Освящение трокельской чудо-криницы

17:00 / 01.08.2012

Калі яна выбілася з-пад зямлі і заструменілася чыстай, нібы сляза, вадзіцай, не памятаюць і старажылы. “Крынічка біла ў нас заўсёды”, – кажуць жыхары вёскі Тракелі. Вада з яе аднолькава смакавала і мясцовым магнатам, і простаму люду – пілі яе “жывой”, гатавалі супы і гарбату, мылі дзяцей, каб засцерагчы іх ад хвароб, мясцовыя прыгажуні акуналі ў крынічную ваду свае тварыкі, каб скура даўжэй заставалася маладой і гладкай. Але найбольш “памоцнай” тракельская крынічка была пры хваробах вачэй – пра гэта ведалі далёка за межамі вёскі і прыязджалі, калі ўзнікала такая неабходнасць.


У пачатку ХVІІІ стагоддзя хрысціяне з Тракеляў, Дайлідак, Даўшышак, станцыі Ашмяны і іншых населеных пунктаў звярнуліся да Віленскага біскупа з просьбай арганізаваць на іх тэрыторыі асобную парафію. Праз нейкі час новая парафія, якая атрымала імя “Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі”, была створана. І на яе тэрыторыі пачалі ўзводзіцца культавыя будынкі: касцёл, капліца на могілках – сёння ўжо наўрад ці можна даведацца, па чыёй ініцыятыве – капліца ля крынічкі ў Тракелях. А крынічку назвалі імем святога Якуба.


Астравеччына – крынічны край, і ўсё ж самымі знакамітымі былі дзве – быстрыцкая крыніца імя святога Яна і тракельская – імя святога Якуба. Крынічкі-сястрычкі, якія носяць імёны двух родных братоў-апосталаў…


25 ліпеня, у дзень святога Якуба, у крынічнай капліцы сталі ладзіцца фэсты – з працэсіяй ад самага касцёла, з харугвамі з песнямі і малітвамі.


…У 1939 годзе адбыўся апошні з такіх фэстаў – пачалася эра атэізму. Спачатку разабралі каплічку, і да крыніцы пачалі ганяць на вадапой калгасных коней – балазе, канюшня знаходзілася непадалёк. А потым падчас правядзення меліярацыі завярнулі бураломам ды камянямі і саму крыніцу. І засталася быстрыцкая яе сястрыца сіроткай. Як, напэўна, ёй думалася, назаўсёды…


Але Ядвіга Іосіфаўна і Міхаіл Імпалітавіч Матулойці памяталі месца, з якога біла крыніца, і разам са сваімі дзецьмі вырашылі яго ачысціць. Папрацаваць давялося шмат, але справа таго была вартая – забіла, заіскрылася на сонейку гаючая крынічная вада. Змыла са свайго твару ганьбу, нанесеную людзьмі, і заспявала, як даўней – радасна і шчасліва. Тым больш, што побач з яе студзенькай быў устаноўлены крыж, высокі і моцны.


Але жыхары Тракеляў вырашылі поўнасцю аднавіць “статус-кво” сваёй вадзяной лекаркі, і Ядвіга Баляславаўна Сабюн адшукала ў Віленскім гістарычным архіве дакументы, якія пацвердзілі і імя крыніцы, і яе высвенчанасць, і гаючую ўласцівасць яе вады. Копіі дакумента разам з пісьмом, у якім вернікі прасілі дазволу аднавіць святое месца, былі накіраваны ў райвыканкам, старшыні Астравецкага сельсавета і ў біскупат Гродзенскай дыяцэзіі…


Сёлета біскуп Аляксандр Кашкевіч даў дазвол на аднаўленне фэстаў, і 25 ліпеня ля тракельскай цуда-крынічкі, як некалі іх продкі, сабраліся на малітву людзі. Навялі парадак вакол студзенькі, прынеслі стол, на траве разаслалі дыван і ўстанавілі лаўкі…


Першую – пасля больш за 50 гадоў забыцця Імшу – адслужыў пробашч Міхалішкаўскага касцёла ксёндз Анатоль Захарэўскі, дапамагаў якому падчас цэлебравання мясцовы пробашч ксёндз Алег Шпень.


Крынічку пасвенцілі нанова – нібы пячатку паставілі на дакумент аб гаючасці яе  вады. СВК “Гервяты”, на тэрыторыі якога б’е цудатворная ручаіна, абяцае зрабіць вакол яе планіроўку, а вернікі спадзяюцца, што неўзабаве на чале з пробашчам Алегам яны ўзвядуць для сваёй жыватворнай рэліквіі новы дамок – прыгожую каплічку.



Ганна ЧАКУР

Фота Вікторыі ВАРАНОВІЧ