Упершыню на Астравеччыне прайшоў рок-фестываль хрысціянскай музыкі

17:28 / 16.01.2012

Славіць Бога можна па-рознаму: малітвай, пастом, працай, добрымі ўчынкамі… А яшчэ – песняй. У тым ліку, як аказалася, і ў стылі “рок”. Яскравым таму доказам стаў рок-фестываль рэлігійнай песні, які ў мінулую суботу адбыўся ў Астраўцы.


…Касцёл святых Космы і Даміяна ў гэты дзень прыасаніўся, скінуў са сваіх каменных плеч добрых сто гадоў – яго сутарэнні пасвятлелі ад шматлікіх усмешак моладзі і дзяцей, якія на святочнай імшы былі галоўнымі героямі. “Святы Айцец Ян Павел ІІ называў вас вясной і надзеяй касцёла, – звяртаючыся да юнай паствы падчас літургічнага казання, сказаў пробашч Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай айцец-кармяліт Казімір Мараўскі. – Вясна… Час абуджэння прыроды, яе росквіту. І надзея – соль веры. Памятайце гэтыя прарочыя словы і пастарайцеся прайсці па жыцці ў іх святле…”
Натхнёныя шчырасцю казання і агульнай увагай юныя вернікі ўважліва слухалі разважанні святара, але іх вочкі (ну што з імі, непаслухмянымі, зробіш!) свяціліся нецярпеннем: ну калі ўжо справа дойдзе да рока? Гітарнае суправаджэнне імшы ў выкананні прыезджых (!) музыкантаў, толькі падлівала алею ў полымя інтарэсу…
Трэба сказаць, што арганізатары фестывалю, браты-кармяліты з Гудагайскага кляштара, прадумалі сцэнарый да тонкасцей, узгаднілі яго на ўсіх узроўнях: пасля заканчэння імшы ў кінаканцэртную залу вернікі пайшлі дружнай калонай, узначальвала якую міліцэйская машына з “мігалкай”; ля ўваходных дзвярэй клерыкі ўсім жадаючым раздавалі калядныя аплаткі; сцэна была застаўлена сучаснай музычнай апаратурай, якая таямніча пабліскавала ў святле каляровых сафітаў. (Ніхто і не здагадваўся, які шок літаральна за дзве гадзіны да пачатку фестывалю перажылі музыканты, калі скура барабана раптам… лопнула – раздабыць новы ў такі кароткі тэрмін дапамагла хіба што Маці Божая Шкаплерная).
Кінаканцэртная зала разлічана на чатырыста месц, запоўніць якія ўдаецца далёка не на кожным канцэрце. А тут… Добра, што моладзь на глядацкія крэслы і не прэтэндавала – юнакі і дзяўчаты вясёлым натоўпам адразу акружылі сцэну. Больш узроставая публіка размясцілася, дзе каму ўдалося: шчаслівейшыя (ці спрытнейшыя?) селі ў крэслы, астатнія “падпёрлі” сцены па перыметру залы.
Рок-фестываль пачаўся… з агульнай малітвы і з традыцыйнага ламання аплаткай – цудоўна, калі незнаёмыя людзі дзеляцца паміж сабой хлебам і добрымі пажаданнямі.
Распачынаць фестывальную праграму выпала музыкантам з гурта “Ave” – клерыкам Гродзенскай духоўнай семінарыі. “Ну што ж… – сказаў прысутны на канцэрце віцэ-рэктар семінарыі. – Хто першым устаў – таго і тапкі”. І рок грымнуў.
“Ave” – вядомы ў нашых “шыротах” гурт. Асабліва сярод тых, хто бывае на фэстах у беларускіх санктуарыях. А яшчэ больш сярод тых, хто ходзіць у пілігрымкі – ад песень клерыкаў бадзёрымі робяцца і самыя стомленыя ногі. Некаторыя астраўчане нават могуць пахваліцца музычнымі дыскамі “Ave”.
Яны спявалі – як маліліся. Шчыра і горача. На беларускай, польскай, рускай мовах. А моладзь падпявала, падтанцоўвала, бісіравала. Зрэшты, не толькі моладзь. Вельмі хутка ўключыліся ў дзейства і дарослыя – вясёлы настрой, аказваецца, перадаецца шпарчэй, чым грып.






Перад кожнай песняй – кароткі ўступ, падчас аднаго з якіх клерыкі раптам прызналіся, што яны… стукачы. Ад нечаканасці зала затаіла дыханне. “Зноў і зноў мы стараемся дастукацца да нябёс”, – патлумачыў саліст і заспяваў адну з самых вядомых песень гурта “Стук-стук-стук у нябесную браму…” Яе падхапілі ўсе (хто не ведаў слоў, паўтараў хоць прыпеў) – каму ж з нас не хочацца, каб неба яго пачула?..
І танцавалі ўжо не толькі маладыя – грэх было б бяздзейсна сядзець, калі манахіні танцуюць рок-н-рол, а святары – брэйк-данс…
Амаль дзве гадзіны прамільгнулі ластаўкай. Здаецца, усё толькі-толькі пачалося, а ўжо… Перш, чым развітацца, саліст “Ave” прадставіў удзельнікаў групы, а потым папрасіў у гледачоў: “Назавіце і вы свае імёны. Разумею, што паасобку доўга. А вы паспрабуйце ўсе разам. На лік “тры”. Раз-два-тры…”
І мы дружна крычым кожны сваё імя. “Добра, – радуюцца клерыкі. – Мы пачулі. І запомнілі. Цяпер вы з намі на кожным канцэрце. І ў малітве…”
Наступная група – “Paracletos” з Брэста. Яе ўдзельнікі належаць да пратэстантаў, а значыць, такія ж хрысціяне, як і мы. “Paracletos” пачаў крута: “Ойча наш” пад акампанемент цяжкага рока… Жорсткая, б’ючая па вушах непадрыхтаванага слухача музыка. Яшчэ дзве песні ў гэткім жа стылі – і самыя далікатныя гледачы пачалі ратавацца ўцёкамі. І дарэмна! Гучанне брэстчан неўзабаве змянілася. Палагаднела. Жорсткі рок ператварыўся ў мяккі. Няма такога? Ёсць! Каб у гэта паверыць, дастаткова паслухаць “Нешта шэпчуць анёлы” і “Нябесныя вадавароты” ў выкананні “Paracletos” – лірыка вышэйшай пробы. Брэсцкіх музыкантаў публіка адпусціла са сцэны з яўнай неахвотай. Ужо на развітанне, дзякуючы за цёплы прыём гледачам, саліст сказаў: “ А цудоўны дзень нараджэння атрымаўся сёння ў Хрыста – праўда?” Ну вядома ж! Столькі музыкі, песень, радасці, танцаў – і ўсё гэта ў гонар Езуса…
Гурты – не салісты. Кожны раз, калі на сцэне мяняецца група, узнікае вымушаная паўза. Але ў фестывальнай публікі не было часу сумаваць – у перапынках за справу браўся клерык Валерый з Пінскай духоўнай семінарыі. Вось гэта талент канферансу! Пад яго вясёлым кіраўніцтвам публіка развучвала новыя танцы (нават тая яе частка, што сядзела ў крэслах), гуляла ў “Каралеву і дракона”, адпачывала на “Гаваях”, “гнала хвалю”…
А калі гурт Пінскай духоўнай семінарыі “Подых Духа” распачаў сваё выступленне, высветлілася, што наш канферансье да таго ж і цудоўны гітарыст. Зрэшты, не абышлося і без яшчэ аднаго сюрпрызу: аказваецца, айцец Павел з Гудагайскага кляштара кармялітаў босых (так, той самы, што адорвае нас казаннямі асаблівай пранікнёнасці і братняй любові) – спявак і гітарыст гурта. Ён расказаў гісторыю ўзнікнення “Подыху Духа”: як сабраліся разам некалькі семінарыстаў, атрымалі бласлаўленне свайго настаўніка, прычапілі да звычайных гітар электраўзмацняльнікі і сталі іграць рэлігійныя песні. Добрую справу падтрымаў блаславеннай памяці кардынал Казімір Свёнтак – выдзяліў грошы на набыццё больш дасканалых інструментаў, і гурт зажыў паўнакроўным жыццём. Вядома, галоўная праблема калектыву, які існуе пры вучэльні, – пастаянная ратацыя яго ўдзельнікаў – кожнае чарговае размеркаванне азначае ўзнікненне ў яго складзе непазбежнай вакансіі.
Айцец Павел на час фестывалю вярнуўся ў склад групы – разам з клерыкам Аляксандрам ён “адпрацаваў” двухгадзінную праграму. Нібы і не папярэднічалі гэтаму песеннаму святу два месяцы “масіраванай” падрыхтоўкі да фестывалю. Той, каму даводзілася быць арганізатарам хаця б невялікай імпрэзы, ведае, колькі намаганняў і нерваў гэта патрабуе. А тут такога маштабу дзейства!
– Адзін я не змог бы зрабіць гэта, – адмаўляецца прыняць словы падзякі кармяліт. ¬– Над падрыхтоўкай рок-фестывалю працавалі ўсе святары Астравецкага дэканата – дапамагалі і маральна, і матэрыяльна. А колькі ўзяў на сябе настаяцель Гудагайскага кляштара кармялітаў айцец Казімір! Асобнае “дзякуй” хочацца сказаць райвыканкаму за тое, што падтрымалі нашу ініцыятыву і дапамаглі вырашыць многія пытанні. І міліцыі. І работнікам кінаканцэртнай залы “Астравец”. І артыстам. І гледачам. І ўсім, хто неабыякавы…
…У рэпертуары “Подыху Духа” самыя розныя песні: пілігрымныя, лірычныя (як, да прыкладу, песня, прысвечаная мамам святароў), песні-разважанні, песні-праслаўленне і песні радасці… А аб’ядноўвае іх адно: любоў да Бога і яго стварэнняў – людзей. Пад іх песні немагчыма не радавацца, сядзець пасіўна – танцавалі, так бы мовіць, і стары, і малы. І калі пачало здавацца, што сілы скончыліся, адкрылася “другое” дыханне – і рукі гледачоў зноў узляцелі ўверх, а ногі затупалі ва ўнісон рытму песні…



У самы разгар канцэрта айцец Павел раптам папрасіў моладзь, якая танцавала ля сцэны: “Павярніцеся, калі ласка, да залы. Пакажыце свае твары бацькам. Няхай яны ўбачаць: мы зусім не такія кепскія, як пра нас часам гавораць. Няхай ведаюць: для таго, каб радавацца, нам не патрэбны ні алкаголь, ні наркотыкі. Нам дастаткова Божай любові…”
А свой галоўны козыр арганізатары рок-фестывалю прыбераглі для заключнай часткі – апошнім выступаў гурт “Crusade”, таксама з Брэста. У адрозненне ад трох папярэдніх груп “Crusade” – прафесійны калектыў, вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі – артысты не раз гастралявалі ў многіх краінах Еўропы. Білеты на іх канцэрт – не кожнаму па кішэні. А ў Астраўцы яны спявалі бясплатна – ці не цуд?!
Рок па сваёй прыродзе – гэта музыка пратэсту. Жорсткая. Нярэдка неміласэрная. Яна б’е па нервах. Рэзаніруе ў свядомасці. Не дазваляе быць самазадаволеным і запаволеным. Да сапраўднага року трэба прывыкаць – як да ікры ці да вершаў Алеся Разанава. У “Crusade” – менавіта такая музыка. Вось толькі словы іх песень іншыя:
“Мы Бога не впустили в дом
Мы перед ним закрыли дверь
И мы от жизни чего-то ждём
А Бог стоит под дождём…
Мы повернулись к Богу спиной
Мы от него укрыли лицо
Мы так довольны собой
А Бог стоит за стеной и ждёт под дождём…”


Выступленне гэтай групы было самым кароткім – каля сарака хвілін. І хоць гледачы дружна скандыравалі “яшчэ, яшчэ”, музыканты “Crusade” закончылі сваё выступленне – ім яшчэ прадстаяла за ноч пераадолець 500-кіламетровае вяртанне ў Брэст, дзе на наступны вечар яны павінны былі даваць канцэрт.
“Прашу вас, вяртаючыся дадому, памаліцца – папрасіць у Бога шчаслівай дарогі для нашых гасцей з Брэста”, – звярнуўся да гледачоў айцец Павел.
А потым быў фінальны выхад артыстаў на сцэну. Апошняя порцыя сцэнічнага дыму. Як? Няўжо я забыла расказаць, што ўвесь вечар на сцэне дзейнічала дым-машына (без ніякага паху!). І за гукааператарскім пультам працавалі два высокакласныя спецыялісты Пётр і Андрэй, за плячыма якіх адпаведная адукацыя.
А вось міліцыянеры, якія прысутнічалі на рок-фестывалі, сядзелі без працы – парушэнняў не тое што правапарадку, нават простай дысцыпліны ў гэты вечар не было.
“Парад-але” музыкантаў закончыўся сумеснай малітвай. І песняй у гонар любімай краіны – Беларусі.
…Дадому пасля канцэрта мы вярталіся з сяброўкай. Яна праваслаўная, я – каталічка. “Ты заўважыла, што за ўвесь вечар ніхто ні разу не падкрэсліў сваёй рэлігійнай прыналежнасці? – спыталася ў мяне Таццяна. – Ні на сцэне, ні ў зале не было ні католікаў, ні праваслаўных, ні пратэстантаў. Была адна супольнасць – хрысціяне. Ведаеш, мы ўсё ж некалі аб’яднаемся. Вернемся ў адно… Як было пры Хрысце… І адбудзецца гэта не там, “на трэцім паверсе”, а сярод нас, простых вернікаў. Да прыкладу, на такім вось рок-фестывалі…”


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.