Жанчыны-хрысціянкі атрымалі ў падарунак ад бацюшкі жывыя ружы

14:24 / 11.05.2011

У мінулую нядзелю праваслаўныя хрысціяне адзначалі Дзень Жанчын-міраносіц – менавіта ён, а не 8-га сакавіка, па сутнасці, з’яўляецца міжнародным жаночым днём, які нясе ў сабе сапраўдным духоўны пачатак.


Калі Адзінародны сын Усемагутнага Бога Айца прыняў самую ганебную ў тыя часы смерць – быў распяты на крыжы; калі ён паміраў у страшэнных пакутах на вачах у людзей, якія яшчэ тыдзень назад віталі яго ўваход у Іерусалім крыкамі “Асанна”, усцілалі яго шлях пальмавымі галінамі і безумоўна верылі ў яго ўсемагутнасць, — многія, калі не ўсе, адчулі роспач і разгубленасць: дык які ж ён Сын Божы, калі Айцец дазволіў яму ТАК памерці, які ён Усемагутны, калі ТАК пакутуе... У роспачы і сумненнях разбегліся, схаваліся амаль усе вучні, паслядоўнікі, забыўшыся на цуды ўваскрашэння, вылечвання, якія адбываліся на іх вачах...
І толькі некалькі сціплых жанчын стаялі каля пакутнага крыжа. І праз дзень пасля таго, цела Хрыста, загорнутае ў плашчаніцу, было пакладзена ў пячору і ўваход у яе прывалілі каменем, рашыліся купіць міра і іншыя духмянасці і пайсці ў тую пячору, каб абмыць і памазаць знявечанае цела Хрыста і пахаваць яго, як належыць. І ім першым паведаміў радасную навіну анёл, што сустрэў іх у белых адзеннях у залітай сонцам пячоры: Хрыстос Уваскрэс! Акупіў сваёй смерцю грахі ўсяго роду людскога – і ўзнёсся на нябёсы, каб судзіць жывых і мёртвых – Яго ж Царству не будзе канца! І жанчыны, што прыйшлі ў тую нядзелю ў пячору, першымі паведамілі свету гэтую радасную навіну — як надзею на збаўленне. У іх гонар і святкуецца кожную трэцюю нядзелю пасля Вялікадня дзень Жанчын-міраносіц.
...У мінулую нядзелю ў храме Святых Пятра і Паўла прыхаджанкі, што прыйшлі на ўрачыстую літургію, перашэптваліся між сабой: бацюшка казаў, што для жанчын у дзень свята жанчын-хрысціянак прыгатаваны сюрпрыз. І гадалі: які? Нехта меркаваў, што ў іх гонар будзе адслужаны малебен. Нехта палічыў сюрпрызам цудоўныя песнапенні ў выкананні Маргарыты Янульчык і Дашы Харытонавай.
А сюрпрыз чакаў наперадзе. Павіншаваўшы ўсіх са святам, настаяцель храма айцец Георгій кожнай жанчыне, што прыйшла ў той дзень у храм, – ад маленькай дзяўчынкі да старэнькай бабулькі – уручыў у якасці падарунка жывую ружу – пунсовую, чайную, белую, крэмавую...
І трэба было бачыць вочы жанчын, калі яны пакідалі храм – узнёсла-чыстыя, натхнёна-шчаслівыя... У некага ў жыцці гэта былі першыя падораны кветкі: пяцігадовая Лера, да прыкладу, не хацела выпусціць ружу з рук і запэўніла, што нікому яе не аддасць, нават маме. У некага, магчыма, яны былі адзінымі за доўгі і нялёгкі жыццёвы шлях...
...У маім жыцці было шмат і розных кветак. Уручаных з нагоды і без яе, дарагіх, з лепшых кветкавых магазінаў і сціплых палявых... І ўсё ж гэтая ружа, падораная ў дзень жанчын міраносіц бацюшкам, стала самым дарагім падарункам. Які нібы яднае ўсіх нас, сённяшніх хрысціянак, з першымі жанчынамі-міраносіцамі, і пераконвае, што мы ідзем адной дарогай, што мы – прадаўжальніцы іх справы, і што Хрыстос – сапраўды Уваскрэс!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Таісы СЯМЁНАВАЙ.