У католікаў сёння Пальмовая нядзеля

09:20 / 01.04.2012
6153

У Пальмовую нядзелю касцёл пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры – пасхальную таямніцу смерці і Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Іерусалім адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў.


…Іерусалім чакаў перамен. Рымская акупацыя, пад якой амаль дзве тысячы гадоў таму назад жылі габрэі, была падобнай да егіпецкай няволі, з якой іх прадзедаў вывеў праз Маісея Сам Бог. Вось і цяпер габрэі жылі надзеяй на цудоўнае вызваленне.
Хрыстос быў шырока вядомым у Іерусаліме – ён карміў людзей, лячыў іх, уваскрашаў з памерлых, сваімі прамовамі захапляў іх сэрцы. Таму натоўп з такім энтузіязмам вітаў Езуса, які ўязджаў на асле ў Іерусалім крыкамі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны, хто прыходзіць у імя Пана». І здавалася, дарога, па якой ехаў Езус, вяла да вызвалення ад рымскай акупацыі і адраджэння свабоды Богам абранага народа.
Аднак, паводле Божага плану, дарога Пальмовай нядзелі мела іншы сэнс – яна была дарогай да ахвяры.
У радасным святкаванні Пальмовай нядзелі мы часта забываем, што ўжо праз некалькі дзён той самы натоўп будзе жадаць смерці Езуса. Можна задаць пытанне: чаму? Таму, што шлях, якім ішоў Езус, быў шляхам пакоры, любові, служэння іншым, надзеі і падтрымкі. Гэта быў шлях збаўлення, а не панавання. Гэта быў шлях Божага валадарства, а не зямнога валадара. Гэта быў шлях Божай, а не зямной хвалы. Гэта быў шлях праведнасці, а не грукат зброі.
Вынік вядомы: той самы натоўп, які так радасна вітаў Езуса, у сваёй злосці, баязлівасці і мітусні праз некалькі дзён паслаў Яго на крыж…
Шмат часу сплыло пасля той падзеі, але мы сваімі грахамі і абыякавасцю зноў і зноў працягваем пасылаць Езуса на Крыжовую дарогу…
Але заўтра, у Пальмовую нядзелю, мы ўзгадаем свае мары аб свабодзе… Аб свабодзе ад грэху, вядома. Аб духоўным святле… І выйдзем сустракаць Яго прыгожымі пальмачкамі і спрадвечнымі воклічамі: Гасанна!
Асвенчаныя вербачкі пасля набажэнства мы прынясём дадому і будзем захоўваць іх да наступнага Вялікага посту, каб у Папялец спаліць іх на агульным вогнішчы і пасыпаць уласныя галовы попелам раскаяння і надзеі…


Ганна ЧАКУР.



З народных традыцый:

асвенчаныя вербачкі лічыліся цудадзейнымі. Пупышкі раілі ўжываць у ежу бясплодным жанчынам. Самі “пальмачкі” лічыліся абаронай ад маланкі. У некаторых мясцінах асвенчаныя вербачкі расціралі ў парашок і засыпалі ім раны, а таксама з вярбы і ядлоўцу рабілі адвар і пілі яго пры хваробах горла, страўніка, ліхаманцы, ужывалі для прымочак ад пухлін і сінякоў. Дзяўчаты апаясваліся “пальмовай” вярбой, каб на другі год выйсці замуж і зацяжарыць.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений