Жизнь начинается с Жировичского источника

14:30 / 19.05.2013
2

Абуджаецца зямля – зелянеюць бярозы, квітнеюць яблыні. Сонца казыча шчокі, залазіць за каўнер, хоча дакрануцца да майго сэрца – ці прачнулася? А яно даўно вачамі заглынае зеляніну травы, жаўцізну рапсавага поля, дзьмухаўцовыя карагоды і вясёлыя твары людзей, што дачакаліся цяпла.


Нехта ўжо паспеў успомніць снег, і камусьці ўжо надакучыў пыл сухіх дарог. Але ж цеплыня толькі пачынаецца! Пару тыдняў – і ягады! Не так хутка – ты забылася пра бэз! Я не паспела ім надыхацца. І ландышы ў руках яшчэ не трымала. А памятаеш дзіцячыя маёўкі? А падарожжа на катэры?
Тое было даўно. А зараз я еду ў Жыровічы. Як толькі заквітнеюць вішні, душа мая ляціць да Божай Маці. Хочацца пабыць у Яе абдымках. Папрасіць абароны і сіл на пачатак новага жыцця. А якое яно? Без крыкаў, мітуслівай нервовасці і ляноты. Усё перажыць можна, акрамя сваіх заганаў. Ты сабе кажаш: усё ў маёй уладзе! Але не зрухнешся ні на крок. Думаеш, лёгка адчуваць сябе пераможаным?!
Памыюся крынічнай вадою, словам да Божай Маці звярнуся – і яна дапаможа. У яе ўсё па-святочнаму – прыгожа і радасна. Не пакіне.
Люблю добразычлівых сумленных людзей. Ты ім шэпчаш – і яны чуюць. Некалькі год таму ездзіла ў паломніцкую паездку з дзеткамі з нядзельнай школы. Яе ахвяравала Лідская дабрачынная арганізацыя. Вадзіцель – само сонца. Мы толькі падумаем – а ён ужо робіць. Сам спакой, сама размеранасць і чуласць. У яго памерла жонка, і ксёндз не захацеў адпяваць, бо не хадзіла на касцельныя службы. Ён пакрыўдзіўся. Лёс звёў яго з праваслаўнай жанчынай, зараз разам служаць Богу. Ён не страціў веру, а наадварот – стаў яе шукаць. Чалавек не выбірае, складвае хвілінкі, як цаглінкі. Не ён, а Бог кіруе яго днём. Я была ўражана да неперадавальнасці. Усё, што ён рабіў – ад прыпынкаў на дарозе да дэманстрацыі ветракоў, што стаяць каля Навагрудка, было самым вялікім і самым патрэбным. Я зноў паверыла ў веліч задуманага Усявышнім: чалавек – гучыць па-вясёлкаваму шчыра, на ўсё неба. А калі кіраўнік школы стала на калені і дастала з каналізацыі згублены дзяўчынкай мабільны тэлефон – я назірала, затаіўшы дыханне. Вы скажаце: дробязь. Не. Я памятаю хлопчыка, які абышоў усе малыя крамы, але знайшоў падарунак для мамы. Ён быў такі шчаслівы! Дзівосы…
З чаго пачынаецца жыццё? З Жыровіцкай крыніцы. Тых прыгаршчаў гаючай вады, якую падносіш да вуснаў і смакуеш. З кропель. Усё дзівоснае прыходзіць да нас, калі мы становімся яго часткай. Падобнае прыцягвае падобнае. Гэта закон!
Я сёння зноў была ў Жыровічах. Дзякуй, Божачка, што дазволіў да сябе дакрануцца. Якое дзіва вязеш з сабою? Словы святара: “Калі хоць на аднаго чалавека крыўдзішся…“
Я ўсім усё даравала! Дай, Божа, розуму самой нікога не пакрыўдзіць…


-----------------------------
Ніна Міралькова.