Праздник, который объединяет

11:06 / 18.07.2012

Здаўна вялося: храмавае свята адзначала ўся ваколіца. Дзякаваць богу, старадаўнія хрысціянскія традыцыі адраджаюцца. І  сёлетнія імяніны царквы святых апосталаў Пятра і Паўла  сталі таму пацвярджэннем.  Прастольныя святы аб’ядноўваюць  вернікаў у адзіным душэўным парыве — шчырай малітвай уславіць Госпада і святых апекуноў храма і горада, пасёлка або мястэчка, дзе знаходзіцца святыня.


А сёлета ў астравецкі храм  на дзень памяці святых апосталаў Пятра і Паўла прыйшло многа гараджан яшчэ і таму, што ў ім выстаўлены для пакланення  ікона з часцінкамі нятленных мошчаў  праслаўленых вучняў Гасподніх і цудатворны абраз прападобнай Еўфрасінні Полацкай, таксама з часцінкай яе нятленных мошчаў. Першапрастольных настаўнікаў хрысціянскіх і нябесную заступніцу  Беларусі ўшаноўваюць і праваслаўныя, і католікі, таму пакланіцца святым абразам астраўчане прыйшлі сем’ямі, разам з суседзямі і гасцямі. Усе дружна маліліся на Божай Літургіі, якую служылі настаяцель храма іерэй Георгій Савіцкі і настаяцель царквы  святога прарока Іліі ў Альхоўцы іерэй Ігар Пятроўскі.


Пасля Літургіі адбыўся Крыжовы ход вакол храма з ліціёй на месцы апошняга супакаення першага настаяцеля храма протаіерэя Паўла Варановіча.


Прыемным сюрпрызам на свяце стаў канцэрт юных праваслаўных  спявачак Насці Мялешка, Насці Вайцяхоўскай і іх старэйшай сяброўкі і настаўніцы, навучэнкі Лідскага музычнага вучылішча Маргарыты Янульчык.


А завяршылася ўрачыстасць сумеснай трапезай  усіх прысутных, якую  зрабілі па-сапраўднаму запамінальнай салдацкая каша з тушонкай, прыгатаваная ў палявой кухні маладымі кухарамі-пагранічнікамі, гарачая пахучая гарбата,  духмяныя пірагі, пячэнне, фрукты, а для дзетак – яшчэ і марожанае. Традыцыя такой трапезы зыходзіць са старажытных  часоў, калі хрысціяне былі адзіныя ў сваёй веры, любові да  Госпада і адзін да аднаго. Праламляючы за агульным сталом хлеб, людзі пацвярджалі тым самым сваю братэрскую еднасць у Госпадзе і з Госпадам.


Таіса СЯМЁНАВА. Фота аўтара.