Дождливое дежавю в Гервятах

17:10 / 19.06.2017
IMG_7530.jpgУсе дарогі ў мінулую нядзелю вялі ў Гервяты. Дзясяткі машын з літоўскімі і беларускімі нумарамі туліліся адна да адной на прыкасцёльнай плошчы. Гандлёвыя палаткі зазывалі па­купнікоў салодкімі, з бліскучымі бакамі, пеўнікамі і духмя­нымі пернікамі, вырабамі з лазы і гліны. Шматлікіх вернікаў на парафіяльную ўрачыстасць сабраў касцёл Святой Тройцы.

Да імшы заставалася паўга­дзіны. Многія людзі перш, чым зайсці ў храм, па традыцыі абыходзілі святыню некалькі разоў. Падпарадкавалася жывому вірліваму людскому патоку – і імгненна злілася з ім. 
Вострае асязальнае адчуванне дэжавю не пакідала. Той жа касцёл – заўсёды такі велічны і статны – упіваецца тонкім шпілем ў набрынялыя вільгаццю аблокі. Тая ж вытанчаная і адначасова магутная каваная брама з россыпам выкрунтасаў і кветак па-ранейшаму – прадцеча касцёла. Тыя ж фігуры апосталаў – дванаццаць нязменных маўклівых ахоўнікаў гервяцкай жамчужыны спраўна нясуць сваю варту на плошчы ля касцёла. Тыя ж дзівосныя дрэвы, у шатах якіх заўсёды на Тройцу заліваюцца птушкі – у гэты дзень яны чамусьці маўчалі – зачароўваюць мудрагелістымі хітраспляценнямі галінак. На першы погляд, у Гервятах нічога не змянілася…
Толькі няма больш на свеце стваральніка гэтай неверагоднай прыгажосці – ксяндза Леаніда Несцюка, рукі якога пасадзілі тут кожнае дрэўца, а потым палівалі і гадавалі гэты дзівосны аазіс, і гэтыя ж рукі штонядзелю ўдзялялі найсвяцейшы сакрамэнт вернікам гервяцкай парафіі. Словы ксяндза Леаніда дапамаглі не аднаму чалавеку наблізіцца да Бога, а справы яга праславілі Гервяцкі край на ўвесь свет…
Дзясяткі людзей у гэты дзень прыехалі ў Гервяты, каб на парафіяльнай урачыстасці памаліцца за спачылага святара, творцу і Чалавека з вялікай літары і аддаць яму даніну памяці. 
Падчас абходу вакол касцёла людзі спыняліся ля магілы ксяндза Леаніда, які, згодна з апошнім жаданнем, быў пахаваны побач з касцёлам. Ды і ці мог ён кінуць сваё дзіцятка – свой рукатворны рай? З партрэта на кожнага, хто спыняўся ля магілы, глядзелі муд­рыя вочы ксян­дза Леаніда Несцюка, а на яго вуснах застыла лёгкая ўсмешка. 
Людзі не хавалі слёз. Нават кветкі ў знак пашаны схілілі свае далікатныя га­лоўкі. Нябёсы, відаць, не вытрымаўшы людскога болю, плакалі буйнымі кроплямі дажджу.
…Здаецца, гэта было зусім нядаўна – а прайшоў ужо  роўна год  з урачыстасці Святой Тройцы. Летась у Гервяцкім касцёле сабралася ўся парафія, ды дзе там – увесь раён, былі прадстаўнікі свецкай і духоўнай улады, дыпламатычных корпусаў, літоўскай дыяспары, шматлікія святары і вернікі. Ксёндз Леанід прымаў віншаванні з нагоды юбілейных дваццаці гадоў душпастырства ў Гервяцкай парафіі. Тады гучалі цёплыя словы віншаванняў і шчырай  падзякі за плённую працу на ніве душпастырства, а ў касцёле панавала атмасфера ўрачыстасці і ўсеагульнага вялікага свята.
IMG_7510.jpg
Сёлетні фэст упершыню прайшоў без чалавека, імя якога непарыўна звязана з гервяцкім храмам, без якога ўвогуле складана ўявіць урачыстасць Святой Тройцы ў Гервятах – без ксяндза Леаніда. І няпраўду кажуць, што незаменных людзей няма. Кожнае пасаджанае дрэўца, кожны вітраж з выявай святых, нават магутны голас аргана – усё нагадвала пра яго.
IMG_7478.jpgIMG_7494.jpgIMG_7475.jpg
На імшу ў Гервяты прыбылі святары Астравеччыны на чале з канонікам, дэканам Астравецкага дэканату ксяндзом Юзафам Багдзевічам, які напачатку падзякаваў усім прысутным, што прыехалі ў Гервяты, а таксама ўзгадаў спачылага Леаніда Несцюка.
Дзясяткі галасоў зліваліся ў адну шчырую малітву – і ляцелі напрасткі да Бога. У касцёле плакаў арган, а на вуліцы – неба.
IMG_7505.jpgШчырае казанне-роздум пра Святую Тройцу, веру і чалавека на трох мовах – беларускай, літоўскай і польскай – прамовіў пробашч парафій Калеснікі (Літва) і Пеляса (Беларусь) ксёндз Эльяш-Анатоль Маркоўскі.
– Святы Аўгустын блукаў ля мора, імкнучыся зразумець таямніцу Святой Тройцы. Яго позірк зачапіўся за хлопчыка, які насіў з мора ваду ў выкапаную непадалёк яму. Святы запытаўся: «Хлопчык, што ты робіш? Немагчыма ўсю ваду з мора пераліць у гэтую маленькую ямку». На што хлопчык яму адказаў: «Хутчэй я перанашу ўсю ваду з мора, чым ты зразумееш таямніцу Святой Тройцы», – з прытчы пачаў казанне ксёндз Эльяш-Анатоль. – Мы, людзі, часта хочам зразумець Бога розумам, а трэба – сэрцам. Толькі з дапамогай мовы любові, якую разумеюць усе – беларусы, літоўцы, палякі, рускія і іншыя народы – мы можам наблізіцца да Творцы і адзін да аднаго. Каб мы карысталіся гэтай мовай кожны дзень, кожную хвіліну свайго жыцця – свет быў бы лепшым і дабрэйшым.
Падчас імшы ўсе маліліся за спачылага ксяндза Леаніда Нес­цюка, вернікаў Гервяцкай парафіі і за новага пробашча, які з Божай дапамогай годна прадоўжыць справу свайго папярэдніка.


Текст:
Фото: Алена Гануліч