История завода в Воробьях в воспоминаниях и архивах

08:54 / 12.11.2018
Аб тым, што ў вёсцы Вераб’і быў цагельны завод і яшчэ напачатку 2000 гадоў там віравала жыццё, нагадваюць толькі разваліны ды смецце, якое густым дываном прыкрыла трава. Напэўна, нічым асаблівым гэты завод не вызначаўся, каб заслужыць вечную памяць, – тым не менш, гэта старонкі ў гісторыі раёна і ў лёсах людзей, што тут працавалі. Хтосьці месяц, год ці два, а хтосьці – і ўсё жыццё. 
   Давайце паспрабуем узнавіць яго працоўныя будні разам...

Руины кирпичного завода2.jpg


УСПАМІНЫ
Зоф’я Антонаўна Ромаш, в.Вялікая Страча:
– Я на цагельным заводзе адпрацавала 21 год – спачатку на старым, у Пятрашышках, потым – у Вераб’ях. Тады я і жыла ў  Вераб’ях – мне блізка было дабірацца. Пешшу хадзіла. Адразу дарога да завода была  – пекла, не даехаць, потым добрую зрабілі.
І садчыцай я была, і сушыльшчыцай, і на адвозцы, і на выгрузцы… На ўсіх работах працавала – і ўсюды цяжка.  Дзяўчатамі мы пайшлі туды – па шаснаццаць гадоў было. Мала ўжо засталося тых, хто разам са мной  працаваў.  

Шмат людзей тады рабіла на нашым заводзе – мясцовых і з іншых вёсак. І калгаснікаў у дапамогу прысылалі. І вёска Вераб’і вялікая была, з клубам. Весела жылі!
Стары завод працаваў з 1948 года. Там была высачэзная труба – на яе, каб падрамантаваць, не баяўся залазіць толькі адзін чалавек. Па гэтай трубе добра арыентавацца было. Цяжка на цагельні было працаваць – горача. 

Софья Антоновна Ромаш.jpg

Зоф’я Антонаўна Ромаш

Вельмі чакалі мы новага завода – і дачакаліся. Але мала што змянілася. У сажы хадзілі, бо дымна было. Пасля змены абавязкова ў душ ішлі. 
Калі вельмі якасная цэгла была, а здаралася, што і не вельмі – калі якая гліна пападалася. 

Гліну бралі вакол завода, на зіму вялікія горы нарыхтоўвалі: прамерзне ж – не адкапаеш. Колы старыя гумовыя палілі – разагравалі яе. 
Завод у Вераб’ях лічыўся аўтаматызаваным, але многае прыходзілася рабіць уручную. 

Прыйшоў аднойчы да нас мужык, а мы, дзяўчаты, цэглу са стужкі здымаем – па дзве штукі, каб хутчэй было. І так лёгка і спрытна ў нас атрымлівалася. Хапіў і ён пару цаглін – дапамагчы хацеў – і выпусціў з рук сабе пад ногі. «Тут, – кажа, – не бабы працуюць, а коні…» Цяжкая цэгла была – кожная восем, а то і дзесяць кілаграмаў важыла. 

Софья Антоновна Ромаш3.jpg

Круглы год вераб’ёўскі завод працаваў, хоць і холадна зімой было. І ў начную змену садзілі цэглу ў печ, сушылі… 
Дзесьці 15 гадоў прайшло, як завод закрылі. А можа, менш? (Задумваецца) Каб Бацюлеў, былы дырэктар завода, жыў, дык завод, можа, яшчэ і сёння працаваў бы. Без яго ўсё памерла – прадалі завод некаму, а затым усё ў запусценне прыйшло.

 Леакадзія Юльянаўна Недрашлянская, в. Малая Страча: 
– З тых, хто калісьці працаваў на цагельным, у нашай вёсцы амаль нікога не засталося – толькі Юзік Кушлевіч і я.  Я была майстрам фармовачнай работы, мой муж Іосіф цэглу абпальваў. У 1956 годзе, калі мы пажаніліся, ён ужо працаваў на заводзе. І я туды пайшла, ды так усё жыццё і адпрацавала.
Завод добры быў. Спачатку ім камандаваў дырэктар Анатоль Іванавіч Бацюлеў. Як яго не стала, цагельны камусьці з Мінска прадалі…

67 чалавек працавала ў нас: сушыльшчыкі, фармоўшчыкі, садчыкі, грузчыкі… Не вельмі народ ішоў – праца не з лёгкіх, у асноўным гэта былі жыхары суседніх вёсак.
Шмат завод вырабляў і прадаваў – чарга доўгая была: Гродна, Ашмяны, Смаргонь, Мядзел цэглу у нас бралі.
…Даўно няма цагельнага завода, і людзей у нашай вёсцы зусім не засталося.

Леанарда Людвікаўна Сухадольская, в.Страчанка:
– На вераб’ёўскі завод я ўладкавалася, калі прыехала з Літвы. Гэта быў 1991 год. Васямнаццаць чалавек плюс майстар і кладаўшчык працавалі тады на заводзе. Складаны быў час: адзін за адным змяняліся ўладальнікі, цяжка стала плаціць за энергію, даводзілася купляць брыкет. 
Буйным заказчыкам нашай цэглы была Расія, а мы не паспявалі – стаялі зімой. Нашмат выгадней стала заказваць цэглу на дробных прыватных прадпрыемствах. Нейкі час «Вераб’ямі» валодаў калгас «Рытанскі», затым завод прадалі ў Мінск, а потым і ўвогуле закрылі.

Руины кирпичного завода1.jpg

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ

Пра тое, якім быў завод у Вераб’ях, можна даведацца, гартаючы кнігі загадаў, знайсці якія пашанцавала ў Астравецкім вытворча-рамонтным участку – «нашчадку» Астравецкага камбіната будаўнічых матэрыялаў, у складзе якога шмат гадоў быў цагельны завод.  

На новы завод у Вераб’ях перайшлі працаваць  усе работнікі  старога, што быў у Пятрашышках, – многія з іх не лічылі гэты пераход зменай месца працы, таму назваць дату адкрыцця вераб’ёўскага завода не могуць. Аднак, мяркуючы па загадах, ён працаваў летам 1977 года, калі была ліквідавана цагельня ў Кісялях.

Загад ад 12 чэрвеня 1977 года: «З гэтай даты пачаць ліквідацыю асноўных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе цагельнага завода «Кісялі». Старшаму майстру цаглянага завода «Вераб’і» Клечыкаву Д.Ф. прыняць на баланс аднаго каня, 2 вазы і камплект збруі ад конюха Заянчкоўскага В.В.»
А аб тым, што завод «Вераб’і» дзейнічаў ужо ў 1966 годзе, сведчыць асабістая справа яго бухгалтара Шышло А.Ф. 

Личное дело бухгалтера.jpg


Сацыялістычнае спаборніцтва. Спаборніцтвы праводзіліся кожны месяц паміж цэхамі і заводам. Так, у 1984 годзе, згодна з графікам прадстаўлення табеляў,  у склад камбіната будматэрыялаў, акрамя цагельнага завода, уваходзілі дрэваапрацоўчы цэх, цэх упаковачнай дзёгцевай паперы, ганчарны цэх «Мілідоўшчына», кавальска-слясарны, па вытворчасці лінолеумнай пліткі, а таксама транспартны аддзел.

Улічвалася павелічэнне выпуску тавараў народнага спажывання, план вытворчасці за месяц, план рэалізацыі і прадукцыйнасць працы.  
Загад  ад 1 кастрычніка 1984 года: «Другое месца і грашовую прэмію ў памеры 100 рублёў прысудзіць калектыву цагельнага завода «Вераб’і». З выдзеленай сумы прэміраваць старшага майстра Кузмік І.І. – 15 руб., майстра Недрашлянскую Л.Ю. – 15 руб., Янкоўскага І.В. – 15 руб., Ліпніцкую А.К. – 10 руб., Куркуль І.К. – 20 руб.»
А ў 80-х гадах у сацспаборніцтвах сярод іншых цэхаў камбіната завод часта займаў першыя месцы. 

Загад ад 28 снежня 1977 года: «У цэлым па камбінату план вытворчасці прадукцыі выкананы на 106,3%, заданне па рэалізацыі прадукцыі выканана на 108,8%. Лепшых вынікаў дасягнулі цагельны завод «Вераб’і» і кафельны цэх «Мілідоўшчына».

Заявление на работу.jpg



Вучоба. Каб  навучыць рабочых новым метадам работы, павысіць узровень якасці  прадукцыі і «падкаваць» кадры ў тэарэтычных пытаннях і ў рабоце з нарматыўна-тэхнічнай дакументацыяй, з 15 кастрычніка 1984 года на ўсіх прадпрыемствах камбіната ўзнавіліся заняткі па тэхнічнай вучобе. Днём вучобы выбралі сераду. На першыя абноўленыя заняткі, якія праходзілі на спецыяльна распрацаванай праграме, пайшлі: ад групы рабочых здабычы сыравіны і фармоўкі цэглы-сырца – майстар Недрашлянская Л.Ю., ад групы рабочых сушкі, садкі, абпалу і выгрузкі  – старшы майстар Кузмік І.І. 
Праводзіліся на камбінаце і заняткі па эканамічнай граматнасці работнікаў – па дзве гадзіны два разы на месяц. Адказным па цагельным заводзе быў назначаны Тухта Р.С.
Каб павысіць узровень прафесійнага майстэрства работнікаў, развіваць іх ініцыятыву і творчасць, у калектывах аддзелаў праходзіў конкурс «Лепшы рабочы па сваёй прафесіі». 
Загад ад 2 верасня 1977 года: «…Рабочым, якія атрымалі званне «Лепшы рабочы па сваёй прафесіі», выдаць прэмію ў памеры 10 рублёў кожнаму з фонду прадпрыемства».
У той год лепшым здымшчыкам цэглы быў прызнаны Карпенка В.І., лепшым фармоўшчыкам – Субко В.І., лепшым абпальшчыкам – Кардзіс В.І.


 
 Падрыхтоўка да асенне-зімняга перыяду. Кожнаму цэху загадам па арганізацыі вызначаліся работы, якія трэба было выканаць, каб падрыхтавацца да халадоў. Да асноўных падрыхтоўчых работ на заводзе адносіліся рамонт абсталявання і землекапальнай тэхнікі, тунэльнай печы і сушылак, завоз торфакрошкі, нарыхтоўка гліны ў запаснік і падрыхтоўка кацельнай. Да гэтага час ад часу дадаваліся дробны рамонт будынкаў і электраабсталявання, ацяпленне памяшканняў, ускрыццё новага глінянага кар’ера і нават заканчэнне будаўніцтва новых жылых дамоў.



 Праверка якасці.  Якасць прадукцыі  знаходзілася на пастаянным кантролі не толькі мясцовай камісіі – для гэтага прыязджалі прадстаўнікі абласной інспекцыі Дзяржархбудкантролю. 

Загад ад 7 чэрвеня 1984 года: «Праверкай выяўлены…вапнавыя ўключэнні, скразныя расколіны, перапал, неадпаведнасць тэмпературнага рэжыму сушкі цэглы. Забракавана 10% праверанай партыі.» 

А загады па праверцы ў маі 1977 года сведчаць, што ў гэты перыяд, калі цэглу выраблялі ўручную, на заводзе з 21 тысячы штук выбракоўвалася да 50%. 
Па выніках кожнай праверкі на заводзе праводзіўся абавязковы «лікбез», прычыны выбракоўкі разглядаліся на днях якасці.



  Рабочыя рукі. У 90-я гады чырвоная цэгла завода «Вераб’і» карысталася попытам, толькі вось работнікаў там не хапала. Каб не страціць кліентаў, кіраўніцтва прапанавала ганчарнаму  цэху «Мілідоўшчына» арганізаваць фармоўку цэглы-сырца. 
Загад ад 29 мая 1984 года: «Улічваючы недахоп рабочых на цагельным заводзе «Вераб’і», у выніку чаго завод не спраўляецца з планам вытворчасці цэглы, і прымаючы да ведама просьбы сельскага насельніцтва, ЗАГАДВАЮ старшаму майстру кафельна-ганчарнага цэха «Мілідоўшчына» арганізаваць фармоўку цэглы з 1 кастрычніка 1984 года. Дырэктар Астравецкага КБМ А.І.Бацюлеў».
Пры гэтым план фармоўкі цэглы на сезон 1984 года быў  даволі вялікі – 600 тысяч штук.



Дапамога студатрадаў. Кожны год на завод прыязджала студэнцкая моладзь. Да іх працоўнага семестра на цагельным рыхтаваліся загадзя. 
Загад ад 13 сакавіка 1984 года: «Да 1 чэрвеня скончыць  падрыхтоўку фронту работ для студэнцкага атрада на заводзе. Кожнага байца замацаваць на рабочым месцы, папярэдне правесці неабходны інструктаж. Да пачатку работ арганізаваць для студэнтаў навучанне па тэхніцы бяспекі па 8-10-гадзіннай праграме з улікам канкрэтных спецыяльнасцей».

Аплата працы студэнтаў праводзілася па зніжаных нормах выпрацоўкі. Акрамя гэтага, навучальным установам, якія арганізоўвалі студатрады, пералічвалі грошы, неабходныя для навучання байцоў правілам бяспекі, а абласному студэнцкаму штабу – на набыццё медыцынскіх аптэчак. 
Студатрадаўцы забяспечваліся жыллём, харчаваннем, посудам, пасцельнай бялізнай.



 Узнагароды. Колькі ўзнагарод атрымаў за час працы цагельны завод у Вераб’ях, наўрад ці хто падлічыць. Адна з іх – Ганаровая грамата Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР і грашовая прэмія ў 560 рублёў.

О награждении.jpg

Каб правесці глыбокі аналіз архіўных дакументаў, запісаць расповеды працаўнікоў завода, патрэбен час і жаданне. Хочацца спадзявацца, што знойдзецца на Астравецкай зямлі апантаны сваёй справай даследчык, які зможа аднавіць гісторыю вераб’ёўскага цагельнага завода і ўвогуле камбіната будаўнічых матэрыялаў, які быў у свой час флагманам не толькі раённай прамысловасці. Пакуль яшчэ не позна.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович