Якой была пошта шмат гадоў таму...

16:13 / 19.03.2010
Сёння сваімі ўспамінамі з чытачамі “Астравецкай праўды дзеліцца Уладзімір Іванавіч Кацінель – былы начальнік раённага вузла сувязі, які ўзначальваў яго з 1965 года.
Дзяцінства
– Нарадзіўся я ў 1934 годзе ў Астраўцы. Цяпер гэта вуліца Набярэжная, а раней называлі хутар Трацянішкі. Увогуле, на той час Астравец з усіх бакоў акружалі хутары: недалёка ад нас жылі Мацкевічы, Алёксы, Замары. Справа ў тым, што да Польшчы ў нашым пасёлку была царква, а землі навокал – царкоўныя, а потым царкву перарабілі ў касцёл, а землі пачалі раздаваць людзям. Вось тады мой бацька і пераехаў з Бялькішак у Астравец. Астравец быў невялікім паселішчам – усяго адна вуліца. Затое было дзве пякарні, 4 рэстараны і 20 магазінаў, гаспадарылі ў якіх яўрэі. Дамы ў асноўным былі драўляныя і пры вызваленні ў 1944 годзе згарэлі.
Сям’я ў нас была вялікая. Я быў другім, пасля сястры, а потым яшчэ трое нарадзілася. У школу пайшоў у 1941 годзе. Школа тады размяшчалася ў цяперашнім будынку дзіцячага сада №1. Было гэта ўжо пры немцах, вучыў нас Сакалоўскі, але правучыліся толькі паўгода – немцы разагналі.
Вайну помню досыць добра. Дзесьці ў 1943 годзе на Астравец наляцелі партызаны, пастралялі немцаў. Пасля гэтага немцы сталі больш асцярожнымі, строга сачылі за паводзінамі людзей і каменданцкім часам: пасля 6 гадзін вечара святло ў хаце не запальвалі, ды і па вуліцы стараліся не хадзіць.
Падчас вайны ў Астраўцы працаваў клуб, у ім часта паказвалі кіно. Праўда, на паказы немцы пускалі толькі дарослых. Разам са сваёй старэйшай сястрой, схаваўшыся ў яе пад кажухом, некалькі разоў праходзіў і я. Фільмы былі нямецкія, і паказвалі яны ў асноўным свае гераічныя перамогі. Пазней, калі немцы пачалі адступаць, то і кіно нам больш ніхто не паказваў.

Юнацтва
Пасля вызвалення Астраўца заняткі ў школе аднавіліся. Дырэктарам школы была Рэгіна Уладзіславаўна Тамашова, настаўніца гісторыі, пазней яна пераехала ў Мінск і ўзначальвала курсы бухгалтараў. У 1954 годзе я закончыў 10 класаў. А да гэтага падчас летніх канікулаў пасля заканчэння 8 класаў падпрацоўваў на будаўніцтве школы. Вучняў было шмат, вучыліся ў дзве змены, а вечарам у вячэрняй займалася рабочая моладзь. Пасля заканчэння школы быў прызваны на ваенную службу. Тры гады служыў у Харкаве ў танкавых войсках. А потым яшчэ паўгода вучыў маладое папаўненне танкавай справе ў “вучэбцы”.
Пасля вяртання з арміі ўладкаваўся ў Астравецкую школу лабарантам. Да арміі я быў чэмпіёнам Маладзечанскай вобласці па лыжнаму спорту. Не раз наша каманда пад кіраўніцтвам Здзіслава Здзіслававіча Шырынскага займала першыя месцы на лыжных спаборніцтвах. Зімы тады былі – не параўнаць з цяперашнімі, трэніравацца нам было дзе – і вынікі мы паказвалі добрыя. Потым мяне з пасады лабаранта перавялі загадчыкам аддзела фізкультуры. Працаваў там да 1959 года. А потым пасаду скарацілі...

Паштовая сувязь
...А мне тагачасны начальнік канторы сувязі Скробат прапанаваў перайсці да яго. На той час пошта размяшчалася ў новым мураваным будынку па цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай. Гэты будынак да цяперашняга часу многія называюць “старая пошта”. А да вайны на месцы, дзе цяпер знаходзіцца ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, стаяў трохпавярховы драўляны будынак, у якім і размяшчалася кантора сувязі. Праўда, пры адступленні немцы яго таксама падпалілі.
З 1959 года працаваў я нарміроўшчыкам, потым эканамістам. Працягвалася гэта да 1963 года, калі наш раён расфарміравалі і падзялілі паміж Ашмянскім і Смаргонскім. І мне прыйшлося два гады ездзіць у Ашмяны. Рабіць гэта было няцяжка хадзіў аўтобус, куплялі праязныя білеты і ездзілі. Аўтобуснай станцыі не было, але недалёка ад касцёла стаяла будка, дзе размяшчаўся аўтобусны прыпынак, там набывалі білеты.
З аднаўленнем раёна аднавіла сваю работу і паштовая сувязь. Дарэчы, рэкамендуем печать открыток. Пасля сустрэчы Новага 1965 года да мяне дахаты 1 студзеня завітаў мой начальнік Барук з Ашмян і сказаў, што 2 студзеня мне тэрмінова трэба быць у Гродна ў абкаме партыі. Прыехаў і сустрэў шмат знаёмых. Менавіта там я і даведаўся, што будуць аднаўляць Астравецкі, Дзятлаўскі, Мастоўскі і Карэліцкі раёны, а нас прапануюць на пасады начальнікаў сувязі новых раёнаў. Спачатку з намі размаўляў начальнік упраўлення Мігун, высветліў наша партыйнае становішча, а калі даведаўся, што я да гэтага часу камсамолец, загадаў пісаць заяву на прыём у партыю. І толькі таму, што, як потым ён сказаў, я – кандыдат у члены КПСС, мяне зацвердзілі на пасадзе.
Вярнуўся ў Астравец і на наступны дзень прыйшоў у гарсавет, Барук мяне прадставіў першаму сакратару Паспелаву і старшыні Курганаву – і з таго часу пачаў я працаваць начальнікам пошты.
Будынак быў, але ў ім мы размясцілі АТС на 400 нумароў, а мне і бухгалтэрыі прыйшлося пераехаць на прыватную кватэру, якая знаходзілася на вуліцы Карла Маркса. Потым пачалі развіваць сельскую тэлефонную сувязь. Адкрылі новыя аддзяленні паштовай сувязі ў Трокеніках, Завідзінентах, Ізабеліна, Малях і Страчы.
Самым буйным аддзяленнем сувязі на той час было Варнянскае, начальнікам якога быў Рыгор Падгол, а яго памочнікам – Марыя Семановіч. У ім ужо была АТС на 50 нумароў. І акрамя начальніка і яго памочніка, працавала шэсць паштальёнаў, якія займаліся падпіскай і дастаўках газет і часопісаў, пенсій, грашовых пераводаў, тэлеграм і пасылак.
Акрамя гэтага, паштовыя аддзяленні прымалі дзённую выручку магазінаў, якія працавалі на сяле. А пад вечар на машыне шафёр і суправаджаючы забіралі грошы і прывозілі ў Астравец. І ніводнага нападу на такія машыны не было.
На пасаду начальніка аддзялення сувязі стараліся падбіраць людзей з сярэдняй адукацыяй, потым іх накіроўвалі на трохмесячныя курсы ў Мінск або Брэст.
У Астраўцы працавалі перагаворны пункт і тэлеграф, якім людзі актыўна карысталіся.
Праз аддзяленні сувязі праводзілася падпіска на газеты і часопісы. Кожнаму паштальёну даводзіўся план па падпісцы і кожны стараўся яго выканаць – падводзіліся вынікі, вызначаліся лепшыя аддзяленні сувязі, лепшыя паштальёны атрымлівалі прэміі – гэтак жа як і цяпер.
Сур’ёзна была наладжана і дастаўка газет і часопісаў. Спачатку яны дастаўляліся цягніком з Маладзечна. Для гэтага быў выдзелены асобны паштовы вагон, які раніцай прыбываў на станцыю Гудагай і прывозіў карэспандэнцыю, а вечарам забіраў пісьмы, бандэролі і пасылкі. З Гудагая пошту дастаўлялі па ўсім раёне. Потым паштовы вагон адмянілі, і пошту мы пачалі дастаўляць з Ліды. Спецыяльна для гэтага нам выдзелілі некалькі машын. Але клопатаў стала больш – вечарам з Астраўца ехала машына, а раніцай вярталася, гружаная газетамі, часопісамі, пісьмамі і паштоўкамі, і ў той жа дзень дастаўлялася адрасатам у вялікія і малыя вёскі. Для гэтага былі распрацаваны чатыры маршруты: “Астравец – Гервяты – Чэхі”, “Астравец – Быстрыца – Кямелішкі”, “Астравец – Спонды” і “Астравец (па гораду) – Гудагай – Дравянікі”.
Газет і часопісаў людзі выпісвалі шмат – на 38 тысяч жыхароў раёна выпісвалі 58 тысяч экземпляраў. Вельмі часта па выніках падпіскі раён быў у перадавіках. Аднойчы пераходны Чырвоны сцяг, які ўручаўся пераможцам штоквартальна, цэлы год знаходзіўся ў нашым раёне.
За дасягнутыя поспехі ў выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў у дзевятай пяцігодцы ў 1976 годзе я быў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Вялікая ўвага ўдзялялася радыёвяшчанню. Радыёкропкі аднавілі сваю работу адразу пасля вайны. Потым радыёлініі актыўна пачалі праводзіць па ўсяму раёну, найперш – у цэнтры калгасаў. А яшчэ амаль у кожным калгасе ўстанаўлівалі “100-ватнікі” – калгасныя радыёвузлы. Працавалі яны, калі ў гэтым была патрэба, уключаў іх старшыня.
У 1969 годзе распачалі будаўніцтва сучаснага трохпавярховага будынка вузла сувязі. У 1973 годзе яго будаўніцтва было завершана, і ён стаў адным з самых прыгожых будынкаў у Астраўцы.
Працаваў я начальнікам сувязі да 1987 года, потым мяне змяніў Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч. А я яшчэ да 1996 года працаваў намеснікам, потым да 2000 – інжынерам па ахове працы і кладаўшчыком.

Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з архіва У.І. Кацінеля.