Паяднала астраўчан святыня

15:19 / 12.04.2011

З вечара мінулай пятніцы і да вечара нядзелі ў праваслаўным храме святых апосталаў Пятра і Паўла знаходзіўся абраз Свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскіх Цудатворцы з часцінкай яго мошчаў.


Пакланіцца вялікаму святому спяшаліся многія астраўчане і жыхары раёна. Людзі шчыра, з зямнымі паклонамі маліліся перад іконай аб дараванні здароўя ім і родным, дапамозе ў нягодах і немачах. Многія з глыбокай пашанай і верай прыкладвалі да мошчаў абразкі Мікалая Цудатворцы, каб прынесці ў свае дамы часцінку яго святой благадаці.
Святыня паяднала астраўчан – пакланіцца ёй прыходзілі і праваслаўныя вернікі, і католікі. Асабліва шмат людзей сабралася ў нядзелю на Бажэсцвеннай Літургіі – храм быў перапоўнены. І панавала ў ім атмасфера сардэчнасці, узнёсласці, дабрыні і хрысціянскай любові.


Таіса СЯМЁНАВА.