Імя ў бессмяротным палку: Віль Сінічкін

15:11 / 29.04.2018
Імя Віль нязвыкла гучыць для маладога пакалення – але яно не здзіўляе  людзей сталага ўзросту. Яно ўяўляе сабой абрэвіятуру ў гонар правадыра пралетарыяту Уладзіміра Ільіча Леніна. Магчыма, гэтае рэвалюцыйнае імя ў спалучэнні з бацькоўскімі генамі і прадвызначылі характар хлопчыка.
Трываласць, халодная галава, адвага і, несумненна, шанцаванне дапамаглі Вілю змагацца з ворагам, выжыць, паслужыць на карысць сваёй Радзіме.
vil1.jpg
«Арлёнак» вучыўся лятаць
Віль Фёдаравіч Сінічкін на­радзіўся ў расійскім горадзе Арле 1 верасня 1924 года. Потым яго сям’я пераехала ў Мінск. Так сталася, што бацькі хлочыка разышліся, і дзеці, Віль і яго брат, засталіся жыць з бацькам. 
Бацька Віля Фёдаравіча займаў высокі пост – ён пра­цаваў намеснікам міністра хлебнай прамысловасці.
– На вайну тата пайшоў у 17 гадоў, – расказвае дачка ветэрана Валянціна Вільеўна Віннічак, вядомы ў нашым раёне народны майстар. – Год сабе дабавіў – і яго ўзялі. Малады быў, адчайны, хацеў ворага біць. Прайшоў курсы малодшых лейтэнантаў – і яго адправілі на фронт.
vil.jpg
Столькі разоў паміраў... 
І выжыў!
Віль Сінічкін служыў у разведвальнай роце. У яго ў падначаленні былі асуджаныя. Дачка ветэрана ўзгадвае, што, па расказах бацькі, адзінай зброяй у разведчыкаў была сапёрная рыдлёўка – толькі Віль, іх старшыня, меў пісталет. 
– Яны былі вельмі згуртаваныя, – гаворыць Валянціна Віннічак. – Ніколі сваіх не кідалі: цяжка параненых і нават мёртвых выносілі з тылу.
Віль Фёдаравіч вызваляў Беларусь у складзе 3-га Беларускага фронту. 
– Бацька ўдзельнічаў у вызваленні Радашковічаў, – успамінае дачка ветэрана. – Расказваў, што паміраў двойчы: падчас бамбёжак яго два разы засыпала зямлёй ад разрыву снарадаў – ад бомбаў хаваліся ў варонкі. Ды так засыпала, што бацька кожны раз ляжаў, нібы жыўцом закапаны. 
– Ляжу і разумею: усё! Але ўдавалася адкапацца, – успамінаў часам у размове з сябрам ветэран.
Аднойчы, калі ён вярнуўся з чарговага задання, ужо на нейтральнай паласе Віля Фёдаравіча «зняў» нямецкі снайпер. Раненне было цяжкім – куля трапіла ў пахвіну. 
– Бацька заціснуў кулаком  месца ранення і з дапамогай таварышаў дайшоў да сваіх, – расказвае Валянціна Вільеўна.
Затым Віль Сінічкін доўга лячыўся ў шпіталі ў Кісла­водску. Урачы не думалі, што ён паправіцца. Аднак і тут ён перамог!
vil4.jpg
vil5.jpg
З вайной без вайны
Толькі на фронт вярнуцца Віль Фёдаравіч ужо не змог. Яго камісавалі – і адправілі ў  Макееў­ку (Украіна) на аднаў­ленне разбураных падчас вайны дамоў. Там яго «падна­ча­ленымі»  сталі палонныя немцы.
Пачынаў ваенную службу ветэран у званні малодшага лейтэнанта, вярнуўся з вайны капітанам. Званне маёра яму прысвоілі ў мірны час.
У Макееўцы Віль пазнаёміў­ся са сваёй будучай жонкай Ва­лянцінай Кліменцьеўнай.
– Мама расказвала, што ён быў вельмі худы – толькі вочы блішчалі, – узгадвае дачка ветэрана. – Татам апекавалася ўся маміна  сям’я – адкормлівалі. Шкадавалі салдаціка… Шкадаванне перарасло ў каханне – і маладыя пажаніліся.
Муж і жонка прыехалі жыць у Беларусь. Віль Фёдаравіч стаў працаваць у Радашковіцкім ваенкамаце. 
У гэты час у Сініч­кіных з’яві­лася трохгадовая дачушка Валя. Дзяўчынку ўдачарылі:  Віль  пасля ранення не мог мець дзяцей – а любіў іх бязмерна.
– Я заўсёды была татавай пястушкай, – с цеплынёй успамінае Валянціна Вільеўна. – Ён выконваў усе мае «хачу». Мама больш строгая была, а бацька дазваляў мне ўсё.
Бацька не дапускаў думкі аб тым, каб адкрыць дачушцы праўду, што яна – не іх родная дачка – і, як толькі пачыналіся размовы на гэтую тэму, – сям’я мяняла месца жыхарства. 
Сінічкіны жылі ў Мінску, потым пераехалі ў Ашмяны. Віль Фёдаравіч усюды працаваў у ваенкаматах.
У Ашмянах у ваенкамаце была свая футбольная каманда, у якой гуляў і Віль Фёдаравіч – ён вельмі любіў футбол. У маёра Сінічкіна было яшчэ адно хобі – ён іграў у тэатральным гуртку. Дачка ўспамінае: калі ў пастаноўцы была роля немца – яна заўсёды даставалася бацьку.
– І так ён праўдзіва іграў, – гаворыць жанчына, – што хацелася выскачыць на сцэну і забіць яго. (Смяецца) Я заўсёды сядзела ў першым радзе – каб тату добра бачыць.
Да спектакляў вайскоўцы рых­таваліся адказна: сур’ёз­ныя рэпетыцыі, касцюмы, грым – усё, як у сапраўдных акцёраў. Выступалі для ўсяго горада – у Доме культуры, і наро­ду заўсёды збіралася поўная зала.
Калі Віль Фёдаравіч выйшаў у адстаўку, ён нейкі час працаваў інжынерам па эксплуатацыі ў Ашмянскім аўтапарку, а потым лёс прывёў яго ў Астравец на такую ж самую пасаду ў мясцовы аўтапарк. Апошнія два гады перад выхадам на заслужаны адпачынак Віль Сінічкін узначальваў аўтамабільны   парк №4 г.п. Аст­равец.
– Дзіву даюся: нягледзячы на такое няпростае жыццё, жахі вайны, праз якія тата прайшоў, ён заўсёды быў ураўнаважаны, карэктны, ніколі ні на кім не зрываўся, не лаяўся, – успамінае дачка ветэрана. – Заўсёды стараўся дапамагчы людзям. Адно толькі яго раздражняла: калі хто-небудзь пры ім выхваляўся, што ваяваў. Для таты вайна была нечым інтымным, пра што ён не лічыў патрэбным расказваць на кожным вуглу – і не дазваляў у яго прысутнасці гэтага рабіць іншым.
На пінжаку ветэран заўсёды насіў ордэнскую планку. Свае баявыя і юбілейныя ўзнагароды ён беражліва захоўваў у асобнай скарбоначцы, якую нікому не дазвалялася чапаць. А надзяваў іх толькі на 9 Мая і калі запрашалі выступіць перад школьнікамі.
Калі Віль Фёдаравіч выйшаў на пенсію, яны разам з жонкай паехалі ў Макееўку: сэрца Валянціны Кліменцьеўны рвалася на радзіму. Іх дачка Валянціна, якая да таго часу абзавялася сваёй сям’ёй, засталася жыць у Астраўцы.
Віль Фёдаравіч памёр у 2004 годзе і пахаваны на радзіме сваёй жонкі – на Украіне.
vil2.jpg
vil3.jpg
Узнагароджаны:
нагрудным знакам «Гвардыя»,
медалём «За баявыя заслугі»,
медалём «За перамогу над Гер­маніяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.», 1945 г.
ордэнам Чырвонай Зоркі, 1951 г.,
медалём «За бездакорную службу», 1958 г.,
медалём «За доблесную працу», 1970 г.,
знакам «Пераможца сацспа­бор­ніцтва», 1979 г., 
ордэнам Айчыннай вайны 1-й сту­пені, 1985 г.
медалём «Ветэран працы», 1985 г.,
медалём Жукава, 1998 г.,
юбілейнымі медалямі.

Рыта ДРЭМА.
Фота з сямейнага архіва дачкі ветэрана В. ВІННІЧАК.


Текст: