Вясеннія канікулы ў касцельных міністрантаў

15:45 / 12.04.2011

Цікавае падарожжа падарылі сёстры-эўхарысткі, якія працуюць у Астравецкай парафіі, сваім юным памочнікам па працы ў касцёле – хлопчыкам-міністрантам.


Падчас канікулаў сястра Алена Панцялей арганізавала для васьмі падлеткаў трохдзённую вандроўку ў горад Жодзіна. Прыняў юных падарожнікаў пробашч Жодзінскага касцёла Маці Божай Фацімскай айцец марыянін Павел Падмышанін. Ён не толькі запрасіў рабят у плябанію, але і прадаставіў ім свае самыя ўтульныя пакоі, а сам перасяліўся ў менш зручнае крыло дома.
Кожную раніцу нашы юныя міністранты на чале з сястрой Аленай пачыналі з агульнай малітвы. Абавязкова ўдзельнічалі ў святым набажэнстве ў касцёле. Вялі духоўныя размовы, падчас якіх айцец Павел адказваў ім на пытанні, якія хвалявалі хлопчыкаў. А яшчэ яны шмат падарожнічалі, і не толькі па ваколіцах Жодзіна – рабяты наведалі горад Барысаў, а таксама сястра Алена арганізавала для сваіх падапечных цікавую экскурсію па храмах Мінска.


Францішка КРАСКО.