Хто такі Святы Іаан Сан-Францыскі і Шанхайскі?

09:17 / 29.09.2011

“Храмы патрэбны не Богу, Прастол якога – неба і падножжа-зямля, а нам яны патрэбны... Будуючы храмы тут, на зямлі, мы тым самым ствараем і сабе вечныя прытулкі на небе... Добра таму, хто падрыхтаваў для душы сваёй абіцель у чартогах нябесных! Нават калі ўжо разбурацца пабудаваныя цэрквы, запісаныя будуць у вечных кнігах Божых імёны іх будаўнікоў і адзначаныя будуць узнесеныя ў іх малітвы”.


Свяціцель Іаан Сан-Францыскі і Шанхайскі.


Дамы, як і людзі, маюць сваю гісторыю, часам нечаканую і супярэчлівую. Здараецца, што няўдалы домік дабудоўваецца – перабудоўваецца – і становіцца палацам, іншы праводзіць сваё жыццё ў запусценні-адзіноце і паціху-памалу тлее-памірае. Бывае, дамы “згараюць” у адно імгненне і нават падмурка ад іх не застаецца. А часам яны атрымліваюць такое жыццё, аб якім і не снілі – не марылі, – становяцца храмамі Божымі, святым месцам, дзе прабывае Благадаць Божая.
Такі лёс чакаў блакітны дамок у пачатку мястэчка Варняны, дзе яшчэ зусім нядаўна была аптэка і невялічкая крама насупраць бальніцы (пазней – амбулаторыі), што месцілася ў будынку пачатку ХХ ст. Зручна і хворым, і дактарам, і ўсім жыхарам. Так і ішлі па дарозе жыцця дамы і людзі...
Але Яго Вялікасць Час, непрадказальны і неспасцігальны, усё перакроіў па-свойму: дамы апусцелі і сталі дажываць у адзіноце: амбулаторыя і аптэка пераехалі ў іншы больш сучасны будынак.
Ды аднойчы... Блакітны дамок і сам не разумеў, што з ім здарылася. Пасля працяглага зацішша і адзіноты раптам з’явіліся людзі, якія аглядалі яго з усіх бакоў, лазілі ў падвал і на паддашша, хвалілі яго – хаця асабліва не было за што, і казалі, што гэты дом падыходзіць ім найлепш. Небарака адчуў, што ў яго будзе іншае жыццё. Але якое?..
І толькі калі на пачышчаных і нанава пафарбаваных сценах павесілі абразы, дом зразумеў, што яму моцна пашанцавала – як і тым людзям, якія запалілі свечкі перад абразамі і слухалі Слова Божае, што прамаўляў святар. У канцы ён абвясціў радасную навіну: іх праваслаўнаму прыходу раённыя ўлады аддалі ў карыстанне гэты дом. Але прыхажанне недаўменна пераглянуліся, калі айцец Вячаслаў назваў імя нябеснага пакравіцеля іх прыхода – Іаан Шанхайскі і Сан-Францыскі. Чаму іменна ён, такі далёкі і невядомы? Дзе Амерыка, а дзе – Варняны? Адно за адным пасыпаліся пытанні бацюшку.
З цікавасцю і людзі, і дом слухалі аповед айца Вячаслава пра незвычайнага чалавека – святара ХХ ст., які жыў амаль у той жа час, што і яны, прыхаджане, тварыў цуды сілаю сваёй малітвы. Больш падрабязна пра святара распавядае кніга “Свяціцель Іаан Шанхайскі і Сан-Францыскі”, складзеная і выдадзеная пратаіерэем Пятром Перакроставым у 2008 годзе. Аўтар больш чвэрці веку служыў у храме, пабудаваным Іаанам Шанхайскім і Сан-Францыскім Цудатворцам, праходзіў сваё пастырскае служэнне побач з яго мошчамі, быў сведкам шматлікіх цудаў па малітвах Уладыкі і пераканаўся ў тым, што свяціцель Іаан жыве і дзейнічае, як жывы. У кнізе ён сабраў шматлікія звесткі, артыкулы, фатаграфіі, пропаведзі, дакументы і ўспаміны аб гэтым вялікім архіпастыры, малітвенніку, падзвіжніку і цудатворцу ХХ веку, каб “праз гэтую кнігу, а затым, дзякуючы малітве яму, убачыць яго лік, які лучыўся святлом, увайсці з ім у духоўнае судакрананне, дакрануцца да гэтага “жывога хадзячага Евангелія”, далучыцца да благадаці Божай, выцякаючай з яго”. (Пётр Перакростаў).

Архіепіскап Іаан (Міхаіл Максімовіч) нарадзіўся 4 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Адамаўка Харкаўскай губерніі. Яго бацькі належалі да маларасійскага дваранства. Адным з самых вядомых членаў гэтага рода быў святы Іаан Табольскі, вядомы багаслоў і месіянер, які валодаў дарам цудатворства пры жыцці і пасля смерці. Архіепіскап Іаан, які прыняў імя гэтага святога пры пострыгу ў манахі, несумненна, атрымаў у спадчыну месіянерскі дух свайго продка.
У дзяцінстве Міхась быў паслухмяным хлопчыкам, адчуваў асаблівую пачцівасць да сваіх бацькоў, якая засталася ў яго на ўсё жыццё. Падлеткам ён вельмі любіў бываць у Святагорскім манастыры. Гэта быў цудоўны манастыр заснаваны ў ХІІІ ст. з афонскім статутам, з саборамі-прыгажунамі, высокай гарой Фавар, са шматлікімі пячорамі, схімнікамі, скітамі, са шматлюднай браціяй. І манастыр, і харкаўскае мясцовае царкоўнае жыццё былі для юнага Мішы школай благачэсця.
Аднак Міхаілу рыхтавалася свецкая кар’ера, хаця сэрца яго далёка стаяла ад даброт зямных. Сем гадоў ён вучыўся ў Пятра-Палтаўскім кадэцкім корпусе, бацькі затым настаялі, каб сын атрымаў адукацыю юрыста, і ў 1918 годзе ён закончыў юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Але ўвесь свой вольны час прысвячаў вывучэнню жыцій святых, засвоіў іх светаразуменне і жыцейскую арыентацыю, увайшоў у іх псіхалогію, вывучыў усе віды іх дзейнасці, подзвігу, малітоўнай працы, – словам, усёй душой палюбіў іх і пранікся іх духам.
Па яго ўласных словах, “крушэнне дзяржаўнай магутнасці Айчыны ў 1917 г. пераканала яго канчаткова ў недасканаласці ўсяго зямнога і слабасці чалавечых сіл і здольнасцей”, пасля чаго ён рашыўся адмовіцца ад усяго зямнога, прысвяціць сябе служэнню Богу. Разам з бацькамі ён эмігрыруе ў Канстанцінопаль, затым – у Югаславію.
Больш двух мільёнаў чалавек падаліся ў той час у выгнанне. Рассеяныя па 25 краінах свету, рускія эмігранты былі ўсюды, і пазней Міхаіл Максімовіч стане пастырам гэтага рассеянага статка. У 1924 годзе ў Мількаўскім манастыры ён быў пастрыжаны ў манахі, і атрымаў імя свайго далёкага продка.
Прыняўшы пострыг, айцец Іаан пачаў весці строгае падзвіжніцкае жыццё, не даючы сабе паслабленняў. Ён ніколі не спаў у ложку, дазваляў сабе толькі кароткі адпачынак у крэсле ці засынаючы на каленях пасля малітвы. Ежу прымаў у колькасці, неабходнай толькі для падтрымання цялесных сіл, адзенне яго было простым. На стале заўсёды ляжала Святое Евангелле, а на палічцы стаялі духоўныя кнігі – і больш нічога. У любы час ночы яго можна было застаць чытаючым Біблію. Айцец Іаан быў гарачым малітвеннікам. Ён так унікаў у тэксты малітваў, што складвалася ўражанне, быццам ён гаворыць з Богам, Прасвятой Багародзіцай, анёламі і святымі, якія прадстаялі перад яго вачамі.
Сем гадоў ён быў выкладчыкам у семінарыі святога апостала Іаана Багаслова ў Югаславіі. Студэнты любілі айца Іаана бязмерна, у іх вачах ён быў увасабленнем усіх хрысціянскіх дабрадзейнасцей. Не было такога пытання, каб у яго не знайшлося адказу, інфармацыйна насычанага, поўнага і кампетэнтнага, напоўненага любоўю да суразмоўцы. “Кожны, хто сустракаўся з ім поглядам, адчуваў сябе самай любімай істотай” (па ўспамінах праваслаўнага галандскага свяшчэнніка).
У 1934 годзе мітрапаліт Антоній і Архіерэйскі Сінод Рускай Памежнай Царквы выбралі айца Іаана епіскапам Шанхайскім, дзе пражывала значная па колькасці руская дыяспара. У Шанхаі Уладыка Іаан распачаў сваю актыўную пастырскую дзейнасць: устанавіў доўгачаканы царкоўны мір паміж праваслаўнымі абшчынамі розных нацыянальнасцей, шмат сіл улажыў у завяршэнне і добраўпарадкаванне сабора ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Спаручніца грэшных”, стварыў прытулак для бяздомных дзяцей у імя святога Ціхана Задонскага, у якім выхоўвалася больш за 3 тысячы дзяцей, і штодзённа тварыў справы міласэрдзя: наведваў хворых у бальніцах і дапамагаў ім сілаю сваёй малітвы паправіцца, ратаваў ад смерці, падбіраў кінутых дзетак і старых людзей, дапамагаў тым, хто звяртаўся да яго.
Уладыка Іаан пісаў: “Малітвенны настрой – гэта своеасаблівы тэрмометр душэўнага стану чалавека. Адсутнасць волі да малітвы, нежаданне маліцца азначаюць духоўную спячку, нават больш – духоўную смерць”. Вось чаму, па словах Уладыкі, “малітва – гэта аснова ў архіпастырскай дзейнасці”. І сапраўды, малітва была з ім у кожным кроку яго жыцця. Па ўспамінах яго сучаснікаў і тых, хто жыў з ім побач, адданасць і незвычайная сіла малітвы святога была бачна і ў час літургіі: “Уладыка Іаан усё забываў у час Бажэсцвеннай літургіі. Ён гарэў любоўю да Хрыста, палымнеў сэрцам у гарачай малітве, увесь аддаючыся ёй – і гэты малітвенны ўздым перадаваўся і багамольцам.
Вялікую ўвагу ўдзяляў святы Іаан споведзі. Е. Г. Чарткова піша: “Я часта ва Уладыкі Іаана спавядалася. Ён умеў спавядаць так, што вы, самі таго не заўважаючы, успаміналі свае грахі і выходзілі спакойнымі і радаснымі, што змаглі ад душы пакаяцца. Споведзь Уладыкі цягнулася доўга. Ён настойваў перш за ўсё на споведзі мноства нібыта малазначных грахоў, якія, як вялікая колькасць часцінак пылу, у выніку ўтваралі цэлае скапленне бруду. Часам ён называў споведзь ачышчэннем ад пылу”.
Уладыка, падобна апосталам, знаходзіўся ў бясконцых паездках па сваёй абшырнай епархіі. Ён аб’ездзіў Францыю і Бельгію, бываў у Галандыі і Велікабрытаніі, у Швейцарыі і Італіі і нават у Тунісе. І, як заўсёды, па прыкладу апостала Паўла, становячыся “ўсім для ўсіх”, ён наведваў хворых, арыштаваных, бежанцаў. Яго архіпастырскае папячэнне не абмяжоўвалася рускай паствай, але распаўсюджвалася і на іншыя праваслаўныя народы, што стаялі ля парогу Царквы Хрыстовай. Асветнік рассеяных народаў – такую пачэсную назву атрымаў свяціцель Іаан за сваю шматгадовую шчырую пастырскую дзейнасць. У Францыі яго яшчэ называлі святым Іаанам Босым, бо ў яго была звычка хадзіць босым ва ўсякую пару года, толькі ў зімовыя халады ён абуваў чаравікі.


Шмат несправядлівасці, злосці, нядобразычлівасці сустрэў ён на сваім шляху служэння Госпаду. Але заўсёды цярпліва пераносіў усе беды, не губляючы веры. Свяціцель Іаан быў вельмі адукаваным чалавекам, хаця не выстаўляў гэтага напаказ. Ён валодаў сербскай, грэчаскай, французскай, кітайскай, англійскай мовамі і карыстаўся імі на богаслужэннях там, дзе яму выпадала жыць.
Гэта ён падняў пытанне аб пачытанні старажытных святых, якія былі праслаўлены Заходняй Царквой да яе адыходу ад Праваслаўя. Свяціцель Іаан верыў і прадбачыў той час, калі ўзновіцца рускае царкоўнае адзінства. Гэтае малітоўнае прароцтва збылося ў Маскве ў маі 2007 года.
24 чэрвеня 2008 года праз 42 гады пасля смерці Архіерэйскі Сабор РПЦ праславіў свяціцеля Іаана ў ліку агульнацаркоўных святых, пастанавіўшы 19 чэрвеня (2 ліпеня) днём яго памяці.
Вядома, для святых няма ні часоў, ні дзяржаўных межаў, а сама святасць назаўжды застанецца непасцігальнай таямніцай Бога і чалавечай душы, якую можна прыняць верай і радавацца, што іменна гэты святы працягнуў нам сваю выратавальную руку Дабра, Любові, Цярпення і Спагады.

...Бацюшка закончыў сваю пропаведзь у імя нябеснага заступніка святога Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворцы і ў гэты момант пасля моцнага праліўнога дажджу зазіхацела сонейка, нібы ў доказ таго, што святы Іаан нас чуе і падтрымлівае ў пачатку нашай дарогі да яднання стольных малітваў.
Дом ганарыўся, што стаў цэнтрам людской увагі: яго прыбіралі, упрыгожвалі, клапаціліся пра яго. Разам з тым ён поўніўся пачуццямі ўдзячнасці да ўсіх людзей, якія далі яму другое жыццё на карысць роднай вёскі і яе жыхароў. Гісторыя малітоўнага дома ў Варнянах працягваецца...


Людміла КУХАРЭВІЧ, старшыня прыходу Свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворцы.



P.S.

Праз сваю любімую газету прыхаджане праваслаўнага прыходу “Свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворцы” выказваюць вялікую падзяку Астравецкаму раённаму выканаўчаму камітэту на чале з Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам за вялікія клопаты аб нашым прыходзе, а таксама праўленню СВК «Варняны» і яго старшыні Аляксандру Часлававічу Вярбовічу, Варнянскаму сельвыканкаму на чале з Марыяй Сігізмундаўнай Шыманец. Хай Гасподзь ім усім пашле добрага здароўя на доўгія гады, творчай працы, міру і дабрабыту ў іх сям’і.
Мы таксама ўдзячны настаяцелю нашага прыхода айцу Вячаславу за ўвагу да нашых духоўных патрэб, за вялікую працу на Божай ніве, каб узрасціць у нашых душах парасткі святасці. Здароўя яму, цярпення і ўсялякіх Божых міласцей.