У Гервяцкім касцёле Святой Тройцы адбылося бежмаванне

15:04 / 21.10.2011

Гервяцкі храм – гэта цуд. У людзей, якія бачаць яго ўпершыню, рэакцыя аднолькавая: няўжо гэта ў нас, у Беларусі?


Да прыгажосці Гервяцкага касцёла нельга прывыкнуць – ён увесь час абнаўляецца: то батанічны сад, то плошча Апосталаў, то філіграннай работы каваныя дзверы, то геаметрычныя ромбы новай пліткі на падлозе… Цяпер у храме завяршаецца афарбоўка сцен і столі.
Пробашч касцёла ксёндз Леанід Нясцюк разам са старшынёй СВК “Гервяты” Андрэем Янчэўскім у пошуках колераў “для душы” аб’ехалі ўсе храмы Вільнюса. І не знайшлі. Інфармацыя прыйшла з тэлевізара – ксёндз пераключыў яго на выпадковы канал – і трапіў на перадачу пра афарбоўку храмаў. І аказалася: у кожнай эпохі – свае колеры. Сто гадоў назад пабудаваныя ў тыя часы святыні афарбоўвалі ў светла зялёныя колеры з падкрэсліваннем архітэктурных элементаў фісташкавым або аліўкавым.
Пробашч вырашыў адпавядаць канонам стогадовай даўнасці і вярнуць храму страчаныя фарбы. Вынік атрымаўся – боскі: храм засвяціўся нейкім унутраным спакойным святлом, а яго гатычныя лініі ажылі, загаварылі. Са спакоем, які выпраменьваюць сцены, не хочацца развітвацца, глядзець на іх – амаль што маліцца.
А калі да колераў дадаюцца яшчэ і гукі!..
У нядзелю ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы адбылося бежмаванне – новае імя і святога апекуна з рук біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча атрымалі больш за 120 чалавек. Падчас літургіі біскупу дапамагалі ксёндз Раман з Гродзенскай духоўнай семінарыі, святары з абодвух Астравецкіх касцёлаў, з Дайлідскага і з Гудагайскага. Удзельнічаў у імшы дэкан Астравецкага дэканату ксёндз Здзіслаў Пікула. Казанне гучала на дзвюх мовах – біскуп Кашкевіч сказаў яго па-польску і па-літоўску. Фрагментарна гучала і беларуская мова. Прынамсі, мясцовая моладзь дзякавала біскупу за дар бежмавання менавіта па-беларуску. На ёй жа са словамі прывітання звярнуўся да прысутных маладых людзей і сам біскуп у фінале імшы.
І сама імша, і цырымонія бежмавання прайшлі ўрачыста, прыгожа і густоўна. А панавала ў храме музыка. “Авэ Марыя” ў выкананні арганіста Андрэя прагучала так, што, калі змоўклі апошнія гукі, ксёндз Раман з Гродна падышоў да мікрафона і папрасіў: “Давайце хвілінку памаўчым”. І ў абсалютнай цішыні было чутна, як сцены яшчэ нейкі час рэзаніравалі ў такт адгучаўшым гукам электрааргана…
У святочнай імшы прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла і старшыня міжнароднага клуба “Гервечяй” Альфонсас Аўгуліс.


Ганна ЧАКУР.
Фота Арунаса БАЛТЭНАСА.