Как создавалась газета "Астравецкая праўда"

15:50 / 11.05.2017

IMG_9813.jpgЗаходзячы часам у раённую бібліятэку праз службовы уваход, прыпыняюся на хвілінку ў калідоры, прыслухоўваюся. Ціха… Даўно не дрыжаць сцены ад грукату друкавальных машын, не чуваць строкату пішучых машынак у кабінетах… Напачатку 90-ых з’ехала адсюль рэдакцыя ў вызваленыя кабінеты райкама партыі, а друкарня ўвогуле перастала існаваць. З часам, пасля рамонту, “газетны” дом стаў домам “кніжным” – бібліятэкай.

Прыехала я ў Астравец у ліпені 1988 года на пасаду намесніка рэдактара “Астравецкай праўды”. Яе “выдавецкі дом” знаходзіўся на вуліцы Набярэжнай, па суседству з гарадской лазняй, у тыпавым будынку “рэдакцыя-друкарня” канца 60-ых – пачатку 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. Выцягнуты ў даўжыню, ён выглядаў прыземістым -- але толькі звонку. Унутры ж – высокая столь, велічэзныя вокны, якія, тым не менш, давалі няшмат святла, бо выходзілі на зацененую высокімі ліпамі вуліцу. Форткі размяшчаліся амаль пад столлю і ад першага цяпла да першых прымаразкаў заставаліся адчыненымі, у непагадзь  праз іх у кабінеты нацякала дажджу. Агромністыя рамы не адчынялісяся, вымыць іх было цяжка, уцяпліць на зіму – яшчэ складаней. Батарэі цэнтральнага ацяплення не маглі нагрэць пакоі-гмахі, таму у кабінетах стаяла халадэча. Людзі рабілі газету, накінуўшы на плечы паліто або нацягнуўшы тоўстыя свэтры ручной вязкі. Пэўна, праекціроўшчыкі не разлічвалі, што ў іх будынінах будуць працаваць людзі, да таго ж творчыя, у якіх рабочы дзень не нармаваны, і мінімальны камфорт ім ой як патрэбны… Але ж -- побач лазня, а ў рэдакцыю правесці вадаправод не дадумаліся, значыць, і элементарных зручнасцяў не было. Асабліва гэтая акалічнасць назаляла фотакарэспандэнту Уладзіміру Аляксандравічу Кувалдзіну: для праяўкі адзнятых плёнак і друкавання фатаграфій патрэбна было шмат вады.

Аднак меўся ў гэтага будынка і істотны плюс: рэдакцыя і друкарня знаходзіліся пад адным дахам, нашы творы з машынкі хуценька траплялі ў набор, затым, ужо ў гранках – на вычытку карэктару і на стол адказнаму сакратару -- для стварэння макета газетных палос.

Кабінетаў у рэдакцыі было чатыры. У першым месціліся загадчык і карэспандэнт аддзела сельскай гаспадаркі і супрацоўнік аддзела пісьмаў. Я застала на пасадзе загадчыка сельгасаддзела светлай памяці Васіля Аляксеевіча Бондара – надзвычай пладавіты журналіст, ён пісаў за дваіх. Карэспандэнты ж у аддзеле пісьмаў мяняліся часта. У другім кабінеце сядзелі намеснік рэдактара – Уладзіміра Давыдавіча Трмчыка на гэтай пасадзе змяніла я, адказны сакратар Яўген Мікалаевіч Кулакоў і загадчык аддзела пісьмаў Леанід Іосіфавіч Ламека. Далей быў “офіс” галоўнага рэдактара – Аляксандра Пятровіча Сыча: тут праводзіліся штотыднёвыя планёркі і ляжаў той умоўны “дыван”, на якім шэф часам сяго-таго “прапясочваў”. І, нарэшце, у чацвёртым кабінеце шчыравалі “тэхнічныя работнікі” -- бухгалтар Людміла Казіміраўна Ярмаловіч, карэктар Іван Сафронавіч Странчанка і машыністка Тамара Мікалаеўна Даўляш. Большасць журналістаў друкавалі свае артыкулы самі -- так было хутчэй, а ў машыніскі была вельмі адказная місія: яна прымала па радыё экстраныя навіны Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Кожны працоўны дзень у 11 гадзін у кабінеце ўсталёўвалася абсалютная цішыня. На стале машыністкі ўключаўся транзістарны прыёмнік, дыктар у запаволеным тэмпе чытаў паведамленні БелТА – а машыністка з голасу павінна была іх надрукаваць. Не такая простая справа, таму здараліся і памылкі – як жа без іх? А калі ў краіне праходзіў чарговы партыйны з’езд, пленум ЦК КПСС або іншая важная палітычная падзея, перадачы БелТА выходзілі некалькі разоў на дзень, часам – глыбокім вечарам. І тады затрымліваліся дапазна не толькі машыністка, але і рэдактар, і адказны сакратар, і дзяжурны журналіст, і карэктар. Нумар, бывала, падпісваўся рэдактарам у 10-11 гадзін вечара. Гэтага моманту чакалі наборшчыцы, вярстальшчыкі, друкары – што б там ні было, але раніцай свежы выпуск “раёнкі” павінен быў трапіць на пошту, а потым – падпісчыкам. Напружанне адчувалася надзвычайнае. За дапушчаныя памылкі даставалася найперш рэдактару, а ад яго – усім вінаватым.

Ад тых часоў у мяне захавалася невялічкая рэліквія – радкамер. Цяперашнія маладыя калегі наўрад ці здагадаюцца аб яго прызначэнні і прымяненні. А яшчэ калі перад імі пакласці адмыслова разлінаваны аркуш паперы фармату А2… З дапамогай гэтай металічнай лінейкі, рыскі на якой адзначалі не толькі сантыметры, але і колькасць радкоў у шрыфтах: петыце, боргесе, нонпарэлі. З яго дапамогай  вызначаўся памер кожнага матэрыяла і затым вычэрчваўся макет будучай газетнай паласы. Ад яго дакладнасці залежала, наколькі  лёгка пойдзе работа ў метранпажа –сёння, напэўна, толькі ветэраны журналістыкі ды заўзятыя красвардысты ведаюць, што так называлася прафесія вярстальшчыка газеты. У адпаведнасці з вывераным да радка макетам ён складаў газетную старонку з радкоў тэксту, фотаздымкаў, лінеек, прабельнага матэрыялу.

…Я любіла заходзіць у друкарню. Мне падабалася глядзець, як шчыруюць за лінатыпамі ас машыннага набору Людміла Іванаўна Сцяфанчык і яе маладая калега Антаніна Кунцэвіч. Бразгаталі адлітыя металічныя пласцінкті-радкі, што збягалі па вузенькіх ячэйках. Іх, яшчэ гарачыя, падхоплівала лінатыпістка і састаўляла ў калонку -- у дзяўчат часта заставаліся апёкі на пальцах. Лінатып мусіў працаваць бесперабойна, інакш метал застываў і трэба было нанова яго разаграваць. Так што ад “пісакаў” патрабавалася здаваць матэрыялы ў нумар без прамаруджывання – і ніякія там “не пішацца”, “няма натхнення” у разлік не браліся.

У метранпажа на варштаце стаялі замацаваныя рамкі палос, у якія заключаліся калонкі набору. Мне падабалася назіраць за работай брыгадзіра астравецкай брыгады Ашмянскай аб’яднанай друкарні Марыі Антонаўны Кувалдзінай падчас вёрскі газеты. Яна старалася зрабіць немагчымае,“уціснуць” кожны матэрыял, каб журналістам не трэба было скарачаць свае артыкулы, “рэзаць па жывому”.  Паверце: крэсліць сэрцам выпакутаваныя радкі вельмі цяжка. Калі ж Марыя Антонаўна ішла ў водпуск, да вярстальнага станка станавілася Ірына Паўлаўна Герасім. А ў вольны ад газеты час яны набіралі, вярсталі разнастайную бланачную прадукцыю.

Завяршалі газетны працэс друкары Паліна Мікалаеўна Странчанка і Таццяна Нэй. З Таняй мы былі аднагодкі, таму яе імя па бацьку я нават не ведаю.

І вось рэдактар або намеснік, з імі -- дзяжурны па нумары журналіст трымаюць у руках першы экземпляр чарговага нумару газеты. У дзясяты мо раз прабягаюць поглядам загалоўкі, рубрыкі, стараючыся вычапіць магчымую “блэнду”, якая, як той лазутчык, імкнецца, схаваўшыся, праціснуцца ў газету.… урэшце рэдактар ставіць размашысты подпіс – “У друк!”. У добры шлях, газета! Водар друкарскай фарбы ад старонак – гэта не прыгожы журналісцкі штамп -- гэта пах канчатковага выніку працы многіх людзей. І ён не забываецца…

IMG_9812.jpg

Мой журналісцкі вопыт назапашваўся ў раённых газетах. Ніколькі не шкадую, што не ўзнялася па кар’ернай лесвіцы да абласныз, рэспубліканскіх выданняў… Раёнка – гэта школа, у якой журналісту не шкодзіць правучыцца ўсё жыццё, каб спасцігнуць і запомніць галоўнае: ты адказны за кожнае сваё слова, за кожны радок і артыкул. І за кожны чужы лёс, які нечакана пераплёўся з тваім.

Дзякуй табе, “раёнка”! Дзякуй, “Астравецкая праўда”.

Таіса СЯМЁНАВА

 

Текст: Главный администратор