З Нараджэннем Хрыстовым!

08:00 / 25.12.2011


Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Астравецкага дэканату!


Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. Адзначаючы свята Нараджэння Пана, мы разважаем над словамі Евангелля. Яны нам добра вядомы, і мы іх паўтараем кожны год падчас урачыстасці ў гонар Нараджэння. Аднак ці задумваемся над іх сэнсам?
Сёння мы ўзгадваем гістарычную падзею Нараджэння Збаўцы. І праслаўляем Хрыста, які нарадзіўшыся ў Бетлееме дваццаць стагоддзяў таму, сваёй ласкай кожную хвіліну нараджаецца ў сучасным свеце. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду і зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца. Віншую вас і яднаюся з вамі, дарагія браты і сёстры – католікі і праваслаўныя – усёй Астравеччыны. Няхай Дзіцятка Езус адорыць сваім благаслаўленнем нашы сем’і: дапаможа дзецям расці мудрымі, ласкавымі і веруючымі. У сэрцах моладзі няхай запануе спакой. Жанатых умацуе ва ўзаемнай любові. Старэйшыя няхай не ведаюць, што такое адзінота. Няхай атрымаюць здароўе і палёгку тыя хворыя, хто пакутуе. Калі з 23-га па 30-е кастрычніка гэтага года я быў на Святой зямлі, хадзіў па святых сцежках, памятаў пра вас і маліўся за вас усіх. Віншую ўсіх людзей добрай волі! Жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння і Новага 2012 года, святаў добрых, спакойных і поўных радасці.
З гэтымі пажаданнямі, браты і сёстры, дзялюся з вамі аплаткай – знакам еднасці ў Хрысце – ад усяго сэрца благаслаўляю.
Шчасці вам Божа!


З малітвай ксёндз-дэкан Астравецкага дэканату Здзіслаў Пікула.



Паважаныя вернікі каталіцкай канфесіі!
Сардэчна віншуем усіх хрысціян-католікаў са светлым хрысціянскім святам Божага Нараджэння!


У гэтае свята святаў усіх хрысціян, якое сімвалізуе духоўнае адраджэнне, бессмяроцце, мудрасць і міласэрнасць, нам хочацца пажадаць усім вам, шаноўныя астраўчане, узнёсласці духу, паразумення з людзьмі, цярпення, абнаўлення, даравання, згоды з уласным сумленнем, ладу ў вашых душах.
Няхай дзень Божага Нараджэння пашле вам любоў і Боскае блаславенне, умацуе веру і надзею, азнамянуе сабой сапраўднае духоўнае адраджэнне нашага грамадства на падставе вечных хрысціянскіх каштоўнасцей.
Шчыра жадаем усім моцнага здароўя, шчасця, радасці, любові. Няхай у вашых сем”ях нязменна валадараць мір, згода і заўсёды хапае сіл на добрыя справы і ўчынкі.
З Новым надыходзячым 2012 годам!


А.Д. КАВАЛЬКА, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
В.В. Барташэвіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў.