Пра пост расказваюць каталіцкі і праваслаўны святары

14:14 / 13.12.2018
З нецярпеннем і непрыхаванай радасцю Ражаство чакаюць дзеці і дарослыя. Першая зорка ў вечаровым небе ў многія сем’і прынясе радасную навіну: Сын Божы нарадзіўся! А пакуль мы, хрысціяне, перажываем пост і рыхтуемся да сустрэчы з Маленькім…


Напярэдадні Калядных святаў святарам каталіцкай і права­слаў­най канфесій мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:

1. Раскажыце пра сімвалы і тра­дыцыі поста, які папярэднічае Божаму Нараджэнню.
2. Кожны чалавек рыхтуецца да Нараджэння Хрыстова: прыбірае дом, па магчымасці ўдзельнічае ў дабрачынных справах… Ці хапае гэтага? Увогуле, як найлепш падрыхтавацца да Божага Нараджэння?
3. Як дзіцяці растлумачыць, што такое пост? І як правільна дарослыя павінны дапамагчы перажыць малому гэты перыяд?
4. Якія асноўныя памылкі людзі робяць у гэты час? 
5.  Што пажадаеце веруючым і тым, хто, магчыма, пахіснуўся ў сваёй веры, напярэдадні Ражаства?


IMG_1898.jpg

Айцец Георгій Савіцкі, благачынны Астравецкай царкоўнай акругі:
1 Гэты пост рыхтуе нас да асаблівага свята – Ражаства Хрыстова, якое таксама мае назву другая Пасха, а пост – Чатырыдзясятніца, па колькасці дзён, якія ён цягнецца, – 40. 
Калядны пост не строгі: людзям, якія посцяцца, дазваляецца рыба і алей. Але перажыць гэты перыяд лёгка: пакуль што ў нас шмат свежых нарыхтовак, якія яшчэ не паспелі надакучыць. Вось у Вялікім посце будзе значна цяжэй. 

У Калядным посце толькі  апошні ты­дзень адрозніваецца ад папярэдніх – там ёсць змяненні ў царкоўнай службе і яе працягласці. 
Адметны дзень – Сачэўнік, ці Куцця. Гэта дзень строгага посту. Па народнай традыцыі ў Сачэўнік не ядуць да ўзыходу першай зоркі на небе, якая сведчыць пра Божае Нараджэнне. 

У Сачэўнік адрозніваецца служба ў храме – але яна залежыць ад дня тыдня: у суботу ці нядзелю яна адна, у будні дзень – крыху іншая.
Што датычыцца традыцый, то ў розных мясцовасцях яны свае. Напрыклад, рабіць на Куццю 12 посных страў. Але як гэта суадносіцца са строгім постам? І з іншага боку, практычнага: на наступны дзень свята – поснае есці ўжо не захочацца…

Мы напярэдадні свята ўпрыгожваем храм ёлачкамі, кладзём на аналой абраз Ражаства, рыхтуем месца для ясляў, якое сімвалізуе месца нараджэння Немаўляці Хрыста.


2 Усе 40 дзён посту – гэта пад­рых­тоўка да свята. У фізічным плане – гэта час, каб навесці парадак у хаце, у духоўным – у сабе: трэба часцей хадзіць у царкву, павялічыць сваё малітоўнае правіла. Пост у першую чаргу і ёсць малітва. Таксама можна пачытаць духоўную літаратуру – кнігі ёсць у нашай царкоўнай бібліятэцы.

У час посту трэба паспрабаваць пазбавіцца нейкіх дрэнных звычак ці кепскай рысы характару. Магчыма, нехта паспрабуе кінуць курыць, некаму трэба перамагчы ў сабе раздражняльнасць. Таксама можна паменшыць прагляд тэлевізара. І пасля заканчэння посту трэба паспрабаваць больш не вяртацца да старога. 

І, вядома, не забываць пра споведзь і прыняцце Святых Хрыстовых Таямніц: гэта абавязкова, каб сустрэць Немаўля Іісуса Хрыста з чыстым сэрцам.


3 Дзецям растлумачце, што пост – гэта падрыхтоўка да свята, якое больш важнае, чым Новы год і нават іх дзень нараджэння. А што мы можам зрабіць да свята? Дарослыя посцяць: не ядуць мяса, малако, яйкі. Аднак дзяцей не трэба так абмяжоўваць, бо яны растуць, ім трэба паўнавартае харчаванне. Тым не менш, абавязкова трэба маліцца раніцай і вечарам, а таксама паменшыць колькасць цукерак і іншых прысмакаў. 

Карысна будзе разам з дзіцям пагля­дзець перадачы на духоўныя тэмы.
У Калядны пост, у доўгія зімовыя вечары, бацькам трэба больш часу праводзіць з дзецьмі: пачытайце ім павучальныя гісторыі, пагуляйце разам, каб яны адчулі сямейную ўтульнасць, а разам з тым – і тое, што Ражаство Хрыстова – гэта сямейнае свята. 


4 Галоўная памылка – гэта крайнасці. Людзі, якія посцяцца, павінны ра­зумець, што статут посту быў прызначаны для манахаў – і ні ў якім выпадку нам не трэба ўспрымаць пост як дыету.

Верніку трэба знайсці залатую сярэдзіну. Калі па стане здароўя чалавек не можа выконваць пост, яму лепш папрасіць благаславення на паслабленне на ўжыванне малака ці мяса – я пра гэта заўсёды гавару прыхаджанам. Нам патрэбны сілы, каб маліцца. А калі ў чалавека ціск падскочыў ці цукар у крыві павялічыўся – тут ужо не да малітвы.
Таксама не трэба рабіць сабе лішніх паслабленняў: калі ты добра пад'еў, пра малітву неяк ужо не думаецца.


5 Памятайце: усё павінна быць у меру. Не трэба рабіць подзвігаў, якія нашкодзяць здароўю, і не трэба дазваляць сабе шмат паслабленняў.
Самае галоўнае – прыходзьце ў храм, больш маліцеся і паспрабуйце пазбавіцца ад парокаў. Тады гэта будзе пост, тады вы яго адчуеце – і сустрэнеце Ражаство Хрыстова з чыстым сэрцам.


Святлана ФЁДАРАВА



IMG_5381.jpg

Анатоль ЗАХАРЭЎСКІ, пробашч парафій у Міхалішках, Жукойнях-Жэлядскіх, Клюшчанах:
1 Адзін з галоўных сімвалаў Адвэнту – вянок з жывых галінак хвоі, на якім размяшчаюцца чатыры свечкі – сімвал чатырох тыдняў Адвэнту. Святло нам паказвае дарогу, рассейвае цемру і знішчае страх. Зялёныя галінкі – сімвал надзеі, якая перамагае смерць. 

Бадай што самая прыгожая традыцыя Адвэнту – Раратняя святая імша, якая звычайна адпраўляецца раніцай у гонар Найсвяцейшай Марыі. У некаторых парафіях, у тым ліку і  ў нашай, Рараты праходзяць вечарам: так зручней для дзяцей, якія  пасля ўрокаў могуць прыйсці ў касцёл на імшу. 
Звычайна на такіх богаслужэннях пануе асаблівая атмасфера: у касцёле не запальваецца святло, гараць толькі адвэнтовыя ліхтарыкі. 

Толькі ў перыяд Адвэнту запальваецца вялікая белая, часам упрыгожаная блакітнай стужкай, свечка, якая і называецца «рараты» – сімвал Марыі, якая чакае нараджэнне Сына Божага.
Звычайна ў касцёле ставяць пустыя яслі, а ў калядную ноч, падчас Пастэркі, святар выносіць  і кладзе ў іх фігурку Езуса – сімвал таго, што Хрыстос нарадзіўся. 
Якімі б прыгожымі і адметнымі не былі традыцыі Адвэнту, галоўная задача гэтага перыяду – падрыхтоўка да сустрэчы з Маленькім.


2 У свядомасці людзей пост асацыі­руецца з пэўнымі абмежаваннямі ў ежы – на самой справе гэта не так. Існуе вялікая розніца паміж Вялікім постам, які папярэднічае Вялікадню – Уваскрашэнню Хрыста, і Адвэнтам – часам падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Нават само слова «Адвэнт» у перакла­дзе з грэчаскай азначае «прышэсце». На першы план у гэты перыяд выходзяць не пэўныя абмежаванні, а сама падрыхтоўка да нараджэння Божага Сына.
Самае галоўнае – духоўная падрых­тоўка да свята: трэба рабіць доб­рыя справы, хадзіць на Рараты, па­ўдзельнічаць у рэкалекцыях – свое­асаб­лівай сустрэчы-падрыхтоўцы да нараджэння Езуса – і шчыра паспавядацца, прыняць святую камунію падчас Пастэркі і пасля яе... Гэта трэба зрабіць ад душы, а не таму, што так патрабуе традыцыя. 

Варта не забываць пра абавяз­кі хрысціяніна: удзельнічаць у нядзельнай імшы, маліцца, імкнуцца жыць згодна з 10 Божымі запаведзямі, а таксама памятаць пра абавязкі грамадзяніна і чалавека: быць добрым мужам, жонкай, бацькам, маці і дзіцям…
Падрыхтуйце да сустрэчы з народжаным Езусам не толькі свае дамы, але і душы.


 3  Калі бацькі ходзяць у касцёл, то і дзіця будзе хадзіць. І ніякія ўшчу­ванні, размовы не падзейнічаюць на малога, калі не будзе прыкладу дарослых – дзеці капіруюць паводзіны бацькоў.

Ведаю, што ў многіх сем’ях ёсць традыцыя заводзіць адвэнтовы каляндар. Дні да нараджэння Езуса сімвалізуюць канверты, прымацаваныя да аркуша, у іх ляжаць заданні на кожны дзень, выканаўшы якія, дзіця атрымлівае падарунак. Такая гульня прывучае дзіця, што рабіць добрыя справы – норма, паўсядзённасць жыцця, што нашы ўчынкі і ёсць мы самі.

Я стараюся заахвочваць дзетак ха­дзіць на імшы. Кожны, хто прыйшоў на раратняе богаслужэнне, атрымлівае адну часцінку мазаікі Святой Сям’і – сабраўшы ўсе пазлы, можа скласці карціну. Самыя актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць падарункі.


4 Адвэнт, паўтаруся, не пост у ра­зуменні большасці людзей, а перыяд падрыхтоўкі да сустрэчы з Езусам.
Мне не падабаецца, што ледзь не з пачатку снежня пачынаюць упрыгожваць дамы, ставіць ёлкі. У гэтым, канешне, няма нічога дрэннага – але гэта знешняя праява падрыхтоўкі да свята. Ды і па традыцыі ёлку ў каталіцкіх сем’ях ставілі напярэдадні Куцці – 24 снежня. 

У гэты перыяд лепш дапамажыце лю­дзям: прынясіце дроў суседцы, падарыце цацкі ці  прысмакі сіротам, адведайце адзінокіх старых… Дабра  ніколі не бывае зашмат.


5 Усім жадаю радасці, любові, даб­рабыту. Няхай маленькі Езус прынясе палёгку хворым, радасць – засмучаным, надзею – тым, хто не бачыць выйсця, любоў – тым, кім валадарыць нянавісць, і спакой у кожны дом. Жывіце ў згодзе, узаемнай павазе і разуменні.
Няхай свята Божага Нараджэння і Новы год будуць радаснымі!

viber image.jpg

Алена ГАНУЛІЧ



Текст: Главный администратор
Фото: Святлана Фёдарава, Алена Гануліч