Экспедиция "Дарога да святынь" пройдет через Островец

07:45 / 19.07.2017

Духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая традыцыйна напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку праходзіць па розных гарадах і вёс­ках Беларусі, сёлета завітае і ў наш Астравец. У рамках падрыхтоўкі да гэтага мерапрыемства горад наведалі арганізатары і ўдзельнікі экспедыцыі, каб пазнаё­міцца з Астраўцом  і ўдакладніць некаторыя арганізацыйныя моманты.

Сёлетняя экспедыцыя – 24-ая па ліку. У яе складзе – духоўныя асобы, вядомыя навукоўцы, літаратары, журналісты, якія нясуць людзям Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга і асветніцкае слова. Экспедыцыя пройдзе па трох абласцях – Брэсцкай, Гро­дзенскай і Віцебскай, яе ўдзельнікі наведаюць дзясяткі гарадоў і вёсак і па традыцыі завершаць свой шлях у сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства – Полацку.

У 2006 годзе духоўна-асветніц­кая экспедыцыя ўжо наведвала наш раён. Сёлета, па словах аднаго з яе нязменных арганізатараў Аляксандра Мікалаевіча Лапаты-Загорскага, былі прапановы выключыць Астравец з маршруту: Благадатны Агонь і асветнікі ўжо наведвалі наш горад, а графік вельмі напружаны і распісаны літаральна па хвілінах. Але па настаянні Мітрапаліта Паўла наш горад, з улікам яго адметнасці і асаблівасці, застаўся адной з кропак прыпынку.

Плануецца, што ў Астравец  члены экспедыцыі завітаюць 31 жніўня. У гэты дзень адбудзецца ўрачыстая сустрэча, крыжовы шлях з Благадатным Агнём, спецыяльная служба ў царкве, раздача Агню на свечкі вернікаў, сустрэчы ў школах і іншых культурна-асветніцкіх установах.

Рабочая група з удзельнікаў экспедыцыі падчас наведвання Астраўца сустрэлася з намес­нікам старшыні райвыканкама Віктарам Збігневічам Свілам, чытачамі і супрацоўнікамі раённай бібліятэкі і  калектывам «Астравецкай праў­ды».

Алесь Лапата-Загорскі раска­заў пра гісторыю экспедыцыі, асаблівыя моманты вандровак з Благадатным Агнём.  Фотакарэспандэнт газеты «Звязда» Яўген Пясецкі, які ўсе гэтыя 24 гады з’яўляецца фоталетапісцам экспедыцыі, прывёз з сабой здымкі, на якіх яго фотакамера адлюстравала адмецінкі святога горада Іерусаліма. Кожны год на Вялікдзень у храме Гроба Гасподняга там сыходзіць Благадатны Агонь, які затым развозіцца па ўсёй планеце – у тым ліку і ў Мінскі Свята-Духаў Кафедральны сабор. Адтуль падчас экспедыцыі «Дарога да святыняў» ён дастаўляецца ў беларускія гарады і вёсачкі. Яўген таксама прадэманстраваў своеасаблівую фотавыставу, на якой адлюстраваны яркія моманты экспедыцыйных вандровак розных гадоў.

Айцец Аляксандр Пачопка таксама гаварыў аб таямніцы сыхо­джання Благадатнага Агню. Алесь Лапата-Загорскі распавёў пра яшчэ адну святыню, якая суправаджае экспедыцыю, – Загор’е-Сталавіц­кую цудадзейную ікону Маці Божай. А выступленне супрацоўніка інстытута літаратуры Акадэміі Навук  Рэспублікі Бела­­русь Ігара Ша­ладонава было прысвечана беларускай літаратуры, якая сёлета адзначае асаблівы юбілей: 500 гадоў назад зна­каміты палачанін Францыск Скарына першым ва Усходняй Еўропе надрукаваў духоўную кніж­ку «Псалтыр» – і гэта дало пачатак раз­віццю навукі, культуры, асвет­ніцтва, і ў тым ліку – беларускай літаратуры.

Малады паэт і журналіст Зміцер Арцюк пачытаў свае шчырыя, пранікнёныя, светлыя вершы – і гэта было цудоўным аздабленнем сустрэчы.

Двуадзіны духоўна-асветніцкі пачатак экспедыцыі, на думку Алеся Лапаты-Загорскага, невыпадковы: рэлігія дала пачатак асветніцтву і развіццю культуры, а культура, па словах Аляксанд­ра Пачопкі, – неад’емная частка сапраўднай веры. 

І ў гэтым адзінстве веры, культуры, асветніцтва, цудадзейнай сілы Благадатнага Агню да нас напрыканцы жніўня завітае «Дарога да святыняў».

Будзем чакаць і рыхтавацца.

Ніна Рыбік.

ostrov-red.rybik@tut.by

Текст: Нина Рыбик