Островецкие люди с зимними фамилиями

10:41 / 03.01.2017
568

8857Як сцвярджае тэлефонны даведнік, у Астравецкім раёне нямала людзей з «зімовымі» прозвішчамі». Жывуць у нас Зіма, Зімніцкі і Зімін, ёсць Мароз, Марозаў, Марозік і Маразеня, сустракаюцца Каляда і Календа, а таксама Раждзествін, Халадзіла і нават Снегур.


З уладальнікамі такіх «зімавікоў» мы сустрэліся і пацікавіліся, як жывецца ім з «халоднымі» прозвішчамі?


 Пяць пытанняў аб галоўным:

 Ці ведаеце вы, адкуль паходзіць ваша прозвішча?




  1. Як вам жывецца з такім «халодным» прозвішчам?

  2. Ці здараліся ў жыцці цікавыя сітуацыі і выпадкі?

  3. Якая ваша любімая пара года – часам, не зіма?

  4. Чаго чакаеце ад гэтай зімы і надыходзячых святаў?


%d0%bc%d0%be%d1%80%d0%be%d0%b7%d0%b8%d0%baЖанна Волк-Леановіч (у дзявоцтве – Марозік), урач лячэбнай фізкультуры:


1. Тата заўсёды гаварыў: «Мы – Марозікі, таму і морозу не баімся». Ён ніколі не хадзіў у рукавіцах і не завязваў шалік нават у вялікія маразы. Мая сястра Ганна таксама ўсю зіму ходзіць у танюсенькіх пальчатках.

Тата паходзіў з вёскі Ваейкаўцы, што ў Шчучынскім раёне. Марозікаў там было шмат. З дзяцінства помніцца, што ў дзедавай хаце заўсёды было халаднавата – прынамсі, нам, дзецям.


Нашы Марозікі былі адукаванымі людзьмі. Дзед нейкі час жыў у Амерыцы і цудоўна размаўляў па-англійску, добра пісаў, умеў выкласці свае думкі на паперы. Тата таксама добра ведаў англійскую мову, а ў паўсядзенным жыцці размаўляў выключна па-беларуску.


2. Мне здаецца, што хочам мы таго ці не, але прозвішча адкладвае пэўны адбітак на характар і на лад жыцця. Тата амаль не хварэў, а калі і прастываў, то лячыўся выключна народнымі сродкамі. Ён абліваўся халоднай вадой. І я таксама не баюся халоднай вады – пасля лазні магу абліцца ці акунуцца ў рацэ. Гэта цудоўная трэніроўка для сасудаў і толькі спрыяе здароўю.

3. Калі пачынаецца зіма, часта даводзіцца чуць сваё дзявочае прозвішча – людзі абмяркоўваюць надвор'е і слова «марозік» можна пачуць часта. Міжволі, хаця ўжо колькі гадоў нашу другое прозвішча, пачынаю шукаць вачыма таго, хто мяне «кліча».

Цікавы выпадак здарыўся са мной на курсах. Падчас заняткаў знаёмілася з суседкай па парце: «Я – Жанна Марозік». «А я – Ганна Мяцеліца». Смяяліся потым доўга.


А аднойчы да мяне на фізкультуру прыйшоў Адам Марозік: так звалі майго тату. Так я даведалася, што ёсць у раёне і іншыя Марозікі.


Мне падабаецца маё дзявочае прозвішча: з памяншальна-ласкавым суфіксам яно вельмі ласкавае і цёплае – Марозік.


4. Усе поры года я люблю аднолькава – у кожнай свая прыгажосць і адметнасць. Аднак больш па душы мне вясна.

5. Хацелася б, каб сёлета вярнулася зіма майго дзяцінства – з вялікімі гурбамі снегу і марозікам, які скаваў бы рэкі і азёры. Каб можна было пакатацца на лыжах ці каньках. А святы, спадзяюся, падораць добры настрой і радасць.

%d1%85%d0%be%d0%bb%d0%be%d0%b4%d0%b8%d0%bb%d0%b0Вера Раманаўна Халадзіла, пенсіянерка:


1. Прозвішча Халадзіла стала маім 6 студзеня 1948 года, калі я выйшла замуж за Івана Сямёнавіча Халадзілу. Муж нарадзіўся ў Ленінградзе, але потым яго сям'я ў пошуках лепшага жыцця перабралася ў Беларусь і асела ў Мядзельскім раёне. На той час я працавала ў райкаме камсамола, а Іван быў намеснікам старшыні райвыканкама. Спачатку нас аб'ядналі службовыя справы, а потым – і пачуцці.

2. Прозвішча наша рэдкае. Мне ні разу не даводзілася сустракаць ці хаця б чуць пра аднафамільцаў.

Івана жыццё не песціла: ён прайшоў усю вайну, вярнуўся, працаваў у райвыканкаме, быў старшынёй калгаса. Але мы ніколі не скардзіліся. Радуюць дзеці – у нас дзве дачкі, выраслі ўнукі, падрастаюць праўнукі.


Можа, і хацелася б, каб прозвішча было летнім, квітнеючым. Але якое ад мужа дасталася, такое ўсё жыццё і «пранасіла». На той час не было моды выбіраць прозвішча, ды і чалавекам мой муж быў аўтарытэтным, пры пасадзе, таму і стала я Халадзілай.


3. Усё жыццё я ішла за мужам. Пажаніліся – яго адправілі вучыцца ў Вышэйшую партыйную школу ў інск, а я паехала следам. Даверылі ўзначаліць калгас – і я за ім. Спачатку жылі на здымнай кватэры, потым калгас пабудаваў дом, сталі абжывацца. Першае, што зрабіла – засадзіла ўсё вакол кветкамі. Па характары я зусім не зімняя, не халодная – у мяне ў душы пастаянна жыве лета.


4. Больш за ўсё люблю вясну: калі ўсё ажывае, зацвітае, здаецца, і сам абуджаешся. Пачынаюцца прыемныя клопаты: трэба агарод пасадзіць, кветнік дагледзець. Гэта цяпер ужо цяжка ўсім гэтым займацца, але памочнікі ёсць – дачка, унучка і праўнукі.


А калі па праўдзе, то ў кожнай пары года ёсць свая прыгажосць.


5. Зіму я таксама люблю. Праўда, цяпер зімы іншыя. Гэта раней намяце снегу роўна з плотам – і з хаты не выйдзеш. Хоць і расчышчаць трэба – а ўсё роўна ўсе радаваліся. Таму і сёлетнюю зіму хацелася б з марозчыкам і снегам – тады і настрой зусім іншым будзе. І святаў я таксама чакаю – нават у маім узросце хочацца верыць у цуды. На святы прыедзе дачка з сям'ёй, мы накрыем стол – будзе весела і радасна.


А там, глядзіш, і вясна не за гарамі.


%d0%ba%d0%be%d0%bb%d0%b5%d0%b4%d0%b0Вольга Каляда, вядучы бухгалтар Прадстаўніцтва АТ ІК АСЭ ў РБ:


1. Першапачаткова наша прозвішча гучала Календа. Але потым дзядуля, Іосіф Браніслававіч, згубіў дакументы. Калі ў 50-я гады рабіліся новыя, прозвішча запісвалі на слых – у выніку адна літара згубілася. У новых дакументах дзядулева прозвішча стала Каляда. Так і атрымалася, што ў дзядулевых бацькоў, двух братоў, сястры і іх родзічаў засталося прозвішча Календа, а па лініі майго дзядулі нашчадкі сталі Калядамі.


2. Гэта толькі ў нашай мясцовасці маё прозвішча асацыіруецца з самым светлым зімовым святам – Калядамі, ці Божым Нараджэннем. А ў Мінску, напрыклад, на яго ніхто не звярнуў бы ніякай увагі. А жывём мы, як і ўсе: вучымся, працуем, святкуем…


3. Напэўна, самае цікавае, што было ў жыцці нашай сям'і, гэта тая сітуацыя са стратай дакументаў, якая змяніла наша прозвішча.


Мы стараемся захоўваць сямейныя традыцыі. Адно з самых любімых і сямейных святаў – канешне, Каляды. І прычына не ў прозвішчы – так заведзена з даўніх часоў. Паблісквае агеньчыкамі навагодняя ёлачка, мы накрываем стол, дзелімся аплаткай і абавязкова абменьваемся падарункамі – цёпла і па-сямейнаму ўтульна і радасна.


4. Я люблю лета, калі ўсё навокал буяе прыгажосцю, калі на дварэ цёпла, можна ўзяць адпачынак і паехаць на мора. А там – сонца, пляж, цёплы пясочак...


Хаця зіму я таксама люблю – толькі не марозную. Калі ідзе снег, то мне хочацца, каб ён быў пульхным, мяккім, прыгожым – такім, каб сняжынкі можна было злавіць і разгледзець іх мудрагелістыя прыродныя ўзоры.


5. Надыходзіць час, калі кожны чакае чагосьці добрага, незвычайнага, цікавага… І я таксама чакаю чароўнай казкі на Новы год, сюрпрызаў і ажыццяўлення мар і надзей.


%d0%b7%d0%b8%d0%bc%d0%bd%d0%b8%d1%86%d0%ba%d0%b0%d1%8fНаталля Зімніцкая, ваеннаслужачая:


1. Калісьці ў мяне была ідэя даведацца пра паходжанне свайго прозвішча, толькі нічога навукова-абгрунтаванага на той момант адшукаць не атрымалася. У нашай сям’і лічаць, што прозвішча ўтварылася ад слоў “зіма” ці “зімні”.


Зімніцкай я стала ў 1999 годзе, калі выйшла замуж за Сяргея Зімніцкага. Тады была думка ўзяць двайное прозвішча: захаваць бацькоўскае Мілаш і дадаць мужава – Зімніцкая. Толькі потым усё ж вырашыла пакінуць прозвішча мужа.


2. Добра жывецца. Наша сям’я актыўная: нам падабаецца ездзіць на пікнікі, на рыбалку – гэта сямейнае хобі. Дарэчы, на рыбалку сталі ездзіць, калі дачка ляжала яшчэ ў калясцы. Праўда, цяпер Марыя не зусім падзяляе наша захапленне.


3. Я нарадзілася летам – і люблю гэтую пару года. Таму камфортная тэмпература для мяне +30. Дома, калі Марыя ходзіць у майцы і шортах, я магу захутацца ў байку. Ды і Сяргей таксама мярзляк. Таму знаёмыя і родныя часта пасміхаюцца з нас: “Вы ж Зімніцкія!”


4. Я люблю лета. Хаця у дзяцінстве мне падабалася катацца на санках з горкі, ляпіць снегавікоў – часам прыходзіла дамоў такая, што шубу венікам чысціць даводзілася.


Мне больш да душы мяккая зіма. Так атрымліваецца, што часта даводзіцца быць за рулём, таму не люблю снегапады і галалёд.


А яшчэ зімой я ўпадаю ў спячку (Смяецца. – Аўт.). Праўда, сплю не заўсёды – работа па зменах уносіць карэктывы ў лад жыцця.


5. Спадзяюся, што наступны год будзе спакойным, стабільным і не прынясе ніякіх сюрпрызаў. Першага студзеня мне на працу, муж у рэйсе – ён працуе вадзіцелем. Таму Новы год сустрэну з дачкой і мамай.


_________________


Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ,


фота аўтара, з архіва рэспандэнтаў і з сайта stihi.ru.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений

Яндекс.Метрика