Костёл Вознесения Сятого Креста в Островце: дорога длиной в столетие

14:43 / 09.07.2012

У мінулым годзе споўнілася 100 гадоў Астравецкаму касцёлу Узнясення Святога Крыжа. Юбілей не адзначаўся – парафія на чале з пробашчам Андрэем Горбачам, які прыбыў да нас летась, вырашыла аднесці святкаванне на год пазней, каб паспець падрыхтаваць да ўрачыстасці і касцёл, і тэрыторыю вакол яго.



Год не прайшоў дарэмна – у храме і на прыкасцельным пляцы было зроблена многае. І работы працягваюцца.
Але ў гэтым артыкуле хочацца вярнуцца да вытокаў. Да пачатку будаўніцтва касцёла Узнясення Святога Крыжа.
…Пасля жорсткага падаўлення царскай Расіяй паўстання 1863-64 гадоў па нашай зямлі пракацілася хваля рэпрэсій. А паколькі паўстанцаў актыўна падтрымлівалі касцёлы і кляштары, пакаралі і іх: па загаду царскіх міністраў католікі так званага Заходняга краю страцілі ў той перыяд 359 сваіх храмаў. У нас на Астравеччыне былі зачынены касцёл Наведання Панны Марыі і кляштар кармялітаў у Гудагаі, а Быстрыцкі і Астравецкі касцёлы былі перароблены пад цэрквы. Пры перадачы Астравецкага касцёла пад праваслаўную царкву яго дах быў перароблены – стаў больш пакатым, а над ім быў узведзены псеўда-купал з цыбулепадобнай макаўкай, які быў зняты толькі ў 30-я гады мінулага стагоддзя.
Парафія, у якой налічвалася больш за 14 тысяч вернікаў, засталася без храма, таму ў пачатку новага стагоддзя было вырашана будаваць новы касцёл. І ў 1910 годзе годзе на ахвяраванні парафіян будаўніцтва распачалося.


З успамінаў былой жыхаркі Астраўца Францішкі Станіславаўны Букель, запісаных у 1998 годзе:
– Рускія закрылі касцёл святых Космы і Даміяна, дакладней, пераўтварылі яго ў царкву, хоць хадзіць туды фактычна не было каму – у Астраўцы жыў толькі адзін праваслаўны вернік, зэгаршчык (майстар па рамонце гадзіннікаў) Рыткодзін. Астатнія былі католікамі і вырашылі пабудаваць новы касцёл. Па ўсёй парафіі тады збіралі яйкі, бялок якіх дамешвалі ў раствор дзеля моцы.
Касцёл пабудавалі ў рэкордна кароткі для тых часоў перыяд – усяго за два гады. Але, як высвятляецца, ідэя архітэктара так і не была ажыццяўлёна поўнасцю – першапачаткова аўтарам праекта было задумана ўзвядзенне на даху некалькіх вежаў…


Па словах жыхара Астраўца Зянона Іванавіча Мекіна, у іх сямейным архіве многія гады захоўвалася паштоўка, выдадзеная, каб заахвоціць людзей рабіць дабрачынныя ахвяраванні на заканчэнне будаўніцтва храма. На ёй быў змешчаны эскізны варыянт канчатковага выгляду касцёла – з вежамі.
Напэўна, задуманае ўдалося б ажыццявіць, але свет ужо ліхаманіла прадчуванне Першай сусветнай вайны. Ды і парафіяне, пакуль два гады будавалі, “паабнасіліся”… І яшчэ не адзін год касцельны крыты бляхай дах меў “востраў”, пакрыты часовай дранкай – менавіта ў тым месцы, дзе павінны былі вырасці вежы.
Усё на свеце мае свой лёс: краіна, горад, храм, чалавек… Касцёл Узнясення Святога Крыжа нядоўга быў запатрабаваны – пасля заканчэння Першай сусветнай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі стала адносіцца да Польшчы, і вернікі звярнуліся да Віленскага біскупа з просьбай вярнуць ім касцёл святых Космы і Даміяна.
Пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа ксёндз Андрэй Горбач прынёс у рэдакцыю і дазволіў выкарыстаць у гэтым артыкуле два ўнікальныя дакументы. Першы з іх датаваны 5 мая 1918 года. Дазволім сабе прывесці яго змест у крыху скарочаным варыянце:


Эксцэленцыі Адміністратару Дыяцэзіі Віленскай
Просьба парафіі Астравецкага касцёла
Мы, парафіяне Астравецкай парафіі, звяртаемся з найпакорнейшай просьбай да Вашай Эксцэленцыі, каб быў ласкавы заступіцца за нас перад уладамі акупацыйнымі, каб касцёл, забраны ў нас расейскім урадам у 1866 годзе і перароблены пад царкву, быў нам аддадзены, як наша ўласнасць. …Няма рацыі, каб касцёл і далей заставаўся царквой, таму што ад 1905 года ўсе праваслаўныя вернікі Астраўца перайшлі ў каталіцкую веру, і ва ўсёй Астравецкай парафіі не засталося ніводнай праваслаўнай сям’і….
Яшчэ адной, прычым самай важнай нагодай, якая прымушае нас маліць Вашу Эксцэленцыю як мага хутчэй вярнуць нам нашу святыню, з’яўляецца той факт, што падчас Германскай акупацыі… дах касцёла быў знішчаны выбухам гранаты яшчэ ў 1915 годзе. І вось ужо на працягу трох гадоў дождж і снег трапляюць у храм і марнуюць яго сцены. Трэцяя частка даху цалкам пашкоджана, і вада ад дажджу або снегу трапляе ў касцельныя скляпенні і падыходзіць да вонкавых сцен. Калі так будзе і далей, святыня будзе зруйнаванай цалкам.
Таму просім Вашу Эксцэленцыю перадаць гэты касцёл пад апеку парафіі і нашага пробашча, як уласнасць Каталіцкага Касцёла, а мы прымаем на сябе абавязак пад кіраўніцтвам ксяндза-пробашча ў самы кароткі перыяд аднавіць дах.
І далей подпісы: Людвік Дубіцкі, Ян Гарасімовіч, Юзаф Анімуцкі, Ян Мілешка, Сямён Васілевіч, Вікенці Дубіцкі, Марыян Сінкевіч, Станіслаў Масейка, Томаш Гродэль (Гродэ?), Віктар Козіч, Уладзіслаў Семашкевіч (Сямашка?), Анжэй Тарашкевіч, Віктар Тарашкевіч, Ян Дубіцкі, Юзаф Войнюш, Антон Волчак, Вацлаў Радзевіч, Ян Чарняўскі, Вінцэнты Сцефановіч, Мацей Тарашкевіч, Осіп Саладуха, Стафан Чарняўскі, Іван Развадоўскі, Павел Гульбіцкі, Міхаіл Васілевіч, Ян Кацінель, Дамінік Мілешка, Антоні Дубіцкі, Эдвард Развадоўскі, Стафан Ёч…

Усяго трыццаць восем подпісаў, не ўсе з якіх можна расчытаць. Цікава, што ў 1918 годзе жыхары Астраўца падпісваліся на дзвюх мовах: большасць – па-польску, але 11 чалавек напісалі сваё імя і прозвішча па-руску. Па-беларуску – ніхто. І, як відаць, толькі мужчынская палова насельніцтва Астраўца мела права звярнуцца да Яго Эксцэленцыі – бабская ж дарога тады была – ад печы да парога…
…Біскуп аддаў парафіянам касцёл, і яны стрымалі дадзенае слова – адрамантавалі дах. І набажэнствы сталі адбывацца ў “белым” касцёле ў цэнтры Астраўца. А ў новым імшы адпраўляліся толькі ў дні вялікіх “рочных” свят. Але вернемся да будаўніцтва касцёла Узнясення Святога Крыжа…


З інвентара Астравецкага парафіяльнага касцёла за 1922 год.
Новы касцёл.
Новы касцёл, які носіць імя “Адшуканне Святога Крыжа” пабудаваны з белай цэглы за ахвяраванні парафіян і намаганнямі ксяндза Пятра Баханоўскага ў стылі з трыма нефамі. На ім павінны быць фасадная вежа і дзве меншыя, якія не былі ўзведзены з-за ваенных дзеянняў. Падлога ў касцёле цэментная, дах – з бляхі, у касцёле 10 акон і 2 у захрыстыі адной і другой, аконныя рамы жалезныя. Адны дзверы галоўныя адкрываюцца на два бакі, на 6 жалезных петлях і круках. Адны малыя дзверы побач з вялікімі для штодзённага карыстання і другія малыя ўнутранныя ў захрыстую. Падлога ў захрыстыі і перад Вялікім Алтаром з дошак...
Зямля.
Касцёл мае зямлю ў трох кавалках: 1 – тры дзесяціны каля новага касцёла з могілкамі для пахаванняў; 2 – сем дзесяцін, прымацаваных да новага касцёла; 3 – 40 дзесяцін па абодвух берагах Лошы пры старым касцёле, уфундаваным Ежы Гаштольдам і братамі Мілковічамі; 4 – 80 дзесяцін зямлі разам з лугамі ў фальварку Трэцянішкі. На сённяшні дзень Трэцянішкі адабраны ў касцёла ўрадам насуперак волі касцёла і парафіі, якія выказвалі афіцыйны пратэст супраць гэтага.
У 1915 годзе прынята зямля пасля святой памяці памерлага ксяндза Баханоўскага, на якой азімыя не былі пасеяны, а яравыя былі аплочаны наяўнымі грашыма.
У 1918 годзе прынята зямля ў колькасці 120 дзесяцін ад нямецкіх ваенных уладаў пасля збору імі азімых і гародніны.
Будынкі.
Плябанія не закончана, перароблена ў 1918 годзе з капліцы. Мае 27 аршынаў даўжыні і 14 аршынаў шырыні.
Гумно старое.
Хлеў стары і адзін новы, у якім могуць быць размешчаны 4 кані і 6 кароў. Пабудаваны ў 1918 годзе. Арганістоўка 12х9 аршынаў і адрына для арганіста ля дома.
Прыведзены дакумент захоўваецца ў Літоўскім Дзяржаўным гістарычным архіве. Датаваны ён 1922-м годам.
…“Новы касцёл, пабудаваны… намаганнямі ксяндза Пятра Баханоўскага…” – вось так усплыло з незаслужанага забыцця яшчэ адно імя. Хоць, як аказалася, забыццё не было поўным – парафіяне старэйшага пакалення памятаюць пра гэтага святара і сёння.


З расповеду жыхаркі Астраўца Соф’і Іванаўны Кацінель:
– Пра ксяндза Баханоўскага мне расказвала мая мама. Гэта быў вельмі энергічны чалавек і сапраўдны – ад Бога – святар. Пад яго кіраўніцтвам быў узведзены новы касцёл, хоць поўнасцю закончыць будаўніцтва ксёндз Пётр не паспеў…
Не ведаю дакладна, у якім годзе гэта адбывалася, але на Віленшчыне тады бушаваў тыф. (Паколькі ў вышэй прыведзеным “Інвентары” сказана, што землі ксяндза Баханоўскага перайшлі ў валоданне касцёла ў 1915 годзе, хутчэй за ўсё гэта адбывалася ў пачатку Першай сусветнай вайны – Г.Ч.) Пробашча Баханоўскага паклікалі да паміраючай ад тыфу дзяўчынкі – даць апошняе намашчэнне. Людзі нібы прадчувалі дрэннае – многія ў той дзень спрабавалі адмовіць ксяндза ад небяспечнай паездкі. Ён жа адказваў усім аднолькава: “Мушу ехаць, таму што падрыхтаваць чалавека да сустрэчы з Богам – мой абавязак”.
Святар паспавядаў дзяўчынку, даў ёй Святую Камунію, і яна памерла ў спакоі. А праз некалькі дзён ксёндз Баханоўскі сам захварэў на тыф. І хоць мясцовы доктар прыкладаў усе намаганні, каб яго вылечыць, неўзабаве святар адчуў, што дні яго злічаны. Перад смерцю ён папрасіў пахаваць яго ў касцёле, які ён так і не паспеў дабудаваць. Апошнюю волю пробашча Баханоўскага выканалі. Падлогі ў храме яшчэ не было, таму перад алтаром выкапалі яму, забетаніравалі яе і паставілі труну. І з таго часу ксёндз Баханоўскі не прапусціў ніводнай імшы, якая адбывалася ў новым касцёле.


Быў ён і маўклівым сведкам ганьбавання святыні, калі ў часы ваяўнічага атэізму храм стаў складам. А якой радаснай малітвай славіў Бога ксёндз Баханоўскі, калі святыню вярнулі парафіянам! І, можа стацца, менавіта ягонае “Пад тваю апеку…” дадало раўнавагі ксяндзу Казіміру і яго памочніку, калі яны на неймавернай вышыні ўдваіх перакрывалі дах храма…
– Словы парафіянкі я б паставіў пад сумненне, – пракаменціраваў сітуацыю сучасны пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа ксёндз Андрэй Горбач. – Справа ў тым, што святарам забаранялася і забараняецца да гэтага часу быць пахаванымі ўнутры касцёла – толькі за яго сценамі. Не думаю, што для ксяндза Баханоўскага было зроблена выключэнне.
Хутчэй за ўсё ксёндз Андрэй мае рацыю. Але ў такім разе, дзе знаходзіцца магіла пробашча Баханоўскага? Не верыцца, што парафія, нават пры ўсіх цяжкасцях ваеннага часу, пахавала яго пад драўляным крыжом, які да гэтага часу паспеў спарахнець. Калі не хапала грошай на каменную пліту, то хоць на жалезны крыж знайшлі б сродкі, – а ён стаяў бы і сёння, як стаіць узбоч новага касцёла жалезны крыж, пад якім у 1919 годзе быў пахаваны яшчэ адзін ксёндз – Павел.
А можа, ксёндз Пётр Баханоўскі ўсё ж пахаваны ўнутры касцёла? Можа, у часы ваеннага ліхалецця парафіяне вырашылі дзейнічаць без аглядкі на рэлігійныя забароны, і цела святара, які ў літаральным сэнсе аддаў сваё жыццё за парафію, назаўсёды з’ядналі з дзецішчам яго думак і памкненняў – з храмам, які ён узвеў? Чамусьці хочацца верыць, што гэта менавіта так. І цяпер, назіраючы, як касцёл Узнясення Святога Крыжа стаў цэнтрам новай парафіі, як з кожным днём храм становіцца ўсё больш дагледжаным і прыгожым, яго першы пробашч у нетрах касцёльных скляпенняў нячутна шэпча “Ды свяціцца Імя Тваё”…


Пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа ксёндз Андрэй Горбач звяртаецца да нашых чытачоў з просьбай прынесці ў захрыстыю фатаграфіі касцёла розных часоў.


Па-першае, ён мае намер аднавіць былое ўнутранае ўбранства храма. А па-другое, да святкавання стогадовага юбілею касцёла святар хоча зрабіць тэматычную выставу “Дарога даўжынёй у стагоддзе”. Патрэбны фатаграфіі ўсіх часоў існавання храма, нават тыя, калі ён існаваў як склад.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.