Пілігрымка па святых мясцінах

10:10 / 06.06.2011
7420

Вучні і настаўнікі нядзельнай школы пры  праваслаўным храме святых апосталаў  Пятра і Паўла здзейснілі паломніцкую паездку ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр (Слонімскі раён)  і Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне.


Вучні і настаўнікі нядзельнай школы пры  праваслаўным храме святых апосталаў  Пятра і Паўла здзейснілі паломніцкую паездку ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр (Слонімскі раён)  і Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне.
У Жыровічах студэнт чацвёртага курса Мінскай Духоўнай семінарыі Аляксандр правёў цікавую пазнавальную экскурсію па манастыры, расказаў аб яго храмах – Яўленскай, Крыжаўздзвіжанскай цэрквах, разам з імі памаліўся на магіле вядомага старца схіархімандрыта Мітрафана. Юныя пілігрымы аддалі даніну пашаны цудатворнаму абразу Маці Божай Жыровіцкай – прыкладваліся да яе са шчырай малітвай аб здароўі родных. Затым у трапезнай для паломнікаў пакаштавалі поснай, але сытнай манастырскай кашы. І вядома, набралі вадзіцы са святой крыніцы ды з вялікім задавальненнем акунуліся ў гаючую купель, каб спаўна адчуць яе цудадзейную сілу.
На ўроках гісторыі Беларусі і занятках у нядзельнай школе рабяты шмат цікавага чулі пра Сынковіцкую царкву-крэпасць – помнік архітэктуры і духоўнай культуры пачатку ХV стагоддзя. І былі рады ўбачыць гэты  шэдэўр дойлідства, пастаяць пад старадаўнімі гатычнымі скляпеннямі, адчуць подых стагоддзяў. Разам з іншымі паломнікамі з вялікай увагай слухалі дзеці расповед экскурсавода – матушкі Ксеніі і пранікаліся духам старажытнасці.
Паломнікі, што наведваюць гэтую святыню, не абмінаюць і тутэйшай святой крыніцы з вельмі смачнай вадой і купеллю. А мы хіба маглі абмінуць?
Дадому юныя пілігрымы вярталіся перапоўненыя ўражаннямі, кожны вёз падарункі мамам і татам, брацікам і сястрычкам – абразкі, крыжыкі, фігуркі анёлкаў, бутэлечкі з гаючым асвечаным алеем.
За такую цікавую, карысную для душы паездку вучні нядзельнай школы дзякуюць настаяцелю храма іерэю Георгію Савіцкаму. А бацюшка вырашыў такім чынам узнагародзіць вучняў за паспяховае завяршэнне навучальнага года і выдатныя адзнакі на экзамене па Закону Божаму.


Таіса СЯМЁНАВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений