Торжественно отметили День Святого Духа в храме святых апостолов Петра и Павла в Островце

08:12 / 13.06.2012

Божую Літургію служыў сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Андрэй Цыгель, які наведаў наш горад і храм  з нагоды другой гадавіны стварэння Астравецкага благачыння. Яму саслужылі благачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў, астравецкі благачынны Георгій Савіцкі, іерэі Вячаслаў Шасцітка, Ігар Пятроўскі, дыякан Андрэй з Жыровічаў.


У храме панавала надзвычай узнёслая малітоўная атмасфера. Натхнёна спяваў хор, у адзіным душэўным парыве прамаўлялі словы малітваў прыхаджане: у імя Айца і Сына і Святога Духа – Тройцы Адзінасутнай і Непадзельнай. І адчувалі сапраўднае адзінства ў веры, набіраліся духоўных сіл.
З пропаведдзю да прыхаджан храма звярнуўся айцец Андрэй Цыгель. Ён пажадаў вернікам і надалей умацоўвацца ў веры ў Трыадзінага Госпада, жыць па Запаведзях Божых – своеасаблівых правілах руху па дарозе жыцця. А яшчэ высокі госць адзначыў добрыя змены, што адбыліся ў царкве святых апосталаў Пятра і Паўла: з’явіўся новы кананічны іканастас. Намаганнямі айца настаяцеля і прыхаджан храм становіцца ўсё больш прыгожым. Прападобны Серафім Сароўскі гаварыў, што калі чалавек  у храме проста пыл вытрэ – і за тое ён будзе ўдастоены ўзнагароды ад Госпада, Яго  міласці.
Узмацнела і благачынне. Зараз праваслаўныя вернікі ўносяць малітвы Богу ў двух храмах – астравецкім і вёскі Альхоўка і малітоўным доме ў аграгарадку Варняны. Рэгулярна служацца малебны ля паклоннага крыжа ў Гудагаі.
Айцец Андрэй выказаў архіерэйскую падзяку ўсім, хто працуе ў храме дзеля яго працвітання і ўмацавання Астравецкага благачыння.
У гэты дзень апошнюю Літургію здзяйсняў на Астравеччыне айцец Вячаслаў Шасцітка – ён пераведзены ў Гродна, дзе будзе несці святарскае служэнне ў манастыры. Настаяцелем  храма святога прарока Іліі ў вёсцы Альхоўка прызначаны іерэй Ігар Пятроўскі.
Затым ля магілы першага настаяцеля храма протаіерэя Паўла Варановіча была адслужана заўпакойная ліція.


Таіса СЯМЁНАВА, фота  аўтара.