Председатель колхоза получал 180 рублей, а его заместитель - 500
«Микросхемы, пуховики, соковыжималки, цветы – чего только не производили в подсобных цехах района в 70-80-ые годы прошлого столетия», «АП» за 30 июня.
Больш як трыццаць гадоў жыцця аддаў я Астравецкаму раёну. Мая малая радзіма – вёска Тульгавічы на Хойнікшчыне – апынулася ў зоне адсялення, і цяпер сваёй радзімай я лічу Астравеччыну. Хоць зараз жыву ў Гродне, да гэтага часу цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў раёне. Калі справы на маёй другой радзіме ідуць добра – радуюся, калі нешта не ладзіцца – перажываю.
Калі ў рукі трапляе «Астравецкая праўда», – заўсёды чытаю яе ад першага да апошняга радка. Вось і нядаўна сябры прыслалі мне святочны выпуск астравецкай «раёнкі» – з задавальненнем пачытаў артыкул пра Мікшаны і Трайгі, успомніў час, калі па тых сцежках-дарожках хадзіў пехатой.
А найбольш мяне «зачапіў», усхваляваў да глыбіні душы артыкул Віталя Бандарыка пра падсобныя цэхі. І хочацца крыху дапоўніць гэты артыкул, бо зараджэнне падсобных цэхаў у раёне адбывалася пры маім непасрэдным удзеле, а галоўнае – узгадаць людзей, якія ўклалі ў развіццё гэтай справы шмат сіл і здароўя.
Першы падсобны цэх у раёне быў створаны і сапраўды ў калгасе імя Куйбышава – толькі не Віктарам Мікалаевічам Паршонкам, тут аўтар памыляецца, а яго папярэднікам Уладзімірам Уласавічам Сідарэнкам. Гэта быў цудоўны кіраўнік – граматны, прадпрымальны, ніколі не стаяў на месцы, заўсёды шукаў нешта новае. Я лічу яго сваім настаўнікам: мы працавалі па-суседску, я яшчэ быў «зялёным» старшынёй, а Уладзімір Уласавіч – вопытным кіраўніком, я многаму ў яго вучыўся, пераймаў вопыт. Сідарэнка першым убачыў у развіцці падсобнай вытворчасці магчымасць палепшыць фінансавае становішча гаспадаркі – і ажыццявіў яе. На жаль, пражыў ён нядоўга. Я і сваю віну адчуваю за яго заўчасны зыход з жыцця. У райкаме партыі, які тады быў галоўнай уладай у раёне, прынялі рашэнне вызваліць яго з пасады старшыні. Я быў супраць – але змяніць нічога не мог. Сідарэнку знялі – а праз некалькі дзён Уладзіміра Уласавіча не стала: памёр, едучы за рулём машыны…
Але я хачу расказаць пра падсобныя цэхі. Я ў той час кіраваў калгасам імя Яўсеева – гэта вёска Петраполь. Землі там слабыя, фінансавае становішча – адпаведнае. Што рабіць? І тут даведаўся я, што ў майго сябра, Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Аляксандравіча Баума, старшыні калгаса імя 22 парт’езда ў Іўеўскім раёне, працуюць два на дзіва прадпрымальныя сябры: згаданы Віталем Бандарыкам Уладзімір Прохаравіч Шостак і несправядліва забыты ім Міхаіл Захаравіч Леўшын. Баум па тым часе плаціў ім па 400 рублёў у месяц – вы можаце ўявіць, што гэта былі за грошы ў 70-ыя гады? А я прапанаваў ім па 500 рублёў – і пераманіў ў свой калгас. Баум са мной потым два гады не размаўляў.
Шостак і Леўшын жылі ў Вільнюсе і кожны дзень ездзілі ў Петраполь на работу: да Катлоўкі даязджалі грамадскім транспартам, а там іх сустракала калгасная грузавая машына – легкавой на той час у нас яшчэ не было. Леўшына я прызначыў сваім намеснікам, а Шостака – яго памочнікам, хоць зарплату яны атрымлівалі аднолькавую. Шостак быў надзвычай тэхнічна адукаваны, ну а Леўшын – непераўзыдзены прадпрымальнік: у яго былі сувязі па ўсім Савецкім Саюзе, ён што заўгодна мог і дастаць, і прадаць.
Арганізавалі мы ў калгасе падсобны цэх і сталі ліць з пластмасы біжутэрыю: брошкі розныя, заколкі, завушніцы і іншыя жаночыя ўпрыгожанні. Іх прадавалі ў Маскве, Ленінградзе – па ўсім Савецкім Саюзе! А ў калгасную касу пацяклі грошы: можна было купіць паліва, тэхніку, людзям зарплату заплаціць.
Але зайздроснікаў заўсёды хапае. Напісалі на мяне скаргу ў Генеральную пракуратуру: маўляў, у старшыні калгаса зарплата 180 рублёў, а ў намесніка і яго памочніка – па 500! Нешта тут нячыста… Паклапаціліся пра мой дабрабыт «добразычліўцы» – я нават ведаю, хто.
Прыехаў з праверкай генеральны пракурор Беларускай ССР Адам Іванавіч Магільніцкі.
– Як так можа быць, – пытае, – што падначаленыя атрымліваюць зарплату ў тры разы большую, чым кіраўнік?
– Вельмі проста, – адказваю. – Яны прыносяць карысці гаспадарцы ў тры разы больш, чым я.
І паказваю пратакол агульнага сходу калгаснікаў – гэтаму нават генеральны пракурор не змог супрацьстаяць.
Пазней, калі мяне перавялі старшынёй у калгас імя Калініна, я і там з дапамогай Шостака і Леўшына арганізаваў падсобны цэх. А калі стаў працаваць начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і затым – старшынёй райвыканкама, усяляк падтрымліваў гэтую справу – хоць часта і атрымліваў за гэта «па шапцы».
Хоць увогуле, па маім глыбокім перакананні, у тым, што на Астравеччыне стала імкліва развівацца падсобная вытворчасць, якая дапамагла падняць сельскую гаспадарку ўсяго раёна, галоўная заслуга тагачаснага першага сакратара райкама партыі Дзмітрыя Канстанцінавіча Арцымені – ён быў сапраўдным гаспадаром раёна. І затым, калі працаваў у абкаме партыі, імкнуўся ва ўсёй Гродзеншчыне ўкараніць гэты вопыт.
З Шостакам і Леўшыным мы сябравалі сем’ямі. Міхаіл Захаравіч пазней выехаў у Ізраіль, а Уладзімір Прохаравіч і зараз жыве ў Вільнюсе. Магчыма, ён таксама прачытае артыкул Віталя Бандарыка і мае ўспаміны – і сам узгадае, як яны з сябрам на Астравеччыне развівалі падсобную вытворчасць.
Успамінае Мікалай Галай, былы старшыня
Астравецкага райвыканкама, г. Гродна.