Праздник Гервятской парафии, костёла и ксендза +фото

08:57 / 11.06.2012

Галоўны фэст года ў Гервяцкім касцёле ладзіцца ў гонар Святой Тройцы: Бога-Айца, Бога-Сына і Бога-Святога Духа. Усе малітвы і спевы падчас святочнай літургіі прысвячаюцца Адзінаму Богу,  які існуе ў Трох Асобах.


Але сёлета да ўрачыстых імшальных інтэнцый фэсту далучылася яшчэ адна – трыцаццігоддзе святарскай дзейнасці пробашча парафіі ксяндза Леаніда Несцюка. Святара, намаганнямі якога Гервяцкі храм стаў каштоўнай пярлінай у ланцужку славутасцей не толькі Астравеччыны – усёй Беларусі…
…Надвор’е не спрыяла святу – два дні запар густы дождж  з зайздрасці вартым пастаянствам выбіваў барабанны пошчак на чарапічным даху касцёла, ручаінкамі слёз сцякаў з алябастравых твараў яго святых ахоўнікаў – апосталаў, упарта дзюбаў расаду пяці тысяч кветак, высаджаных на шматлікіх клумбах.
А ў нядзелю, калі надышоў час урачыстай працэсіі, нябесная бездань закрылася – і святочныя харугвы засталіся сухімі.
І калі зацяжныя дажджы мелі намер адбіць у людзей ахвоту прымаць удзел у фэсце, яны пралічыліся: у нядзелю ў касцёле Святой Тройцы вернікаў было – як каласоў на жытнёвым жнівеньскім полі. У госці да парафіян завіталі і ўсе святары Астравецкай дыяцэзіі, а таксама айцец-францішканец Анатоль Ярошка са Слоніма і ксёндз Казімір Жыліс з Гродна. Разам з іншымі на фэсце маліліся прадстаўнікі сейма Літвы, мясцовую ўладу прадстаўляў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Натхнёна і неяк вельмі душэўна вёў святочную літургію айцец Анатоль Ярошка – адзін з пяці выхаванцаў ксяндза Несцюка, якія пайшлі па яго слядах і сталі святарамі. Можа таму, што рабіў гэта на беларускай мове?..



Дарэчы, Гервяцкі фэст традыцыйна распачынаецца ў суботу – імшой для дзяцей і моладзі, якую на гэты раз таксама па-беларуску адслужыў таленавіты святар, айцец-кармяліт Павел Рудман.
А падчас цэнтральнай службы фэсту вядучаму яе святару дапамагаў ксёндз Казімір з Гродна, які звяртаўся да прысутных па-літоўску, а таксама іншыя канцэлебрыруючыя святары, якія маліліся па-польску.
Сапраўдным паліглотам паказаў сябе арганіст касцёла Андрэй Міхневіч – аднолькава таленавіта ён спяваў на лацінскай, беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах. І прысутныя на імшы людзі з аднолькавай гатоўнасцю падхоплівалі спеў прафесійнага музыканта на кожнай з моў. Асабліва ўзрушыла людскія сэрцы рускамоўная песня “Божа, даруй мне” – Андрэй выканаў яе ў момант, калі вернікі, прыняўшы Святую Камунію, вярнуліся на свае месцы, каб прачытаць удзячную малітву. Глыбокі сэнс песні і майстэрскае яе выкананне аб’ядналі людзей, узвысілі іх над уласным быццём, узнослі ў зусім іншае вымярэнне, у якім так блізка да Бога...
Пасля заканчэння літургіі з нагоды юбілею святарскага служэння мора цёплых слоў, процьму кветак, а яшчэ больш удзячных усмешак ксёндз Леанід  Нясцюк прымаў  ад прыхільнікаў свайго шматграннага таленту – ад гасцей і вернікаў сваёй парафіі – найперш як таленавіты і неабыякавы чалавек, потым – як цудоўны святар, рэстаўратар, аўтар і рэалізатар самых фантастычных ідэй, ландшафтны архітэктар et cetera, еt cetera…
Ад імя кіраўніцтва раёна юбіляра павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, які, у прыватнасці, паведаміў аб тым, што неўзабаве фатаграфія ксяндза Леаніда Несцюка з’явіцца на раённай Дошцы гонару – і гэта беспрэцэндэнтны для нашай краіны выпадак. Гервяцкі святар заслужыў гэта пачэснае права сваёй нястомнай працай – аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што падчас абмеркавання яго кандыдатура была прынята аднадушна.
Віншуем і мы шматшаноўнага ксяндза Леаніда Несцюка з 30-годдзем святарскага паклікання. Нізка кланяемся за ўсё, што ён зрабіў і працягвае рабіць для ўпрыгожвання Астравецкай зямлі, і жадаем толькі аднаго – не зніжаць набраную вышыню. Так трымаць, Леанід Пятровіч!


Францішка КРАСКО.
Фота Івана ПЕТРЫКА.