Дорога к храму Ольги Мартишко

10:27 / 14.07.2012

Вам ніколі не даводзілася заўважаць, якія прасветлена-благасныя вочы і твары ў манахінь?
Памятаю сустрэчу ў манастыры ў вёсцы Карма Веткаўскага раёна – пра святога Іаана Кармянскага, пра свой храм і манастыр нам расказвала зусім юная – гадоў дваццаць, не больш – манашка. Не стану хлусіць – мы глядзелі на яе са спачуваннем: дзяўчо ж зусім, равесніцы ва ўніверсітэтах вучацца, па танцульках бегаюць, з хлопцамі цалуюцца ночы навылёт, пра дзяцей мараць, а гэтая – добраахвотна!!! – дзень пры дні, у сцюжу і спёку – у чорнай сукні да пят… І штодзень – бясконцыя малітвы ды цяжкая праца – манастыр маленькі, клопатаў шмат. Ні ў каго ў яе ўзросце я не бачыла такіх спрацаваных рук…
Але і вачэй такіх – ясных, шчаслівых, добразычлівых, з якіх суцэльным патокам на нас, выпадкова прыблукаўшых у гэты храм хутчэй цікаўных турыстаў, чым шчырых паломнікаў – лілася благадаць і любоў да ўсіх і кожнага, таксама не бачыла… І традыцыйнае ў такіх выпадках пытанне: чаму яна рашылася на такі крок, што яе прымусіла? – змянілася іншым: што ж гэтая юная дзяўчынка ведае, адчувае такое, чаго не ведаюць іншыя, для каго пост – занадта цяжка, штодзённая малітва – занадта доўга, рэгулярнае наведванне храма – занадта сумна, чаму ж яна такая шчаслівая – без грошай, без кахання, без модных убораў, шашлыкоў на прыродзе?.. Той ясны позірк, які не затуманілі ні перажыванні з-за даўно не зробленага рамонту, ні здрада каханага, ні зайздрасць да больш паспяховай суседкі, ні перажыванні, што цэны зноў падскочылі, доўга стаяў у вачах…
А нядаўна я сустрэла амаль такі ж… Прычым у жанчыны не з манастырскага – з мірскога жыцця… Хоць, напэўна, усё ж не зусім мірскога, бо прафесія маёй новай знаёмай незвычайная і рэдкая: Вольга Марцішка піша іконы. Новы кананічны іканастас праваслаўнай царквы святых Пятра і Паўла ў Астраўцы – яе работа.
…Пазнаёміцца з Вольгай Вацлаваўнай я марыла з таго моманту, як першая ікона будучага іканастаса з’явілася ў царкве. І жаданне гэтае мацнела з кожным новым лікам, што з’яўляўся ў храме. А калі перад сёлетнім Вялікаднем іканастас паўстаў у храме ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці, настаяцель айцец Георгій арганізаваў нам гэтую незабыўную для мяне сустрэчу...
Не падзяліцца ўражаннямі ад яе з нашымі чытачамі, не расказаць ім пра гэтага цудоўнага чалавека, Вольгу Вацлаваўну Марцішка – гэта, напэўна, быў бы грэх.
Хоць, зрэшты, у гэтым расказе я – толькі пасрэднік...



Дарога да храма

Дарога да храма ў Вольгі Марцішка была доўгай і звілістай…


– Нарадзілася я ў Лідзе ў так званай змешанай сям’і, якіх шмат у нас на Гродзеншчыне: мама – праваслаўная, тата – католік.
Але ў нас было намешана яшчэ больш: адзін дзед быў шчыры католік, а другі, хоць хрышчаны ў праваслаўнай веры, – шчыры камуніст і, адпаведна, атэіст. Калі я нарадзілася, мяне доўга не хрысцілі: дзядулі не маглі адзін аднаму саступіць, вырашыць, у якім храме, у якой веры трэба хрысціць немаўля. Адзін настойваў на касцёле, а другі тым часам успомніў, што ён усё ж праваслаўны, і казаў: толькі ў царкве! Урэшце бацькава маці, мудрая бабуля Стэфанія, сказала: хрысціце хоць дзе – толькі зрабіце гэта нарэшце! Я, расказваюць, вельмі неспакойная была, плакала ўвесь час. А калі прынеслі з царквы пасля хрышчэння, адразу заснула… Тата тады сказаў: “Ну, калі ў царкве і сапраўды так добра, то тады і я павянчаюся…” Урэшце так і зрабіў – праўда, толькі праз трыццаць гадоў…
Расла, як і большасць дзяцей у той час, удалечыні ад царквы, а тым больш – ад сапраўднай веры. Што такая існуе, я аднойчы даведалася прама ў школе. Гісторык, які праводзіў у нашым класе ўрок атэізму, спытаў: ці верыць хто-небудзь з вучняў у Бога? І дзве мае аднакласніцы паднялі рукі… Для мяне гэта было сапраўдным адкрыццём: яны пра гэта гавораць так спакойна, як аб нечым, што само сабой зразумела…
А пазней, на іншым уроку гісторыі, другая настаўніца задала звычайнае ўвогуле пытанне: “Чаму мы гаворым: “Да нашай эры”? Калі пачаўся адлік “нашай эры?” Я падняла руку і бадзёра адказала: новая эра пачалася з моманту нараджэння Іісуса Хрыста. Можа падацца дзіўным ці нават нерэальным, але мяне ў гэты момант нібы токам працяла з галавы да ног – напэўна, такую сілу мела прамоўленае ўслых імя Збавіцеля.
У царкву я хадзіла – але хутчэй гэта была даніна традыцыі.
У той час перабудовы было шмат усялякіх цячэнняў-вучэнняў – і я не пазбегла спакусы: быў час, кінулася ў астралогію. Але, дзякуй богу, мяне не зацягнула моцна ў гэты вір, дзе многія патанулі ці пакалечылі свае лёсы. Выратавала звычайная лянота – там трэба было шмат вылічваць, а мне не хацелася…
Пасля школы стала працаваць у школе педагогам-арганізатарам і завочна вучылася ў Гродзенскім універсітэце на гістарычным факультэце. У той час якраз ствараўся Беларускі патрыятычны саюз моладзі, мне даводзілася займацца гэтым… Так сталася, што я ўсур’ёз захварэла “зорнай хваробай”. Калі апомнілася, амаль нікога з ранейшых сяброў, блізкіх побач не засталося. Стала шукаць паратунку… Кідалася то туды, то сюды… Але неяк прыйшла да разумення, што сапраўднае пакаянне і збавенне можа даць толькі праваслаўная царква. Вось тады і прыйшла ў храм па-сапраўднаму.



Шлях да сябе

Яна ніколі не думала, што некалі зможа пісаць іконы. І нават не марыла пра гэта…


– Неяк сяброўка даведалася, што ідзе набор дзяўчат у духоўнае вучылішча, і прапанавала мне: давай паступаць.
Мне гэтая ідэя спадабалася: хацелася больш даведацца, найперш – для самой сябе… Ды і ў храме я ў той час ужо пачала працаваць – спявала ў хоры, прапанавалі выкладаць у нядзельнай школе…
За блаславеннем мы ездзілі ў Жыровічы, да айца Мітрафана, келейнікам у якога быў наш айцец Георгій Савіцкі. Тая сустрэча стала незабыўнай і ўражанні ад яе – неперадавальныя: я адчула, што айцец Мітрафан сапраўды святы чалавек…
Па блаславенні айца Мітрафана мы паступілі ў духоўнае вучылішча. Там было тры аддзяленні: катэхізатарскае, іканапіснае і псаломшчыкаў. Нам параілі: катэхізатарамі вы і так станеце, а калі ўмееце маляваць ці спяваць, выбірайце што-небудзь з апошніх. Я, калі працавала ў школе, шмат займалася афармленнем нагляднай агітацыі, для сябе нешта спрабавала маляваць… Ну і выбрала іканапіс. Хоць па вялікаму рахунку лічыла, што гэта – не маё. Па праўдзе кажучы, мяне яшчэ доўга цягнула ў школу…
Па волі Божай да нас у той год прыехаў выкладчык іканапісу з Троіца-Сергіевай лаўры Дзмітрый Аляксандравіч Вераценнікаў. Лічу, што нам моцна пашанцавала: ён нас вучыў усяму, паэтапна, прычым вельмі настойліва і патрабавальна. Мы маглі па дзесяць разоў сціраць накладзеныя фарбы, пакуль тон не атрымаецца роўным і акуратным…
Пасля заканчэння вучылішча некалькі гадоў працавала на прыходзе – там, як звычайна, трэба было займацца ўсім: і ў хоры спяваць, і нябожчыкаў адпяваць, і ў нядзельнай школе выкладаць, і іконамі займацца…
З цягам часу сталі паступаць заказы на іконы. Іканапісец – прафесія даволі рэдкая, хоць і вучаць гэтаму ў духоўным вучылішчы. Але адна справа – вучыцца, і зусім іншая – пісаць абразы… Да прыкладу, у Лідзе нас толькі двое. Мы разам заканчвалі духоўнае вучылішча, толькі ў Ніны Афанасьеўны Гораш, у адрозненне ад мяне, да таго часу была мастацкая адукацыя, і яна вучылася завочна. Мы нават жывём на суседніх вуліцах, і заўсёды дзелімся – парадамі, фарбамі, калькамі… У нас жа ўсё гэта – дэфіцыт. Справа нават не ў тым, што фарбы вельмі дарагія – іх цяжка дастаць. Здараецца, нешта нам дораць. Але часцей купляем, дзе можам – прывозяць з Расіі, зрэдку ў Мінску нешта знаходзім…
Ікона ж у ідэале павінна пісацца толькі натуральнымі пігментамі – охра, кінавар… Яны расціраюцца ў парашок на шкле курантам – такое спецыяльнае прыставанне, затым разводзяцца яечным жаўтком і белым віном… Наш выкладчык расказваў, што ў Троіца-Сергіевай лаўры быў такі жарт: не падумайце нічога дрэннага, калі сустрэнеце іканапісца з белым віном, півам ці нават з гарэлкай – усё гэта яму патрэбна для падрыхтоўкі фарбаў. Вы можаце насцярожыцца толькі тады, калі ўбачыце яго з чырвоным віном… У даўнія часы фарбы расціраў памочнік майстра – дзесяць гадоў ён павінен быў рыхтаваць палотны, расціраць фарбы – і толькі потым яму дазвалялася брацца за самастойную работу. Зараз жа ўсё прасцей, хутчэй – і цяжэй. Усё трэба рабіць самому. Мяне неяк урачы адправілі на ультрагукавое даследаванне з-за таго, што мая правая рука нашмат таўсцейшая, чым левая, падазравалі нават пухліну. А ўся справа ў тым, што ёй даводзіцца больш працаваць: кожны дзень – з курантам ды з пэндзлем…



Праца і адказнасць

Іканастас для астравецкай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла Вольга Марцішка пісала больш чым год.


– Ваш айцец Георгій – мой духаўнік. Так сталася, што аднойчы, у вельмі складаны для мяне час, я шукала духоўнага айца. І аднойчы ў саборы ў Лідзе ўбачыла, што вернікаў спавядае айцец Георгій – келейнік айца Мітрафана, якога я бачыла ў той час, калі прыязджала да гэтага святога чалавека за блаславеннем. Я пайшла да яго – з таго часу і па сённяшні дзень айцец Георгій з’яўляецца маім духоўным айцом, хоць цяпер у Лідзе ён бывае не так часта…
Калі ж аднойчы айцец Георгій прыехаў і сказаў, што я буду пісаць цэлы іканастас для астравецкага храма, я спачатку не паверыла, падумала, што ён жартуе… У мяне да таго не было вопыту такой вялікай працы, хвалявалася – ці спраўлюся?
Але па волі Божай, здаецца, усё атрымалася… Айцец Георгій моцна дапамагаў – і справай, і падтрымкай. Мне, да прыкладу, не трэба было клапаціцца пра дошкі – а для ікон жа патрэбны асаблівыя, абавязкова ліпавыя, асаблівым чынам вырабленыя, высушаныя – такія ў нашай епархіі рыхтуе толькі адзін майстар у Жыровічах.
Хоць, прызнаюся, працаваць было складана, асабліва з вялікімі іконамі. Умовы для працы ў мяне прыстасаваныя, і нават размясціць іконы, каб паглядзець іх у розных ракурсах, у патрэбным святле, што і як атрымліваецца, не было магчымасці. З-за гэтага нешта потым даводзілася падпраўляць…
І ведаеце, існуе цесная сувязь паміж чалавекам, які заказаў ікону, і майстрам, які над ёй працуе. У мяне так здаралася – работа ідзе, як па масле, што называецца, на адным дыханні. А потым выпадкова даведваешся, што чалавек, для якога ты пішаш, – глыбокай і шчырай веры. А бывае, што, як ні стараешся – не атрымліваецца. І нічога складанага, здаецца, пісала ж такія іконы неаднойчы… Тады і сапраўды просіш малітоўнай падтрымкі…
Без малітвы, блаславення за такую справу ўвогуле нельга брацца. Я ведаю выпадкі, калі чалавек самаўпэўнена лічыў, што ён можа напісаць ікону і без Божай падтрымкі: маўляў, падумаеш, такая складанасць – фарбы палажыць у адпаведнасці з канонам, гэта ж не нешта ўласнае прыдумаць і намаляваць! Для яго гэта скончылася вельмі дрэнна…
Ды я па сабе ведаю: калі, здараецца, не памолішся належным чынам, то самае простае не атрымліваецца… А пачытаеш малітву – глядзіш, і пайшла работа.
Так было ў пэўныя моманты, калі працавала над астравецкім іканастасам. Многія абразы для яго заказвалі прыхаджане. І вось, калі амаль усе яны занялі свае месцы і засталося толькі некалькі незакончаных работ – а завяршыць хацелася да Вялікадня – у мяне праца застапарылася. Ну вось не атрымліваецца – і хоць ты плач. Падзялілася з айцом Георгіем. Ведаю, што ён прасіў некаторых прыхаджан прыйсці да споведзі і прыняць святое прычасце… Пасля таго, як людзі, што заказалі іконы, зрабілі гэта, усё пайшло – нібы і не было ніякай праблемы. Усё атрымалася, і работа была завершана, як і планавалася, да Пасхі…
На іканапісцах ляжыць вельмі вялікая адказнасць. Гэта ж не так проста – напісаць лік Збавіцеля, Маці Божай, святых… Людзі прыходзяць у храм, моляцца перад іконай – і ад таго, як паглядзіць на іх святы з іконы, можа залежаць усё яго далейшае духоўнае жыццё. Асабліва, калі чалавек прыйшоў у храм упершыню… Вы былі ў Мірскім замку? Бачылі на капліцы мазаічную выяву Іісуса Хрыста? Я ўвесь час не перастаю дзівіцца: гэта ж як трэба было майстру перадаць погляд, калі, дзе б ты ні стаяў – блізка ці здаля, збоку ці перад самым фасадам – Гасподзь глядзіць табе проста ў вочы. Ды што там у вочы – проста ў душу! Часам яго позірк ласкавы, лагодны, у іншы момант – грозны, незадаволены…
Навучыцца так пісаць іконы – гэта, напэўна, самае галоўнае. Я шчаслівая, калі ў мяне часам атрымліваецца нешта падобнае. Але так бывае далёка не заўсёды. Чаму – я не ведаю… Гэта, мусіць тое, што ідзе не ад самога іканапісца, а з вышынь…


Іконы пішуцца па пэўных канонах, прастор для творчасці мастака тут абмежаваны: адзенне, твар, німб, крыж – выява кожнай дэталі выпрацоўвалася стагоддзямі, шліфавалася рукамі і малітвамі соцень іканапісцаў, тут, па вялікаму рахунку, няма месца творчасці і ўласнаму бачанню мастака…
І ўсё ж, калі я прыходжу ў астравецкі храм, адзін лік з нашага цудоўнага – кананічнага, вельмі прыгожага, па-майстэрску зробленага – іканастаса глядзіць на мяне, мне здаецца, неяк па-асабліваму: калі – радасна, часам – з мацярынскім папрокам, але заўсёды – вельмі цёпла, з любоўю і дараваннем…
І чытаецца ў тым позірку і святло вачэй юнай манашкі, якую я сустрэла некалі ў Карме, і цеплыня і шчырасць у нечым падобнай да яе Вольгі Марцішка…


Ніна РЫБІК.