Свою первую мессу отслужил на родине островецкий ксёндз Павел Безляпович

09:00 / 17.12.2013
У мінулую нядзелю ў Астравецкім касцёле Узнясення Святога Крыжа адбылася прыміцыйная Імша ксяндза Паўла Безляповіча.

Прыміцыя для кожнай парафіі – і радасць, і гонар. Сапраўднае свята, якое вернікі адзначаюць разам. Амаль па-сямейнаму. Услаўляючы Бога малітвай, спевамі, прыгожымі кветкамі, дзякуючы Яму, што выбраў аднаго з іх (самага лепшага!) для ахвярнага служэння Сабе. Таму што пакліканне – гэта дар не толькі для саміх пакліканых, але і для ўсёй супольнасці Касцёла, а найперш для парафіі, у якой вырас будучы святар.


Для вернікаў, якіх аб’ядноўвае касцёл Узнясення Святога Крыжа, прыміцыйная Імша, што адбылася ў мінулую нядзелю, радасная ўдвайне, таму што неапрэзбітар Павел Безляповіч першым з маладой (адносна нядаўна арганізаванай у самастойную адміністратыўна-тэрытарыяльную рэлігійную адзінку) парафіі ступіў на шлях святарства. Напэўна, неўзабаве па яго дарозе пойдуць і іншыя юнакі з гэтай парафіі. Але ксёндз Павел стаў першым. Тым, хто вызначае накірунак. А гэта заўсёды куды больш складана, чым ісці па слядах папярэдніка…


– Так ужо склаўся лёс нашага касцёла, што запатрабаваным ён быў нядоўга: пасля таго, як астравецкім каталікам вярнулі касцёл святых Космы і Даміяна, наш перайшоў, так бы мовіць, на другія ролі, стаў свайго роду дапаможным храмам, у якім набажэнствы адбываліся толькі па нядзелях і ў святочныя дні, – гаворыць пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа ксёндз Андрэй Горбач. – Так што цалкам магчыма, што сённяшняя прыміцыйная Імша (не яе паўтор – паўтораў было нямала!) наогул першая ў гэтым касцёле. І гэтая першаснасць чыталася ва ўсім: у бездакорнай прадуманасці святочнага ўбранства касцёла, у прыгожых галасах музычнага суправаджэння Літургіі, у той асаблівай атмасферы, якая пачыналася яшчэ на вуліцы, – з трапятання святочных сцягоў, што экзатычнымі птушкамі распраўлялі на снезе свае каляровыя крылы…
Першы раз… Першае самастойна-святарскае судакрананне – з Божым Словам, з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, з Камуніяй. А яшчэ з парафіяй – з вернікамі, сэрцам якіх ты, неапрэзбітар, павінен дапамагчы адкрыцца насустрач Святлу, душы якіх ты, сённяшні святар, мусіш аб’яднаць у рытме Агульнай Малітвы…
Канешне, ксёндз Павел хваляваўся. Але побач з ім былі яго бацькі, родныя, сябры… А яшчэ святары – ксяндзы Павел Урбан, Валерый Спірыдон, Віталій Дабраловіч, Віталій Вайцяхоўскі, Юры Церабей. І, вядома ж, дэкан Астравецкага дэканату, ксёндз Здзіслаў Пікула. Менавіта яму, пробашчу Варнянскага касцёла святога Юрыя, выпаў гонар прамовіць на прыміцыйнай Імшы казанне.
– Цяпер ты – адзін з нас, – звярнуўся да “віноўніка” ўрачыстасці айцец Здзіслаў.
– Ты – святар. Чалавек, якога добры Бог надзяліў неверагодным дарам: падчас кожнай Імшы хлеб ператвараць у Цела Хрыста, а віно – у Ягоную Кроў. Каб сувязь паміж Айцом Нябесным і намі, яго дзецьмі, не знікала, а наад- варот расла і мацнела. Святарская дарога не з самых лёгкіх – на ёй, як ні старайся, не засцерагчыся ад адзіноты, непаразумення, ад каменьчыкаў і камянёў нядобрых слоў… Але не ты выбраў яе для сябе – гэта Бог аказаў табе цудоўны давер і прыняў тваё ахвяраванне. Дык апраўдай яго! І няхай табе, дарагі брат у Хрысце, хопіць сіл, натхнення і нястомнасці на пераадольванне ўсіх магчымых церняў. Няхай на душпастырскай ніве твая праца дае добры плён!
…Пасля заканчэння Імшы павіншаваць маладога ксяндза выстраілася цэлая чарга жадаючых. Дзеці, моладзь, суседзі, родныя, касцельны камітэт… Лес букетаў і мора добрых слоў…Закончылася святочная Літургія традыцыйна: прыміцыянт паблагаславіў кожнага прысутнага ўскладаннем рук і падарыў на памяць маленькі абразік.


Ганна ЧАКУР