Як шукалі паганскія скарбы

14:30 / 30.03.2010
Гэты артыкул быў надрукаваны ў 1933 годзе ў газеце “Голас”. Адшукала яго і даслала нам у рэдакцыю прафесар Гэлена Глагоўская з Беластоцкага ўніверсітэта.

…Падвёў мяне да высокага кургана, парослага сасняком, узабраўся на яго вяршыню, і паказваючы на вялікую яму пасярэдзіне, прызнаўся:
– Гэты курган раскопваў я. І больш ніколі – пан можа мне верыць – не прыйду сюды з лапатай.
Спадзеючыся, што пачую цікавую гісторыю, заснаваную на забабонах і буйным уяўленні, я папрасіў майго правадніка Яна, старога селяніна з вёскі Лоша Ашмянскай гміны, растлумачыць сэнс сказанага.
–А было так, – пачаў Ян. – Прыйшоў я сюды пасярод ночы. Дачакаўся, пакуль вёска засне і крадком ад усіх (нават ад уласнай жонкі) пасунуўся. Крадком – бо баяўся паліцыі і пана з двара (Дабжынскага – Г.Ч.). Ведаў, што за такія справы караюць сурова. Дарэчы, раэкамендуем сауны Москвы и бани.
Старэйшыя людзі на вёсцы распавядалі, што гэтыя капцы панасыпалі яшчэ паганцы, якія ў іх хавалі сваіх памерлых. Казалі, што закопвалі іх з усім багаццем, якое памерлы здабыў за жыццё. Нярэдка з сапраўдным скарбам – золата ды срэбра. Гэтыя скарбы былі заклятымі – іх сцераглі душы памерлых.
З духаў я пасмяяўся, а ў скарбы паверыў…
На небе ў тую ноч ззяла поўня. Я выбраў самы вялікі з курганоў. Праўду кажучы, нагледзеў яго яшчэ днём. Скінуў армяк і стаў капаць на самай вяршыні. Спяшаўся моцна, бо баяўся, каб хто не надышоў. Ды і да скарбаў дабрацца карцела.
Укапаўся па пояс, потым – па плечы. Ну, думаю сабе, ужо недалёка, скарб павінен ляжаць якраз пасяродку, вось яшчэ пару лапат… Капаю-капаю, але пад лапатай так ні разу і не зазвінела.
Стаміўся я парадкам – цяжэй стала пясок з ямы выкідаць. А тут яшчэ моцны вецер узняўся. Пяском занесла мне і вочы, і вушы, скрыпеў ён на зубах, дзёр у горле.
Вылез я з ямы – працёр вочы. Горача было і душна. Наўкола стаяў лес, і шумеў ён неяк дзіўна. Па імху бегалі ясныя плямкі месячнага святла.
Усплылі раптам у памяці пагавэндкі старых баб наконт таго, што душы памерлых скарбы гэтыя вартуюць і бяда таму смельчаку, які адважыцца іх здабываць, што ў пэўныя ночы можна гэтыя душы ўбачыць – як прывіды або як мільгаценне святла.
І так гэта мне ясна прыгадалася, што стала зусім ніякавата. Глянуў я на месяц – да яго якраз падплывала вялізная чорная хмара. Шмыгнуў я ў яму і стаў капаць далей. І раптам чую: мая лапата ўдарылася аб нешта металічнае. Сэрца забілася мацней, кроў прыліла да шчок і стала зусім душна. Схіліўся я і намацаў нешта цвёрдае. Пляскатае і вільготнае.
Раптам чую выразна, што нехта мяне кліча:
–Яне, Яне, – аднекуль здалёк плыве голас.
Пэўна, жонка, думаю сабе. Можа, якое няшчасце дома здарылася? Вылез з ямы, слухаю – не.
Толькі вецер яшчэ мацней дзьме, ды лес так шуміць, што каб цішэй мяне клікалі – не пачуў бы.
Заскочыў я зноў у яму, нахіліўся, а той самы голас:
–Яне, Яне, хо-ха, у-ха…
Тады я, пане, спалохаўся па-сапраўднаму. Але, думаю сабе, не дамся – вось жа ён скарб, лічы, у руках. Пан, пэўна, разумее, што такое скарб пры пяці гектарах зямлі і пяці галодных ратоў на іх.
Стаў я капаць далей. Стараюся не слухаць і капаю… Нарэшце выкапаў… Камень! Задрыжэла ўва мне ўсё: пад каменем, думаю, і ляжыць паганскае золата…
Раптам чую: тупат коней. Нясуцца галопам. Усё бліжэй і бліжэй. І людзі нейкія крычаць. Мільганула нешта над галавой, і ў яму пырснулі дробныя каменьчыкі – як гэта бывае з-пад конскіх капытоў…
Адмовіў я гучна пацеры і сяджу – не дыхаю. Поўня схавалася за хмарай, счарнела навокал. ..
І зноў нехта закрычаў – дзіка, нема. Зазвінела зямля ад соцень конскіх капытоў, жалеза ўдарылася аб жалеза, страшны енк нейкага чалавека. А потым глухі глыбокі гук – нібы ўсё гэта правалілася ўглыб зямлі. Бакі маёй яміны зарухаліся і абваліліся – мяне засыпала пяском па пояс.
Не памятаю, як я выбраўся з абдымкаў кургана, як схапіў лапату, армяк і прыбег дадому – мокры, брудны, калоцячыся ад перажытага жаху.
Ніколі больш не вазьмуся капаць курганы. Нават калі б пан плаціў бы за гэта па 5 злотых у дзень.
Ян замоўк.
–У нас ёсць свае работнікі. Навошта нам людзі з вёскі? А ў тую ноч здарылася страшная бура?
–Яшчэ якая! Так пляскалі перуны, што я баяўся, каб з помсты не ўдарыў каторы ў маю хату ці стадолу. Толькі няхай пан не думае, што гэта я буры тады спалохаўся. Не. Ёсць у гэтым нейкая сіла. Нездарма ж стары пан, нябожчык, пад канец свайго жыцця загадаў аднавіць на самым высокім кургане невядома кім і калі пастаўлены крыж. І лавачку закамандаваў побач паставіць. Часта прыходзіў ён потым сюды. Сядаў на лавачку і маліўся. Я думаю, за душы паганцаў – ён пра гэта куды больш ведаў, чым я ці ты, пане.
Ля вёскі Лоша Ашмянскага павету знаходзяцца вялікія старажытныя (каля тысячы гадоў) пахаванні, якія мясцовы люд здаўна называе ўрочышчам. Гэта курганы, якія знаходзяцца ў трох месцах. Ля смалярні ў старым лесе – больш за 20, але каля паловы з іх знішчана. Далей – ля тару. І за тарам – самыя высокія, злучаныя слядамі былых равоў – таксама напалову знішчаныя. Каля тысячы гадоў таму тут жыло нейкае племя, якое гісторыкам пакінула толькі курганы і гарадзішчы. Пісьменных здабыткаў з тых часоў не засталося. І даследаваць дзейнасць чалавека на зямлі віленскай, які жыў яшчэ да Гедыміна, можам толькі, праводзячы раскопкі гэтых курганоў і гарадзішч.
На ўсёй тэрыторыі Віленшчыны чакаюць лапаткі даследчыка сотні курганоў.
***
Раскопваем курганы ля Лошы. Знішчаем легенды, якія непакоілі ўяўленне мясцовых людзей, здабываем скарбы для навукі.
Пачынаем ад найменшых: вышыня – ад метра, шырыня – 16-19 метраў. Форма авальная або акруглая. Дзесяць працаўнікоў, а дакладней – беспрацоўных, накіраваных сюды Фондам працы – разбіваюць сярод лесу намёт. Кіруе першай такога роду польскай экспедыцыяй на Віленскай зямлі пані доктар Гэлена Цэхік з Археалагічнага Музею Універсітэта Стафана Баторыя. Адзін з курганоў з дапамогай бела-чырвоных слупкоў разбіваем на чатыры часці. Праз хвіліну раздасца грукат першай лапаты – першы крок у нашых пошуках скарбаў даўніны.
На жаль, значная частка курганоў знішчана. Іх зруйнавала легенда аб скарбах. Зрэшты на тэрыторыі Віленшчыны знішчэнне курганоў – распаўсюджаная з’ява. Жыхар бліжэйшай вёскі ці яго госць, гнаны жаданнем здабыць золата і серабро, хапаецца за лапату і, хаваючыся ад уладаў, нярэдка па начах грэбаецца на “паганскіх могілках”. Нічога каштоўнага для сябе ён не знаходзіць, але адначасна знішчае тое, што было каштоўным для навукі.
Пачынаем капаць першую чвэрць кургана, адкідаючы зямлю ўбок.
Экспедыцыю фінансаваў Універсітэт Стафана Баторыя – дапамагае сціпла і асабіста Гістарычнае Кола студэнтаў U.S.B., якое на працягу зімы змагло зарабіць на гэтую справу невялікую суму.
Экспедыцыя мае тры этапы: першы – ля Лошы, другі – ля Ячун, трэці – ля Кармазынаў, што на мяжы з Літвой. Непадалёк ад Дукштаў. Спадзяёмся, што ў другім і трэцім этапах фінансава паўдзельнічае і ваяводства.
Чвэрць за чвэрцю раскопваем першы курган. Гарачка пошукаў ахоплівае ўсіх удзельнікаў. Беспрацоўныя таксама з азартам пераглядаюць кожны каменьчык, а калі трапляюцца косці і попел, перабіраюць іх рукамі.
Духаў не бачым. Ніхто нас не кліча здалёку. Затое цэлымі днямі вакол нас круцяцца мясцовыя сяляне. Навакольныя вёскі ў страшным хваляванні – прыехалі па іх скарбы. Многім хочацца абагнаць нас і пашчыраваць у напаўраскапаным кургане першымі. Таму на ноч нам прыходзіцца выстаўляць варту.
Ужо ёсць першыя вынікі. Пасля рытуальных цырымоній племя спальвала свайго нябожчыка, потым збірала яго косці, попел і вуглі і кідала ў яму, зверху клалі асабістыя рэчы памерлага і засыпалі зямлёй. Часам насып замыкалі каменным колам, які мог мець нейкае культавае значэнне. Іншыя курганы аздобленыя толькі ровам і маюць пляскатую паверхню.
Курганы аздоблены бедна – памерлыя яўна не былі заможнымі людзьмі. У першым знаходзім бронзавы заручальны пярсцёнак і гліняную прасніцу. Значыць, тут пахавана кабета.
Другі курган стаў месцам пахавання “страюхі” – у ім мы знайшлі мноства бронзавых упрыгожванняў: чатыры пярсцёнкі, разную шпільку для адзення, кулон у выглядзе званочка. Але яна не толькі моднічала, а яшчэ і працавала – аб гэтым сведчаць дзве гліняныя прасніцы, іголка і шыла.
У трэцім, чацвёртым, пятым і шостым курганах – ніводнага прадмета. Аблом! У сёмым і восьмым – па спіральнай формы пярсцёнку. Чамусьці нам шчасціць на жаночыя захаванні.
Невялікая колькасць знойдзеных прадметаў крыху рэабілітуецца тым, што яны знаходзяцца ў адносна добрым стане.
Пераходзім да вялікіх курганоў. На чацвёрты дзень пачынаем раскопку самага большага з іх. Што ён нам адкрые?
ІІ
Чалавек – істота хцівая. Яму хочацца мець не проста шмат, а як найбольш. І як мага хутчэй. І каб мінімум намаганняў.
У Перу амерыканцы шукаюць золата інкаў, шмат гарачых галоў кіруецца ў пустыню Гобі ў спадзяванні адшукаць скарб Чынгісхана. Выпытваюць у мясцовых людзей паданні і легенды. Шукаюць у пяску, у зямлі, на руінах. Гэта скарбаманія вялікага маштабу.
У нашага роднага тэмпераменту – свая сфера дзейнасці: пясок, гліна і багна. Нашы скарбаманы крыху ніжэйшага гатунку. Газеты шмат пісалі пра аднаго землеўладальніка з Віленшчыны, які таргаваўся з урадам з нагоды скарбу расійскага штаба, які нібы закапаны на яго ўчастку. Практычна ў кожнай мясцовасці ў незлічоных варыянтах жывуць легенды (і людзі, якія спрабуюць іх спраўдзіць) пра скарбы шведаў, Напалеона (нават там, дзе яго нага ніколі не ступала), рускіх і г.д. Скарбашукальнікі капаюць у поце твару свайго ў надзеі аднойчы разбагацець.
На працягу шасці квадратных кіламетраў ля вёскі Лоша, дзе мы раскопвалі курганы, скарбаманія мае багатыя традыцыі. Распачалося гэта каля 30 гадоў таму. Пагалоску пусціў нейкі прайдзісвет, і яна загуляла па наваколлю. Абмяркоўвалі ў вёсцы, абмяркоўвалі ў двары, дайшло і да аддаленых вёсак. Прайдзісвет так доўга і старанна ўгаворваў пана генерала, уладальніка бліжэйшага маёнтка, што той урэшце на свой страх і рызыку дазволіў узарваць падлогу ў драўлянай царкве (цяпер – касцёл) і з дапамогай некалькіх дваровых людзей перакапаць увесь пясок. Капалі доўга – не знайшлі нічога. Прайдзісвет ганебна ўцёк.
Ён уцёк, а мара аб скарбе засталася. “Няма пад царквой, – вырашыў генерал, – павінен быць у ставе”. Як яшчэ памятаюць старэйшыя людзі, прыгналі да става дзіўную “машыну-чарпак” (можа, драгу?), і доўга з яе дапамогай даследавалі дно і берагі спачатку става, а потым і рачулкі. Нічога не знайшлі.
Легенда пра скарб перажыла вайну, не страціўшы сваёй прывабнасці. Аднойчы, калі мы капалі курганы, нас наведаў цяперашні ўладальнік маёнтка. Ён доўга разглядаў напаўраскапаны капец, потым стаяў перад нашымі бронзавымі знаходкамі...
–Я і не спадзяваўся, што ў гэтых курганах нешта ёсць, – сказаў ён.
Памаўчаў і дадаў:
– А ці ведае пан, што ў маім ставе знаходзіцца вялікі скарб? Яго ўжо шукалі не раз, але без станоўчага выніку. Думаю распачаць новы грунтоўны пошук. Спушчу стаў поўнасцю і сістэматычна абшукаю ўсё дно.
Будзе спускаць ваду, якая круціць кола млына, каб знайсці тое, чаго няма!!!
Я кусаў сабе вусны, каб стрымацца і не крыкнуць, што ведаю, як узнікла гэтая байка пра скарб – мне расказаў пра гэта сын яе “аўтара”.
Ля касцёла стаіць хата Лютовічаў. Каля сарака гадоў таму бацька сённяшняга гаспадара гэтай халупы ў марозную ясную ноч выйшаў на двор. Па неадкладнай патрэбе. Падчас натуральнага фізічнага высілку ў вачах яго сцямнела ад напругі, а потым “заіскрыла”. Назаўтра ён пусціў па вёсцы пагалоску, што бачыў над царквой агністую мятлу, якая ляцела ў бок курганоў.
– Пэўна, д’ябал пераносіў скарб, – вырашылі старыя людзі. – Перахаваў яго ў капцах.
Раскапалі вярхі ўсіх курганоў ля касцёла, потым узяліся за далейшыя...
Гэтая байка, народжаная празмерным жаданнем хутчэй апаражніць кішэчнік, прынесла шмат шкоды курганам.
Раскопваючы самы вялікі, мы наткнуліся на 35-сантыметровы слой вугалю і амаль трохметровы слой попелу. Можна (з пэўнай рызыкай) выказаць здагадку, што на гэтым месцы племя, а дакладней, яго святары, на ўзвышэнні зрабілі пастаяннае месца спальвання нябожчыкаў. Значыць, гэтае месца было святым – тут на рытуальным агні душы развітваліся з цялеснай абалонкай.
Ведаем, што мы капалі курганы літоўскага племені, якое ля сённяшняй Лошы жыло ў Х або ХІ стагоддзі. Былі яны, вядома, паганцамі. Сваіх памерлых спальвалі на адным і тым жа пастаянным месцы. Попел і косці пасля ссыпалі ў яму, дадавалі туды асабістыя рэчы нябожчыка і насыпалі капец. Унутры яго на пэўнай аддаленасці ад попелу ставілі гаршчок са стравамі.
Ці верылі ў несмяротнасць душы? Гаршчок з ядой сведчыць, што так.
Рэшткі глінянага посуду цыліндрычнай формы звычайна ставілі ў цэнтры кургана, а ў адным гаршчок быў пастаўлены ў заходняй яго частцы. Нібы той, хто ставіў, ведаў, што душа паляціць на захад.
Другі з вялікіх курганоў выдаў нам бронзавую пражку ад пояса, гліняны калаўрот і рэшткі глінянай прыстаўкі да яго. Трэці, чацвёрты і пяты былі зруйнаваны скарбашукальнікамі. Толькі ў адным з іх знайшлі прасніцу.
Першы ж курган трэцяй групы, які размяшчаўся паміж першым і другім, прынёс нам сапраўдны археалагічны скарб.
Два масіўныя нашыйнікі, сплеценыя з бронзавага дроту, адзін нашыйнік плоскі з геаметрычным арнаментам, некалькі бранзалетаў з патоўшчанымі канцамі, касцяныя пацеркі, а яшчэ шмат знішчаных агнём маленькіх спіралек, якія маглі быць аздабленнем дыядэмы. У гэтай магіле магла быць пахавана як мінімум тагачасная магнатка. Таму што такія ўпрыгожванні каштавалі вельмі шмат, і дазволіць іх сабе мог толькі вельмі багаты чалавек.
Ліцвінка з Х стагоддзя любіла ўбірацца, і мела з чаго выбіраць. Здабытыя з зямлі ўпрыгожванні былі пакрытыя зялёнай патынай. У такім выглядзе яны выстаўляюцца і ў музеях. А новыя – яны адлівалі золатам, бавілі сваёй прыгажосцю вока. Праўда, былі цяжкаватымі, але гэта толькі сведчыла аб мажнасці ўладальніцы.
Не, усё ж нам сапраўды шанцуе выключна на жаночыя магілы.
– Можа, таму, што кіраўнік экспедыцыі – жанчына, – жартуем мы.
Пані доктар Гэлена Цэхак тлумачыць нам сэнс знаходак, расказвае пра сакрэты археалогіі. І яе навука не падае на лес. Прынамсі, студэнтка гістарычнага факультэта пані Ірэна Хансен-Куэларска гарыць жаданнем ведаў і выказвае найбольшую працавітасць. Усе астатнія студэнты – таксама.
У другім кургане – нічога. У трэцім – бранзалетка і кавалак гаршчка.
Нарэшце нам трапілася магіла мужчыны. Знойдзеныя ў ёй шыла і ножык сведчаць, што іх уладальнік не быў ваяром. Няўжо ўжо ў тыя часы існавалі іншыя рамёствы, акрамя ваенных?
Разам з 10-ю беспрацоўнымі за восем дзён мы раскапалі 18 курганоў. Прадметаў знайшлі нямала. Перад вайной нейкі археолаг (мажліва, што Руманаў) раскапаў 4 курганы, знайшоў сякерку і прасніцу і ўцёк незадаволены.
Са зброі мы знайшлі толькі зламаны наканечнік для дзіды. Купілі яго ў пастуха, які, напэўна, некалі капаўся ў курганах.
З Лошы мы паехалі ў Вільню, каб адпачыць на працягу тыдня. А потым нас чакаюць курганы ў Ячунах. Іх яшчэ не кранала лапата археолага.
У Лошы мы пасля сябе пакінулі яшчэ большую, чым была, легенду пра скарбы. Па наваколлі разнесліся чуткі, што мы знайшлі 7 кілаграмаў золата. Былі нават спробы спыніць нас. Можна гарантаваць, што цяпер ніводнаму кургану не ўдасца пазбегнуць хцівай рукі скарбашукальніка.

Уладзімір ГАЛУБОВІЧ.