Успамінаем Усіх Святых і Задушны дзень разам з ксяндзом Андрэем Горбачам

09:03 / 01.11.2018
У апошнія дні кастрычніка нават тыя, хто даўно не бываў на могілках, прыйшлі туды, каб прыбраць апалае лісце, запаліць свечку-ліхтар, памаліцца і сказаць, часам запозненае, «дзякуй» ці «прабач»…

IMG_1656.jpg

Урачыстасць Усіх Святых і Задушны дзень – час сустрэчы з роднымі і блізкімі, якіх больш няма побач з намі, але якія працягваюць жыць у нашых успамінах. 
З пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксяндзом Андрэем Горбачам мы пагутарылі пра гэтыя дні, пра святых і святасць і пра дапамогу памерлым.

– Адзін з заняткаў курсаў па вывучэнні беларускай мовы мы неяк прысвяцілі тэме «Дзяды». Напачатку заняткаў я запыталася ў людзей, якую эмацыйную афарбоўку для іх маюць Задушкі. Здзівіла, што для большасці з прысутных гэты дзень сумны.  Ксёндз Андрэй, а для вас гэта які дзень?

– Напачатку хацелася б адзначыць, што свята Усіх Святых у параўнанні з Днём успаміну ўсіх памерлых дае значна большую паўнату радасці і нагадвае пра тое, што кожны чалавек можа трапіць у неба, як і святыя, якія некалі былі, як і мы з вамі, звычайнымі людзьмі. 
А Задушкі нагадваюць нам пра тое, што толькі мы можам дапамагчы памерлым трапіць у неба. Святая Фаўстына пісала ў сваім дзённіку: «Гэтыя душы вельмі горача моляцца, але безвынікова: толькі мы можам прыйсці ім на дапамогу».

IMG_6317.jpg

Для мяне, як святара, Задушны дзень ні радасны, ні сумны – хутчэй светлы і спакойны: мы ўспамінаем сваіх спачылых блізкіх, узгадваем лепшыя моманты з жыцця, звязаныя з імі. Радасным гэты дзень можа быць  у тым сэнсе, што мы дапамагаем памерлым перайсці да жыцця вечнага.
Але і сумныя ноткі гэтых дзён цалкам апраўданыя: для чалавека гэта значыць нанова перажыць раставанне з роднымі, якіх няма і больш ніколі не будзе ў гэтым свеце. Часам здараецца, што чалавека не стае – і разуменне таго, што мы яго недалюбілі, недаацанілі, недадалі пяшчоты, увагі, клопату апальвае нас знутры. Выйсце ёсць – трэба маліцца.
Кожны памерлы мае права на літургію і малітву. Наш абавязак – рабіць гэта, і не раз на год.

– Суседства ў каталіцкім календары ўрачыстасці Усіх Святых і Задушнага дня выпадковае?
– Не, невыпадковае. У гісторыі да ліку святых спачатку адносілі толькі мучанікаў – людзей, якія былі забітыя ці замардаваныя праз сваю веру. Потым да іх пачалі прылічаць і тых, хто сваім жыццём дэманстраваў прыклад шчырай веры і пакоры Богу. Такіх людзей называлі вызнаўцамі. Значна пазней благаславёнымі і святымі касцёл стаў прызнаваць і свецкіх асоб. 
Таму спачатку мы ўспамінаем Усіх Святых, потым – памерлых вернікаў, якія таксама могуць трапіць на неба дзякуючы нашым малітвам.

IMG_6314.jpg

– Успомнілася, як святар падчас казання раіў імкнуцца да святасці і браць прыклад з жыцця святых. Але ж яны таксама былі людзьмі: марылі, любілі і, магчыма, грашылі… Дык што такое святасць?
– Гэта імкненне чалавека да дасканаласці ва ўсіх сваіх штодзённых занятках, абавязках; гэта адказнасць перад Богам і блізкімі; гэта гармонія з людзьмі, светам і самім сабой. Менавіта  ўрачыстасць Усіх Святых і раскрывае больш глыбокі сэнс: незалежна ад статуса, прафесіі, месца жыхарства чалавек можа быць святым. Нашы паводзіны, лад жыцця, узаемаадносіны з Богам і людзьмі ў першую чаргу вызначае  сістэма каштоўнасцей, што чалавек ставіць на першае месца – дабрабыт і грошы ці сяброўства і вернасць. У святасці няма нічога надзвычайнага – нічога такога, чаго б чалавек не мог дасягнуць. Усе мы – людзі: мы можам крыўдзіцца, злавацца, быць не ў настроі – але пры гэтым павінны імкнуцца станавіцца лепшымі.

Я сутыкаюся з такімі людзьмі – яны жывуць сярод нас з вамі. Яны самааддана, з верай і дабрынёй сустракаюць кожнага чалавека на сваёй жыццёвай дарозе, дапамагаюць блізкім, не наракаюць на цяжкасці, радуюцца кожнаму пражытаму дню. Гэта людзі, якія на сваім прыкладзе паказваюць, што такое верыць у Бога і любіць яго.

Калісьці святы Францішак, які вёў аскетычны лад жыцця і адмовіўся ад ўсіх зямных каштоўнасцей, з братамі-манахамі пайшоў у горад Асізі, каб расказаць людзям пра Божую ласку. Праз некаторы час адзін манах пацікавіўся ў святога, калі будзе пропаведзь. І атрымаў адказ: «Мы ўжо ўсё сказалі, брат. Прыклад нашага жыцця куды больш красамоўны за пропаведзь».

IMG_2098.jpg

– Як часта трэба хадзіць на могілкі?
– Касцёл не акрэслівае канкрэтную колькасць навед­ван­няў. Гэта вырашае сам чалавек. Але калі ён прыйдзе раз на год, пакладзе кветкі і паставіць свечку – гэтага дак­ладна будзе недастаткова. Памерлым патрэбны нашы малітвы, а не дыхтоўныя пом­нікі ці шыкоўныя букеты. Маліцца за сваіх спачылых трэба не толькі на працягу гэтай актавы, але і ўвесь год. Нездарма кажуць: чалавек жывы пакуль пра яго нехта памятае.

– А калі памерлы чалавек бяздзетны ці забыты дзецьмі?
– Касцёл моліцца за ўсіх. У кожнай літургіі кожнага дня ў імшальнай малітве ёсць месца, дзе ўспамінаюцца ўсе памерлыя. Касцёл клапоціцца пра тых, пра каго няма каму ўспомніць. 

– З якога ўзросту можна браць на могілкі дзяцей?
– Усё залежыць ад выхавання. У многіх  сем’ях з маленства тлумачаць, хто і дзе з блізкіх родных пахаваны, расказваюць, якія яны былі пры жыцці, чым займаліся, што любілі. Дзякуючы такой пераемнасці захоўваецца род і працягвае жыць сямейная памяць.
Чуў такую думку, што найлепш пра чалавека і пра тое, як ён жыў, расказвае магіла. Лічу, што магілкі бацькоў, якія бралі з сабой дзіця на могілкі і ў касцёл, расказвалі пра спачылых продкаў, ніколі не зарастуць. 

Текст:
Фото: Алена Гануліч