В Гервятском костёле случаются чудеса

17:00 / 28.06.2013
Пасля выхаду артыкула пра фэст у Гервяцкім касцёле у рэдакцыю патэлефанавала наша чытачка Валерыя Іванаўна Іваніцкая.
– Хачу пацвердзіць словы каўнаскай спявачкі – у Гервяцкага касцёла сапраўды цудоўная аўра. І высокая намоленасць. А яшчэ там адбываюцца цуды. Якія? А я вам зараз раскажу…

На Тройцу ў Гервяты людзі з’язджаюцца з усяго свету. Вось і Манечка Ляўданская не прапускала ніводнага фэсту. Жыла яна ў Вільні. А Манечкай, нягледзячы на немаладыя гады, яе клікалі таму, што была яна калечкай – насіла на плячах няздымную ношу – горб.
З Вільні Манечка прыязджала самым першым прыгарадным цягніком. На аўтобусе дабіралася да Астраўца, а далей ішла пешшу. Праз Ізабяліна, Альгіняны… Добры кавалак дарогі! Асабліва для немаладой слабенькай здароўем жанчыны. Да нас яна заходзіла папіць вадзічкі ды крыху адпачыць – пасядзець на лаўцы пад бэзам…
Калі Манечка зайшла ў двор у чарговы раз, на ім стаяў новенькі “жыгулёнак” – краса і гонар нашай сям’і.


– Сядайце, цётка Маня, даімчу вас да Гервят з ветрыкам, – прапанаваў ёй мой муж. – Не прыйдзецца вам больш біць ногі.


Манечка памаўчала крыху, загадкава ўсміхнулася і адказала:


– Прыйдзецца. Пакуль жыву, на фэст у Гервяцкі касцёл я буду хадзіць пешшу. Ахвяравалася. Так я хачу аддзячыць Богу і касцёлу.


Аддзячыць? За што? За калецтва і за адзінокае жыццё – непазбежнае наступства гэтага самага калецтва?
А Манечка ўжо расказвала:


– Бяда са мной здарылася ў раннім дзяцінстве – упала і моцна пашкодзіла пазваночнік. Не толькі горб нажыла, але і на ногі перастала ўставаць. Месяц ішоў за месяцам, год – за годам, мае равеснікі хутчэй за вецер насіліся па наваколлі, а для мяне нават перакуліцца з боку на бок было вялізнай праблемай.
Вазілі бацькі і па дактарах, і па шаптухах – ніякага паляпшэння. Ніякай надзеі. Хіба што на Бога...
На Тройцу мама апранула мяне ў лепшую сукенку, упляла ў коскі стужачкі. Потым прыйшоў тата і вынес мяне на вуліцу, паклаў на воз – на саматканую капу, якая прыкрывала абярэмак насцеленага сена. “Паедзем на фэст, – сказала мама. – Будзем прасіць у Святой Тройцы хоць якога паляпшэння. Нічога ў жыцці я так не прагну, як таго, каб ты, дачушка, хоць бы сесці змагла”.
Паехалі. На руках яны мяне паднеслі і да алтара, і да абразоў. “Маліся, Манечка, прасі ў Божанькі цуда, – шаптаў тата. – Маленькіх Ён хутчэй выслухоўвае.” Я малілася. І без прывычкі ад’язджаць з дому, бываць на людзях – лавіць на сабе іх жаласлівыя позіркі– хутка вельмі стамілася.
Нарэшце фэст закончыўся, і мы сталі збірацца дадому. Не паспеў тата пакласці мяне на сена, як я тут жа заснула. Па дарозе бацькі вырашылі зазірнуць да альгінянскіх сваякоў і, паколькі не збіраліся быць доўга, мяне, сонную, пакінулі на возе.
Прайшло дзесяць хвілін, дваццаць – тата з мамай не вярталіся. І раптам нейкі голас унутры мяне прагаварыў: “Ну што ж ты ляжыш, Манечка? Хопіць ужо, наляжалася. Уставай і ідзі да людзей”. І я, якая не магла нават сядзець, злезла з воза і пайшла ў дом да сваякоў. Адкрыла дзверы, увайшла ў хату – агульная размова сціхла, як па камандзе. Памятаю толькі, што маміны вочы раптам сталі вялікімі, як сажалкі. І такімі ж вільготнымі…
Вось так да мяне вярнуліся мае ножкі. І колькі мне наканавана жыць, столькі я буду аддзячваць Бога і Гервяцкі цудоўны храм за гэты бясцэнны дар. Ножкі атрымала – ножкамі і дзякую.


---------------------------------
Запісала Ганна ЧАКУР.
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.