Жыццё прасвятлела

15:50 / 24.01.2012
1

…В тот год осенняя погода
Стояла долго на дворе,
Зимы ждала, ждала природа,
Снег выпал только в январе…


А.С. Пушкин «Евгений Онегин»


Ну хіба заснеш, не захутаўшыся ў мяккую, цёплую коўдру?! Не, сапраўды, ненакрытым можна паспрабаваць прыдрамнуць, – і то толькі для таго, каб неўзабаве прачнуцца ад дрыжыкаў. Вось і зямля адмаўлялася засынаць без снегу – набракала пупышкамі дрэў, зусім не ў сезон квітнела першацветамі, ледзь не да Новага года здзіўляла лісічкамі ды апенькамі…


А потым лёг снег. Неяк адразу. Усюды пароўну – нібы вопытная рука нябачнага аптэкара рассыпала па наваколлі дакладную дозу.


І жыццё прасвятлела. Ачысцілася. Прыхавала часова свае не самыя прыгожыя моманты.


Людзі,  якія больш за два месяцы марылі пра снег, адразу ж пачалі яго прыбіраць. Пракідваць з-пад ног. Ці то ад нежадання знішчаць падэшвамі яго бель, ці то для таго, каб аблегчыць сабе існаванне…


Пабольшаў, падрос абярэмак дроў, які штовечар спраўляе кароткае наваселле ў чэраве незлічоных печак. І клублівыя слупкі сіваватых дымоў паўсталі над вёскай дружнымі клічнікамі зіме.


Свой зорны час адзначае трыснёг – начапіў на сваё лязо мірыяды бліскучых крышталяў – і завяльможыўся…


Уласны след не можа пазнаць сабака. А кот… Гэтаму чыстаплюю і з лаўкі сысці страшнавата – а раптам так старанна вылізаная з раніцы поўсць намокне! Бр-р-р…


А самыя ярыя паклоннікі снегу – дзеці. З першых сняжынак яны ўмудрыліся зрабіць сняжкі, а з другіх – ужо сапраўдных снегавікоў. У халяўках іх боцікаў, чаравічкаў, валёнак снег размякае, вільгатнее і становіцца ручаінкай.


Ажылі дзіцячыя “санныя” шляхі, і кожны пагорак адчуў сябе слаламнай трасай. Гоман, смех, ружовыя, нібы грудкі снегіроў, шчокі…


Радаснымі вачыма глядзіць на агульную весялосць зіма. Глядзіць і нават крыху шкадуе, што прыйшла са спазненнем…


Ганна ЧАКУР.

Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.