Паклонiмся мошчам блажэннай Матроны

14:51 / 12.12.2011

З 15 па 26 снежня 2011 года ў праваслаўным храме святых апосталаў Пятра і Паўла будзе выстаўлена для пакланення ікона блажэннай Матроны Маскоўскай з часцінкай яе мошчаў.
Храм будзе адчынены з 15 да 19 гадзін. Прыйдзіце, пакланіцеся Матронушцы, у малітвах папрасіце яе дапамогі.


Блажэнная Матрона — адна з самых вядомых святых у Расіі. Натоўпы прасіцеляў ля яе мошчаў шукаюць не высокага багаслоўя, а элементарнай дапамогі ў жыццёвых справах. І сама блажэнная жыла простай верай. Размаўляючы з людзьмі, яна малілася аб вырашэнні жыцейскіх клопатаў і праблем бліжніх. Таму і зараз большая частка прасіцеляў, што звяртаюцца да яе па дапамогу, бачаць у блажэннай Матроне добрую старыцу, якая і абдыме, і пашкадуе, і паспачувае кожнаму, а галоўнае, у добрай справе дапаможа.
Блажэнная Матрона – Матрона Дзмітрыеўна Ніканава, нарадзілася ў сяле Себіна Епіфанаўскага павета (зараз Кімаўскі раён) Тульскай вобласці. Яна была чацвёртым дзіцем у беднай сялянскай сям’і. Бацькі былі ўжо немаладыя, і з’яўленне яшчэ аднаго дзіцяці, лішняга рота, іх не ўзрадавала. Таму цяжарная маці вырашыла аддаць нованароджанае немаўля ў прытулак князя Галіцына, што знаходзіўся ў суседняй вёсцы. Але аднойчы ёй прыснілася ненароджаная дачка ў вобразе белай птушкі з заплюшчанымі вачыма. Маці палічыла сон знакам Божым. Неўзабаве ён спраўдзіўся – дзяўчынка нарадзілася сляпой, у яе зусім не было вачэй. Падчас хрышчэння, паводле сведчанняў відавочцаў, калі свяшчэннік апусціў немаўля ў купель, падняўся слуп лёгкага туману, ад якога зыходзіў цудоўны водар. “Гэтае дзіця будзе святое”, — сказаў бацюшка.
Сваім далейшым праведным жыццём Матрона пацвердзіла прароцтва. Ва ўзросце 7-8 гадоў у яе адкрыўся дар празарлівасці і лячэння нядужых. Да дзяўчынкі сталі прывозіць хворых, яна малілася над імі – і вельмі многія вылечваліся. Жадаючы аддзячыць Матроне, наведвальнікі пакідалі яе бацькам прадукты і падарункі. Так дзяўчынка стала галоўнай карміліцай сям’і, а не абузай.
Благадаць Гасподняя, што сышла на сляпую дзяўчыну, праявілася ў дарах малітвы, духоўных разваг, празарлівасці. Да яе пачалі звяртацца па параду спачатку мясцовыя жыхары, затым і прыезджыя з іншых месцаў. Блажэнная Матрона была нешматслоўная, цярплівая, спагадлівая да людзей, якія шукалі яе дапамогі. Яна заўсёды дапамагала – каму добрым словам, каму вылечваннем і патрабавала толькі аднаго – веры ў Хрыста.
І зараз тыя, хто звяртаецца да святой Матроны з добрымі помысламі і чыстымі намерамі, атрымліваюць дапамогу – і ва ўладкаванні асабістага жыцця, і ў лячэнні ад немачаў, і ў вырашэнні іншых жыццёвых сітуацый. Яны атрымліваюць не толькі дапамогу, але і духоўную падтрымку, апеку блажэннай. І потым, апынуўшыся ў цяжкіх сітуацыях, гэтыя людзі адчуваюць малітоўную дапамогу блажэннай Матроны.
Таму, паважаныя астраўчане, знайдзіце час і магчымасць пакланіцца абразу блажэннай Матроны Маскоўскай, у малітвах сваіх папрасіце яе дапамогі і атрымайце яе.



Георгій САВІЦКІ, благачынны Астравецкага благачыння, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла.