Таямніца Саборавання

16:54 / 19.03.2010

Падыходзіць да свайго завяршэння Вялікі пост і да Пасхі засталося ўсяго два тыдні. Прыродная вясна ўсё больш набірае абароты і ўсё часцеё радуе сонечнымі днямі. Гэтак жа і душа, упадабляючыся прыродзе, паступова абуджаецца ад грахоўнага сну. Бо для кожнага хрысціяніна залатым правілам з’яўляецца абавязкова кожны Вялікі пост прыйсці на споведзь, пакаяцца ў сваіх грахах і прычасціцца Святых Хрыстовых Таямніц.
Кожны год, звычайна напрыканцы Вялікага посту, у праваслаўных храмах здзяйсняецца Таямніца Саборавання, або Ялеяасвячэння. Падчас яго праваслаўны хрысціянін сем разоў памазваецца свяшчэннікамі асвечаным ялеем, змешаным з чырвоным віном. Пры гэтым сем разоў чытаецца Евангелле і гучаць малітвы аб хворым. Тым самым на хрысціяніна апускаецца благадаць Божая, здольная вылечваць як яго фізічныя, так і духоўныя хваробы, лекаваць душу і цела.
Таямніца Саборавання па правілах павінна здзяйсняцца над людзьмі, якія знаходзяцца пры смерці або цяжка хворыя. Таму яна можа выконвацца не толькі падчас Вялікага посту, але і ў любы іншы дзень царкоўнага года. Аднак яе ні ў якім разе не трэба ўспрымаць як бласлаўленне перад смерцю. Многія памылкова лічаць, што калі святар прыходзіць у дом пасабораваць хворага, значыць, хутка прыйдзецца заказваць труну. Наадварот, гэтая Таямніца служыць для аднаўлення, адраджэння чалавека да жыцця. Яна заклікана ратаваць людзей ад фізічнага і духоўнага памірання: абараняць ад фізічнай смерці цела і ад смерці душы – як абязбожанасці чалавека, пазбаўленасці Божай благадаці.
Часта цяжкія хваробы, а таксама пакуты і боль, якія чалавек адчувае пры іх, д’ябал стараецца выкарыстаць у сваіх мэтах, любым спосабам настроіць нас супраць Бога – унушае крыўдлівасць, абурэнне і нават гнеў. Гэта вельмі небяспечны стан, асабліва для цяжка хворага, бо яшчэ больш узмацняе хваробу. І таму пры здзяйсненні гэтай Таямніцы мы молімся, каб Гасподзь адагнаў ад нас нячыстую сілу і пакрыў Сваёй славай.
У таямніцы ялеяпамазання хвораму надаецца таксама сіла, каб пераносіць пакуты, вылечваюцца духоўныя карані хвароб, і таму амаль заўсёды ад ялеяпамазання бывае палёгка, а вельмі часта і поўнае вылечванне.
У наш час стала традыцыяй саборавацца кожны год, а некаторыя паспяваюць і некалькі разоў на год, не маючы на тое асаблівых прычын. Кожны, хто ўдзельнічае ў Таямніцы, павінен усведамляць, што не абавязкова атрымае ў Сабораванні фізічнае вылечванне. А калі чалавек цяжка хворы або пры смерці, то, магчыма, неўзабаве памрэ. Але нават і ў такім выпадку, калі хворы прыняў благадаць Таямніцы годна, з верай і пакорай, то ён набывае, дзякуючы Ялеяасвячэнню, іншы, асаблівы дар, асаблівую здольнасць: па-новаму, мужна і ўдзячна прыняць сваю хваробу, няхай і смяротную, і па-хрысціянску наблізіцца да ўваходжання ў вечнае жыццё. Хвароба і пакуты тады робяцца не мучэннем і расплатай за грахі, а адной з дабарадатных умоў выратавання душы.
Пры здзяйсненні Таямніцы Ялеяасвячэння над людзьмі, якія знаходзяцца пры смерці, вызначаецца Бажэсцвенная воля аб чалавеку: належыць яму вылечыцца або памерці. Некаторыя вопытныя святары не рэкамендуюць па прычыне адной і той жа хваробы двойчы сабораваць чалавека: волю Божую ён ужо аднойчы зведаў, і Гасподзь Сваё вызначэнне аб чалавеку ўжо вынес. Неабходна гэтую Бажэсцвенную волю прыняць і, ідучы за ёю, здзяйсняць справу свайго Збаўлення.
Дай Бог усім нам у Вялікім посце не толькі ачысціць сваю душу ад грахоў, але і вылечыць цела. Але для гэтага перад Таямніцай Саборавання неабходна паспавядацца, а пасля прычасціцца Святых Хрыстовых Таямніц.



У храме Святых апосталаў Пятра і Паўла Сабораванне адбудзецца 26 сакавіка г.г. у 18.00

Свяшчэннік Георгій САВІЦКІ,


клірык храма Святых апосталаў Пятра і Паўла г. п. Астравец.