Фоторепортаж из "Шкаплерной столицы" Беларуси

14:35 / 24.07.2012

– Гудагай – “Шкаплерная сталіца” Беларусі, – адзначыў падчас урачыстай Імшы на фэсце, што адбыўся ў мястэчку ў мінулыя суботу і нядзелю, біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. І вернікі сустрэлі яго словы радаснымі апладысментамі.


…Шкаплер – гэта адзін з сакраменталіяў Касцёла, які Маці Божая зрабіла сваім знакам асаблівай апекі. Паказаўшы яго падчас аб’яўлення ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года генералу ордэна кармелітаў Сымону Стоку, Найсвяцейшая Дзева Марыя сказала: “Гэта будзе прывілея для цябе і для ўсіх кармелітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага”.


Праз шкаплер Маці Божая дала ўсім нам асаблівую дапамогу, так неабходную на шляху да жыцця вечнага.


Амаль дзве тысячы гадоў таму Езус, пакутуючы на Крыжы, аддаў пад апеку Сваёй Маці ўсё чалавецтва. Адказваючы на просьбу Сына, Яна ахінае нас сваёй апекай, “нібы плашчом”. Як у Бэтлеемскім гроце Яна клапацілася пра нованароджанага Езуса, спавіваючы ў пялюшкі, каб сагрэць Яго, так і сёння хоча духоўна ахінуць нас, сваіх дзяцей. Марыя вучыць нас наследаванню Езуса. Шкаплер жа азначае нашу гатоўнасць стаць падобнымі да Яе Сына.


Канферэнцыя, якая адбылася ў Гудагаі ў рамках VІ Нацыянальнай пілігрымкі каталіцкіх сем’яў, была прысвечана ролі святога шкаплера ў нашым жыцці.


– Кожны, хто пабожна носіць святы шкаплер, у пэўнай ступені становіцца членам кармеліцкага брацтва, – сказаў пробашч Гудагайскага касцёла, айцец-кармеліт Казімір Мараўскі. – І яго малітва далучаецца да малітоўнага хору кармелітаў усяго свету. Прычым чалавек прымае ўдзел ва ўсіх духоўных дабротах не толькі ў гэтым жыцці, але і пасля смерці – у св. Імшах, пастах, адпустах, малітвах.


“Пабожна насіць шкаплер” – значыць: штодзень чытаць малітву, вызначаную ў дзень прыняцця шкаплера; раз у месяц спавядацца; у святочныя дні і ў нядзелю прымаць удзел у святой Імшы; рабіць добрыя ўчынкі; старацца захоўваць духоўную чысціню паводле свайго стану, наследаваць цноты Найсвяцейшай.


А Маці Божая будзе мець нас у сваёй апецы кожнае імгненне нашага жыцця, а пасля смерці вызваліць з Чыстца ў першую суботу пасля нашай смерці.


Амаль дзвесце чалавек з прысутнічаючых на канферэнцыі вернікаў з самых розных куткоў Беларусі пасля яе заканчэння далучыліся да Шкаплернага брацтва...


А фэст у Гудагаі, як заўсёды, пачаўся з суботняй святой Імшы і Крыжовага шляху па Кальварыі, дасягнуўшы кульмінацыйнай глыбіні духоўнасці апоўначы, калі надышоў час спявання Нешпараў. І калі падчас працэсіі святло незлічоных знічак у руках вернікаў рассвятліла цемру ліпеньскай ночы. І калі распачалася Імша, якую цэлебравалі два святары-прыміцыянты Кірыл Бардонаў і Дзмітрый Дубовік. І калі загучалі галасы “Жалейкі” – музычнага калектыву з Брэста. І калі на руках у маці заснула яе немаўля. І калі айцец Пётр, выслухаўшы чарговую споведзь, перахрысціў верніка, сказаўшы спрадвечнае: “Адпускаю табе грахі твае ў Імя Айца, і Сына, і Духа Святога”. І калі прыміцыянты благаславілі кожнага з прысутных ускладаннем рук. І калі каменную горку, на якой стаіць статуя Мадонны, упрыгожылі дзясяткі свечак, пакінутых вернікамі пасля заканчэння Імшы. І калі ўжо пасля дзвюх гадзін ночы з мястэчка ва ўсіх накірунках сталі расцякацца агні аўтамабільных фар – вернікі вярталіся дадому…


А раніцай пасля адспявання Гадзінак распачалася Імша, якую цэлебраваў Яго Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка. Так, той самы, які напярэдадні, пасля заканчэння канферэнцыі Нацыянальнай пілігрымкі, разам з усімі прысутнымі вернікамі накіраваўся ў вайсковую вялізную палатку, разбітую за кляштарам кармелітаў, каб пачаставацца салдацкай кашай – роўны з роўнымі. Той самы, што пасля дажджу павёў за сабой вернікаў па складанаму і ў добрае надвор’е шляху Гудагайскай Кальварыі. І той самы, што меў казанне падчас цэнтральнай Імшы фэсту…


На галоўную Літургію фэсту сабралася небывала шмат вернікаў: пешшу прыйшла пілігрымка з Мінска, на веласіпедах прыехала – з Баранавіч і з Нарачы. З Ліды, Іўя, Ашмян, Брэста, з Літвы… Вернікі Астравецкага дэканата дабіраліся кожны сам па сабе – не знайшлося ахвотнікаў арганізаваць пілігрымкі. Але ад гэтага людзей на фэсце не паменшала – ідуць жа да Матухны. Да Найсвяцейшай, якая благаслаўляе вернікаў праз цудатворны абраз, укаранаваны Папскімі каронамі. Ідуць, таму што вераць…


–Гудагайскія фэсты асаблівыя, – сказала мая знаёмая, з якой мы разам дабіраліся ў Астравец. – Такое ўражанне застаецца ад іх, нібы бацькоўскі дом наведала. Нібы мяне мая родная маці благаславіла…


Канешне, Ірына. Ты маеш рацыю. Маці Шкаплерная Гудагайская з любоўю і радасцю благаслаўляе сваіх дзяцей – усіх нас – зноў і зноў. Чакаючы. Веручы. Любячы.



Ганна ЧАКУР.