На островецкую землю прибыли христианские святыни

14:37 / 19.06.2012

У мінулую нядзелю на Астравеччыну прыбылі чаканыя святыні –  каўчэг з часцінкай дрэва часнога Крыжа Гасподняга і мошчаў святога Уара, якому моляцца аб аблягчэнні лёсу душ памерлых, якія памерлі няхрышчаныя, а таксама абразы роўнаапостальнай Марыі Магдаліны і святой вялікамучаніцы Варвары. Іх шлях да нашага горада пачынаўся са Смаргоні, з храма святых Віленскіх Мучанікаў, суправаджаў святыні  айцец Міхаіл Вяроха.


У шаснаццаць гадзін на пляцоўцы-аўтастаянцы насупраць дарожна-будаўнічага ўпраўлення ў чаканні святынь сабралася многа астраўчан з лампадай свяшчэннага агню, абразамі, храмавымі харугвамі, букетамі садовых кветак. І вось аўтамабіль айца Міхаіла зарульвае на стаянку. Хлебам-соллю, як самага дарагога госця, сустракаюць яго вернікі.
З узнёслым душэўным пачуццём  настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі і настаяцель храма  прарока Іліі вёскі Альхоўка іерэй Ігар Пятроўскі прымаюць каўчэг і абразы. Разам з айцом Міхаілам яны ўзначальваюць Крыжовы ход, які з песнапеннямі накіроўваецца па вуліцы Валадарскага ў цэнтр горада, да храма. Групы астраўчан сыходзяць з тратуараў і далучаюцца да шэсця, нібыта ручайкі сцякаюцца ў шырокую раку – праваслаўныя і католікі,  аб’яднаныя глыбокай павагай да святыняў. Як вядома, святых Марыю Магдаліну і вялікамучаніцу Варвару ўшаноўваюць не толькі праваслаўная Царква, але  і каталіцкі Касцёл.
Прыхаджанкі  высыпаюць дарогу бела-ружова-чырвонымі  пялёсткамі півоняў. Іх салодкім пахам напоўнена паветра.
Святыні ўрачыста заносяцца ў храм і ўстанаўліваюцца на аналоі. Служыцца падзячны малебен, пасля якога многія дзясяткі людзей розных узростаў выстройваюцца ў чаргу, каб прыкласціся да святынь, выказаць у малітвах  самае  патаемнае, папрасіць для сябе, родных і блізкіх вылечвання ад цяжкіх хвароб, падтрымкі і дапамогі ў жыццёвых нягодах.


Святыні будуць знаходзіцца ў Астраўцы да пятніцы, 22 чэрвеня, затым будуць дастаўлены ў Варняны і Альхоўку, а 24 чэрвеня адправяцца ў Дзятлава.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.