Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч: Які след пакінула Астравеччына ў гісторыі Гродзеншчыны
17:30 / 11.04.2019
– Давайце прыгадаем гісторыю стварэння Гродзенскай вобласці, як адміністрацыйнай адзінкі.
– Наша вобласць была ўтворана з частак Брэсцкай, Беластоцкай і Баранавіцкай абласцей у 1944 годзе. Сам жа горад Гродна, як цэнтр адміністрацыйнай адзінкі, вядомы з 12 стагоддзя – тады існавала Гарадзенскае княства на чале за знакамітым старастам Давыдам Гарадзенскім.
У 14 стагоддзі яно ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага, а потым – у склад Рэчы Паспалітай, пасля падзелу якой большая частка тэрыторыі адышла да Расіі – і ў 1801 годзе была ўтворана Гродзенская губернія. Яе тэрыторыя знаходзілася ў ваколіцах Гродна і была адной з найбольш развітых у Расійскай імперыі.
Дарэчы, у 1902 – 1903 гадах губернатарам Гродзенскай губерніі быў вядомы рэфарматар Пётр Сталыпін. І сёння захавалася частка будынка, дзе знаходзілася яго рэзідэнцыя, і нават кабінет – сёння гэта зала прыёмаў Гродзенскага аблвыканкама. Там бывалі і многія прадстаўнікі Астравеччыны, якіх запрашалі на ўрачыстыя прыёмы з нагоды Дня Маці, 8 Сакавіка ці іншых святочных дат.
Як губернія Гродзеншчына была вядома да падзей 1917 года. Пасля лютаўскай рэвалюцыі пасада губернатара была заменена на пасаду губернскага камісара, у час Першай сусветнай вайны тэрыторыя была акупіравана немцамі, у 1920-м годзе – палякамі і ў 1921 годзе адышла да Польшчы. У 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР было праведзена новае адміністрацыйнае дзяленне, у выніку якога ўтварылася Беластоцкая вобласць, а Гродна ўвайшоў у яе як цэнтр раёна.
– Але ж тэрыторыя Астравеччыны ў той час не адносілася да Гродзеншчыны?
– Тэрыторыя сучаснага Астравецкага раёна ў тыя часы ўваходзіла спачатку ў склад Віленскай губерніі, затым – Віленскага ваяводства, потым яна стала часткай Польшчы.
Астравецкі раён з цэнтрам у Астраўцы быў утвораны 15 студзеня 1940 года, але на той час ён адносіўся да Вілейскай вобласці.
Неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна, і ўся Беларусь вельмі хутка, у першыя дні вайны, была акупіравана немцамі.
3 ліпеня 1944 года Астравеччына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 9 верасня 1944 года наш раён увайшоў у склад Маладзечанскай вобласці.
І толькі ў 1960 годзе Астравецкі раён быў аднесены да Гродзенскай вобласці.
Аднак у канцы снежня 1962 года ён быў ліквідаваны і падзелены паміж Смаргонскім і Ашмянскім раёнамі, але застаўся ў складзе Гродзенскай вобласці. Праз два гады, 6 студзеня 1965 года, тагачасная ўлада зразумела памылковасць гэтага рашэння – і Астравецкі раён зноў быў адноўлены.
– Чым Гродзенская вобласць адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў рэспублікі?
– У параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі Гродзенская – самая меншая: яе тэрыторыя складае ўсяго 25 тысяч квадратных кіламетраў, гэта толькі каля 12 % тэрыторыі рэспублікі. Насельніцтва ў нас таксама няшмат – крыху больш за мільён чалавек – пераважае гарадское.
У Гродзенскай вобласці дзейнічае больш за 250 прамысловых прадпрыемстваў. Пасяўная плошча складае больш за 800 тысяч гектараў – у масштабах рэспублікі гэта шостае месца, але па ўраджайнасці збожжавых, бульбы, цукровых буракоў Гродзеншчына заўсёды ў лідарах.
Ёсць у нашым рэгіёне і іншыя адметнасці, галоўная з якіх – шматнацыянальнасць і талерантнасць мясцовага насельніцтва. І гэта як нельга лепш дэманструе рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у Гродне адзін раз на два гады.
Вельмі цікавы, прыгожы і адметны сам Гродна – яго па праву называюць горадам-музеем. На шчасце, ён не быў так разбураны ў гады вайны, як іншыя беларускія гарады, тут захаваліся помнікі архітэктуры, гісторыі і культуры ажно 12 стагоддзя – адна Каложская царква чаго каштуе!
– Як можна ахарактарызаваць унёсак Астравецкага раёна ў развіццё Гродзеншчыны?
– Астравецкі раён заўсёды займаў годнае месца сярод іншых. Так, напрыклад, ужо ў 60-я гады наш прамкамбінат займаў другое месца ў вобласці па выпуску прадукцыі, а аўтабаза, утвораная ў 1966 годзе, праз два гады заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве.
У 1971 годзе трактарысту-экскаватаршчыку меліярацыйнага ўпраўлення Францу Паташкевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы і ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна – гэта адзіны чалавек з нашага раёна, які атрымаў такое ганаровае званне.
Славіліся і нашы калгасы, якія атрымлівалі не толькі рэспубліканскія, але і саюзныя ўзнагароды. Так, у 1980 годзе калгас імя Чапаева (Варняны) быў узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ.
Асабліва ўдалым для раёна быў 1982 год. Тады сабралі па 29,5 цэнтнераў з гектара збожжавых – на той час гэта быў рэкордны ўраджай. А калгасы «Радзіма» (Гервяты), «Шлях Леніна» (Слабодка), «Чырвоны кастрычнік» (Малі), саўгас «Рытанскі» атрымалі больш як па 35 цэнтнераў з гектара.
Высокімі надоямі малака славіўся калгас імя Карла Маркса (Варона). Даяркі Малання Жыліс і Галіна Янкойць сталі першымі ў раёне чатырохтысячніцамі і ўдзельнічалі ў выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, былі ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны» адпаведна.
У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» пятнаццаць старонак адведзена людзям, якія ў савецкі час былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за працоўныя заслугі.
Былі дасягненні і ў сферы культуры. У савецкія часы ў раёне дзейнічала 47 культурна-асветніцкіх устаноў, у 1989 годзе за дасягненні ў развіцці народнай творчасці раённы аддзел культуры быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам Міністэрства культуры БССР.
Будаваліся новыя школы. Першай з іх, пабудаванай па тыпавым праекце, стала Гервяцкая – яе ўвялі ў 1963 годзе. Па такім жа праекце пабудавана і Міхалішкаўская школа.
Была спроба адкрыць у раёне медыцынскае вучылішча – яно дзейнічала ў Астраўцы з 1964 да 1970 года. У 1974 годзе ў Варнянах быў адкрыты першы вучэбна-вытворчы камбінат, а ў 1980-ым такі ж з’явіўся і ў Астраўцы.
Астравеччына лічылася ў вобласці своеасаблівай кузняй кадраў. Першы сакратар Астравецкага райкама КПБ, фактычна – кіраўнік нашага раёна Дзмітрый Арцыменя быў пераведзены ў Гродна і з 1983 па 1993 год узначальваў аблвыканкам. Галоўны ўрач Астравецкай бальніцы Валянцін Ражко доўгі час узначальваў абласную бальніцу, а Роберт Часнойць, які пачынаў працоўную дзейнасць з пасады ўрача ў Міхалішкаўскай бальніцы, вырас да намесніка міністра аховы здароўя, урач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Лісковіч займае пасаду намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. І такіх прыкладаў шмат.
Сур’ёзным імпульсам для развіцця Астравеччыны стала рашэнне аб узвядзенні ў нашым раёне першай Беларускай атамнай электрастанцыі. Зараз у горадзе будуюцца новыя дамы, прыходзяць інвестыцыі, развіваецца бізнес, адкрываюцца аб’екты сацыяльнай інфраструктуры – Астравец, які ў 2012 годзе атрымаў статус горада, развіваецца імклівымі тэмпамі і мяняецца проста на вачах. Сёння гэта самы малады і перспектыўны горад краіны.
Астравецкі раён у складзе Гродзенскай вобласці годна сустракае юбілейную дату. І, думаецца, святкаванне юбілею надасць новы імпульс для здзяйсненняў, дасягненняў і перамог.