Радасная праводная ў Астравецкім касцёле Узнясення Святога Крыжа

12:32 / 19.04.2012
2

Наступную пасля Пасхі нядзелю традыцыйна называюць праводнай. Раней гаспадыні перад Вялікаднем стараліся напячы столькі пірагоў, каб хапіла да праводнай. Некаторыя напярэдадні гэтага дня яшчэ раз фарбавалі яйкі. А яшчэ на праводную прынята спяваць і весяліцца. Радавацца. Менавіта так прайшоў гэты дзень у Астравецкім касцёле Узнясення Святога Крыжа.


Пасля першай ранішняй імшы невялікі канцэрт зладзілі тут Марына Варабей і Аляксандр Якіменка, якія выканалі як рэлігійныя, так і лірычныя песні. А яшчэ Марына прачытала некалькі вершаў і нават у проігрышы адной з песень станцавала вальс.
Але і пасля другой імшы вернікі не спяшаліся дадому – пасля яе заканчэння сваю канцэртную праграму песняй “Хрыстус ідзе, Алелюя!” распачалі самадзейныя артысты хору “Польскае рэха Астраўца”. Шмат эмоцый у гледачоў выклікала многагалосае выкананне “Баркі” – любімай песні Святога Айца тысячагоддзя Яна Паўла ІІ. А песня-малітва “Верую”, якую выканала трыа ў складзе Алены і Наталлі Такарчук і Віктара Невяроўскага, прагучала светла і пранікнёна.
Патрыятычны верш на польскай мове прачытала Яніна Змітровіч. Некалькі прытчаў расказалі Алена і Наталля.
І ўсё ж галоўнай гераіняй канцэрта была песня: рэлігійная і народная, лірычная і з гумарком, пранізліва-сумная і бесшабашна-вясёлая. Так што гледачы разам з артыстамі і плакалі, і маліліся, і весела пляскалі ў далоні ў такт акордам. Хор “Польскае рэха Астраўца” – удзельнік многіх канцэртаў, і большасці прысутных добра знаёмае яго гучанне. Але на гэты раз яно было асаблівым – магутным, узнёслым і радасным. У касцёле спявалі не выпадковыя людзі, а цэласны калектыў, у якім кожны выканаўца – на сваім месцы, кожны вядзе сваю партыю, і яны сплятаюцца ў адзін голас – магутны і гарманічны. Не ведаю, ды і не хачу высвятляць, у чым прычына такога прафесійнага выступлення калектыву – у акустычных асаблівасцях архітэктуры касцёла ці ў прыўзнятым настроі самадзейных артыстаў – галоўнае, што канцэрт атрымаўся на дзясятку з плюсам.


Ганна ЧАКУР.


Фота аўтара і Юрыя ГОРЫДА.