Фота Клюшчанскага касцёла напомняць, якім ён быў

09:21 / 01.11.2019
Набліжаецца  Дзень Задушны – час, калі людзі, куды б ні закінуў іх лёс, спяшаюцца ў родныя мясціны: наведаць могілкі сваіх родных, тых, хто быў блізкім і дарагім, пакланіцца, запаліць свечку і памаліцца за іх душы, прынесці кветкі і ўспомніць іх добрыя справы.

Мінула больш за два гады пасля дня той непапраўнай страты, калі  бязлітасны  агонь знішчыў Клюшчанскі касцёл.  Зараслі травою  сцежкі, якія вялі да касцёльных прыступак, – але не зарасла памяць, не ўтаймаваўся боль у сэрцах парафіян. 

«Каб помнілі» – такой агульнай назвай можна аб’яднаць тры фотакалажы, прысвечаныя Клюшчанскай святыні. З ідэяй іх стварэння выступіла адна з парафіянак, якая, да слова, і прафінансавала  праект – але пры гэтым пажадала застацца невядомай. Я ўзяла на сябе клопат па падбору фотаздымкаў, а пляменніца Ганна Валуевіч – тэхнічны бок справы.

01.jpg



Калажамі парафіяне пастараліся ўвекавечыць памяць аднаго з прыгажэйшых помнікаў драўлянага дой­лідства Беларусі. Іх змясцілі ў бабінцы, каб людзі маглі пагля­дзець, успомніць светлыя моманты з жыцця парафіі… 

На адным з калажоў – фота касцёла з розных ракурсаў і ў розныя поры года. На другім – інтэр’ер храма, а на трэцім – імёны і фота святароў, якія служылі  тут.  Самы стары здымак – фота ксяндза Ю.Бародзіча, які служыў у Клюшчанах у 1901-1906 гг. У цэнтры – спіс ксяндзоў-пробашчаў парафіі ад пачатку яе ўзнікнення,  гэта значыць з году 1785-га – і да сённяшняга часу.

Побач, на процілеглым баку бабінца, дзве фота­карціны жыхаркі Пецярбурга Бажэны Мігуновай з выявамі касцёла, у якім некалі яе хрысцілі, – гэтым яны выказала сваё прызнанне, павагу і ўдзячнасць радзіме сваіх бацькоў, якую наведвае кожнае лета.    

…Кажуць, нашы блізкія жывыя да той пары, пакуль іх помняць. Гэтыя фотакалажы дапамогуць парафіянам успомніць моманты са шчаслівага мінулага Клюшчанскага касцёла, які застанецца жыць у нашых сэрцах і ўспамінах. І памяць гэтая будзе светлай і вечнай. 

Рана ці позна самы пякучы боль заціхне – а зробленае людзьмі застанецца ў памяці пакаленняў навечна. 

Іаланта ВАЛУЕВІЧ


Текст: Главный администратор