На адзін алтар больш стала ў Варнянскай парафіі

09:30 / 12.10.2011
2

Калі ў каго і варта павучыцца мастацтву сустракаць гасцей, дык гэта ў парафіян Варнянскай парафіі Святога Юрыя. Прынамсі, біскупа Аляксандра Дзям’янку, які кіраваўся ў мінулую нядзелю ў Варняны на бежмаванне, яшчэ ў Філіпанах сустрэлі вершнікі на конях, і амаль да самага сэрца парафіі – касцёла – аўтамабіль святара рухаўся ў ганаровым суправаджэнні коннікаў.


Хлебам-соллю віталі пачэснага госця жыхары мястэчка і навакольных вёсак. У ліку сустракаючых былі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Вярбовіч, ксёндз-дэкан Астравецкага дэканату Здзіслаў Пікула, святары з усіх касцёлаў Астравецкага раёна, а таксама ксяндзы з Жупран, Смаргоні і Ашмян.
Урачыстую імшу ўзначаліў біскуп, а дапамагалі яму ўсе прысутныя на свяце святары: адны спавядалі вернікаў, што жадалі развітацца з грахамі, другія прымалі непасрэдны ўдзел у літургіі. Цудоўнае музычнае суправаджэнне імшы забяспечыў хор з Ашмянскага касцёла.
Бежмаванне – адзін з самых прыгожых Сакрамэнтаў, падчас якога людзі свядома выбіраюць сабе другое імя, а значыць, і яшчэ аднаго духоўнага заступніка – святога, які насіў гэтае імя. У нядзелю да бежмавання ў Варнянскім касцёле прыступілі 76 вернікаў.
Яшчэ адной задачай, якую ўсклалі на біскупа Дзям’янку Варнянскія парафіяне на чале з ксяндзом Пікулам, было высвячэнне новага алтара. Яго ўзвялі ў падсобным памяшканні касцёла пасля таго, як на адной з яго сцен падчас рамонту была выпадкова знойдзена фрэска з выявай святога.
Цяпер, пасля высвячэння, у Варнянскім касцёле стала адным алтаром больш, і той, хто любіць маліцца ў адзіноте, зможа схіліць свае калені перад яго светлымі калонамі.


Францішка КРАСКО.
Фота Івана ПЕТРЫКА.