Астравецкаму благачынню споўніўся год

14:02 / 24.06.2011

Святкаванне першай гадавіны існавання Астравецкага благачыння было прызначана на  Дзень Святога Духа. У панядзелак, 13 чэрвеня ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла адбылася Бажэственная  Літургія з малебнам, якія адслужыў ганаровы госць – сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Андрэй Цыгель у саслужэнні іерэяў Георгія Савіцкага, Вячаслава Шасціткі  і  Максіма Цыгеля, настаяцеля праваслаўнага храма ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла гарадскога пасёлка Карэлічы.  Са  святочнай нагоды айцей Георгій прымаў віншаванні ад прыхаджан.
Гэта быў першы візіт на Астравеччыну новапрызначанага сакратара Навагрудскай епархіі. Таму журналіст “Астравецкай праўды”  папрасіў айца Андрэя  адказаць на некалькі пытанняў.
  


—Айцец Андрэй, Вы ўпершыню наведалі Астравец і наш праваслаўны храм. Якія Вашы першыя ўражанні?
—Храм Божы, святары, якія ў ім служаць, і народ Божы – гэта заўсёды адно цэлае. І вельмі прыемна бачыць такое адзінства ў вас. Храм добраўпарадкаваны, дагледжаны, упрыгожаны. І  не пустуе, што важней за ўсё. Панядзелак, працоўны дзень, а царква амаль поўная. Гэта значыць, людзям не абыякава ўласнае духоўнае жыццё. Азірнемся навокал і ўбачым: свет поўны бедаў, людзі жывуць  праблемамі фінансавага  крызісу, экалагічнымі – якімі заўгодна, апрача клопату аб сваёй душы. Але  калі б кожны чалавек уважліва сачыў за сваім духоўным жыццём, за сваёй душой, то большасці цяперашніх турбот – і ў свеце, і ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі – можна  было б пазбегнуць.
 Слава Богу, ад храма застануцца самыя цёплыя ўспаміны. Астравецкае благачынне – гэта самы крайні, паўночны рубеж нашай епархіі. Тут служаць цудоўныя святары, якія любяць свой храм, дбаюць аб яго працвітанні. І людзі тут душэўныя, дай ім Бог здароўя, моцы  душэўнай і цялеснай, каб надалей клапаціцца аб сваім храме. Як гаварыў  Серафім Сароўскі, нават проста выцерты пыл у храме не застанецца не заўважаным Богам.
—Астравецкаму благачынню споўніўся год. Як Вы ацэньваеце яго дзейнасць?
—Як сакратар епархіяльнага кіравання, магу з пэўнасцю сказаць, што айцец Георгій карыстаецца ва Уладыкі Гурыя заслужанай павагай. Святар ён энергічны, дзейны. На епархіяльных нарадах менавіта ён прапануе многа карысных ідэй, якія потым ажыццяўляюцца і ў іншых благачыннях. У народзе кажуць: які начальнік, такія і падначаленыя. Калі начальнік імкнецца да дасканаласці, то і падначаленыя стараюцца не адставаць.  Дзейнасць вашага благачыннага заслугоўвае самай высокай ацэнкі, а благачынне, якое выдзелілася як самастойная адзінка са Смаргонскага, удасканальваецца і паспяхова  развіваецца.
—У сувязі з гэтым якімі бачацца перспектывы Астравецкага благачыння і якія задачы перад ім ставяцца?
— Перспектывы і задачы абазначае Свяцейшы Патрыярх Кірыл. Насамрэч, сёння ёсць шмат моладзі, якая не прыходзіць у храм. Некалі мы думалі, што бабулькі, якія ў савецкія часы, нягледзечы ні на што, наведвалі храмы і былі асновай праваслаўных абшчын, будуць жыць вечна. Але настала пара, калі яны адыходзяць у лепшы свет, іх месца ў храме павінна займаць наступныя пакаленні. Ды ў сучасных маладых людзей  зусім іншыя інтарэсы. Гэта не значыць, што моладзь дрэнная. У Беларусі яна цудоўная, чулая і спагадлівая душой, бо дзякуючы нашаму Прэзідэнту ў краіне многае робіцца для таго, каб моладзь духоўна мацнела, усебакова развівалася. Сёння дзяржава і царква супрацоўнічаюць па многіх накірунках, я б сказаў – па большасці, і прыярытэтнай з’яўляецца работа з моладдзю. Па-першае, катэхізацыя моладзі, духоўная асвета пры падрыхтоўцы да споведзі і прычашчэння, да хрышчэння і  вянчання. Сёння мы называем сябе праваслаўнымі, але не ведаем, як правільна славіць Бога.
Добра, што працуе нядзельная школа, але патрэбны маладзёжныя брацтвы, якія б наведвалі бальніцы, у дзіцячыя хоспісы, дамы састарэлых, каб падрыхтаваць хворых  і нямоглых людзей да споведзі і прычашчэння, памагалі адзінокім і старым, калі трэба, дроў насекчы, вады прынесці, кватэру прыбраць, агарод ускапаць, іншую работу выканаць. Я ведаю, у Слонімскім благачынні ёсць такія святары, якія са сваімі маладымі прыхаджанамі ўсё гэта робяць.  Дзякуючы такой падтрымцы маладых  пажылыя не адчуваюць сябе адзінокімі. І гэта вельмі важна.
—  Што б Вы пажадалі нашаму благачынню, айцу благачыннаму, прыходу?
—Нашы продкі мудра гаварылі: без Бога – ні да парога. Я пажадаў бы, каб з імем Госпада на вуснах і надалей здзяйсняліся ў вас усе добрыя справы,  і тады Гасподзь не пакіне сваёй міласцю ні гарадок ваш, ні людзей, ні храм, ні айца благачыннага.
—Спасі, Госпадзі! Дзякуй Вам за гутарку, айцец Андрэй. Божай благадаці ў новым служэнні!


Гутарыла Таіса СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.