Знаёмцеся: настаяцель праваслаўнага храма ў Альхоўцы айцец Вячаслаў Шасцітка

11:36 / 15.12.2010
1

Крыху больш чым год назад у раёне быў асвечаны другі праваслаўны храм: царква Прарока Іліі ў Альхоўцы:  невялікая, але вельмі ўтульная, прыгожая – бы церамок з казкі. Настаяцелем храма сваім указам Архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый прызначыў незадоўга да таго рукапаложанага ў свяшчэннікі айца Вячаслава Шасцітку.
Айцец Вячаслаў – чалавек надзвычай сціплы, і таму пра яго пакуль мала ведаюць. Да таго ж нам цікава было даведацца, чым жыве новы храм, што за гэты непрацяглы час змаглі зрабіць настаяцель і яго нешматлікі прыход. Таму мы папрасілі айца Вячаслава даць інтэрв’ю “Астравецкай праўдзе”.


—Айцец Вячаслаў, як вы ўпершыню даведаліся пра Альхоўку? І якія былі першыя ўражанні ад сустрэчы са сваім храмам і прыходам?
—У мінулым годзе ў маім жыцці адбылася вельмі значная падзея: Уладыка Гурый рукапалажыў мяне ў свяшчэннікі. Пасля гэтага я па традыцыі служыў так званы свяшчэнніцкі саракауст – гэта калі на працягу сарака дзён святар служыць Літургію і вячэрнюю службу: з аднаго боку, у знак радасці і ўдзячнасці Богу за прыняцце сану, а з другога – гэта яшчэ і своеасабліва практыка.
 І вось напярэдадні да мяне падыходзіць Уладыка Гурый і кажа: “Рыхтуйся, у суботу паедзем храм асвячаць”. Я нарадзіўся і вырас у Гродна, пра Астравец недзе нешта чуў, але даволі смутна ўяўляў, дзе ён знаходзіцца. Не кажучы ўжо пра Альхоўку. Першае ўражанне было: гэта вельмі далёка — выправіліся мы з Жыровіц у 5 гадзін раніцы, ехалі вельмі доўга…
Але храм мне спадабаўся: драўляны, невялікі, вельмі ўтульны, цёплы. На асвячэнні было надзвычай урачыста, прысутнічала шмат святароў – мы ўсе нават не змясціліся ў невялікім алтары.
Ужо тады ў мяне з’явілася думка, што, напэўна, не проста так Уладыка менавіта мяне ўзяў на асвячэнне храма. А менш чым праз месяц мне ўручыў указ аб прызначэнні настаяцелем царквы Прарока Іліі ў Альхоўцы. 14 кастрычніка мінулага года, на Пакровы Прасвятой Багародзіцы, я адслужыў у храме першую службу. А на наступны дзень, 15 кастрычніка, Гасподзь падараваў мне сына, які стаў чацвёртым дзіцем у нашай сям’і.
Першыя ўражанні? Яны былі дваякія. З аднаго боку, няма, напэўна, чалавека, які б пабываў на Астравеччыне і не захапіўся яе маляўнічай прыродай. А для мяне, гараджаніна, які такой нерукатворнай прыгажосці, можна сказаць, і не бачыў, гэта ўвогуле было дзіва – я не мог налюбавацца такім хараством. Яшчэ вельмі ўразілі касцёлы – прыгожыя, велічныя. Адразу бачна, што край тут – каталіцкі, з даўнімі традыцыямі і старажытнымі храмамі.
А з другога боку – апаноўваў нейкі страх. Царква, канешне, пабудавана: ёсць сцены, дах, самае неабходнае начынне. А ўсё астатняе… Іканастас амаль без абразоў. На першым часе я не мог ні хрысціць, ні вянчаць – не было патрэбнай утвары. Аблачэнне свяшчэнніка – адно-адзінае, хоць па царкоўных канонах на богаслужэбны год патрэбна мець яго сем камплектаў, розных колераў. Прыход маленькі, а куды ні глянеш – і тое трэба, і гэта. Часта думаў у адчаі: Божа, як жа мы справімся?
—І як, справіліся? Што ўдалося зрабіць за гэты год?
—Так, з Божай дапамогай нам многае ўдалося зрабіць. Аформілі іканастас. Сёння ў царкве ёсць усё неабходнае, каб свяшчэннік мог хрысціць, вянчаць, ажыццяўляць усе царкоўныя таінствы. З апошняга, што ўдалося сёлета зрабіць да зімы – закрылі вокны вітражнай плёнкай з выявай крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нашай беларускай святой: да гэтага на фоне драўлянага храма вельмі недарэчна выглядалі белыя пластыкавыя шклопакеты.
Гэта чыста знешнія, бачныя з першага погляду пераўтварэнні. Мяне ж нашмат больш радуе іншае – тое, што ў нас склаўся прыход у сапраўдным значэнні гэтага слова. І галоўнае: у людзей з гэтага асяродку ёсць магчымасць прыйсці ў храм, памаліцца, паспавядацца, прыняць Святое Прычасце – гэта самае важнае. Многія прыязджаюць у  Альхоўку з Варнян, дзе пакуль няма свайго храма, за 15 кіламетраў з Падольцаў – гэта таксама своеасаблівы подзвіг. Значыць, гэта трэба людзям, якія хочуць заўсёды быць з Богам.
—Хто вам дапамагае?
—Мы б нічога не маглі зрабіць без Божай дапамогі. Нездарма кажуць: галоўнае — пачаць, а потым Гасподзь не пакіне. Так і адбываецца.
Калі храм яшчэ толькі будаваўся, вялікую дапамогу, ведаю, аказваў райвыканкам – сродкі выдзяляліся на вагонку для ўнутранай аддзелкі. Цяпер мы просім дапамогі ў райвыканкама на добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі: наш нешматлікі прыход “пацягнуць” гэты затратны праект не здолее. Да таго ж, калі будзе праведзена  добраўпарадкаванне прыхрамавай тэрыторыі, то і ўся Альхоўка стане выглядаць зусім па-іншаму: храм жа стаіць у цэнтры сяла.  Такую дапамогу нам абяцалі. І спадзяюся, што ў наступным годзе мы яе атрымаем.
Хоць увогуле нашы першыя, самыя галоўныя памочнікі – гэта прыхаджане. На іканастас, вітражы мы збіралі грошы мэтанакіравана – і ніхто не адмаўляўся ахвяраваць. Асаблівая падзяка прыхаджанам з Варнян: яны рыхтуюцца да адкрыцця храма ў сваёй вёсцы — гэта таксама запатрабуе сродкаў, але людзі тым не менш ахвяравалі, што маглі, і на царкву ў Альхоўцы. Мы пастаянна молімся ў храме за нашых ахвярадаўцаў.
Адчуваем мы падтрымку і дапамогу нашых прыхаджан і ў паўсядзённых справах: нехта прыходзіць прыбрацца ў храме, нехта прадае свечкі, выпякае прасфоры  —кожны нясе сваё хоць невялікае, але такое патрэбнае храму і прыходу паслушанне.
Сёння гэта ўзгадваецца з усмешкай, але калі праводзіў першыя службы, то сітуацыя была – хоць плач: няма ні хору, ні чытальніка, ні панамара – што называецца, сам служу, сам пяю, сам кадзіла падаю… Цяпер жа ў нас ужо ёсць свой хор — хай сабе ён невялікі, але пяе вельмі зладжана, хоць некаторыя яго ўдзельнікі не мелі раней такога вопыту, некаторыя не ведаюць нават нотнай граматы. Рабілі так: я прывозіў запісы з царкоўнымі песнапеннямі, яны на слых падбіралі – і вельмі хутка навучыліся. Цяпер у іх нядрэнна атрымліваецца, я і сам гэтаму радуюся, і госці, што наведваюць час ад часу нашу царкву, адзначаюць зладжанасць царкоўнага хору.
Царкоўнае аблачэнне нам падарылі нашы дабрадзеі з Мінска. Я нават не прасіў – самі прапанавалі. Хай сабе некаторае ўжо было ў карыстанні і для сталічных храмаў, магчыма, выглядае не вельмі дастойна, а для нас – у самы раз, не трэба траціць грошы, якіх і так не хапае, на набыццё новага.
—А як абстаяць справы ў Варнянскім прыходзе, які, ведаю, таксама знаходзіцца пад вашым патранажам?
—Тут таксама можна ўжо ўздыхнуць з палёгкай і падзякаваць Богу і нераўнадушным людзям. Дзякуючы падтрымцы раённай улады і кіраўніцтва РУП “Фармацыя” нам перадалі будынак былой аптэкі ў вёсцы Варняны. Памяшканне знаходзіцца ў добрым стане, патрабуе толькі касметычнага рамонту, і стварыць там храм будзе значна прасцей. Пабудаваць новы? Не ведаю, ці змаглі б мы асіліць яшчэ адзін даўгабуд: царква ў Альхоўцы, да прыкладу, узводзілася дзесяць гадоў.
—Айцец Вячаслаў, у вас, наколькі я ведаю, пакуль  няма жылля ў нашым раёне, і ўвесь гэты год вы правялі, можна сказаць, у дарозе паміж Гродна, дзе знаходзіцца ваша сям’я, і Альхоўкай. Не стамляе такое качавое жыццё?
—Ведаеце, калі справа любімая, да якой імкнуўся шмат гадоў, то ўсё гэта не так і цяжка. Канешне, было б прасцей, калі б з’явіўся на месца службы — а там усё гатовае: і храм, і прыход, і жыллё. Але з Божай дапамогай усе цяжкасці мы пераадолеем, і ўсё гэта з цягам часу будзе.
—А як вы прыйшлі да таго, што  справа – любімая? Як узнікла жаданне стаць святаром?
—Сёння, з вышыні пражытых гадоў, часам здаецца, што я ўсё жыццё марыў менавіта пра гэта. Хоць, вядома, усё не так проста.
Пахрысціўся я даволі позна, у 21 год. У храм мяне прывяла мая матушка, тады – яшчэ  будучая жонка. Я на той час закончыў тэхнікум, працаваў аператарам на  Гродзенскім ААТ “Хімвалакно”. Мы сустракаліся, збіраліся пажаніцца, але я, у адрозненне ад сваёй нявесты, быў няхрышчаны. І яна мне прапанавала пайсці ў храм і ахрысціцца. Я пагадзіўся – хоць не магу сказаць, што з вялікім энтузіязмам.
А потым… Кажуць, Гасподзь чалавеку на пачатку шляху дае асаблівую благадаць, дазваляе зведаць слодыч жыцця з Богам. Так адбылося і са мной: мяне пацягнула ў храм. Я хадзіў на службы, наведваў заняткі пры храме. З цягам часу мяне заўважылі, узялі на клірас: я быў чытальнікам, затым стаў панамарыць. А ў нейкі момант зразумеў, што не хачу займацца нічым іншым, акрамя як тым ці іншым чынам служыць у храме. І вырашыў паступіць у духоўную семінарыю, каб атрымаць духоўную адукацыю.
Вучыўся я, вядома, завочна – на той час у мяне была сям’я, двое дзяцей: дачка нарадзілася цераз месяц пасля майго паступлення. Было даволі цяжка: работа, вучоба, сям’я, прыслужваў у храме… Але з Божай дапамогай усё цяжкасці былі пераадолены. Пасля заканчэння семінарыі Уладыка Гурый рукапалажыў мяне ў свяшчэннікі і прызначыў настаяцелем у Альхоўку.
Паміж гэтымі дзвюма падзеямі – хрышчэннем і прыездам у Альхоўку – прайшло не так і мала часу – пятнаццаць гадоў. І я вельмі ўдзячны Богу, што ён прывёў мяне на гэты шлях – нічым іншым у жыцці я б не хацеў займацца.
—Немалаважная частка жыцця праваслаўнага святара – яго сям’я. Раскажыце, калі ласка, пра сваю.
— Мая матушка па свецкай адукацыі– бухгалтар. Хоць гэтай справай яна даўно не займаецца, хіба што дапамагае мне складаць бухгалтарскія дакументы. Цяпер у яе адна справа і адно паслушанне – быць жонкай свяшчэнніка, маці яго дзяцей. І гэта вельмі няпроста. З аднаго боку, жанчына – замужам, у яе – сям’я. А з другога – муж ёй нібыта і не належыць: у яго ўвесь час нейкія справы, сустрэчы, людзі, тэлефонныя званкі, ён у любы момант можа сарвацца і паехаць туды, куды яго клічуць. Быць матушкай – гэта своеасаблівы подзвіг, нікому, акрамя Бога і самых блізкіх людзей, незаўважны: увесь час чакаць, цярпець, выхоўваць дзяцей – а сем’і ў праваслаўных святароў, як правіла, шматдзетныя. Свяшчэннік – ён увесь час на людзях, у пашане, а праца матушкі – непрыкметная, але ад гэтага не менш важная і цяжкая.
Мы з матушкай выхоўваем чацвярых дзяцей: старэйшаму сыну Раману 14 гадоў, ён вучыцца ў гімназіі. Малодшаму, Андрэю, нядаўна мінуў год. Паміж імі – сямігадовая Марыя і чатырохгадовы Аляксей.
—Айцец Вячаслаў, для многіх бацькоў актуальнае пытанне: як прывесці дзяцей да Бога – каб гэта была сапраўдная вера, ад сэрца, а не на паказ? Ці ў святароў такіх праблем няма?
—Ну канешне ж, нараджэнне дзіцяці ў сям’і свяшчэнніка яшчэ не азначае, што сапраўдная вера да яго прыйдзе аўтаматычна. Усе дзеці, асабліва ў падлеткавым узросце, праходзяць праз шлях бунтарства, адмаўлення агульнапрынятых каштоўнасцей, таго, што раяць бацькі – такімі былі і мы, такімі будуць і нашы дзеці, гэта аб’ектыўная рэальнасць.
А задача бацькоў – навучыць дзіця простым, звычайным рэчам: як звярнуцца да Бога, калі табе гэта спатрэбіцца, як памаліцца, дзе… Калі гэта будзе жыць у сэрцы, у падсвядомасці, то яно абавязкова спатрэбіцца, калі ў жыцці здарацца цяжкасці, калі пачне “штарміць” – тады ўспомняцца гэтыя ўрокі, і захочацца пайсці ў храм, памаліцца, паспавядацца, прычасціцца Святых Хрыстовых Таінстваў…
—У вас падрастае трое сыноў. Ці хацелі б вы, каб нехта з іх абраў у жыцці вашу дарогу – стаў свяшчэннікам?
—Мне хацелася, каб яны, калі вырастуць, самі вызначыліся са сваім месцам у жыцці. Бо да кожнай справы трэба мець прызванне. Вы ж разумееце, наколькі страшны настаўнік, які не любіць дзяцей. Ці ўрач, які адносіцца да сваёй справы і да хворых з пагардай. Гэтаксама і свяшчэннік, які не служыць Богу і людзям, а працуе, выконвае прадпісаныя абавязкі. Калі чалавек не мае прызвання, а імкнецца па нейкай прычыне ступіць на святарскую сцежку – гэта таксама страшна. Паства адразу ж бачыць, хто служыць з агнём у душы, а хто – наёмнік. А свяшчэннік жа працуе з душамі людзей, і тут прынцып “не нашкодзь”, можа, больш важны, чым у якой іншай справе.
Я б хацеў, каб мае дзеці ў будучым самі выбралі тое, што ім сэрца падкажа, а не тое, што прымушаюць зрабіць бацькі – нават з самых лепшых намераў
У нас чамусьці склалася меркаванне, што служыць Богу можна толькі ў храме ці ў манастыры. А гэта зусім не так! Служыць Богу можна абсалютна ў любым месцы і ў любой прафесіі. Урач, настаўнік, журналіст, ваенны – ды хто заўгодна! – можа служыць Богу ніколькі не менш і не горш, чым свяшчэннік, прафесія тут не мае асноўнага значэння. Галоўнае – што ў вас у душы і з чым вы ідзяце да людзей.
—І ўсё ж, свяшчэннік – гэта прафесія, стан душы, служэнне ці нешта іншае? Як бы вы ахарактарызавалі?
—Адназначна – не прафесія. Свяшчэннік не працуе, ён – служыць. І служэнне  гэтае дастаткова цяжкае. Часам маладыя людзі імкнуцца паступіць у семінарыю, спакусіўшыся знешняй урачыстасцю, велічнасцю, у нейкай ступені — бляскам службы ў храме. Але гэта толькі бачны бок  служэння. А ў семінарыі яго вучаць не толькі неабходным ведам, а найперш – выхаванню, паслушанню, у пэўнай ступені — самаадрачэнню. У свяшчэнніка не можа быць выхадных, яго ў любы час дня і ночы могуць паклікаць да паміраючага ці праводзіць у апошні шлях нябожчыка – і ён не можа, не мае права адмовіцца.
Не ўсе вытрымліваюць такія выпрабаванні. Да гэтага трэба мець асаблівае прызванне, душэўнае пакліканне. Калі яно ёсць, то з Божай дапамогай усё атрымаецца. Нават тое, чаму ў семінарыі не вучаць, бо свяшчэннік, асабліва ў сельскім прыходзе – ён жа і прараб, і бухгалтар, і юрыст, яму трэба ўсё ведаць і ўсё рабіць.
—Ну што ж, айцец Вячаслаў, дай Бог, каб у вас і сапраўды ўсё атрымалася, усе планы і задумы ажыццявіліся – да радасці вашых прыхаджан і ўсіх вернікаў раёна.


Гутарыла Ніна РЫБІК.