В Страче отметили 120-летие со дня рождения народного мастера Михала Валуевича

13:01 / 06.09.2016
2
михаил волуевичУ Страчанскім доме культуры прайшла вечарына, прысвечаная 120-годдзю  з дня нараджэння народнага майстра, разьбяра Міхала Валуевіча.

Калі мяне запрасілі прыняць удзел у вечарыне, прысвечанай  120-годдзю з дня нараджэння майго аднавяскоўца і родзіча, разьбяра з Глушыцы Міхала Валуевіча, радасці не было межаў: чалавека, якому пры жыцці даводзілася пакутліва даказваць усім сваё права на творчасць, памятаюць і цэняць. Значыць, не дарма тварыў дзед Міхалка, і творчасць яго сапраўды патрэбная людзям.

У нядзелю, 14 жніўня, у Страчанскім сельскім доме культуры некалькі дзясяткаў людзей сабралася разам, каб ушанаваць памяць славутага земляка, разьбяра Міхала Валуевіча (1896-1989).

Песня  ў выкананні Максіма Іўкіна на словы Уладзіміра Караткевіча  “Дом сябра” абудзіла гонар за сваю Астравеччыну. Пяшчотна гучала флейта у таленавітых руках Вольгі  Іўкінай, ствараючы атмасферу сяброўства, адзінства, адносячы нас у былыя часы.

Бібліятэкар Ганна Трубіцкая нагадала прысутным, што Спондаўская зямля нарадзіла шмат яркіх таленавітых людзей, сярод якіх нязгаснай зоркай ззяла  імя  разьбяра Міхала Міхайлавіча Валуевіча.

Жыццё народнага ўмельца было цяжкім. Бацькі свайго ён не ведаў, маці яго Міхаліна назвала сына Міхалам, па бацьку запісала таксама Міхайлавічам, – а сапраўднае імя бацькі захавала ў тайне да канца жыцця.

михаил волуевич1За сваё доўгае жыццё давялося Міхалку ў Першай сусветнай вайне ўдзельнічаць,  перажыць аўстрыйскі палон – адтуль удалося ўцячы, пяць гадоў пехатой дабіраўся ён да роднай Глушыцы… Затым працаваў у Карэліі, галадаў – быў час, калі, акрамя солі, травы і вады з ручая не было больш чаго з’есці.

А яшчэ былі насмешкі людзей, неразуменне родных, калі ён пачаў самааддана займацца любімай справай – разьбой па дрэве, якая не прыносіла ніякага матэрыяльнага дастатку. Людзі кпілі – а Бог даваў натхненне, моцнае здароўе і незвычайны дар яднання з прыродай. Відавочцы ўспамінаюць, як ён сядзеў на вадзе і чытаў газету да здзіўлення і захаплення мясцовых хлапчукоў. Прыручаў дзікіх жывёл: вавёрку, лісіцу, сароку, галубоў. У фільме, які знялі пра яго няпростае жыццё, Міхала назвалі сынам бога палёў і лясоў. Ужо ў сталым узросце ён любіў уставаць на галаву – і ў такім стане яшчэ  і песні спяваць. У 90 гадоў сам касіў, сушыў сена і на плячах насіў яго ў адрыну.

Яго ніхто не вучыў разбірацца ў структуры дрэва, уласцівасцях драўніны – да ўсяго даходзіў сам, метадам спроб і памылак. Першай работай была “Калгасніца-жніца”: мажная кабета з сярпом у руцэ, выразаная з тоўстай вольхі. Як толькі скульптура высахла, дрэва разарвалася. Тады дзед Міхалка стаў спрабаваць ліпу, тэкстура якой  больш мяккая і падатлівая. Сам прыдумваў складнікі, якімі шпакляваў трэшчыны,  маляваў.

Потым быў “Партызан”, якога ён павёз на выставу ў Маладзечна і аддаў у музей. Пазней зрабіў вітыя калоны для Лынтупскага касцёла, рэчы бытавога назначэння, упрыгожаныя дзівоснымі расліннымі арнаментамі. Паколькі Міхал быў чалавекам глыбока рэлігійным (у вялікі пост сем тыдняў не ўжываў нічога, акрамя хлеба і вады, хадзіў у касцёл пешшу за 20 кіламетраў), то асноўная частка яго скульптур мела рэлігійную тэматыку: “Маці Божая, каралева неба і зямлі”, “Маці Божая нескаляная”, “Хрыстос з палаючым сэрцам” і іншыя. А галоўнай працай яго жыцця стаў алтар, да якога людзі з навакольных вёсак збіраліся на маёвыя, чэрвеньскія і іншыя набажэнствы у час, калі касцёлы стаялі пад замкамі. Зараз амаль усе яго работы сабраны ў Гродзенскім абласным музеі гісторыі рэлігіі.

Мастак Юрый Чапскі, пазнаёміўшыся з творчасцю Міхала Валуевіча і яго незайздросным лёсам, так пранікся павагай да народнага майстра, што зрабіў помнік на яго магіле: вялікі, у рост чалавека анёл, які у 2008 годзе быў устаноўлены і асвечаны. Артыкул пра  гэту падзею “Анёл над вёскай”, змешчаны ў “Астравецкай праўдзе”, натхніў журналістаў АНТ, якія па заказу Белтэлерадыёкампаніі знялі відэафільм “Над селом вознесся ангел” пра жыццё і творчасць Міхала Валуевіча.

михаил волуевич2На заканчэнне вечарыны прагучала песня “Дубравушка” ў выкананні Максіма Іўкіна і эцюды на флейце.

...Гарэла свечка ля партрэта чалавека, які ўсё жыццё ствараў прыгожае і вечнае і так доўга чакаў прызнання. І яно прыйшло: яго  працамі любуюцца ў музеі, яго імя памятаюць. На жаль, усё гэта адбылося ўжо пасля смерці мастака…

А пасля імпрэзы людзі гаварылі цёплыя словы падзякі арганізатарам і ўдзельнікам, любаваліся выставай, рабілі здымкі работ Валуевіча, каб паказаць іх потым сваім сябрам і знаёмым і з гонарам расказаць, што такі майстар жыў і тварыў у нашым родным куточку.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ.