Вспомним священников Клющанского костела

11:13 / 15.07.2017

klyshchany1.jpg

Інфармацыя пра пажар у Клюшчанах імгненна запоўніла інтэрнэт і СМІ. Аўтар артыкула «Стра­чаны храм у Клюшчанах» А. Гану­ліч пісала, што многія сродкі масавай інфармацыі падалі навіну, «да канца не разабраўшыся ў фактах» і г.д. Гэта сапраўды так – але дзякуй ім ужо за тое, што не засталіся раўнадушнымі. А памылкі хай застануцца на сумленні тых, хто даў журналістам недакладную інфармацыю. Я ж хачу расказаць пра вядомыя мне факты, а таксама дапоўніць гісторыю касцёла.

Клюшчанскі касцёл – помнік драўлянага дойлідства з эле­мен­тамі неаготыкі. Пра гэта сведчыць «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць» (Мн.; Бел СЭ, 1986, 371 с). А вось з датай яго пабудовы адзінства ў друкаваных крыніцах няма. Ва ўзгаданым «Зборы помнікаў» запісана, што касцёл пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя (?!) Можа, аўтары мелі на ўвазе той выгляд касцёла, які захаваўся да нашых дзён? Але «элементы неаготыкі» з’явіліся напачатку 20 стагоддзя, калі вядомы ксёндз Юзаф Бародзіч дабудаваў замест адной круглай вежы-званніцы дзве новыя – у гатычна-закапанскім стылі.

У кнізе «Памяць» у раздзеле «Ста­ражытная Астравеччына» датай пабудовы Клюшчанскага кас­цё­ла падаецца 1786 год, датай яго рэканструкцыі – 1887 год, а ўжо ў раздзеле «З гісторыі насе­леных пунктаў Астравецкага раёна» ўказаны 1788 год – як дата пабудовы і 1875 – перабудовы. У краязнаўцы Яські Драўніцкага дата ўзвядзення касцёла – 1770 год, дата ўтва­рэння парафіі ў Клюшчанах – 1788, першым святаром па­значаны Марцін Зубовіч. Ксёндз Анатоль Захарэўскі знайшоў у дыя­цэзіяльных запісах такія ж звесткі. Іосіф Шымковіч з в. Пятра­шышкі сцвярджаў, што ён сваімі вачыма бачыў касцёльную кнігу, якая пачыналася 1725 годам! Гэтая ж дата «праскоквае» і ў некаторых СМІ.

Напачатку 2000-ых я ўбачыла ў захрыстай цудам ацалелы ці захаваны нейкім адданым чалавекам пажоўклы «Сапраўдны рэестр ксяндзоў-пробашчаў парафіі Клюшчані ад пачатку існавання той жа парафіі, гэта значыць ад пачатку года 1875, на падставе архівальных дакументаў, якія знаходзіліся ў архі­ве», складзены ў 1937 го­дзе ксяндзом Адамам Вай­цяхоўскім. Я яго пераклала на беларускую мову, кс. Здзіс­лаў Пікула дабавіў проз­­­вішчы новых святароў, Адам Мальдзіс у Мінскай дру­кар­ні аформіў яго ў плакат. Гэты спіс вісеў пры ўваходзе ў касцёл – каб кожны жадаючы мог прачытаць, хто служыў у гэтым храме.

Першы святар Матэвуш Хі­ля­ры-Жыдэлевіч служыў у Клюш­чан­­скім касцёле з 1785 па 1788 год (тры гады да пазначанага Я. Драўніцкім кс. Зубовіча). Не мог жа кс. Адам прыдумаць прозвішча першага святара! Ці мог памыліцца ў даце пабудовы касцёла кс. Вайцяхоўскі? Малаверагодна, бо быў ён чалавекам высокаадукаваным. Тым не менш можна дапусціць, што ён мог не знайсці архіў за 1725-1774 гг. ці па нейкай прычыне не запісаць – як не запісаў дзейнасць пробашчам кс. Канстанціна Стэповіча – Казіміра Сваяка. Мне гэта было непрыемна бачыць. Перш я падумала, што гэта адбылося таму, што Сваяк мала служыў у Клюшчанах – ды не: у спіс трапіў пробашч, які быў тут усяго чатыры месяцы. Значыць, пра апальнага ксяндза Стэповіча «забыліся» наўмысна і па зразумелай прычыне. Я перагледзела касцёльныя кнігі (дзякуй Богу, што паспела) за 1915-20 гады і выбрала даты, калі пробашчам Клюшчанскага касцёла з’яўляўся Сваяк.

Так, да ісціны дайсці цяжка. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але магло здарыцца і такое, што сцёртая ад часу лічба 8 падалася падобнай на 2. Зноў жа – гэта толькі маё меркаванне. Астатнія разыходжанні невялікія. Я схільная верыць рэ­естру кс. Вайцяхоўскага.

Як бачым, наконт даты рэ­кан­­струкцыі касцёла таксама няма адзінства. Калі шу­кала звесткі пра кс. Га­лі­ча, у поль­скім даведніку «Дыя­цэ­зія Вілен­ска» пра­чытала, што ён пера­будаваў касцёл у Клюшча­­нах. У 1864 г. скасавалі касцёл у Жукой­нях-Жаляд­скіх, а парафіян, якія захацелі застацца католікамі (амаль усіх!), далучылі да Клюшчанаў. Парафія ў гэты час налічвала 2 227 чалавек. Узнікла патрэба ў пашырэнні ка­сцёла. У 1897 (па звестках Я. Драўніцкага) ці 1887 (дыяцэзыяльны запіс) годзе касцёл перабудаваны. Хоць даты перабудовы і розняцца, але ўсе яны падыхо­дзяць пад гады служэння кс. Галіча ў Клюшчанах – 1875-1898 гады.

Існуе дзве версіі перабудовы касцёла. Адна вядомая з друкаваных крыніц: касцёл перавезлі з Лынтупаў. Другая, якая жыве ў народзе, сцвярджае, што кс. Галіч дамовіўся з панам Сволькенам і майстрамі, якія ўпотай нарыхта­валі бярвенне для сцен, зрабілі вокны, дзверы і ўсё астатняе – а потым у вызначаны дзень вельмі хутка склалі храм.

У адным з артыкулаў пішацца, што прыкладна ў 50-60-х гадах мінулага стагоддзя касцёл быў адноўлены. Але ўсё было наадварот: у гэтыя гады касцёл стаяў, як арыштант, пад свіранавым замком, і людзі без сумлення расцягвалі з храма што маглі! У 1969 годзе прывезлі салдатаў, якім быў дадзены загад вывезці арган, духавыя інструменты і ўсю маёмасць з касцёла. Збегліся амаль усе мясцовыя жыхары на абарону сваёй святыні: жанчыны галасілі, больш адважныя вырывалі з рук салдатаў абразы. Такім чынам Алена Налівайка захавала абраз «Маці Божай Чанстахоўскай» – вельмі прыгожы, з даўняй гісторыяй. Уладак Трыбоцкі, малады хлопец, які працаваў у калгасе на грузавіку, вылез з машыны і сказаў старшыні: «Я не павязу! Хочаш – вязі сам». Але нішто не дапамагло: маёмасць вывезлі, алтар і лаўкі загадалі папілаваць на дровы, каб ацяпляць школу. Ірэна Ярош, якая працавала прыбіральшчыцай у школе, адмовілася пілаваць касцёльную маёмасць і нават звольнілася са школы – пайшла працаваць у цагельню. І засталася святыня разрабаваная… Астатняе дапоўнілі савецкія ўлады і мясцовыя мара­дзёры.

klyshchany2.jpg

Аднаўляць касцёл пачалі тады, як паўсюдна сталі адкрывацца святыні. Уся парафія плячо ў плячо паднялася на адбудову касцёла. Дапамагалі хто чым мог: хто будаўнічымі матэрыяламі, хто грашыма, хто транспартам, хто свамі рукамі – і за нядоўгі час узнялі з руін касцёл! Да парафіяльнага фэс­ту св. Яўхіма ў 1989 годзе дзверы Клюшчанскага касцёла былі шырока расчынены, касцёл патанаў у кветках. Парадавацца гэтай падзеі прыйшлі ўсе парафіяне, вернікі з суседніх парафій, з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, усе, хто ў свой час пакінуў маленькую ра­дзі­му ў пошуках лепшай долі. Над па­­ра­фіяй паплыў, уздымаю­чыся да самых аблокаў, голас зна­ка­мітага клюшчан­скага звона – яго, дарэ­­­чы, падараваў храму ў сярэ­дзіне 19 стагоддзя мой пра­дзед Адам Валуе­віч. Звон прывезлі з Пецяр­бурга – яго надзвычай прыгожы, меладычны «голас» быў чуцен за 5 кіламетраў. У сваім дзённіку «Дзея маёй мыслі сэрца і волі!» К. Сваяк пісаў: «Слухаючы звон наш цудоўны касцёльны…». Людзі плакалі, не хаваючы слёз, радаваліся, абды­малі адзін аднаго ў парыве ўдзячнасці Ўся­вышняму. Гэта радасная для ўсіх падзея адбылася 27 жніўня 1989 годзе. Зноў, як у былыя часы, кожную нядзельку, кожнае свята расчыняў касцёл свае дзверы, прымаючы ўсіх, хто прыходзіў сюды. Верны люд шанаваў сваю святыню, клапаціўся, прыбіраў ў кветкі. І вось – не збераглі...

Ва ўсіх інфармацыйных крыні­цах у сувязі з Клюшчанскім касцёлам узгадваўся Казімір Сваяк. Канешне, Казімір Сваяк – «візітная картка» нашага раё­на, наш гонар – але дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гісторыю і славу Клю­шчанскага касцёла стваралі і іншыя выбітныя, таленавітыя святары. Мне неяк крыўдна стала, што абяднілі гісторыю касцёла.

Даведаўшыся пра трагедыю, я перачытвала розныя сайты і артыкулы ў газетах у надзеі, што знайду здымак памятных камянёў: адзін з іх быў пастаўлены да 120-годдзя Янкі Быліны ў 2003 годзе. Другі – братам Стэповічам у 2006 годзе, дзякуючы намаганням краязнаўцы Алеся Юркойця і журналісткі Ганны Чакур. Было страшна, што ці самі камяні, ці надпісы на іх таксама пашкодзіў бязлітасны агонь. Але нядаўна даведалася: дзякаваць Богу, ніякіх пашкоджанняў яны не атрымалі. Нават місійны крыж, які стаіць паміж імі, нейкім цудам ацалеў.

Ксёндз Ян Семашкевіч (Янка Быліна, 1883 – 1956) не служыў у Клюшчанскім касцёле – але ён хрысціўся, тут упершыню прыняў Святую камунію, тут яго юная душа пацягнулася ў вышыню, тут прыйшло да яго рашэнне прысвяціць сябе служэнню Богу. Ён – першы святар з гэтай парафіі. Ён вельмі любіў гэты касцёл, сваю радзіму, прысвяціў ёй шмат вершаў і нават пры жыцці паставіў сабе помнік на клюшчанскіх могілках, хоць на самой справе быў пахаваны ў Польшчы.

А як жа не ўспомніць пробашча Яна Галіча-Сулін­ска­га (1829 – 1898), які хрысціў нашых праслаўленых землякоў – святароў К. Стаповіча і І. Се­маш­кевіча? Ён зра­біў вялікі ўклад у развіццё каталіцкай музыкі на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Ён з’яўляецца аўтарам шасці месаў і месы ў гонар святога Яўхіма, напісанай спецыяльна для Клюшчанскага касцёла, трох рэквіемаў, вялікай колькасці прэлюдый для аргана, аўтарам і ўкладальнікам зборнікаў «Музыка для аргана: новы метад з літарных нотаў», склаў падручнік «Школа для аргана» (1858), які з’яўляецца першым выданнем такога кшталту на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Кс. Ян Галіч вёў душпастырскую дзейнасць у Клю­шчанах з 04.01.1875 па 28.12.1898 гады – менавіта ў яго бытнасць пробашчам быў пашыраны касцёл.

У 1901-1906 гадах у Клюшча­нах служыў ксёндз Юзаф Ба­ро­дзіч (1861 – невядомы), які пабудаваў новую пля­ба­нію і дом для касцёльнай службы. У час рамонту касцёла ён замяніў васьмігранную званніцу на франтоне касцёла на 2 вежы ў гатычна-закапанскім стылі – такім касцёл захаваўся да апошняга часу. Ён павялічыў і добраўпарадкаваў могільнік, паставіў мураваную агароджу ля касцёла, па-новаму абсталяваў алтары. Ён выкладаў філасофію ў кракаўскім Ягелонскім універ­сітэце, папа Леў ХІІІ блаславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Бародзічам напіса­на больш за дзясятак кніг. У аўтабіяграфічнай кнізе «На возе і пад возам» апавядаў пра сваё жыццё, насычанае падзеямі, у тым ліку і ў Клюшчанах. У Міёрскім касцёле ёсць памятная дошка ў яго гонар.

У многіх сфер рэалізаваў сябе ксёндз Адам Вайцяхоўскі (1902-1973). Духавы аркестр пры Клюшчанскім касцёле іграў на святах, суправаджаў пілігрымкі ў Вільню. Ксёндз, іграючы на раялі, развучваў з дзецьмі песні. Пры касцёле была багадзельня.

Ксёндз ведаў некалькі замежных моў – і пры гэтым зёлкамі і малітвай і вылечваў безнадзейна хворых людзей. Яго любілі бязмерна, паважалі, яму верылі і дапамагалі, калі доўгіх і цяжкіх 8 гадоў ён вымушаны быў прасядзець у сховішчы, хаваючыся ад праследавання савецкіх уладаў. Кс. Адам Вайцяхоўскі застаўся ў памяці людзей як вялікі чалавекалюб, таленавіты свя­тар, высокаадукаваны чалавек, унікальны лекар, музыкант і пакутнік.

Мы не маем права забываць іх імёны і тое, што зрабілі гэтыя святары для нашых продкаў і для нас, іх адданую працу на карысць касцёла. Іх жыццё – гэта прыклад ахвярнага служэння Богу. Іх праца назаўсёды будзе ўпісана ў гісторыю Клюшчанскага касцёла.

«Балюча. Балюча не толькі таму, што згарэў унікальны і неверагодна прыгожы, утульны помнік архітэктуры і храм – балюча, што там, дзе квітнеў калісьці Сваякоўскі «Хаўрус», засталіся попел і галавешкі», – напісаў мне, даведаўшыся страшную навіну, кіраўнік гурта «Балцкі субстрат» М. Іўкін.

 

З дакументаў

Рэестр ксяндзоў-пробаш­чаў парафіі Клюшчаны ад пачатку існавання той жа парафіі, гэта значыць ад пачатку года 1875, на падставе дакументаў, якія знаходзіліся у архіве Клюшчанскай парафіі, складзены 1 мая 2006 года за подпісам ксяндза-дэкана Здзіслава Пікулы.

1. Кс. Матэуш Хіляры-Жыдэлевіч, 1785-1788, 3 гады

2. Кс. Матэуш-Бэрнард Зубовіч, 1788-1811, 23 гады

3. Кс. Мацей Грышкевіч, 1811-1814, 3 гады

4. Кс. Вінцэнты Харацей 1814-1820, 6 гадоў

5. Кс. Рамуальд Кшыжаноўскі, 1820-1826, 6 гадоў

6. Кс. Аўгустын Ануссэвіч, 1826-1828, 2 гады

7. Кс. Дамінік Марцінкевіч, 1828-1840, 12 гадоў

8. Кс. Гіпаліт Бутовіч, 1840-1844, 4 гады

9. Кс. Казімір Эпулевіч, 1844-1848, 4 гады

10. Кс. Казімір Зышкевіч, 1848-1871, 23 гады

11. Кс. Антоні Палубінскі, 1871-1874, 2 г. 11 м. 28 д

12. Кс. Аляксандр Шафрановіч, 1874 (12.II.) - 1874 (5.V.)

13. Кс. Казімір Красоўскі, 1874-1875, 1 год

14. Кс. Ян Галіч-Сулінскі, 1875-1898, 23 г. 11 м.24 д.

15. Кс. Ежы Мурнік, 1899-1899, 3 м. 3 д.

16. Кс. Тадэвуш Саважынскі, 1899-1900, 1 год

17. Кс. Юзэф Бучынскі, 1900-1901, 1 год

18. Кс. Юзаф Бародзіч, 1901-1906 5 гадоў

19. Кс. Юзаф-Уладыслаў Саросек, 1906-1909, 3 гады

20. Кс. Рафал Юхніс, 1909 -1919, 10 гадоў

21. Кс. Канстанты Стаповіч, 1915 (XI) – 1916 (XI), 1918 (IX) – 1919 (I)

22. Кс. Даніэль Буйвіс, 1919-1927, 7 гадоў

23. Кс. Амброжы Якованіс, 1928-1928, 7 м. 25 д.

24. Кс. Лёнгін Іванчык, 1928-1937, 8 гадоў.

25. Кс. Адам Вайцяхоўскі, 1937-1948, 11 гадоў.

26 Кс. Казімер Гваздовіч, (адкрыццё касцёла), 1989, (27.VIII)

27 Кс. Дамінікас Лайнідокас, верасень – снежань 1989

28 Айцец Павел Леліта, 1990-1996, 6 гадоў.

29. Ксёндз-дэкан Здзіслаў Пікула – з 1996 па гэты час.

klyshchany3.jpg

 

Іаланта ВАЛУЕВІЧ.

Фота аўтара, З. Шапель і з архіва «АП».

Текст: Главный администратор