Фестываль праваслаўных Раждзественскіх песнапенняў прайшоў у Астраўцы

16:10 / 13.01.2011

Штогадовы фестываль праваслаўных Раждзественскіх песнапенняў “Слава ў вышніх Богу” – гэта заўсёды падзея, незалежна ад этапу правядзення. Так было і сёлета – кінаканцэртная зала “Астравец” утульна размясціла і сагрэла супольнай малітвай не толькі ўдзельнікаў адборачнага туру, але і шматлікіх гледачоў. Бо, як зазначыў, адкрываючы яго, благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій Савіцкі, важны не сам конкурс як праверка падрыхтоўкі царкоўных хароў, а менавіта песнапенні, якія найперш – малітва, што яднае  сэрцы  і набліжае нас да Бога.


Пачалася імпрэза з афіцыйнай часткі. Прывітальны ліст райвыканкама да ўдзельнікаў конкурсу  зачытала галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела Таццяна Мікалаеўна Букель  і ад сябе асабіста дадала цёплыя пажаданні  ўсім ўдзельнікам спеўнага спаборніцтва. А настаяцелю астравецкага храма айцу Георгію Савіцкаму перадала для царкоўнай бібліятэкі кнігу “Памяць” і новавыдадзены зборнік твораў Казіміра Сваяка.
Астраўчанам, як гаспадарам,  выпала выступаць першымі. Задаваць тон заўсёды цяжка, ды, па-мойму, хору храма Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла гэта ўдалося. Год ад году расце яго выканаўчае майстэрства, але шляхі ўдасканалення – бязмежныя і патэнцыял у калектыва шматабяцальны. Упэўнена: яго трыумф на галоўнай сцэне фестывалю – справа часу.
Прыемнай неспадзяванкай стала выступленне хору храма ў імя Святога прарока Іліі пасёлка Альхоўка: прыгожыя галасы, пранікнёнае, натхнёнае выкананне. Журы па вартасці ацаніла дэбют.
Звычайна ўдзельнікам фестывалю Раждзественскіх песнапенняў задаецца канкрэтная праграма: два кананічныя творы і адзін – народны, звычайна гэта калядкі. Сёлета абавязковым для ўсіх удзельнікаў было выкананне кондака “Взбранная Воеводе победительная”. Гучаў ён у розных распевах — грэчаскім, балгарскім, опцінапустынскім і Іпацьеўскага манастыра, у апрацоўцы кампазітараў. Духоўныя песнапенні маюць цудоўную ўласцівасць абуджаць душы і настройваць іх, успрымаць чароўныя, узнёслыя гукі як гаючы бальзам. Асабліва, калі яны ліюцца з вуснаў дзяцей. Духоўныя песнапенні – не просты канцэрт, тут выклікі на “біс” не прадугледжаны, але хор выхаванцаў Нядзельнай школы пры храме Праабражэння Гасподняга г. Смаргоні зала праводзіла са сцэны працяглымі рытмічнымі воплескамі.
Сярод трынаццаці царкоўных хароў няпроста было выбраць  лепшых для выступлення на асноўным конкурсе ў Лідзе. Журы вырашыла прадаставіць гэтае пачэснае права ад Астравецкага благачыння – хору храма Святога прарока Іліі з Альхоўкі, ад  Ашмянскага – хорам храмаў гарадскога Свята-Васкрасенскага і Святога велікамучаніка Георгія  вёскі Гальшаны, ад Смаргонскага, вядома ж, дзіцячаму калектыву і хору сабора Праабражэння Гасподняга, а таксама – хору  прыхода вёскі Святляны.
Мы шчыра рады за альхоўцаў і ад усёй душы жадаем ім  паспяховага выступлення.


Таіса СЯМЁНАВА.