Cвятая Матрона дапаможа, заступіцца, падтрымае...

07:53 / 14.12.2011
6611

Калі даведалася ад айца Георгія, што ў нас у Астраўцы будзе выстаўлена для пакланення ікона Святой праведнай блажэннай Матроны, адразу ўспомніла сваё “знаёмства” з ёю падчас мінулагодняга знаходжання ў Маскве, адчуванні, думкі і нават цуды, якія зведала. Напісаць падрабязна пра гэта тады не атрымалася, ды і сумнявалася: ці варта аб гэтым на ўвесь свет?
Усё яшчэ сумняваючыся, тым не менш вырашыла падняцца ранняй ранічкай, якая яшчэ амаль ноч, каб паспрабаваць расказаць пра сваё асабістае – падчас рабочага дня часу для гэта, вядома ж, не знойдзецца. Вырашыла: калі змагу падняцца пасля ўчарашняга цяжкага дня і чатырох гадзін сну, то, можа, і напішу… Прачнулася на дзіва лёгка. А калі, папіўшы на кухні кавы, вярнулася ў свой пакой, убачыла, што на клавіятуры ноутбука ляжыць іконка Святой Матроны. Так, вядома, яна проста ўпала з палічкі, што прыбіта над маім сталом – хоць і незразумела, ад чаго. І чаму менавіта ў гэты момант і менавіта гэтая ікона са шматлікіх іншых, што стаяць на паліцы? Я гэты знак успрыняла як блаславенне…






Святая праведная блажэнная Матрона Маскоўская – адна з самых, даруйце за гэтае пошлае слова ў адносінах да яе, “папулярных” святых. Мо таму, што яна – амаль што наша сучасніца: адышла да Бога ў 1952 годзе. А мо таму, што зямля чуткамі поўніцца, і людзі ўпэўніваліся неаднойчы на ўласным жыцці — і перадаюць аб гэтым адзін аднаму: калі папрасіць Матрону шчыра і з малітвай, яна абавязкова дапаможа. У простых, будзённых, звычайных справах, з якімі да Бога, як казала адна дзяўчынка, звяртацца няёмка: знайсці работу, выйсці замуж, нарадзіць дзіця, вярнуць дахаты блуднага сына ці страчаныя дакументы…
Калі мінулым летам мне выпала ўпершыню ў жыцці пабываць у Маскве, то, акрамя прапанаванага ў якасці культурнай праграмы традыцыйнага турыстычнага набору госця расійскай сталіцы: Красная плошча, Крэмль, Арбат, Вараб’ёвы горы, я ў адказ на пытанне, дзе б яшчэ хацела пабываць, выказала запаветнае: у Матроны Маскоўскай!
—Цудоўна, — узрадаваліся сябры, людзі веруючыя і глыбока духоўныя. — У такім разе, калі гэта цябе цікавіць, мы б параілі яшчэ наведаць і Троіца-Сергіеву лаўру. Зрэшты, там варта пабываць нават тым, хто далёкі ад царквы. Ужо хоць бы для таго, каб пабачыць фрэскі Андрэя Рублёва…
О, лаўра! Дык гэта яшчэ адна мая мара!
Такім чынам, маё практычна-пазнавальнае знаходжанне ў Маскве было спланавана такім чынам, што адзін дзень выдзяляўся для Матронушкі, а назаўтра мы збіраліся ехаць у Сергіеў Пасад, да Сергія Раданежскага і фрэсак Андрэя Рублёва… Толькі вось я пасаромелася сказаць сваім маскоўскім сябрам, што з-за сваёй неабачлівасці і маскоўскіх цэн, яўна не разлічаных на беларускія даходы, засталася амаль без грошай. У сэнсе – расійскіх, сотня тысяч беларускіх боўталася ў кашальку – але якая з іх карысць, калі абменнікі на кожным кроку цікавяцца толькі еўра і “амерынканцамі”? Адно грэла душу: білет назад у кішэні ўжо ляжаў… Ведала, што маскоўскія сябры на той момант таксама сядзелі без грошай, так што звяртацца да іх з просьбай аб дапамозе было няёмка…
Аддаўшыся на волю Божую, я з амаль пустым кашальком, але тым не менш — радасцю і нейкім душэўным трапятаннем сабралася ў госці да Матронушкі…
—Да Матроны трэба ісці з кветкамі, — папярэдзілі мяне сябры. – Яна ў жыцці вельмі любіла іх, хоць і была сляпая. Але купіць іх лепш бліжэй да дома – дзешавей будзе, бо каля манастыра цэны неймаверныя. Гандляры ведаюць пра гэтую традыцыю і дзяруць з паломнікаў “тры скуры”. Тым больш, што ў такіх месцах грошай звычайна не шкадуюць.
Даруй ім, Госпадзі!
І мне – за дрэнныя думкі. Бо ў такіх выпадках у мяне заўсёды ў душы нешта пераварочваецца — калі бачу, як людзі “стрыгуць купоны” на самым святым. І не толькі гандляры, але часам — і святары. Колькі ў сваіх шматлікіх падарожжах даводзілася наведваць храмы, якія сталі хутчэй камерцыйнымі, чым духоўнымі ўстановамі, дзе побач з цудатворнымі іконамі, мошчамі святых не проста зарабляюць, а, прабачце за грубае слова, “дзяруць” грошы, без страху і сумлення зарабляюць — на веры людской, на надзеі – часта апошняй, на малітве…
Але гэта ўжо іншая тэма…

Сапраўды, у вароты Пакроўскага манастыра ўсе заходзяць з кветкамі: хто – са сціплым букецікам рамонкаў, што – з шыкоўнымі лілеямі ды ружамі – людзям, напэўна, і тут здаецца, што ад пышнасці букета і яго цаны будзе залежаць, наколькі прыхільна пасвіцца да іх просьбы Святая Матрона. Падаўшы запіскі аб памінанні памерлых і здароўі жывых, усе становяцца ў даўжэзную чаргу да мошчаў праведнай Матроны. Чарзе – канца-краю не відаць. А лета, нагадаю, было мінулагодняе, калі трыццаць градусаў у цяню ў Маскве віталася словамі “Ну, нарэшце спякота спала!”
І вось уявіце: пад пякучым маскоўскім сонцам стаіць чарга, напэўна, не з адной тысячы людзей —мужчыны, жанчыны, дзеці, інваліды, старыя… Нехта ціхенька шэпча малітву, нехта чытае Акафіст ці жыціе Мароны… Ці проста маўчыць, пагружаны ў свае думкі… Час ад часу людзі адыходзяць, каб папіць вады ці пасядзець хвілінку ў цяню дрэў. Калі вяртаюцца, ніхто не спрабуе высветліць, ці сапраўды на сваё ранейшае месца становіцца чалавек. Нават калі ён яўна спрабуе ўціснуцца без чаргі. А затым яшчэ і з дзясятак тых, хто “гэта са мной”, прыстроіць.
На жаль, ёсць у святых месцах, найперш тых, якія найбольш наведваюць паломнікі, асаблівасць, якая часта перакрэслівае благадаць, што там атрымліваеш. Іх папулярнасць, “мода”, якая прыцягвае сюды розных людзей – веруючых і тых, хто прыходзіць і прыязджае “на ўсякі выпадак”: праўда ці не, але варта пакланіцца, не пашкодзіць – кажуць, некаму дапамагае, можа і мне што “абломіцца”… Такія людзі – хутчэй цікаўныя турысты, чым паломнікі — паводзяць сябе ў святых месцах, як у дзевяностыя гады ў чарзе за каўбасой: “Па дзве ў адны рукі не даваць”, “Я займала вось за той жанчынай!”, “Вас тут не стаяла”. Бачыць такое даводзілася неаднойчы – і, з усіх сіл стараючыся не апусціцца да граху асуджэння, тым не менш не магла зразумець: на якую дапамогу спадзяюцца людзі, калі так паводзяць сябе ў святых месцах? Ці яны думаюць, што менавіта мошчы святых, цудатворныя іконы, збан вады – чым большы, тым лепш — са святой крыніцы ўратуюць іх, як цудадзейная “крамлёўская таблетка” — а не тыя думкі, малітвы, настрой, з якімі яны ідуць пакланіцца святыням?
Прызнаюся, я баялася ўбачыць гэта і ў Пакроўскім манастыры. І мяне нямала здзівіла, што ў даўжэзнай чарзе да Матронушкі не было ніводнай не тое што спрэчкі “за месца пад сонцам” – нават намёку на яе. Наадварот: незнаёмыя людзі стараліся дапамагчы адзін аднаму. “Вы стаміліся? Ідзіце, пасядзіце крышку ў цяньку, я вас памятаю, падыдзеце потым”. “Я за вадой іду, можа вам прынесці? Не бяда, што няма бутэлечкі. Я ў сваю набяру, у мяне ёсць лішняя”.
Па-добраму “дабіла” мяне, праняла да слёз сцэна, якая адбылася каля самага ўваходу ў храм з мошчамі Святой. Падышла бабулька, пакланілася чарзе:
—Людзі добрыя, прапусціце мяне, калі ласка! Я з Беларусі прыехала. Наведала Троіца-Сергіеву лаўру, але не магу паехаць дахаты, не пабываўшы ў Матронушкі. У мяне цягнік праз дзве гадзіны адпраўляецца…
І чарга без слоў расступілася перад беларускай паломніцай…
Стоячы ў доўгай чарзе, я зноў і зноў думала пра што трэба не забыцца папрасіць у Святой Матроны: за сына, за дачку, сястру і пляменнікаў, за сяброўку і яе дзяцей, за знаёмую, якая перад тым вярнулася з чарговай аперацыі… І час ад часу ўсплывала ў галаве зусім ганебная, як я лічыла, думка пра грошы, якіх у мяне на той момант не засталося аніяк, нават на праезд у тралейбусе да метро. Бяда такая – да метро і пешшу дайду! Але ж так хочацца наведаць Троіца-Сергіеву лаўру, пакланіцца мошчам Прападобнага Сергія Раданежскага… Вось каб Матронушка дапамагла мне знайсці грошы – яна ж усё можа, яна столькі цудаў штодзень яўляе… І тут жа прысаромлена гнала ад сябе брудныя, як лічыла думкі: знайшла аб чым прасіць у Святой – аб грашах! Ды і як яна можа табе дапамагчы знайсці іх у чужым горадзе, дзе са знаёмых – толькі людзі, якія цябе запрасілі і ў якіх, ты ведаеш, свае праблемы.
…Халаднаваты паўзмрок храма, дзе пакояцца нятленныя мошчы Святой праведнай блажэннай Матроны Маскоўскай, падаюцца пасля расплаўленага ад спякоты маскоўскага поўдня зямным раем. Душу запаўняе пачуццё, якое немагчыма перадаць словамі: сэрцу становіцца цесна ў грудзях і яно, перапоўненае любоўю да ўсяго свету, рвецца на волю – каб усіх абняць, усім прызнацца ў гэтай любові, папрасіць даравання ў кожнага, каго пакрыўдзіла і дараваць кожнаму, хто прычыніў боль табе. Тыя, хто зведаў яго хоць аднойчы, ведаюць сэнс слова “благадаць”…
Тут разумееш, чаму да Матроны ідуць з кветкамі – іх складваюць на пастаменце ля ракі з мошчамі Святой. А потым, калі трэба пакінуць храм – ты ж не адна тут такая, вунь колькі людзей стаяць у чарзе пад спякотным сонцам, каб усяго на імгненне зведаць гэткую ж благадаць, прылажыцца да святых ікон, да ракі, папрасіць у Матронушкі аб запаветным – манахіня таксама падае табе кветачку, якая ўжо паляжала нейкі час ля ракі. Гэта — падарунак ад Матроны на ўспамін аб вашым спатканні, аб тых хвілінах незямнога шчасця, якія ты тут зведала…
Здавалася б, тое, дзеля чаго ты ехала ў манастыр і ўвогуле ў Маскву, ажыццявілася – можна вяртацца назад. А выходзіць за вароты не хочацца... І спёка, здаецца, тут не такая пакутлівая — асабліва калі папіць святой вадзічкі і прысесці на лавачку ў ценю дрэў ля каплічкі… На душы – светла-светла, лёгка-лёгка… Не хочацца ні гаварыць, ні нават думаць… І лёгкая дрымота склейвае павекі… У зыбкім, як ранішні туман, сне некуды нясуцца цягнікі – і над імі прарастае лік Матронушкі…
Адкрываю вочы з цвёрдай упэўненасцю: я ведаю, дзе вазьму грошы на заўтрашнюю паездку ў Троіца-Сергіеву лаўру! Матрона мне падказала! Рашэнне прыйшло невядома адкуль: трэба паехаць на Беларускі вакзал – дзякуй Богу, праязны на метро ў мяне ёсць. Для чаго? А хто яго ведае – можа, удасца памяняць білет на іншы цягнік, а за розніцу іх кошту ажыццявіць задуманае.
…Мяняць білет не давялося. На Беларускім вакзале абсалютна выпадкова – пайшла б па іншаму пераходу, то і не ўбачыла! – на вочы трапіўся абменны пункт, дзе мянялі на расійскія не толькі долары і еўра, але і беларускія рублі. Пазней, ужо дома, даведалася, што ў Маскве толькі адзін ці два такія пункты. Памяняўшы свае зайчыкі, я змагла назаўтра наведаць Троіца-Сергіеву лаўру, пакланіцца мошчам Прападобнага Сергія Раданежскага, пабачыць фрэскі Андрэя Рублёва і яшчэ раз зведаць, што такое благадаць. Пра гэта таксама можна расказваць доўга – але зноў жа: гэта тэма для іншай, асобнай размовы.
Праўда, і ў той паездцы не абышлося без прыгод. Але я ўжо ведала: са мной – Святая Матрона, яна дапаможа, заступіцца, падтрымае… І таму нічога не баялася – і ўсё абышлося і закончылася добра.


Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений