную кватэрку і адразу ўзяўся за справу. Каму, як не мне, фельчару-акушэру, было ўводзіць новага гінеколага ў курс спраў і новага жыцця?..
Праз тры месяцы мы пажаніліся. І сталі заўсёды разам. 24 гадзіны ў суткі. Разам на працы, разам дома. Псіхолагі сцвярджаюць, што гэта вельмі складана, а нам было – у радасць. Мне пашанцавала з мужам. І ў шчасці, і ў бядзе. Нашаму першынцу споўнілася пару месяцаў, калі раптам я захварэла – паднялася высокая тэмпература. Рэнтгенолаг Евентава глянула на мой здымак і ажно спалатнела: туберкулёз па тыпу хуткацечных сухотаў. Адкрытая форма.
Тры месяцы ў мяне трымалася тэмпература 40 градусаў. Тры месяцы Аляксандр Пятровіч разрываўся паміж мной, сынам і працай. Сілай уліваў мне ў рот сырыя курыныя яйкі – адзінае, што я магла праглынуць. Карміў нашага малыша. Чым ён харчаваўся сам, я не ведаю – уся яго зарплата ішла на набыццё стрэптаміцыну (адзінае лякарства, з дапамогай якога ў мяне быў шанц выкараскацца)…
Праз тры месяцы тэмпература пачала спакваля спадаць. Праз паўгода доктар Евентава з недаверам глядзела на мой новы здымак – я выздаравела. Цуд? Напэўна. Толькі здзейсніў яго мой муж. А яшчэ мяне выратавала тое, што ў дзяцінстве я, відаць, перахварэла туберкулёзам, і пэўны імунітэт арганізм паспеў выпрацаваць.
Кансіліум астравецкіх дактароў прапанаваў мне ісці на групу. У 22 гады стаць інвалідам? Нізашто! Я саромелася сваёй хваробы, як магла, старалася яе хаваць. І як толькі аналізы паказалі поўную адсутнасць “палачкі”, вярнулася ў акушэрства.
Трэба сказаць, што жанчыны ў тыя часы былі загартаваныя, моцныя, і большасць родаў праходзіла без ускладненняў. Але сапраўдным бічом з’яўлялася адсутнасць гігіены. Вось і прыходзілася вучыць, тлумачыць, прымушаць: мыцца, мыцца, мыцца! Паступова пачаліся станоўчыя зрухі.
А тым часам наша сям’я перабралася ў Астравец – бальніца пабудавала двухпавярховы дом, у якім нам выдзелілі кватэру. Пасля бальнічнага барака яна падалася палацам. У 1961 годзе здалі ў эксплуатацыю новую бальніцу. Мы хадзілі па яе калідорах, заглядвалі ў будучыя палаты і не маглі надзівіцца – ды тут жа заблудзіцца можна?! Светла, прасторна, сучасна. І самае галоўнае: ёсць туалеты, душавыя, ванныя пакоі. Нарэшце нашы дзеці будуць нараджацца ў нармальных умовах! Аляксандр Пятровіч адчуваў сябе на сёмым небе.
Ён быў асаблівым чалавекам. У бытавым сэнсе абсалютна непрыстасаваны. Ды ён цвіка за жыццё не ўбіў – не ўмеў. Жартаваў: “Ты мне павінна быць удзячна, што я не псую сцены”. Ён быў увесь у прафесіі – не лічыўся ні з часам, ні з уласным здароўем. Не ведаў ні выхадных, ні святаў. Яго выклікалі з кінатэатра, забралі нават з выпускнога балю сына…
Нам у дом правялі спецыяльны гукаўзмацняльнік, па якім пры ўзнікненні складанасцей можна было выклікаць Аляксандра Пятровіча ў бальніцу. Дастаткова было спусціцца ў прыёмнае аддзяленне. Дык нярэдка бывала, што Аляксандр Пятровіч прыбягаў у радзілку яшчэ да таго, як дзяжурная медсястра, якая яго выклікала, паспявала падняцца з першага паверха. Калі разумеў, што адлік ідзе на хвіліны, мог прыбегчы ў бальніцу, не пераапранаючыся – проста ў піжаме. “Якая розніца! – адмахваўся ад заўваг. – Тут два жыцці на карту пастаўлены…”
Цяпер, ледзь што – кесарава сячэнне. А Аляксандр Пятровіч ставіўся да жанчын беражліва: колькім немаўлятам ён дапамог прыйсці на свет з дапамогай шчыпцоў! І большасць сваіх “цяжкіх выпадкаў” ён памятаў па імёнах – сустрэне дзе-небудзь на вуліцы, пагладзіць па галоўцы: “Малайчына, Андрушка (Пецька, Толік…), расці вялікі, радуй сваю маму. Яна ў цябе таксама малайчына”.
У адпачынак мы звычайна ездзілі ў Адэсу – да бацькоў Аляксандра Пятровіча. Калі памёр яго бацька і маці засталася адна, яна стала ўгаворваць сына вярнуцца ў Адэсу. З яго ўрачэбным талентам і вопытам работы праблемы з працаўладкаваннем быць не магло. Тым больш, што стрыечны брат працаваў дэканам медінстытута. Аднойчы, саступіўшы матчыным просьбам, Аляксандр Пятровіч сапраўды звярнуўся да брата ў пошуках вакансіі. Яму адразу ж прапанавалі месца загадчыка аддзялення ў спецыялізаванай клініцы. Ён нават схадзіў туды – вярнуўся з бліскучымі вачыма: “Якое абсталяванне, Маша! Якія фантастычныя ўмовы!” А потым падумаў-падумаў, і… Мы вярнуліся ў Астравец – нехта ж павінен працаваць і ў глыбінцы.
У 1963 годзе ён моцна захварэў: складанейшы апендыцыт, які да таго ж разліўся. Аперацыю рабілі ў Астраўцы – для гэтага сюды прыехаў Герой Сацыялістычнай працы доктар Магілёўчык. Аляксандр Пятровіч ужо быў без прытомнасці, таму згоду на аперацыю давала я.
Мужу распаласавалі ўвесь жывот, аперацыя доўжылася (прынамсі, для мяне) цэлую вечнасць. Не паспеў прыйсці да сябе, адразу пачаў супакойваць мяне: “Не бойся, Машанька, самае страшнае ўжо засталося ззаду”. Сядзела пры ім дзень і ноч, але ж дома дзеці – адбеглася літаральна на паўгадзіны. Адыходзіла, прасіла, каб калі што трэба, паклікаў санітарачку. Яго ўсе любілі, дапамаглі б з радасцю. Але Аляксандр Пятровіч быў вельмі сціплым чалавекам – нікога не хацеў абцяжарваць сваімі праблемамі. Падняўся і самастойна пайшоў у туалет. Шво разышлося, і кішэчнік ён прынёс у руках…
Паўторная аперацыя, новыя ўскладненні. І зноў: “Прабач, Машанька, што напалохаў”.
Ён не ўмеў сябе шкадаваць. Можа, таму, што з франтавікоў. Саша служыў у арміі, калі пачалася вайна. Закончыў сяржанцкія курсы. Дайшоў да Аўстрыі – заўсёды на перадавой. Вайна, пэўна, і прывучыла яго не думаць пра сябе.
Пасля пенсіі ён яшчэ шмат гадоў працаваў. Быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета. А потым прыйшлося саступіць дарогу маладым. Застаўшыся без любімай работы, ён разгубіўся. Нібы страціў сэнс жыцця. Не ведаў, куды сябе падзець. Калі ў складаных выпадках пра яго ўспаміналі, прасілі парады – ажываў, маладзеў на вачах. Але з кожным годам гэта здаралася ўсё радзей. Дарэчы, зараз вельмі запатрабавана доказательная медицина.
Адзін інфаркт Аляксандр Пятровіч перанёс на нагах, а пасля паўторнага яго не стала.
Зрэшты, не стала – для другіх, для мяне ён па-ранейшаму побач. Няхай сабе толькі ў думках…


НА ЗДЫМКУ: сядзяць злева направа гінеколаг Аляксандр Апалінскі, тэрапеўт Лідзія Міхалькова, гл. урач бальніцы Іван Міхалькоў, інфекцыяніст Бэла Цёплая, хірург Макс Цёплы, педыятр Ірына Федуковіч, тэрапеўт Уладзімір Ігнатовіч. У трэцім радзе стаяць: загадчык гаспадаркі Пётр Хендогін, акушэр Марыя Апалінская, восьмая злева медсястра Аліна Андраловіч. (Магчыма нехта ведае былых медыкаў, што змешчаны на гэтым фотаздымку і іх лёсы. Падзяліцеся ўспамінамі.)


Запісала Ганна ЧАКУР.