Дарога да святыняў Таісы Сямёнавай

15:16 / 16.09.2011
1

Трапіць у Навукова-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў”, якая на працягу васямнаццаці гадоў адпраўляецца ад Мінскага кафедральнага Свята-Духавага сабора па абласцях, раёнах, ад храма да храма ў чарговую сталіцу Дня беларускага пісьменства, было маёй запаветнай марай. І сёлета Гасподзь спадобіў яе ажыццявіць.
Як расказаць пра ўсё ўбачанае, зведанае, пачутае, не зыбыўшыся важнага, не заблытаўшыся ў нязначным, другасным? Даверу свае ўражанні дзённіку. Гартайце яго старонкі – і падарожнічайце да святыняў разам са мной.







31 жніўня, серада.

Ранак засмучальна халаднаваты і мокры. Няўжо дождж – надоўга? Бывалыя пілігрымы супакоілі: экспедыцыя заўсёды праходзіць пры добрым надвор’і. Пасля малебна на пачатак добрай справы ў саборы, прывітальнага слова і блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта ўзнікае ўпэўненасць, што дарога да святыняў будзе шчаслівай. Уладыка ўскладае сваю лагодную руку на нашы галовы – і кожнага ахутвае пругкая хваля благадатнай цеплыні. У добры шлях!
З алтара выносіцца Непагасная лампада з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Яе прымае клірык Свята-Духава сабора, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, дэкан факультэта тэалогіі БДУ мітрафорны протаіерэй Сергій Гардун. Дакладна і ёмка фармулюе ён сутнасць экспедыцыі: “Гэта вельмі глыбокае спалучэнне Лампады з Благадатным Агнём і свята беларускага пісьменства. Агонь – гэта цуд Божы. Ён сведчыць пра акт уваскрасення Хрыстовага, пра перамогу Бога над смерцю. І разам з тым ён нясе святло. І пісьменства таксама нясе святло. Наша беларускае пісьменства нарадзілася менавіта тады, калі мы сталі хрысціянамі. У гэтым рэчышчы яно развівалася на працягу стагоддзяў. Таму свята пісьменства – свята і для Праваслаўнай Царквы, Свята нашых вытокаў”. Гэтыя словы айцец Сергій паўторыць яшчэ неаднойчы шматлікім вернікам, якія выйдуць сустракаць экспедыцыю на шляху шэсця.
У аўтобусе арганізатар экспедыцыі – пісьменніца, дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры, лаўрэат Нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” Ніна Сямёнаўна Загорская – прапануе пазнаеміцца. Удзельнікі большай часткай людзі вядомыя – заслужаныя дзеячы навукі, культуры, педагогі, бібліятэкары, журналісты. Сярод іх – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Лысенка, які раскапаў старажытнае Бярэсце (цяпер усе, хто наведвае Брэст, могуць убачыць старадаўняе гарадзішча), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар філалогіі Сцяпан Лаўшук, пісьменнік і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч, маскоўскі артыст, рэжысёр, выканаўца галоўнай ролі айца Аляксандра ў фільме “За імя маё”, старшыня грамадскага аб’яднання “Званы Чарнобыля” Уладзімір Ягораў... Маёй суседкай па аўтобусным крэсле аказалася самадзейны кампазітар з горада Бярозы Ларыса Скроцкая-Махнач, першы педагог, заслужаных артыстак БССР Вольгі Шутавай — салісткі Белдзяржфілармоніі і Ніны Бранковіч, артысткі вядомага квартэта “Купалінка”. Яна ўзяла з сабой баян і песняй яднала ў дарозе душы людзей.
Ад кафедральнага сабора аўтобус экспедыцыі адпраўляецца на Святое Поле ў Баранавіцкім раёне, паблізу вескі Загор’е, дзе ў 1983 годзе падчас земляных работ у першым каўшы экскаватара аб’явілася ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У 2000 годзе Сінод Беларускай праваслаўнай царквы праславіў Загор’е-Сталавіцкую ікону як цудатворную. Захоўваецца абраз у келлі Мітрапаліта Філарэта і вернецца навечна ў вёску Загор’е Сталавіцкага сельсавета, калі там з’явіцца храм. Таму па благаславенні Уладыкі Філарэта падчас экспедыцый вядзецца збор сродкаў на яго будаўніцтва. А пакуль на Святым Полі ўстаноўлены паклонныя крыжы і капліца ў гонар Іаана Прадцечы, пабудаваная ў 1996 годзе падчас падрыхтоўкі трэцяй экспедыцыі ўсяго за тры дні. А сама Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы стала Адзігітрыяй – Шляхаводным абразам Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”. Ёю апякуецца намеснік кіраўніка навуковы супрацоўнік інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Алесь Лапата-Загорскі. У кожным храме на нашым шляху будзе пакінуты зроблены па благаславенню Мітрапаліта Філарэта спіс – копія цудатворнага абраза. Але вернікі мелі магчымасць прыкласціся і да самой Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Ля капліцы экпедыцыю сустракалі хлебам-соллю шматлікія прыхаджане з навакольных вёсак разам са святаром, а падзячны малебен па традыцыі адслужыў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стафан у саслужэнні настаяцеля Свята-Аляксандра-Неўскай царквы вёскі Сталавічы айца Фёдара. Сваёй шчырасцю і цудоўнай беларускай мовай Уладыка пакарыў нашы сэрцы.
На свечкі прыхаджан перадаецца Благадатны агонь.
Наступным прыпынкам стала вёска Мілавіды Баранавіцкага раёна. У Баранавічах нас чакаў абед, а жыхары яе сустрэлі экспедыцыю з абразамі і харугвамі яшчэ на ўездзе. Да храма ідзём Хрэсным ходам, а ў царкве ў імя святога прападобнага Сергія Раданежскага адбываецца малебен.
І трэба было бачыць, як аберагалі людзі ад ветру дрыготкія агеньчыкі сваіх свечак, запаленых ад Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга. Усім хацелася данесці іх дадому палаючымі.
У кожным пункце маршруту экспедыцыі яе ўдзельнікі разам з мясцовымі жыхарамі саджалі сад бо алею Малітвы з маладзенькіх дубкоў, ліп, бярозак, туяў, клёнаў, рабінак, яблынек… Каля 120 дрэўцаў упрыгожылі прыхрамавыя тэрыторыі, а ўсяго падчас 18 экспедыцый іх пасаджана каля паўтысячы. Вось які атрымаўся Вертаград – Райскі Сад!
Аўтобус вязе нас у даўнейшы раённы цэнтр, а зараз аграгарадок Быцень на Івацэвіччыне. На мяжы раёна экспедыцыю сустракаюць прадстаўнікі раённай улады, самадзейныя артысты. Ужо добра звечарэла, калі ў Быценьскім храме 17 стагоддзя, асвечаным у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, пачынаецца малебен. Разам з настаяцелем айцом Аляксандрам, а таксама благачынным цэркваў Івацэвіцкага раёна служыць іераманах айцец Спірыдон. Яго незвычайнай моцы і прыгажосці голас страсае высокія скляпенні храма і вырываецца на прасторны двор, запруджаны народам. Жыве айцец Спірыдон у Краснадары, служыць там у саборы, але кожны год прыязджае ў Быцень на храмавае свята. У вёсцы жыве яго бабуля, якой клапатлівы ўнук дапамагае выкапаць бульбу, спарадкаваць агарод і нарыхтаваць паліва на зіму. Айцец Спірыдон здолеў адшукаць сярод сваіх краснадарскіх прыхаджан выхадцаў з Беларусі і згуртаваць іх у невялікую суполку, каб не парываліся радзінныя сувязі, каб не забывалі людзі сваіх каранёў. Ці варта гаварыць, што гэтым бацюшка заваяваў нашыя сэрцы канчаткова і беспаваротна!
Глыбокі вечар, а вёска не збіраецца спаць. Мірыяды агеньчыкаў зіхацяць навокал – людзі не тушаць свае свечкі нават на вясковай плошчы перад гандлёвым цэнтрам, ганак якога стаў імправізаванай сцэнай для выступлення ўдзельнікаў экспедыцыі, мясцовых краязнаўцаў і самадзейных артыстаў. Шчырыя вітанні, усеагульная радасць і сардэчнасць.



1 верасня, чацвер.

Пасля снедання ідзём садзіць Сад Малітвы ў Быцені. Некалі на месцы цяперашняга гандлёвага цэнтра стаяў велічны сабор. Яго залатыя купалы віднеліся здалёку, а са званіцы можна было бачыць абрысы Баранавіч. У гады богаборніцтва святыню знішчылі, і гэтая непапраўная страта дагэтуль баліць старэйшаму пакаленню быценьцаў. Дык няхай Сад Малітвы, закладзены на месцы былога алтара, сваім веснавым вясёлым шолахам суцяшае боль іх сэрцаў. Паўсюдна пры пасадцы пад дрэўцы Садоў Малітвы падсыпаецца асвечаная зямля папярэдніх маршрутаў экспедыцыі і з усіх мясцін 18-й “Дарогі да Святыняў”.
Сёння – Дзень ведаў, і ўдзельнікі экспедыцыі адпраўляюцца да вучняў Быценьскай і Даманаўскай сярэдніх і Пагорскай базавай агульнаадукацыйных школ. Нам з Ларысай Іванаўнай Скроцкай выпала наведаць быценьскіх шасцікласнікаў. Большасць вучняў – выхаванцы мясцовага дзіцячага дома (наша экспедыцыя прывезла дзетдомаўцам гасцінцы ад фірмы “Слодыч” і Маларыцкага камбіната дзіцячага харчавання). Нас папярэдзілі: рабяты шумлівыя, непаседлівыя, могуць не слухаць. А яны слухалі – і экскурсію па школьным музеі, якую вялі аднакласнікі-экскурсаводы, і нашы расповеды, і шчымлівыя песні пра вайну Ларысы Іванаўны. Яна сама – дзіця вайны, у якой без вестак прапаў бацька, таму тэма блізкая яе сэрцу. І песні атрымаліся вельмі кранальныя.
Маршрут сёлетнай Дарогі да Святыняў пралягаў праз Баранавіцкі, Івацэвіцкі, Брэсцкі, Кобрынскі, Маларыцкі, Лунінецкі, Драгічынскі, Ганцавіцкі раёны і заканчваўся ў горадзе Ганцавічы. Нас сустракалі прыхаджане чатырнаццаці храмаў і зразумела, што апісаць кожную сустрэчу газетнай старонкі не хопіць, таму паверце на слова: кожная была нечым адметная.
Вячэралі і начавалі мы ў славутай Тамашоўцы, што ў Брэсцкім раёне. Сучасны, прыгожы, добраўпарадкаваны аграгарадок, у які злучыліся тры вёскі. Адна з іх – Камароўка – падарыла свету двойчы Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта Пятра Клімука, а цэнтральная – радзіма нядаўняга старшыні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча, якому, відавочна, абавязана сваім дабрабытам. А яшчэ Тамашоўка вядомая ў краіне сямейнымі дзіцячымі дамамі, у якіх выхоўваюцца прыёмныя дзеці. Такія мнагадзетныя сем’і легка распазнаць нават у вялікім натоўпе – малыя дружна трымаюцца каля мамы, не адыходзячы ні на крок. Калі пасля малебна ў Свята-Пакроўскім храме настаяцель іераманах Алексій заклікаў прыхаджан прыняць удзел у пасадцы Саду Малітвы, першымі дрэўца выбралі дачушкі і сыны Алены Іванюк. Разам з мужам Міхаілам яны выгадавалі траіх сваіх сыноў, якім ужо 20, 18 і 17 гадоў, і ўзялі на выхаванне сем сірот.
—Мама, гэта будзе наш ясень, мы будзем яго даглядаць, — наперабой шчабяталі малыя і церабілі матулю за рукаў.
—Добра, дзеткі. А пакуль глядзіце, як саджаюць дрэўцы дарослыя і рабіце гэтак жа, — адказвала яна, прыціскаючы да сябе найменшую дзяўчынку, якая таксама хацела дапамагаць брацікам ды сястрычкам. Верыцца: яны будуць даглядаць сваё дрэва, пакуль расце яно і растуць самі. І, калі пасталеюць, не забудуць свой храм з Садам Малітвы.



2 верасня, пятніца.

Дарога вядзе ў Маларыту. Як і паўсюдна, святары, шматлікія вернікі сустракаюць экспедыцыю ў прыгарадзе і разам з імі Хрэсным ходам мы ідзём на цэнтральную плошчу, дзе адбудзецца мітынг. Спакваля прыглядваюся да сустракаючых. Якой светлай радасцю свецяцца іх вочы! Яшчэ б: святыня да іх завітала! Бліжэй да ганку Дома культуры, каля якога праходзіць мітынг, прасоўваюцца малады чалавек і сталая жанчына на інвалідных калясках. Навакольныя расступаюцца, некаторыя гатовы на руках несці вазкі, каб хворыя бачылі цуд, што прыйшоў у іх горад.
Храм Святога Міколы-Цудатворцы ў Маларыце драўляны помнік 19 стагоддзя. Ва ўдзельнікаў экпедыцыі тут шмат працы – іх чакаюць у цэнтральнай раённай бальніцы, агульнаадукацыйных школах, школе мастацтваў і цэнтральнай раённай бібліятэцы. Маларытцы сустракаюць нас вельмі сардэчна, цёпла, а мы не скупімся на пахвалы іх прыгожаму гарадку.
Па абедзе едзем у гарадскі пасёлак Антопаль – гэта ўжо Драгічыншчына. Ніна Сямёнаўна Загорская шукае ахвотнікаў наведаць бальніцу сястрынскага догляду, падтрымаць яе насельнікаў малітвай, добрым словам. Едзем учатырох, вязём з сабой свечкі, апаленыя ад Благадатнага Агню, абразкі і на месцы раздаем пацыентам і персаналу. Нас сустракаюць караваем – спяклі спецыяльна! Ледзьве стрымліваю слёзы... А чыста ўбраныя, светлатварыя і яснавокія бабулі і дзядулі шчыра радуюцца гасцям, расказваюць, як хораша ім тут і зусім не сумна. Мілыя дакторкі і сястрычкі добра іх даглядаюць, і пагаварыць ёсць з кім. А калі моцна папрасіць, то і да роднага дому летам на месяц пусцяць. У бальніцы ёсць невялічкая праваслаўная каплічка ў гонар іконы Маці Божай Лекаркі, дзе адпраўляе службы настаяцель мясцовай Свята-Уваскрасенскай царквы.
У Драгічынскім раёне дарога пралягае да святыні ў вёсцы Валавель – храма Свяшчэннамучаніка Георгія Перамоганосцы, затым – да храма Стрэчання Гасподняга ў самім горадзе. Зноў познія гутаркі з гараджанамі, вячэра і начлег. Храм старадаўні, што не можа не суцяшаць: праваслаўная вера ў гэтым цудоўным палескім краі выстаяла ў ганеннях і нягодах. І людзі не абмінаюць храмы, спасылаючыся на паўсядзённыя турботы, даглядаюць і ўпрыгожваюць святыні.



3 верасня, субота.

Экспедыцыя пераязджае на Лунінеччыну. Тут нам быць практычна цэлы дзень – у Дзятлавічах, Бастыні. Усюды пануюць гасціннасць, сардэчнасць і ўдзячнасць людская, што не абмінула іх вялікая святыня – Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга.
Уразіла гісторыя храма ў Бастыні. У 1962 годзе яго знішчылі па рашэнні бязбожных улад. Але вера ў душах людскіх жыла! І праз тры з паловай дзесяцігоддзі, у 1997-м, у вёсцы была створана абшчына, яшчэ праз два гады па благаславенні епіскапа Пінскага і Лунінецкага Стафана для будаўніцтва царквы і служэння ў ёй Богу і людзям быў накіраваны іерэй Іаан Пятрэнка. У 2003 годзе ў новым храме ў імя Святой Параскевы адбылося першае богаслужэнне. Людзі набылі не толькі храм, але і душэўны супакой і суцяшэнне.
Пакідаем гасцінную Лунінеччыну і накіроўваемся ў вёску Малькавічы Ганцавіцкага раёна – апошні перад сталіцай свята пункт прыпынку. Малебен пачаўся, калі на вёску апусціліся прыцемкі. І ўвесь гэты час каля кадак з саджанцамі туі дзяжурылі вучні мясцовай школы, цярпліва чакаючы пачатку хвалюючай дзеі – закладкі Сада Малітвы. І не саступілі гасцям права першымі пасадзіць дрэўцы.
За поўнач зацягнулася сяброўская бяседа ў школьнай сталоўцы, з песнямі пад баян Ларысы Скроцкай і ў акапельным выкананні спявачак царкоўнага хору на чале з матушкай. Затым гасцінныя малькаўчане разабралі ўдзельнікаў экспедыцыі па хатах – нанач.



4 верасня, нядзеля.

Напачатку цэнтральнай вуліцы экспедыцыю сустракаюць прадстаўнікі адміністрацыі Ганцавіцкага раёна, духавенства. Абмен прывітальнымі словамі – і Хрэсны ход накіроўваецца да сабора ў гонар Свяціцеля Ціхана, Мітрапаліта Маскоўскага. У пасадцы Саду Малітвы ўдзельнічаюць духавенства, члены экспедыцыі і атрад казакоў з мінскага клуба “Казачы спас”, якія прыўрочылі свой палявы выхад да свята і дабіраліся ў Ганцавічы, праходзячы штодня пехатой па 30 кіламетраў. У гэтым горадзе таксама ёсць члены казацкага згуртавання на Беларусі, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці праваслаўнага прыходу.
Пасля Божай Літургіі экспедыцыя “Дарога да Святыняў” перадала Непагасную Лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга ў алтар сабора. Тут яна будзе гарэць на працягу ўсяго свята пісьменства, а затым, пасля Удзячнага Малебна Госпаду на завяршэнне ўрачыстасцяў, вернецца на сваё пастаяннае месца ў Свята-Духаў сабор – галоўны храм Беларусі. А Шляхаводны абраз — Загор’е-Сталавіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы – у келлю Мітрапаліта Філарэта. Да наступнага года і наступнага свята.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.