На карте Островетчины: Кисели

15:31 / 06.11.2016
3
img_4076-%d0%ba%d0%b8%d1%81%d0%b5%d0%bb%d0%b8-%d0%bf%d0%b5%d1%80%d0%b2%d0%b0%d1%8fМяне заўсёды здзіўляла Спондаўшчына – унікальны куточак зямлі Астравецкай. Колькі слынных і таленавітых дзяцей яна ўзгадавала на сваіх бязмежных прасторах! У Баранях нарадзіўся святар, паэт, чалавек незвычайнай душы Казімір Сваяк і яго не менш таленавіты, музычна адораны брат Альбін. Лакцяны ўзгадавалі другога святара-адраджэнца, які таксама тварыў на літаратурнай ніве, – Янку Быліну. Хутар Глушыца даў гэтаму свету цудоўнага разьбяра па дрэве Міхаіла Валуевіча… І пералік людзей, лёс якіх звязаны са Спондаўчынай, можна працягваць бясконца: сярод іх – знакамітыя фізікі, садаводы, літаратары, грамадскія дзеячы.

 Як паказвае моў уласны досвед: сучаснікі – ураджэнцы тых краёў, не менш адметныя і таленавітыя, чым іх папярэднікі.

Рыхтуючы чарговы выпуск “На карце Астравеччыны”, мы ніяк не маглі абмінуць Спондаўскі край, у прыватнасці вёску з вельмі смачнай назвай – КІСЯЛІ, якая знаходзіцца ў маляўнічым і ўнікальным месцы нашага раёна, дзе сходзяцца тры вобласці Беларусі і Літвы. Астравецкія Кісялі мяжуюць з Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці і літоўскім Швянчонісам.

 img_4075-%d0%ba%d0%b8%d1%81%d0%b5%d0%bb%d0%b8Адкуль ёсць пайшла?


Існуе тры версіі паходжання назвы вёскі Кісялі.

– Даўней казалі, што Кацярына Вялікая падарыла свайму гвардзейскаму повару Кісялеўскаму за стараннасць і руплівасць землі, якія прасціраліся ад Гудалёў да Клюшчан. Першапачаткова і пасяленне мела назву Кісялёва, і толькі з цягам часу трансфармавалася ў Кісялі,расказвае мясцовая краязнаўца Іаланта Францаўна Валуевіч. – Таксама існуе легенда, што вёску назвалі Кісялямі, бо тут у асноўным, за выключэннем заможных гаспадароў, сяляне мелі вельмі бедныя і малаўрадлівыя землі. Ураджаю збожжа і бульбы хапала ненадоўга – астатні час яны перабіваліся кісялём з аўсянага вотруб’я і журавінаў, які кісялёўскія гаспадыні гатавалі на славу!

А мясцовыя жыхары кажуць, што сваю назву вёска магла атрымаць не толькі ад традыцыйна беларускай стравы – кісялю, але і ад прозвішчаў жыхароў. Даўней ледзьве не ў кожнай хаце жылі Кісялі!

Кісялёўскія жанчыны на ўборцы ільну, прыблізна 1958 год: (1 рад: Вера Масленік, Лёня Лось, Гражына Аўлас, Гелена Кісель; 2 рад: Эмілія Кісель, Вера Кісель, Яніна Кісель, Паўліна Шапель, Сабіна Трыбоцкая; 3 рад: Ядвіга Кісель, Марыя Трыбоцкая, Ганарата Трыбоцкая, Францішка Станкевіч, Моніка Шымковіч, Гэлена Ярош, Вольга Рачко) Кісялёўскія жанчыны на ўборцы ільну, прыблізна 1958 год: (1 рад: Вера Масленік, Лёня Лось, Гражына Аўлас, Гелена Кісель; 2 рад: Эмілія Кісель, Вера Кісель, Яніна Кісель, Паўліна Шапель, Сабіна Трыбоцкая; 3 рад: Ядвіга Кісель, Марыя Трыбоцкая, Ганарата Трыбоцкая, Францішка Станкевіч, Моніка Шымковіч, Гэлена Ярош, Вольга Рачко)

З гісторыі


Як сцвярджаюць некаторыя пісьмовыя крыніцы, вёска Кісялі, як Масцяны і Лакцяны, некалі належала да маёнтка Лынтупы  – аднаго са старажытнейшых паселішчаў Віленскага края, якое ўзгадваецца ў дакументах з канца ХVІ стагоддзя.

У  1591 годзе, калі маёнтак Лынтупы выкупіла ўдава троцкага ваяводы Яна Глябовіча Кацярына Кратошынская, быў складзены яго  інвентар. Згодна з ім, у гэты час у Кісялях было 20 валок зямлі, з якіх 7 валок належалі аселым: Томцы Счымбір, Іванавай Счымбіравай, Лаўрыну Мацяшовічу, цівуну Станіславу Мацяшовічу, Войцеху Кісялю, Станіславу Бартламеевічу. Кожны меў па 1 валоцы зямлі.

У мясцовай жыхаркі Зофіі Бярнардаўны Шапель ёсць копія метрыкі Клюшчанскага касцёла з 1909 па 1913 гады. Роўныя, старанна выведзеныя каліграфічным почыркам радкі сведчаць, што на той час у Кісялях жыло трыццаць сямей, а ўсяго больш за сто чалавек. У кнізе “Памяць” згадваецца, што ў 1959 годзе ў вёсцы было 74 жыхары. А на студзень 2016 года, па звестках Міхалішкаўскага сельсавета, у Кісялях 7 двароў і 13 чалавек.

Сям’я Шапель, 1916 год: першы рад злева направа: Моніка, Бярнард, Марыяна, Нікадзім, Уладзіслаў; у другім радзе – Марыя, Вітольд Кісель і Фрацішак Сям’я Шапель, 1916 год: першы рад злева направа: Моніка, Бярнард, Марыяна, Нікадзім, Уладзіслаў; у другім радзе – Марыя, Вітольд Кісель і Фрацішак


Сям’я Кісель (злева направа): Іосіф Трыбоцкі, Іван, яго сыны – Іван, Казімір, Уладзімір (“Чорны”) і іх маці Эмілія Сям’я Кісель (злева направа): Іосіф Трыбоцкі, Іван, яго сыны – Іван, Казімір, Уладзімір (“Чорны”) і іх маці Эмілія

Сыны і дочкі вёскі Кісялі


Генуэфа Антонаўна Семашкевіч

– Жыццё склалася так, што гадавалі мяне дзядуля і бабуля ў Кісялях, – пра гэта ўспамінае ў вершы “Сяброўцы дзяцінства Юзэфе” Генуэфа Семашкевіч. – Да сям’і прыбягала кожную вольную хвілінку, бо сваіх маму і тату любіла без памяці, як і сваіх малодшых брацікаў.

Яна рана выйшла замуж і пераехала ў Літву, як і многія прадстаўнікі яе пакалення працавала, жыла па людскім і божым законах.

– Многія вершы напісаны тады, калі Генуэфа Антонаўна наведвала родныя мясціны, – расказвае Іаланта Францаўна Валуевіч. – Яна любіць людзей. Пражыўшы большую частку жыцця ў Літве, Генуэфа Антонаўна не забыла матчыну мову, памятае род, мае кроўную повязь з роднай зямлёй.

Лірычныя вершы Генуэфы Семашкевіч пранізаны невымоўнай любоўю да свайго краю. У іх пацеркамі ўплецены дзіцячыя ўспаміны і сталая ўдзячнасць землякам.

…Дарогі, сцежачкі і сцежкі,


Я рада зноўку вандраваць


Па маёй роднай Бацькаўшчыне,


Дзе ля дарог крыжы стаяць,


Прыбраныя рукой жаночай


Чырвонай ружай, сінім васілёчкам.


Далёкая мая старонка!


Люблю радзімы мой куток


І рэчкі ціхую гамонку,


Струны празрысты паясок.


І лесу сіняга падкову,


Што абдымае наваколле.


Дзе ля дарогі крыж дубовы,


Люблю я вёсачку Дамброву.


Там адзінокая хаціна –


Былога шчасця ўспаміны?


Масцяні – ў школу-сямігодку


Хадзілі разам мы з сяброўкай.


З Ласёвай студні ў Кісялях


Люблю вады крынічнай смак.


Няма нікога і нічога:


Ні таго саду маладога,


І гаспадар і гаспадыня


Даўно на могілках спачылі.


Ніхто ўжо не чакае ў госці


Тут, як чакалі ў маладосці...




стол з сапраўдных млынавых жорнаў Стол з сапраўдных млынавых жорнаў


ЗОСЯ: Зофія Бярнардаўна Шапель

Менавіта з гэтай жанчыны, а калі больш дакладна, з яе сядзібы пачалося маё знаёмства з Кісялямі. Уладанні Зофіі Бярнардаўны, здаецца, сышлі са старонак казачнай кнігі. Чаго толькі няма на падворку дбайнай гаспадыні: тут і адмысловы стол з сапраўдных млынавых жорнаў, і шматгалосае птаства, і  вялікі сад, у ценю якога прыхаваліся ад чужога цікаўнага вока вуллі… Калаўрот, збанкі, каменьчыкі знайшлі сваё месца на прысядзібным участку жанчыны.

Не менш цікавай аказалася і сама гаспадыня. Праз сваю сціпласць – “Не трэба пра мяне пісаць, лепш пра людзей нашых кісялёўскіх раскажыце! – Зофія Бярнардаўна змаўчала пра большасць сваіх захапленняў. А іх у жанчыны шмат. Адкрыць у ёй тонкага лірыка і ўважлівага назіральніка мне дапамаглі, як ні дзіўна, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

На сваёй старонцы ў  “Аднакласніках” Зофія Бярнардаўна размяшчае фотаздымкі кісялёўскіх краявідаў: на адным неахвотна прачынаецца зямля і вітаецца з раніцай малочным густым туманам; на другім буйныя гронкі рабіны апрануліся ў мяккія снежныя капялюшыкі; на трэцім – круглабокая вясёлка знітоўвае зялёны лес з шэрым, налітым свінцом, небам… І на кожным здымку, нягледзячы на тое, што ён зроблены на звычайную “мыльніцу”, а не на прафесійную фотакамеру, чытаецца замілаванне, любоў і пяшчота аўтара.

Дзякуючы ўсюдыіснаму інтэрнэту станоўчыя водгукі на работы Зофіі Бярнардаўны ў выглядзе “аднакласнікаўскіх класаў” і захопленых каментарыяў прылятаюць з усяго свету: Германіі, Ізраіля, Літвы, Украіны. Для людзей, якіх лёс змусіў пакінуць родны край, гэтыя фотаздымкі – як глыток свежага паветра, як судакрананне з даўно забытай сцежкай дзяцінства, такая чаканая, хоць і віртуальная сустрэча з маленькай радзімай.

  А колькі рарытэтных рэчаў сабрала Зося, у адным з электронных лістоў расказала мне Іаланта Францаўна. У яе ёсць некалькі экспанатаў, якімі жанчына моцна даражыць, розныя па выкарыстанні прасы. Напрыклад, маленькі латунны прасік без вугалёў награваўся супраць полымя для прасавання каўнерыкаў, манжэтаў, карункаў. Сваё месца ў хаце занялі і розныя насценныя гадзіннікі, настольныя і падвясныя газавыя   лямпы, ліхтары, мялкі, пралкі. А галоўнае, Зося – чалавек, які ніколі не пакіне ў бядзе. Больш таго, яна не толькі паспачувае ад душы, але і кінецца дапамагаць, шукаць паратунак. Яна гасцінная гаспадыня і ўрэшце – чалавек, з якім заўсёды хочацца дзяліцца радасцю ці поспехам: шчыра, без зайздрасці парадуецца за цябе. Яна моцна любіць зямлю дзе нарадзілася і вырасла –, родныя Кісялі.

У тым, што жанчына моцна любіць Кісялі я ўпэўнілася і сама ў размове з Зофіяй Бярнардаўнай. Слухаючы яе ўспаміны на ўтульнай кухні, злавіла сябе на думцы, што такіх, як яна, людзей  апантаных гісторыяй роднай старонкі, улюбёных у сваю вёску і яе краявіды, з кожным годам становіцца ўсё менш. Толькі дзякуючы ім гісторыя мястэчак, вёсак – а значыць і цэлых сямей – жывая. 

Зофія Бярнардаўна Шапель Зофія Бярнардаўна Шапель


Па ўспамінах старажылаў, раней у Кісялях і школа была свая, і карчма, на якую – вядома ж, туды мужыкі цягнуліся, займеўшы капейчыну,  – сыпаліся праклёны мясцовых кабет. А якія кісялёўцы майстры! Даўней і бочкі, і валёнкі, і сякеры – усё самі рабілі. Мой тата – я з ім чамусьці больш часу праводзіла, чым з мамай – скуры вырабляў. Спачатку вымочваў ў растворы з зёлак, крэйды, дубовай кары, а пасля нацягваў на чатыры палкі. І толькі потым ён пачынаў працаваць спецыяльным ножыкам. Увогуле Кісялі, як і большасць вёсак напачатку ХХ стагоддзя, была вёскай майстроў, – успамінае Зофія Бярнардаўна. –  Брыгада ў складзе Вітольда Кісяля, Рамана Валуевіча, Эдуарда Трыбоцкага, Браніслава Трыбоцкага ставіла хаты; Аляксандр Кісель вапнярню меў; Франц Трыбоцкі цагляны завод трымаў. А Славаміра Аўласа ўвогуле можна лічыць вынаходнікам. Ён сам сканструяваў снегаход: спераду да “снежнай машыны” былі прымацаваны лыжы, а ззаду – “гусеніца”, і кабіна нават была. А яшчэ Славамір здымаў на фотакамеру жыхароў Кісялёў. Стэфан Масленік, калі хадзіў мо ў 8 клас Лынтупскай школы, сам сабраў радыё.

– Раней жа вялікія  сем’і былі. Малання Кісель нарадзіла і выхавала 10 дзяцей, Марыяна Шапель – сямёра, Алена Шымковіч – васьмёра дзетак... А я ў бацькоў адна. Мама Мальвіна Андрэеўна была вядомай на ўсё наваколле швачкай, нават вучаніц мела. Памятаю з дзяцінства смак страў, якія яна гатавала. Але я была таткавай дачушка. Мой дзядуля, яго бацька, Нікадзім Антонавіч ў канцы ХІХ стагоддзя выехаў на заробкі ў горад Гатчын – там на заводзе сустрэў каханне, сваю будучую жонку Марыяну з незвычайным прозвішчам Нябеская. Што, калі не Боскае прадбачанне,  звяло кісялёўскага юнака і свірскую дзяўчыну ў далёкім рускім горадзе? Неўзабаве яны вярнуліся на радзіму і нарадзілі пяцёра дзяцей, -- з цеплынёй у голасе гаворыць Зофія Бярнардаўна.

– І я  крыху паездзіла па свеце, – працягвае жанчына. – Але асела ў Кісялях. З раніцы да вечара кручуся: і касіць умею, і араць. Для мяне што жаночая, што мужчынская работа –без розніцы. У маладосці на “Яве” нараўне з хлопцамі ганяла. І цяпер з задавальненнем асядлала б гэтага “жалезнага каня”. А вось за спакоем іду да пчол. Мая бабуля Зофія займалася пчалярствам. А зацікавіў мяне гэтым Валодзя Чорны (“Чорны” – мянушка, а прозвішча, вядома ж, Кісель. – заўв.аўт.). Пра яго незвычайны музей нават пісала “Астравецкая праўда”. Шкада, што пасля смерці майго сябра ад гэтай багатай скарбніцы нічога не засталося…

– Гісторыя – яна ж у рэчах, фотаздымках, успамінах старажылаў захоўваецца, – пераканана Зофія. – У мінулым годзе я зрабіла копію метрыкі Клюшчанскага касцёла, у якой можна адшукаць прозвішчы і імёны жыхароў нашых Кісялёў. А Кацярына Трыбоцкая склала план, на якім пазначаны ўсе хаты з датай пабудовы… Па нітачцы збіраю звесткі пра родную вёску і яе жыхароў, каб памяць пра Кісялі жыла. Я ўдзячна лёсу, што ён з усіх дарог – віленскіх, міхалішскіх, астравецкіх – вярнуў мяне на родную кісялёўскую сцежку.

АНУСЯ: Ганна Францаўна Валуевіч

На парозе свайго дома з ярка-сінім ваканіцамі мяне сустракае сухенькая жанчына з добрымі вачамі, да якой бесперастанку туліцца юрлівы шчанюк. Пакручанымі ад цяжкай працы рукамі гаспадыня пяшчотна гладзіць свайго гадаванца і ўспамінае былое жыццё:

Ганна Францаўна Валуевіч са сваім гадаванцам Ганна Францаўна Валуевіч са сваім гадаванцам


– Увесь мой век прайшоў у Кісялях: тут нарадзілася, гадавалася, шчаслівай была… І слёз нямала праліла. Гадок мела, як тата памёр. Мама казала, што меў парушэнне страўніка – зараз і я пакутую на гэткую хваробу. За што было хаваць беднай жанчыне мужыка – ніхто не пытаўся. Ні капейчыны ў хаце! Мама пазычыла грошы ў клюшчанскіх жыдоў, каб справіць хаўтуры, – а пасля спіны не разгінала, каб аддаць тыя няшчасныя рублі. Гэта зараз камбайнамі хлеб збіраюць, а мы ўсё ўручную рабілі: сярпамі жалі жыта, рукамі лён рвалі... Кожная сям’я абрабляла зямлю. Трымалі коней і кароў. Мы бедна жылі. Пасля вайны абуцца і адзецца цяжка было. Я няграматная, і мужык мой таксама быў непісьменны  – за працай не было часу вучыцца. Але на танцы ў вёсцы збіраліся. Як цяпер памятаю, у Пятрашышках чалавек на гармоніку граў і спяваў: “Дзе ні аглянуся – усюды Ануся!”. Гэтая песня лёс мой прадказала. Франц быў з беднай трашчанскай сям’і. Увосень вярнуўся з арміі, а на вясну мы ўжо вяселле справілі. Шлюб бралі ў Казаноўцы, бо ў Клюшчанах касцёл быў зачынены –  толькі сцены стаялі; ксяндзы ва ўсёй акрузе ці знішчаныя, ці разагнаныя. Вяселле слабае было: мяса варанае, капуста квашаная, бульба, квашаніна… Ніхто рулетаў не вырабляў, стравы былі простыя. Што нам дарылі? Хто што мог. Гэта цяпер маладым грошы даюць, у нас такой моды не было, – узгадвае Ганна Францаўна. – Раней лічылася, што Кісялі пачынаюцца з цаглянага завода. Дырэктарам там быў чалавек са Свіры. Прозвішча ўжо і не ўспомню – але добры быў чалавек. Працавалі на цагельні цяжка: сырую цэглу ўручную вазілі на тачках да вялікіх пячэй, дзе яна абпальвалася. І не адзін раз трэба было зрабіць такую дарогу, пры тым што адна цагліна важыла пяць кілаграмаў. А пасля яшчэ і дахаты падляцець: бычкоў перавязаць, карову падаіць, парасят пакарміць…

 Валуевічы Валуевічы


– Мы разам з мужам амаль паўстагоддзя пражылі. Пахавала яго – ужо чатырнаццаць гадоў адна жыву. Добра, што сын і сынова пад бокам. Шкада толькі, што вёска змірае: мала людзей засталося – толькі хаты пустыя стаяць. А некалі і ад іх следу не застанецца, голас жанчыны напаўняецца жалем. – Якая наша вёска раней была ладная! А людзей колькі жыло! Каваль Нікадзім Казёл плугі рабіў, у вучнях у яго хадзіў Іван Шапель. Хамуты шыў Раман Трыбоцкі, а Іосіф Трыбоцкі печкі ставіў. А якія бочкі і дзежкі выходзілі ў Адама Трыбоцкага! У вёсцы збіраліся дзяўчаты кудзелю прасці, а жанчыны шылі, вышывалі, ткалі. І я таксама. Харошыя дываны выходзілі, але распасужылі ўсё і кросны папалілі.

– Авечак яшчэ трымаю, але чохлаў ужо няма. Раней у калгасе не плацілі, кілю гірсы дадуць – а лепшае збожжа адымуць. А ты галаву ламай, як спячы хлеб. Зараз жыць лягчэй, чым раней. Вось толькі гады не тыя: вочы бачаць, а рукі ўжо рабіць спрытна, як у маладосці, не могуць. Для сябе ў Бога ўжо нічога не прашу, няхай дае долю і здароўе маім дзецям і ўнукам,Ганна Францаўна змаўкае а праз хвіліну з яе вуснаў ліецца тужлівая польская песня. – “…І dom twój rozbiorą, i nic nie zostanie…” Так і ў жыцці – зямны век чалавека, як і след знічкі, вельмі кароткі.

Копія касцельнай метрыкі Копія касцельнай метрыкі


ЛЁША: Аляксей Валуевіч

Падчас вучобы ў школе кожнае лета Аляксей, калі выдавалася вольная хвілінка, бег да бабулі Ганны балазе, хата яе непадалёк. Хто, калі не ўнук, абкосіць у двары траву, пасячэ дровы ці выкруціць вады каб бабуля лішні раз не натруджала свае спрацаваныя рукі.

– Нарадзіўся я, як і мае бацькі і дзяды, у Кісялях, расказвае хлопец. – Закончыў Масцянскую пачатковую школу, пасля вучыўся ў Спондаўскай сярэдняй. Пасля 9 класа паступіў ў Камарова, дзе атрымаў спецыяльнасці электраманцёра і вадзіцеля, вучыўся разам з братам яшчэ і ў Вілейцы. Адслужыў ў арміі…

 

Аляксей Валуевіч дапамагае па гаспадарцы сваёй бабулі Ганне Аляксей Валуевіч дапамагае па гаспадарцы сваёй бабулі Ганне


– Мае ўнучкі, Лёшка і яго старэйшы брат Андрэй, як блізняты, –  далучаецца да размовы Ганна Францаўна Валуевіч. – Калі надышоў час ісці ў войска, гэтак мы прасілі начальства, каб хлопцаў не разлучалі, і паслухалі нас.

Андрэй зараз жыве і працуе ў Вілейцы, а Аляксей перабраўся ў Астравец: знайсці працу не тое, што ў Кісялях – нават у Спондах, складана. А былі часы – старажылы яшчэ памятаюць, – калі людзі з усёй акругі працавалі на цагельні ў Пятрашышках, побач з Кісялямі, і ля кожнай хаты бегалі басаногія дзеці…

На маё пытанне пра мары Аляксей пасля кароткай паўзы адказаў проста – але шчыра:

– Хачу стварыць сям’ю, каб ужо са сваімі дзецьмі прыязджаць да бацькоў і бабулі ў Кісялі.

…Хуткаплынны час сваёй нябачнай рукой непазнавальна правіць краявіды, паглынае некалі абжытыя хаты і сцірае з зямнога твару хутары. Але па хвалях людской памяці і па расповедах мясцовых жыхароў можна аднавіць такую далёкую, але яшчэ не страчаную гісторыю. Вытокі жыццёвых рэк многіх людзей – вучоных, настаўнікаў, паэтаў, юрыстаў, працаўнікоў заводаў – пачаліся менавіта ў Кісялях, дзе і зараз жывуць шчырыя, адкрытыя і сумленныя людзі – Кісялі, Шапелі, Валуевічы, Трыбоцкія…

 

img_4083-%d0%ba%d0%b8%d1%81%d0%b5%d0%bb%d0%b8




Пра былую цагельню, на якой працавала шмат кісялёўскіх людзей, зараз нагадвае толькі патрапаная часам труба Пра былую цагельню, на якой працавала шмат кісялёўскіх людзей, зараз нагадвае толькі патрапаная часам труба

Гістарычны факт


Падчас калектывізацыі ў Кісялях таксама стварылі калгас, які мясцовыя між сабой называлі “мільянерам”. Першым і апошнім яго старшынёй – гаспадаркі пастаянна аб’ядноўваліся і ўзбуйняліся – быў Міхаіл Карлавіч Шымковіч.

 Ваенныя часы


Два браты Мечыслаў Карлавіч і Іосіф Карлавіч Трыбоцкія – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны;

Іван Нікадзімавіч Шымковіч прапаў без вестак у Польшчы;

Уладзіслаў Нікадзімавіч Шапель, памёр ад ран і пахаваны ў Польшчы;

Кісель Франц Аляксандравіч, перажыў плен.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара і з архіва Зофіі Шапель.


Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Зофіі Шапель і Іаланце Валуевіч.

Текст: