Паломніцтва на Святую зямлю

10:41 / 15.11.2011

Па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага ад Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра адбылася паломніцкая епархіяльная паездка на Святую Зямлю. У ліку паломнікаў быў і настаяцель Астравецкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі. Разам з ігуменам Ермагенам і іерэем Генадзіем Логіным на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ён спадобіўся паслужыць у Свята-Троіцкім храме Рускай Духоўнай Місіі ў Іерусаліме. Вянцом паломніцкай паездкі стала Божая Літургія і прычашчэнне Святых Хрыстовых Таямніц у Храме Гроба Гасподняга.



Мы папрасілі бацюшку Георгія Савіцкага падзяліцца ўражаннямі аб паездцы.





— Айцец Георгій, хто арганізаваў паездку ў Іерусалім? Якім быў склад групы?
—Паломніцкі аддзел Жыровіцкага манастыра. У складзе групы былі тры святары, адзін з іх – ігумен Ермаген, дзве манахіні, інакіня, матушка з Жыровічаў, а таксама супрацоўніца бібліятэкі духоўнай семінарыі – людзі, якія даўно актыўна ўдзельнічаюць у царкоўным жыцці. Да нас далучыліся мінчане – некаторыя з іх раней наведвалі Святую Зямлю. Практычна ўсе ведалі адзін аднаго, так што атмасфера ў групе ўсталявалася цёплая.
— Якія пачуцці авалодалі, калі Вы ступілі на Святую Зямлю?
— Першае пачуццё раствараецца ў невядомасці, бо не адразу ўсведамляеш, куды трапіў. Пазней збіраешся з думкамі і пачынаеш заўважаць і разважаць. Увогуле, для мяне многае было ўпершыню – палёт на авіялайнеры, наведванне краіны з такім гарачым кліматам, мора... Усё нязвыклае.
— Наведванне якіх святынь прадугледжвала праграма паездкі?





— Праграма на працягу тыдня некалькі разоў мянялася. Прыляцелі ў Тэль-Авіў ноччу і на аўтобусе адправіліся ў Віфлеем. Начавалі там дзве ночы, яшчэ дзве – у Ціверыядзе, на беразе аднайменнага возера, і тры – у Іерусаліме. У Віфлееме спачатку пазнаёміліся са славутасцямі горада, наведалі храм, а назаўтра раненька заказалі таксі і паехалі на месца Ражаства Збавіцеля. Пабывалі на літургіі, спадобіліся прычасціцца Святых Хрыстовых Таямніц. Богаслужэнне адбываецца над срэбнай зоркай на месцы Нараджэння Хрыстовага і значна адрозніваецца ад нашага. Святар служыць на арабскай мове. Спачатку манахі выконваюць песнапенні па-грэчаску, а пара пажылых палесцінцаў – па-арабску. На літургіі не служыліся екценіі аглашэнных, аб здароўі і аб упакаенні, пасля чытання Евангелля адразу гучала Херувімскае песнапенне. На Праскамідыі чыталіся запіскі, што перадалі мне перад ад’ездам прыхаджане.
Літургія прайшла хутка, мы прычасціліся, атрымалі па кавалачку антыдора – святога хлеба – і паспелі яшчэ наведаць пячоры, дзе пакоіцца прах віфлеемскіх немаўлят, забітых царом Ірадам.





У Іерусаліме на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Свята-Троіцкім храме Рускай Духоўнай Місіі кіраўнік Місіі архімандрыт Ісідар прапанаваў нам – іераманаху Ермагену, іерэю Генадзію Логіну і мне – паслужыць на літургіі. Тут мы таксама прынялі Святое Прычасце і ў той жа дзень адправіліся да Гроба Гасподняга.
Пачуцці, што агарнулі мяне на гэтым святым месцы, немагчыма перадаць словамі – проста невыказная благадаць апаноўвае тут. Не адважыўся фатаграфаваць, каб не страціць яе. Прачытаў запіскі прыхаджан, памаліўся...
Наведалі многія манастыры – у прыватнасці, абіцель Савы Асвечанага, у якую жанчынам уваход забаронены, манастыры Георгія Хазевіта, Герасіма Іарданскага, у Іерусаліме – Горненскі манастыр, у Гефсіманіі пакланіліся мошчам Вялікай княгіні Елізаветы і інакіні Варвары ў абіцелі Марыі-Магдаліны, у Тэль-Авіве – абіцель святой Тавіфы, манастыр на Гары Спакус. Не змагу ўсе пералічыць, іх шмат. Толькі ў Старым горадзе Іерусаліме іх дваццаць. Крочыш па вуліцы і заўважаеш на сцяне крыжык і сціплую шыльду: манастыр. Былі нават у малавядомым манастыры, дзе знаходзіцца цямніца апостала Пятра. У кожным такім благадатным месцы паломнікі мелі магчымасць застацца сам-насам з сабой, памаліцца ў цішыні, падаць запіскі аб здароўі бліжніх і супакаенні душ памерлых. Як горача і лёгка там прамаўлялася Ісусава малітва!.





А яшчэ мы плавалі на невялікім судне па Генісарэцкім возеры, па вадзе якога Ісус Хрыстос хадзіў, як па сушы, і на беразе насыціў пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі пяць тысяч чалавек. Падымаліся на гару Фавор – там стаяць праваслаўны і каталіцкі манастыры, вельмі благадатнае месца. Шмат хадзілі па ваколіцах Іерусаліма – па месцах Ражаства, Благавешчання, Успення Прасвятой Багародзіцы. Усюды ўзвышаюцца праваслаўныя і каталіцкія храмы.
— Што аказала асабліва моцнае ўражанне?
— Благадатная малітва ля Гроба Гасподняга, у манастырах Савы Асвечанага і Герасіма Іарданскага, у месцах жыцця і Успення Прасвятой Багародзіцы. Такое душэўнае трапятанне, такое ўзрушэнне авалодвала намі ля гэтых святынь! Ва ўсіх душэўны стан як на Пасху. Поўная адхіленасць ад усяго мірскога, паўсядзённага, прасветлены розум і – гарачая, шчырая, ад усяго сэрца малітва Госпаду.
Гід расказваў: яго маці памалілася ля Гроба Гасподняга сваімі словамі: “Памажы, Божа, каб у Галі муж кінуў піць, а ў Валі дзеці ў інстытут паступілі, а ў Наталлі…” і так за ўсіх сваіх родзічак і прыяцелек. Праз год усё збылося. Спадзяюся, што і мае малітвы Гасподзь пачуў. Падоўгу затрымлівацца ля Гроба Гасподняга не дазваляецца – паломнікаў шмат, чарга бясконцая, стоячы ў ёй, паспяваеш памаліцца, узнесці хвалу Госпаду.




— Гіды размаўлялі па-руску?
—Так. У нас былі два гіды, адзін – дыякан, айцец Аляксандр, другі – Рыгор, міранін, масквіч, выпускнік факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чалавек глыбокай веры, увацаркаўлёны. Працаваў у розных “гарачых кропках” – Чачні, Паўночнай Асеціі, потым пераехаў у Іерусалім. Знаёмы з многімі настаяцелямі манастыроў і манахамі, глыбока вывучыў гісторыю хрысціянства, а Стары горад ведае літаральна на памяць, не кожны гід так у ім арыентуецца. Рыгор завёў нас у цямніцу апостала Пятра. Там захоўваецца старэнькая плашчаніца. У абсалютнай цішыні прыкладваеш да яе вуха і, калі Гасподзь адкрые, можаш пачуць біццё сэрца.
Многія цуды там адбываюцца.




— І Вам пашчасціла судакрануцца з цудам?
— Так. Пасля немагчыма спякотнага дня я ўключыў нанач у гасцінічным нумары кандыцыянер. Мне моцна прадзьмула правую сківіцу, зубы балелі нясцерпна. У храме, дзе знаходзіцца калодзеж Святога Іакава – каля яго, згодна са Свяшчэнным Пісаннем, Хрыстос размаўляў з самаранкаю – папіў святой вады, і боль адразу адступіў.
А каля Гроба Гасподняга моцна адчуваецца выкананне духоўных законаў.
А яшчэ адно чыста бытавое назіранне навяло на цікавыя аналогіі. Гід звярнуў нашу ўвагу на статак авечак, які паслухмяна ішоў за пастухом, а дома мы бачым іншае: пастух крочыць ззаду і пугай падганяе кароў. Так і пастыр-святар павінен весці за сабой паству, а не падганяць яе па дарозе да Бога і царквы.
Пабываўшы на Святой Зямлі, адчуў, што ўзмацнеў у малітве. Хочацца як мага надаўжэй захаваць гэты душэўны стан і гэтую благадаць Божую.
— Няхай жа будзе так. Дзякуй Вам за гутарку, айцец Георгій.

Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з архіва Георгія Савіцкага.